Чацвер, 28.03.2024, 17:25

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Мастацкі свет першай кнігі Якуба Коласа "Песні-жальбы". Новае прачытанне
…лірычны герой разважае, куды яму ісці па жыцці,
якое, аднак, яго прыводзіць за краты…

Творчасць класіка беларускай літаратуры наўрад ці калі будзе вывучана вычарпальна. Аднак, нават канцэптуальны ўзровень асэнсавання Коласавай спадчыны грашыць прагаламі. Адным з іх з'яўляецца феномен першай паэтычнай кнігі «Песні-жальбы» (1910).


Айчыннае літаратуразнаўства, натуральна, не абыходзіла гэтае выданне ўвагай. Але звычайна яна звярталася ці то на эстэтычны бок змешчаных у выданні твораў, ці то на іх значэнне або значэнне ўсёй кнігі ў гісторыі беларускай літаратуры. Яскравым прыкладам тут выступае ці не самы першы аналітык Коласава ўзыходжання на Парнас Максім Багдановіч. Ён, ідучы па свежых слядах літаратурных публікацый, на самым пачатку 1911 г. бачыць у творчасці Якуба Коласа, маючы на ўвазе ў прыватнасці першы зборнік «Песні жальбы» (без злучка ў М. Багдановіча), «якуюсь акамянеласць», адсутнасць развіцця: «На працягу аж 4-х гадоў Колас не зрабіў значнага кроку ўперад і ў самых апошніх вершах пяе аб тым жа і так жа, як і ў пачатку сваёй працы». He варта перабольшваць гэтае абагульненне, зробленае на аснове лаканічнага аналізу, таму што насамрэч (і час гэта даказаў) у Якуба Коласа якраз тады пачалі «здарацца» вершы, якія ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры, сталі яе класікай. Дый сучаснае літаратуразнаўства адзначае пэўны суб'ектывізм у той Багдановічавай ацэнцы «Песень жальбы», падкрэсліваючы пашырэнне творчага дыяпазону і павышэнне мастацкага ўзроўню (пазней і М. Багдановіч змяніў сваю ацэнку ў бок павышэння вартасцей паэзіі Якуба Коласа).

Такім чынам, М. Багдановіч, як і яго наступнікі ў крытыцы і літаратуразнаўстве, бачыў «Песні жальбы» як зборнік вершаў. Першыя крытыкі акрэслілі таксама кола тэм і праблем Коласава выдання. Тут хоцькі-няхоцькі абавязкова трэба згадаць і Альгерда Бульбу – аўтара першай рэцэнзіі на «Песні жальбы» (таксама без злучка), дзе сказана літаральна наступнае: «"Песьні жальбы" Коласа я бы назваў жывой фатаграфіей з беларускаго жыцьця». Такія падыходы ў далейшым сталі прэваліраваць у айчынным літаратуразнаўстве.

У якасці КНІГІ выданне Якуба Коласа не разглядалася. Між тым яно з'яўляецца само па сабе творам – са сваёй задумай і кампазіцыяй. Прычым канцэптуальнасць кнігі шматслойная, перадусім з дзвюма лініямі – рэалістычнай і метафізічнай, якія аўтарам звязваюцца ў адно цэлае, ствараючы філасофскую карціну перажыван-няў-роздумаў лірычнага героя, яго мастацкі свет.

Рэдагаванне (спачатку самім аўтарам) і адаптацыя да змененых ужо тройчы нормаў літаратурнай мовы прыкметна сказаліся на некаторых творах «Песень...» у аспекце іх ідэйнай трансфармацыі, а таксама падтэкставых сэнсах. Першасную карціну кнігі немагчыма аднавіць па свежым Зборы твораў Якуба Коласа: дастаткова таго, што паводле прыведзенага ў томе рэестра нельга ўстанавіць змест выдання «Песень-жальбаў». 3 такой прычыны для дасягнення пастаўленай мэты – акрэсліць мастацкі свет, у якім экзістэнцуе лірычны герой, сфармуляваць філасофію кнігі як цэласнага мастацкага твора – патрэбна карыстацца першакрыніцай без уліку таго, што з яе напаўненнем зрабілі затым.

Для аналізу неабходна разглядаць кнігу не праблемна-тэматычным шляхам, а ісці «следам за аўтарам» – чытаць кнігу паслядоўна, як таго патрабуе эпічны фармат. Прынамсі, так прарабіць першы раз.

Структурна «Песні-жальбы» складаюцца з верша-«запеўкі» «He пытайце, не прасіце...», раздзелаў: «Думкі», «Родныя абразы», «Мужыцкае жыцьцё», «На розстані», «С турмы».

Якуб Колас. 1908 год

Асобна зазначым, што для свайго першага паэтычнага выдання Якуб Колас адабраў (магчыма, не без пэўнага рэдагавання «нашаніўцаў») далёка не ўсе верпіы і нават не большасць. Канчаткова ў змест увайшло 74 з нам сёння вядомых больш чым 200 вершаў таго часу (без ранніх, у тым ліку рускамоўных). Так, адсутнічаюць выразна палітычныя вершы, любоўная лірыка, байкі. Але і з астатнімі творамі аўтар паступіў вельмі выбарна, і тут нам прынцып селекцыі застаецца невядомы, бо многія тагачасныя вершы ідэйна блізкія і ў святле канцэпцыі «Песень-жальбаў» узаемазамяняльныя практычна для ўсіх раздзелаў, акрамя «турэмнага» (пар., напрыклад: вершы «Палессе» (1906-1907), «Вобраз пакуты»(1908), «Бездараж» (1909) і многія іншыя не ўключаныя ў кнігу), да таго ж некаторыя творы паэтычнага выдання публікаваліся ў дапаможніку для навучання дзяцей «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» (1909): «Весна» – «Йдзе весна ўжо, дзякуй Богу...», «Вёска» (без дзвюх апошніх, асабліва змрочных строф), «Мужычая ніва», «Дарога», «Восень» – «Пуста ў лузі. Толькі стогі...», «Зіма» – «Белым сьнегам заметае...», «На гасьцінцы», «На прадвесні» (без апошняй страфы на тэму алкаголю), «Могілкі», «Пахаваньне», «Наш родны край», «Мужычае жыцьцё», «Песьня пры калысцы», «He нудзіцеся!», «Што вы, хлопцы, пахмурнелі...» – усіх 14 вершаў.

Як паміж раздзеламі кнігі, так і ўнутры іх назіраецца лагічная спалучанасць, якую, дарэчы, заўважыў і М. Багдановіч, кажучы, што «Песні жальбы» выглядаюць цэльнымі «па светагляду, моцна зросшыміся адзін з адным здаюцца вершы» (але аўтар гэтай цытаты не развіў думкі і нават мінімальна не аргументаваў яе). Такім чынам, ствараецца пэўная карціна, якую ў поўнай меры можна назваць ліра-эпічнай. У цэнтры знаходзіцца лірычны герой. Ён асэнсоўвае сваё месца ў жыцці. Прычым у жыцці не абстрактным, а шырокасацыяльным. Жыцці ў кантэксце, куды закінуў, пасяліў Бог. Аднак гэта не значыць, што лірычны герой адносіцца фатальна да свайго шляху і да кантэксту. Хутчэй якраз ідзецца пра духоўныя пошукі на фоне прыроднага і бессуб'ектна-сацыяльнага жыццёвага працэсу.

Першы верш «He пытайце, не прасіце...» тут выступае як эпіграф. Яго настрой безагаворачна песімістычны, з улікам тагачаснага еўрапейскага (і расійскага) кантэксту – дэкадэнтны. 3 такой прычыны большасць даследчыкаў лічыла, што «"песні" Якуба Коласа "плакалі" ў рэчышчы, абазначаным "адным з "парнасьнікоў"»: «Гледзючы на гэту несправядлівасць, у паэты радзіўся толькі жаль, што побач лішняй роскашы, народ яго гібее ў хатах, дзе "вокны заткнуты анучай", што яго шнуры – "гразь, балота ды пясок", што людзі – "Янка ды Сымонка" – мужыкі беззарадные, пакінутые сваёй інтэлігенціяй». У далейшым дадзенае рэчышча пашыралася і паглыблялася, стаўшы адзіна правільнай парадыгмай інтэрпрэтацый у савецкі час. Натуральна, такое бачанне мае паўнавартаснае права на літаратуразнаўчае жыццё. Але адно азначаным прачытаннем кніга не абмяжоўваецца. Больш таго, пры ўспрыманні выдання не па частках, а цалкам яго першае, вонкавае аблічча становіцца толькі фонам для лірычнага героя, прататыпам якога з'яўляецца сам аўтар.

Наяўнасць суб'екта (ці лірычнага героя) абазначае сваю прысутнасць з першага эпіграфічнага твора (NB год напісання – 1904). Прывядзём яго пачатак:

He пытайце, не прасіце
Сьветлыхь песень у мяне... (падкрэсленне наша. – А.Т.) [c. 3]

I хоць у заключнай страфе верша першая асоба ператвараецца ў множны лік («Нешчасьліва доля наша: / Нам нічога не дала. / He шукайце кветак ў полі, / Як весна к нам не прыйшла»), адкрываемы пастаронкава мастацкі свет чытачу прадстаўляецца праз прызму перадусім лірычнага героя.

* * *

Кожны раздзел таксама мае сваю кампазіцыю. Прычым пабудова кнігі ў цэлым і раздзелаў паасобку недзе пераклікаюцца. Прынамсі ва ўводных частках. Так, першы раздзел «Думкі» таксама пачынаецца такім уводным вершам, нават двума. Першы з іх (1908) падаём цалкам:

Уюцца думкі, томяць грудзі –
Хочуць песьняй стаць лагоднай,
Мілым дзіцяткам маім.
Трудна з імі жыць замкнута,
У ночнай хараніць цішы,
Цесна думкам, цесна бедным,
Хочуць выліцца з душы.
Уюцца думкі смутньім роем,
Хочуць выбіцца на сьвет.
Лійцесь, думкі, сэрца дзеці,
На паперку кіньце сьлед! [с. 7]

Як бачым па прыналежным займенніку ў трэцім радку, суб'ект не знікае, не адстараняецца ад аповеду. Зусім тоесныя «думкі» назіраем і ў наступным вершы, з якога працытуем адно апошнюю страфу:

Рад бы я не думаць
I не знацца з вамі,
Толькі-ж проці волі
Плывеце вы самі. («Думкі», 1909) [с. 9]

Але ўжо ў трэцім вершы раздзела Якуб Колас пашырае дыяпазон: да паэтычнай рэфлексіі дадаюцца сацыяльныя матывы, лірычны герой задумваецца аб прычыннасці сваіх думак, якія «рана засмуцілісь»:

Ці краіны роднай
Балоты гнілые
Смуткам вас акрылі,
Думкі маладые?

Ці вас песьня-жальба,
Думкі, ўзгадвала?
Ці людзкое горэ
У лесі вас спаткало?

Ці маё так жыцьцё
3 дзён малых злажылось,
Што мая дарога
Смагаю закрылась? («Рана засмуцілісь...», 1909) [с. 10-11]

Гэтакае цытаванне адмыслова шырокае, таму што якраз у прыведзеных радках закладаецца пераклічка з наступнымі паэтычнымі разважаннямі. Між тым і суб'ект не знікае, а наадварот – падкрэсліваецца праз тыя ж займеннікі чатыры разы. Такім чынам, па першых вершах відаць, што «песьні-жальбы» пра сацыяльнае, але і індывідуальнае жыццё.

Да гэтага і сам аўтар прыйшоў не адразу. А фактычна толькі ў турме. Калі абвастрыліся яго экзістэнцыйныя перажыванні. Спачатку яго вуснамі сапраўды гаварыла народная маса, якая пакрысе выспельвала праслойку інтэлігенцыі, творчай у тым ліку.

Пасля ўступных вершаў лірычны герой акунаецца ў вонкавы свет. I гэты свет пачынаецца з «Вясны» (1906 – 1907): пра гэтую пору года запар тры вершы – прычым, што важна, інтанацый гучна мажорных. У іх кантэксце лірычны герой таксама не хаваецца, заяўляючы ў вершы «На полі вясной» (1908) ад першай асобы пра сваю любоў да краявідаў, у тым ліку створаных мужыцкай працай. Інтанацыі паўтараюцца і пры апісанні дня («Усход сонца», 1908), і пры апісанні ночы («Ноч», 1909).

Агледзеўшы першыя творы кнігі, нельга сказаць, што гэта – суцэльная жальба. Па вялікім рахунку, мінорнымі з'яўляюцца рэфлексійныя вершы – аналітычныя радкі пра ўнутраны стан лірычнага героя. Першыя творы пра шырокасацыяльныя відарысы зіхацяць радасцю і аптымізмам, прасякнуты любоўю да жыцця, прыроды і працы.

Разам з тым аўтар не абсалютызуе і мажорныя настроі. Размяшчэннем далей вершаў «Месяц» (1907) і «Хмары» (1909) дэманструецца, што побач ходзяць пакуты і нэндза. Між тым гэтыя творы абстрагаваны ад аўтарскага «я». Яно праслізгвае ў наступным вершы – пры супастаўленні лірычнага героя з ветрам:

Ой, ты, вецер непрытульны,
Родны брат мой ў долі:
Раскідаем сьмех і сьлёзы
Мы у чыстым полі! («Вецер», 1908) [с. 20]

Карціны вясны, мінаючы лета, змяняюцца восенню. Пра гэта ўперад яшчэ папярэджваў аўтар: «Рана вы завялі, / Веснавыя кветкі» [с. 10-11], «Адлёт жураўлёў» (1909), «Восенны дождж» (1909), «Скора ў полі забушуе...» (1909), «Восень» (1906-1907) – вершы, у якіх інтанацыі, натуральна, мінорныя, але яны датычацца перш за ўсё прыроды, а не сацыяльнага жыцця, якое хоць і праступае ў радках «Сумна вецер плакаць стане / Над будынкам мужыкоў» [с. 24], але тут жа перакрываецца асабістымі адносінамі лірычнага героя:

Я-ж люблю той сьвіст у полі,
Як вакол усё дрыжыць –
На спатканьне песьням волі
Дух мой рвецца і ляціць. ("Скора ў полі забушуе...") [с. 24]

«Зіма» (1906–1907) – адзіны верш пра гэту пару года ў раздзеле, які заканчваецца двума творамі пра вясну (абодва 1910). Аўтар такім чынам закальцаваў кругазварот (як паступіў трохі раней, але больш выразна, і ў «Другім чытанні для дзяцей беларусаў», таму можна лічыць такі падыход да кампазіцыі характэрным для мастака, паўтораным у наступным выданні ў іншым фармаце).

Гэты шэраг вершаў нельга прызнаць жальбай. Гэта хутчэй нейтральнае прырода-апісанне. Аднак аўтарскае «я» цалкам не абстрагуецца ад апісваемага кантэксту. Забяжым наперад, але зазначым, што аўтар нібыта свядома падтрымлівае ледзь бачную (але відавочную!) сувязь лірычнага героя з прыродным светам, падаючы яе ў ключы збольшага нейтральным, пазіцыянуючы яе па той бок дабра і зла.

Разам з тым звяртае ўвагу закальцаваная кампазіцыя раздзела. Вершы размешчаны не ў храналагічным парадку іх стварэння (NB на прыведзеныя адмыслова побач з назвамі твораў гады), а ў свядома абранай паслядоўнасці. 3 аднаго боку, праз яе закальцаванасць адлюстраваны прыродны цыкл і рытміка народнага, сялянскага жыцця. 3 іншага боку, праз падкрэсленне матыву адраджэння-ўваскрашэння («Весна, весна / Жаданая! / Ты прыйдзёш зноў, / Ты вернешся» [с. 28]) павеяла рэлігійнымі матывамі. На лексічным узроўні яны таксама ўвасоблены: аўтар з пэўнай рэгулярнасцю ўжывае адпаведныя словы ў тым ці іншым кантэксце. Так, слова «Бог» і ад яго ўтвораныя ў раздзеле прысутнічаюць шэсць разоў. Але нават не гэта галоўнае. Менавіта мастацкае бачанне прыроднага жыцця праз заўсёднае вяртанне стварае паралелі з уваскрашэннем у хрысціянскай інтэрпрэтацыі. Аўтар мог закончыць круг на зіме. Аднак абазначае пачатак наступнага.

Часавы кантэкст правакуе расчытаць абазначэнне паўтору ў рэчышчы ніцшэанскай ідэі вечнага вяртання (філасофія Ф. Ніцшэ ў канцы XIX – пачатку XX ст. мела вялікую папулярнасць у Расійскай імперыі, пік чаго прыйшоўся на 1900-я гг.). Тым не менш наяўнасць значнага пласту Коласавых твораў, якія складваюцца ў асобную філасафічную лінію існавання аб'ектыўнай рэчаіснасці ў супрацьлегласць суб'ектыўнай экзістэнцыі лірычнага героя, схіляе расцэньваць закальцаваную структуру як падыход Коласа-мастака паводле гегелеўскай дыялектычнай спіралі, не пазбаўленай, дарэчы, прысутнасці аб'ектыўнага / абсалютнага духу, сінанімічнага Богу.

Такое прачытанне можна было б назваць надуманым з нашага боку, але да азначанага прачытання схіляе і назва кнігі, якая літаральна супадае з найменнем рэлігійнага цыклу для каталіцкага набажэнства, што ўзнік у Рэчы Паспалітай на пачатку XVIII ст.: «Першы раз іх праспявалі ў касцёле Святога Крыжа ў Варшаве. У хуткім часе гэтае набажэнства стала адным з найбольш папулярных набажэнстваў Вялікага посту і на нашай зямлі. Разважанне мукаў Хрыста ў Песнях жальбы спрыяе духу пакаяння, а перадусім мае на мэце служыць нашаму навяртанню». Несумненна, паэту (хоць і прыналежнаму да праваслаўнай канфесіі) яны былі вядомы: «ужо ў другой палове XIX ст. «Песні Жальбы» спяваліся па ўсёй Польшчы»... Пад назвай гэтай краіны яе нацыянальныя дзеячы тым часам нярэдка мелі на ўвазе землі Рэчы Паспалітай, у якія ўваходзіла і тэрыторыя Беларусі, на якую, такім чынам, таксама прыйшоў названы рэлігійны песенны цыкл, значыць, ён, па ўсёй верагоднасці, быў знаёмы Якубу Коласу.

Некаторыя паралелі заўважаюцца таксама паміж структурай Коласавых і рэлігійных «песень»: прынамсі абодва феномены маюць уводзіны і па некалькі частак. Так, названы рэлігійны цыкл «пачынаецца ад так званай пабудкі, пасля чаго надыходзяць тры часткі разважанняў Мучэнняў Пана Езуса. Кожнай частцы папярэднічае адчытанне інтэнцыі, г. зн. заповедзі таго, пра якія асаблівасці Мучаніцтва Пана будзе ісці разважанне ў данай частцы і за каго будзе яно ахвяраванае. Акрамя гэтага, кожная з частак складаецца з трох раздзелаў». Аўтарская кніга змяшчае ў тым ліку плач па зямным чалавеку, яго долі, па роднай старонцы, у чым перагукваецца з рэлігійным цыклам, пра які сказана: «У другой частцы разважанняў над мукаю Пана будзем разважаць аб тым, што Пан Езус выцерпеў ад несправядлівага прысуду ажно да ўкаранавання цернем. Гэтыя раны і знявагі ахвяруем Пану, просячы супакою для нашай Айчыны, згоды паміж народамі, а для нас саміх – прабачэння грахоў, паратунку ад зямных няшчасцяў, а асабліва ад пажару, голаду, вайны і заразы».

Але, як падказвае сам паэт яшчэ ў першым раздзеле, інтэрпрэтацыя жальбы ў яго не супадае з рэлігійнай:

Як бяз долі і бяз хлеба
Працавіты люд наш гнецца...
Кінь ты жальбу нашу ў неба –
Нехай неба ўскалыхнецца! (падкрэсленне наша. – AT.) («Месяц») [с. 18]

Таму і думкі незалежна ад аўтара «ўюцца», «томяць грудзі», «хочуць выліцца з душы», «выбіцца на сьвет» (гл. вышэй):

Ці вас песьня-жальба,
Думкі, ўзгадавала?
Ці людзкое горэ
У лесі вас спаткало? («Рана засмуцілісь...», 1909) [с. 11]

Цытаты паўтараем нездарма. У абедзвюх закладзена непасрэдная адсылка да назвы Коласава выдання, якое, такім чынам, не толькі алюзіруе рэлігійныя матывы, але і апаніруе ім. Гэты тэзіс лічыць можна ці не цэнтральным у тэме прысутнасці рэлігіі ў творчасці класіка. Месца Ісуса Хрыста ў «Песнях-жальбах» Якуба Коласа займае «працавіты люд» у розных фармулёўках, а ролю іконы выконвае родны вобраз-абраз. Пры гэтым функцыянальнасць Коласавых «Песень» захоўваецца тоеснай рэлігійным, пра якія сказана, што маюць на мэце "пабудзіць у нас спачуванне да церпячага Хрыста, а таксама да жалю за грахі, якія і ёсць прычынай Яго такіх цяжкіх мучэнняў, а ў выніку — смерці. <...>

У гэтай прыгожай і кранальнай малітве, галоўным матывам з'яўляецца жаль за грахі, які вядзе да метамарфозы (навяртання, перамены жыцця), жаль, які выплывае з асабістай любові да Хрыста. Гэтае набажэнства таксама ёсць спробай адказу на пытанне пра сэнс цярпення. Бог у Езусе Хрысце адказвае на гэтае пытанне не тэорыяй, а салідарным прыбываннем з чалавекам у яго цярпеннях і болі». «...У канцэптуальным плане, паводле хрысціянскай аналогіі, кніга Якуба Коласа была менавіта разважаннем пра мукі народа, які цярпеў і мусіў праз мастацкае "ўсведамленне" сваёй пакуты адрадзіцца і "павярнуцца" да новага жыцця».

* * *

Якуб Колас у форме настаўніка. 1912 год

Фактычна, менавіта са сфармуляванага тэзіса пра алюзійнасць і апаніраванне стасоўна рэлігійных матываў пачынаецца і наступны раздзел Коласавых «Песень-жальбаў», які называецца «Родныя абразы» (падкрэсленне наша. – А.Т.), а не так, як мы са школы прывыклі гэтую назву бачыць (праўда, дзякуючы аднайменнаму вершу). Канечне, маюцца на ўвазе, кажучы сучаснаю ўнармаванаю моваю, родныя вобразы. Аднак жа і супадзенне адпаведнае і – ведаючы стыль алегарызацыі аўтара – наўрад ці выпадковае. Да таго ж лагічна паставіць пытанне, што аўтару перашкаджала назваць і раздзел, і вядомы, хрэстаматыйны верш так, як слова падавалася ў тэксце – «образы». Тым болей што паэт гэтакую форму практыкаваў – адзін з вершаў, апублікаваных у «Нашай ніве» (1907, 24 лют., №8), называўся «Расейскія образы» (1907) [Т. 1, с. 509], у ім крытычна апісаны карціны жыцця ў імперыі, якія ні ў якім разе не маглі быць названы абразамі. (Названы твор, што паказальна, не ўвайшоў у «Песні-жальбы»!)

Але ж не! Згадваючы за кратамі блізкія сэрцу краявіды, Якуб Колас называе іх менавіта абразамі, хоць гэта... усяго толькі, як гаворыцца непасрэдна ў хрэстаматыйным вершы, «(в)образы». Працытуем, забегшы ўвагай у апошні раздзел, з публікацыі ў выданні «Песень»:

Образы мілые роднаго края,
Смутак і радасць мая!
Што маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я... («Родныя абразы», 1908) [с. 119]

Такім чынам песняром фактычна абагаўляецца родны край (фармальна – на капыл натурфіласофіі Спінозы, зместава, аднак, гэта ўзыходзіць да прысутнасці ў народнай духоўнай практыцы par exellence культуры паганства), праяўляецца не раўнуючы рэлігійная адцанасць да яго. У гэткім святле зусім інакш успрымаюцца радкі з ужываннем слова «абразы» (а не «образы»):

Я не знаю, я не знаю,
Чым я так прыкуты
Да тваіх, мой родны краю,
Абразоў пакуты. («Я не знаю», 1909) [с. 31]

Пасля ўнармавання беларускай літаратурнай мовы і адаптацыі да нормаў Коласавых твораў, зразумела, азначаная нюансіроўка страцілася.

Да таго ж аўтар не толькі стварае ікону з краявідаў Бацькаўшчыны, але і часам прабіваецца стаўленне паэта да сялянскай справы як да вышэйшай за рэчаісную рэлігію:

Хлебароб глядзіць з уцехай,
Ходзіць ў Божым дару...
Так ні поп, ні ксёндз ня ходзяць
Пры сьвятым алтару. («Хлебароб», 1908) [с. 40]

Наогул жа У. Конан прыходзіць да высновы, што «Песні-жальбы» «бліжэй да філасофіі хрысціянскай дэмакратыі, чым да сацыяльнага радыкалізму. У аснове сюжэтаў і вобразаў праграмных вершаў праглядваецца архетып евангельскай прыпавесці пра Лазара беднага і багацея (Лк. 16:19-31), пераўтвораных у аспекце тагачасных сацыяльных рэаліяў Беларусі ў складзе Расійскай імперыі. <…> Коласавы вобраз селяніна – гэта і вобраз Беларусі – беднага Лазара Расійскай імперыі». Прычым падобнае прачытанне не абмяжоўваецца толькі названай кнігай. У. Конан указвае яшчэ і на алегарычнае апавяданне «Дудар» (1906 – г. зн. таксама з ранняй творчасці).

Зрэшты, мы адхіліліся ад генеральнай лініі, але адступленне ў многім дапаўняе і абраны намі фокус аналізу.

У цэлым раздзел «Родныя абразы» таксама мае структуру: ідзе ад агульнага відарыса Айчыны да чалавечай экзістэнцыі (людской працы перш за ўсё). Паказальны першы верш – «Я не знаю...» (1909). Дарэчы, сімптаматычна, што яго першапачатковая назва гучала як... «Родныя абразы»! [Т. 1, с. 551], Воку чытача адкрываюцца сумныя пейзажы («від палёў благенькіх»). Гэта робіцца праз уважлівую душу лірычнага героя (ізноў-такі гэта падкрэсліваецца шляхам шматлікага ўжывання адпаведных займеннікаў).

Я не знаю, я не знаю,
Чым я так прыкуты
Да тваіх, мой родны краю,
Абразоў пакуты (падкрэсленні нашы. – A. Т.). [с. 31]

Рэзюмуе аўтар, падкрэсліваючы не проста знітаванасць душы з Бацькаўшчынай, але і яе сакральнае значэнне. Ужо ў гэтым вершы зроблены подступы да асэнсавання тленнасці чалавека, яго нялёгкай долі:

...I той крыжык адзінокі –
Вартаўнік магілы... <...>
Дзе чыесь-то косьці тлеюць
Чый-то прах схаваны... [с. 31]

Аўтар наводзіць паэтычную рэзкасць сваёй прызмы - і мы бачым паслядоўна: «Нашэ сяло» (1908), «Наш родны край» (1906), «Вёску» (1907), «Вось старую хацінку...» (1910), «Мужычую ніву» (1907), «Хлебароба» (1908), прысвечанае «весковым працоуніцам» «Жніво» (1908), «Жытні колас» (1908), «Вярбіну» (1909), урэшце «Палесскія абразы» (1909). Паколькі назвы вершаў характарыстычныя і гавораць самі за сябе, пакінем іх без цытавання. Адно дадамо, што матывы ў іх шматкроць паўтараюцца, дэталі пашыраюць сваё кола і пакрыёма ствараюць эпічнае палатно беларускага тагачасся.

Аб'яднаны тэматычна, пералічаны шэраг твораў лучыцца і сумным. Апісваемае ледзь ні фактаграфічна жыццё-быццё далей уключае ў сябе і "Дарогу" (1906), "На гасьцінцы" (1907), "Чугунку" (1908). Гэтыя шляхі, аднак, сказаць, арганічна і лагічна прыводзяць да "Могілак" (1906).

Падагульненнем гучаць «Родныя песьні» (1909):

Ўсё ў табе, мой родны краю,
Усё спавіто горэм... [с. 50], –

і таму:

Ў маім сэрцы горэ гэта
Одгалос знаходзіць... [с. 50]

* * *

Раздзел «Мужыцкае жыцьцё» таксама мае «інтрадукцыю» – амаль аднайменны верш «Мужычае жыцьцё» (дарэчы, паводле «Рэестру» (зместу) кнігі, супадзенне паміж назвамі верша і раздзела дакладнае), у якім праз некалькі тыповых, на меркаванне аўтара, штрыхоў малюецца доля мужыка з яе смяротным зыходам. У далейшых вершах паэт больш пільна прыглядаецца да жыццёвага шляху селяніна, спрабуючы вызначыць пэўныя этапы і характэрныя бакі. Часам ізноў-такі для разумення гэтага дастаткова ведаць назвы вершаў:

«Песьня над калыскай» (1907) – пачатак жыцця (з надзеяй на добрую будучыню);
«Першы заработак» (1910 – першая рэдакцыя) – спроба далучэння дзіцяці да сур'ёзнай працы (пры ўсёй цяжкасці яе твор хутчэй цёплы);
«У школку» (1909) – скіроўванне ў навучанне (таксама з прыцэлам на лепшы лёс);
«Плытнікі» (1907), «Доля батрачкі» (1908), «За падаткі» (1908), «На прадвесьні» (1906–1907) – дарослае працоўнае жыццё (інтанацыі кардынальна змененыя на мінорны лад).

У апошні шэраг укліньваецца верш «Панас гуляе» (1909) на тэму п'янства мужыка, ад чаго церпіць сям'я, – з'явы недругараднай у сялянскім асяродку.

Верш «Мужык» (1908) выступае падагульненнем жыццёвага шляху, асабліва апошнія радкі:

Я мужычы сынок,
Я ня маю дарог.
Мая школка – шынок,
Маё жыцьце – астрог! [с. 78]

«Пахаваньнем» (1906-1907) падводзіцца рыса пад «Мужыцкім жыцьцём». Дарэчы, толькі ў гэтым вершы раздзела з'яўляецца аўтарскае «я» (дагэтуль маем нібы адстароненае назіранне, быццам лірычны герой усё больш аддаляецца ад мужыцкай долі):

Жаль скаваў мне грудзі,
I нуда напала...
Каб вы зналі, людзі,
Як мне цяжка стала! [с. 80]

Завяршаюць раздзел два творы: трохі вышэй згаданая «Наша доля» і «Мы ходзім спатыкаемся...» (1907). Прычым яны падаюцца ад першай асобы множнага ліку («наша доля», «мы ходзім») - г. зн. аўтар у дадзеным выпадку якраз атаясамлівае сябе з народнай масай. Яшчэ больш важна, што гэтыя, на першы погляд тыповыя, песні-жальбы завяршаюцца на аптымістычнай ноце:

А ўсё-ж такі, хоць некалі,
А праўды дапытаемся. [с. 82]

Лірычны герой, нягледзячы на цяжкасці долі, верыць у лепшы заўтрашні дзень «мужыцкага жыцьця».

Матывы і кампазіцыя гэтага раздзела відавочна пераклікаюцца з драматычнай паэмай Янкі Купалы «Адвечная песня», якую, аднак, Якуб Колас наўрад ці змог прачытаць перад укладаннем «Песень-жальбаў»: Купалаў твор быў закончаны менш чым за месяц да Коласава зняволення, а ў друкаваным выглядзе ўбачыў свет паралельна з «Песнямі-жальбамі». Відавочна, абодвух класікаў хвалявалі адны і тыя ж праблемы, але ў дадзеным выпадку мастацкія стратэгіі прынцыпова розніліся.

Такім чынам, Якуб Колас арганічна падвёў свайго лірычнага героя да наступнага раздзела – «Ha розстані». Яго важнасць творца ў далейшым ускосна падкрэсліць назвай свайго галоўнага празаічнага твора – аднайменнай трылогіі, робячы гэта напрыканцы творчага шляху, нібы папярэдняя рэцэпцыя «Песень-жальбаў» і названага раздзела не задавольвала. Прычым у аповесці якраз пры знаходжанні на парозе турмы галоўнага персанажа – Андрэя Лабановіча (прататыпа аўтара) – сустракаем яго наступнае выказванне: «Стаю, брат, я на ростанях. Адзін мой этап скончыўся. Трэба кудысь падавацца, а куды, не ведаю. Вось чаму я і рады параіцца з табою» [Т. 14, с. 223], Думаецца, сэнс гэтых слоў лагічна звязаны і з разгляданым звяном кампазіцыі «Песень-жальбаў» і падмацоўвае гэтакім чынам намі прапанаваную інтэрпрэтацыю.

Лірычны герой, паводле раздзела, пастаўлены перад неабходнасцю зрабіць экзістэнцыйны выбар:

He відаць мае дарогі...
Горы, лес, балоты, гразь...
Колькі смутку і трывогі
У гэты цяжкі нудны час!

Гдзе-ж, дарога, ты другая?
Я стаю адзін, адзін...
Ноч ляжыць кругом глухая.
Ці-ж то сьвет зыйшоў у клін? («На розстані», 1907) [с. 85]

Лірычны герой агледзеў (у папярэдніх раздзелах) свой край і жыццё ў ім – і стаіць на ростанях (адзін, як пакажа будучыня, з канцэптаў Коласавай творчасці): яны пачынаюцца з рытарычнага песімізму:

Ты скажы мне, цьма глухая:
Доўга будзеш ты ляжаць?
Доўга будзе думка злая
Сэрцэ жалем калыхаць? [с. 85]

Раздзел «На розстані» у адрозненне ад папярэдняга факусіруецца на перажываннях лірычнага героя, на ўнутраным свеце суб'екта – «Песьняра» (с. 198). У гэтым вершы падкрэсліваецца жыццёвая знітаванасць са знешнім асяродкам:

Ці-ж я сэрцэм не балею?
Ці-ж мне смутак лёгка даўся?!
Я сьпеваю, як умею, –
Я пра радасць пець ня здаўся. [с. 87]

Аўтарскае «я» пазіцыянуецца таксама ў звязку з колам аднадумцаў (вершы «Пад шум ветра», «Хмары» і «Братом-згнанніком», усе – 1907), намёкі на якіх даволі празрыстыя, як у вершы, прысвечаным А. Уласаву, «Нягода» (1908), дзе сустракаем, напрыклад, у фармаце імя агульнага выраз «наша ніва» (простая цытата назвы газеты) і зваротак «Карусь» (звернуты, відавочна, да таварыша па зняволенні і літаратуры Каруся Каганца), ці ў вершы «Сябром» (1907), прысвечаным, паводле першапублікацыі ў «Нашай ніве» (25 чэрвеня 1907 г.), «народным вучыцелям, што пацярпелі за свабоду» [Т. 1, с. 510]. Гэтыя песні-жальбы, аднак, не пазбаўлены пробліскаў аптымізму, якім зараджаны, як правіла, апошнія, у пэўным сэнсе рэзюмуючыя радкі вершаў (што важна, бо гэта сведчыць пра надзею на лепшы час), а адзін з іх – «He бядуй!..» (1907) – у мажорнай танальнасці вытрыманы цалкам.

Такое вырашэнне карэлюецца з думкамі У. Конана пра адраджэнне-ўваскрашэнне. На ім фактычна і заканчваецца раздзел:

За работу жыва, жыва!
Каб нас доля не кідала,
Каб ня сохла наша ніва,
Каб нуда нас не чэпала! («Што вы, хлопцы, пахмурнелі...», 1907) [с. 96]

Відавочна, стоячы «на розстанях», лірычны герой не прадбачыў яшчэ сваёй бліжэйшай будучыні. Дакладней, перспектывы яму ўяўляліся калі не вясёлкавымі, дык як мінімум з пэўнымі надзеямі – наперадзе насоўвалася выкананне агромністага аб'ёму работы. Прыкладна такія ж пачуцці-прадчуванні вернуцца да Якуба Коласа праз колькі гадоў – падчас уздыму нацыянальнага беларускага руху, у 1917 г. У сувязі з гэтым напішуцца хрэстаматыйныя радкі:

...Жніво настала, працы многа, –
Навукі семя засявай! [Т. 2, с. 79]

Такім чынам, асабістая дарога лірычным героем (прад)вызначана. Але куды яна яго прывяла? На гэтае пытанне адказвае аўтар наступным раздзелам – «С турмы».

* * *

Якуб Колас пасля заканчэння Аляксандраўскага ваеннага вучылішча. 1916 год

«Розстані» прывялі да тупіковага становішча, у параўнанні з якім рэчаіснасць «мужыцкага жыцця» і тым больш прыроды выглядала больш авантажнай і прыцягальнай. За рэдкім выключэннем вершы раздзела «С турмы» мінорнага гучання, прасякнуты безнадзейным песімізмам.

Цесна мне тут, горка мне,
Просіць сэрца волі;
Плачуць думкі па вясне,
Хочуць лепшай долі... («С турмы», 1909) [с. 99]

Так пачынаецца першы верш раздзела. Пра такія свае настроі К. Міцкевіч кажа і ў ліставанні з настаўніцай А. Рамановіч: «Сидя в карцере, мечтаешь о тесной камере, как о тереме, и о жестких нарах и тюфяке, как о чем-то недосягаемом, о каком-то идеале житейской роскоши. И это в то время, когда весна насильно гнала и старнка, и ребенка на чистый воздух, когда кругом все покрывалось зеленью и цветами, когда все распологало к игривости... <...> Время теперь как-то тянется. Глянешь за решетку, – хорошо там, в поле, среди леса», – піша вязень Пішчалаўскага замка 30 мая 1909 г. (па старым стылі) [Т. 18, с. 11], г. зн. прыкладна тады, калі пісаўся вышэйцытаваны верш і, магчыма, наступны, напісаны ад трэцяй асобы – якая пайшла іншым у адрозненне ад паэта, сялянскім шляхам, таму лірычны герой (хоць і «завочна») радасных нотак перажывае больш, чым интеллигенствующий вязень:

Углыбіўся Сьцёпка ў мары,
Думцэ ўвесь аддаўся, –
Пра вастрог забыў, пра нары,
Гдзе ўсю ноч валяўся,
Тут ён целам, там – душою,
Там, ў родным полю,
Гдзе хадзіў ён за сахою,
Гдзе пазнаў нядолю...
Ды забыта ўсё ліхое,
Усё, што дух смуціла, –
Асталося дарагое,
Што так сэрцу міла! («Сьцёпкаў сон», 1908 ці 1909) [с. 106]

Большае атаясамленне лірычны герой знаходзіць з «ліпамі старымі», якія таксама апынуліся «за астрожным парканам» (цытата з новай рэдакцыі верша [Т. 1, с. 216]):

Нас перанесьлі на глебу чужую,
Сьвету, прастору німа;
Усе нас забылі, ніхто нас не чуе,
Чуе нас толькі турма! («3 песень вастрожніка», 1908 ці 1909) [с. 113]

М. Грынчык адзначаў, што «ў жальбах і нараканнях "ліпаў старых" чуецца душэўная драма чалавека, пазбаўленага волі, прыніжанага і асуджанага на доўгія гады турэмных здзекаў». Кажучы супольна і ад сябе, і ад імя дрэў (паказальна, што пазней аўтар змяніў найменне верша на «Ліпы старыя»), «вастрожнік» выяўляе жаданне апынуцца ў працоўным кантэксце селяніна (прычым нацыянальна вызначанага, але не ў гэтым бачыцца лейтматыў):

Там бы хацелась расьці, красавацца,
Дол дзе капае ральнік,
Родную песьню дзе ціха сьпевае
Сын Беларусі – мужык! [с. 113]

Гэтым самым астрожная доля імпліцытна супрацьпастаўляецца жыццю на волі, «песьні вастрожніка» – ціхім родным песням, «глеба чужая» – радзіме. На падобных супрацьпастаўленнях, антытэзах выбудаваны многія вершы раздзела: «С турмы», «Катаржнікі», «У вастрозе», «Думкі ў турме», «Кветка», «Гусі», «Песьня няволі», «У турме вясной».

Змест апошняй структурнай адзінкі кнігі – як ацэнка асабістага шляху, які, такім чынам, горшы за долю мужыка, што пры ўсім вонкавым беспрасвецці і нэндзе мае кругазварот і цыклічна адраджаецца з характэрнымі радасцямі і горам. Таму заключны верш раздзела нібы падводзіць рысу пад усімі папярэднімі. Сімптаматычна, што і яго думка падаецца ў супрацьпастаўленні натуральнага і перспектыўнага свету з адваротнасцю зняволення:

Сонцэ ўстане, сонцэ зайдзе,
Дзень заменіць ночкі цьма,
А над намі чорнай хмарай
Вісьне цесная турма.

Птушкі вылятуць на зіму,
Птушкі зноў лятуць сюды,
А мы томімся ў вастрозе,
Трацім лепшыя гады.

Дні праходзяць, дні праходзяць,
Летам зьменіцца зіма,
А мы сохнем і марнеем;
Нам тут радасьці няма. («У турме», 1910) [с. 123]

Такою канцоўкай Якуб Колас быццам выносіць вердыкт ім жа абранаму шляху, тупіковаму па сутнасці. Аднак гэта не толькі і не столькі надуманы (хоць і прадуманы) мастацкі ход, а адлюстраванне сапраўдных перажыванняў паэта: «Будущее мне не улыбается. Я не падаю духом, смотрю на все эти неудачи взором философа, но обманывать себя, тешить мыльными пузырями в то время, когда на карке двадцать шесть полных лет, считаю великою глупостью», – даведваемся яшчэ з аднаго ліста А. Рамановіч ад 27 красавіка 1909 г. [Т. 18, с. 8], У ім жа знаходзіцца і тлумачэнне дэкадэнтных настрояў творцы: «С наступлением весны настроение мое совершенно ухудшилось. У меня всегда так бывает» [Т. 18, с. 7].

Трэба таксама мець на ўвазе, што галоўная праца па ўкладанні «Песень-жальбаў» праходзіла вясною. Таму нядзіўна, пгго аўтар абраў такі – упадніцкі – варыянт структурнай арганізацыі свайго выдання і асабліва канцэптуальна важнага завяршэння. Разам з тым, як прызнаецца і ён сам, – «так бывает», а значыць – гэта часова, і не варта абсалютызаваць у такім святле феномен кнігі і ўсяго тагачаснага светапогляду Якуба Коласа (які ў той жа час шша і шмат адваротных па настроі твораў, рыхтуе жыццесцвярджальнае «Другое чытанне...» дый наогул пачынаецца ў якасці класіка нацыянальнай літаратуры. Хоць мастацкі свет разгледжанага выдання сапраўды не праменіцца колерамі цёплай гамы.

* * *

Падагульняючы, яшчэ раз адзначым асэнсаваную кампазіцыю «Песень-жальбаў». Праглядаецца імкненне як усю кнігу, так і кожны асобны раздзел скласці сістэмна: зрабіць уступ, разгарнуць (з элементамі эпічнасці) паэтычную думку, падвесці выніковую рысу. Асаблівая ўвага надаецца так званым моцным пазіцыям – пачаткам і канцоўкам як усяго выдання, так і яго структурных адзінак.

Па змесце назіраецца наступнае. Праз усю кнігу праходзяць такія ідэйна-тэматычныя апазіцыі, як:
– лірычны герой (ад першай асобы, фактычна аўтар) – акаляючы свет у выглядзе роднага краю і мужыцкай долі,
– свет фізічны – свет метафізічны / рэлігійны (у сімбіёзе хрысціянства і паганства).

У першым выпадку лірычны герой разважае, куды яму ісці па жыцці, якое, аднак, яго прыводзіць за краты. Робіцца выснова, што жыццё ў зняволенні ненатуральнае і бесперспектыўнае – у адрозненне ад працэсаў у акаляючым свеце, дзе мяжуюць радасць і гора, але дзе ёсць надзея на адраджэнне. Гэты свет, паводле кнігі, мае два бакі – рэальны і ірэальны, якія асэнсоўваюцца другой апазіцыйнай парай. Аднак галоўнае, што яны аб'ядноўваюцца тоеснымі рытмамі, дзе адраджэнне рэальнага, матэрыялістычнага боку (у выніку гадавога кругазвароту) адпавядае ўваскрашэнню рэлігійна-метафізічнага (абяцанага пабодле Бібліі).

У другім выпадку супрацьпастаўляецца жыццёвая рэчаіснасць і яе нематэрыялістычны бок. Канечне, вонкавае ўражанне, што рэпрэзентуецца сацыяльная парадыгма лірыкі «Песень-жальбаў» (у савецкі час такая трактоўка як нельга лепей клалася ў пракрустава ложа марксіцка-ленінскага літаратуразнаўства). Аднак аўтар не хавае і пэўнай рэлігійнасці. Пры гэтым аддае перавагу не ёй, а сакральнасці роднах вобразаў – як ён сам сімвалічна кажа, абразоў. Яны ствараюцца пэўным колам канцэптаў, якое складваецца ў працэсе разшртвання панарамы «Песень»: поры года як чытэльныя сімвалы жыцця (па частотнасці ўсіх апераджае вясна), найменні Бацькаўшчыны ў розных варыяцыях (перадусім родны край), песні як спараджэнне самога сацыяльнага і прыроднага жыцця, падставовыя элементы сялянскага існавання (хата, ніва, жыта, поле, лес, дарога...), абагульненая фігура селяніна, рэлігійная лексіка (толькі слова «Бог» і вьггворныя ад яго фігуруюць 20 разоў).

Прапанаванае прачытанне  «Песень-жальбаў» не адмяняе папярэднія, – але значна пашырае ідэйна-тэматычны дыяпазон выдання і – што галоўнае – прынцыпова змяшчае акцэнты. Увесь час гэтая кніга вершаў расцэньвалася ў першую (а часцей за ўсё тут жа і ў адзіную) чаргу як голас прыгнечанага, забітага народа. Разам з тым цвёрдай, паслядоўнай наяўнасцю лірычнага героя, яго суб'ектнасцю ў аглядзе рэчаіснасці пры ўсім імкненні да аб'ектыўнай рэалістычнасці і нават крытычнага рэалізму падкрэсліваецца засяроджанасць не на вонкавым свеце, a на ўнутраным, на прыватнай душы. Яна прапускае праз сябе асабістае існаванне, хоць і на прыродным ды сацыяльным фоне, да якога яна таксама не абыякавая.

Такім чынам, кніга Якуба Коласа «Песні-жальбы» арганічна ўпісваецца ў тагачасны кантэкст – пачатку XX ст., калі так званыя жыццятворчыя праекты і паасобныя творы, цесна пераплеценыя, злітыя з жыццём аўтара, былі вельмі распаўсюджаны. Прынамсі ў дыскурсе расійскай культуры – у той час галоўным па ўплыве на беларускую літаратуру. У якасці прыкладу можна назваць дэбютны зборнік (ці кнігу?) У. Хадасевіча (1908) і нават акт сыходу з літаратурна-мастацкай творчасці Л. Сямёнава (1909). Дый адзіная кніга М. Багдановіча («Вянок», 1914) і яго апошнія радкі – таксама яркія акты жыццятворчасці.

У расійскай літаратуры жыццятворчасць была характэрна для пісьменнікаў-дэкадэнтаў, перадусім сімвалістаў (у дадзеным выпадку мы канвергуем і інтэрферуем паняцці дэкадансу і сімвалізму). Як трапна сказана, «жизнетворчество как парадигма эстетического самосознания и пафос поведенческой деятельности русского символизма (и, шире – всей культуры Серебряного века) является, на наш взгляд, одним из наиболее универсальных понятий в русском модернизме, от понимания которого зависит адекватность наших представлений об этой уникальной эпохе».

У Якуба Коласа, аднак, жыццятворчасць набывае свае асаблівасці, так бы мовіць, беларускі акцэнт. Прычым не толькі тэматычна, але і ў мастацкім метадзе, які выразна аддаляецца ад сімвалізму (пры ўплыве апошняга) у бок рэалістычнага светапогляду мастака (што абумоўлівалася галоўным чынам яго сялянскім паходжаннем). Дакладней сказаць, метад рэалізму засвоены Якубам Коласам натуральным, адпачатку неўсвядомленым чынам – у сілу свайго чалавечага сталення на ўлонні багатай прыроды і станаўлення на літаратурнае крыло на аснове сацыяльнага кантэксту з яго натуральнай гаспадаркай, і матэрыялістычная арыенціроўка людзей у гэтым асяродку (пры ўсёй развітасці беларускага фальклору і яго міфалагічнай грані) прэваліравала. Да таго ж і мастацкая літаратура да малога Канстанціна Міцкевіча як чытача паступала менавіта рэалістычнага кірунку. Аб'ектыўна кажучы, у тагачаснай беларускай літаратуры тэндэнцыя «чыстай красы» (выраз А. Луцкевіча пра М. Багдановіча, 1914), die Kunst fiir die Kunst толькі зараджалася. Таму правільна гаварыць пра пэўнае набліжэнне да дэкадансу і сімвалізму, засвоеных пасля знаёмства з шырэйшым літаратурным працэсам, зыходзячы з рэалістычнай платформы творцы, а не наадварот.

Такі погляд вытлумачвае выкрышталізацыю кнігі Якуба Коласа «Песні-жальбы» менавіта ў азначаным намі святле: як з рэалістычных (галоўным чынам) вершаў сфарміраваўся жыццятворчы вынік – выданне, эстэтычна прыналежнае да наступнага гістарычнага перыяду. Паэтычныя творы паўставалі паасобна, без прыцэлу на дэкаданс і сімвалізм, вырасталі з пазітывісцкай традыцыі беларускай літаратуры апошняй трэці XIX ст. a la Багушэвіч. Турэмнае зняволенне, аднак, значна змяніла ўспрыманне жыцця паэта. Асабісты шлях праз прызму кратаў стаў выглядаць асабліва безнадзейна – адчуванне, якое ў вясновую пору абвастралася. Таму з літаратурных твораў, напісаных збольшага (некаторыя існыя сімвалісцкія элементы не будзем скідваць з рахунку) паводле аднаго мастацкага метаду, у суме – пры мэтанакіраваным настраёвым падыходзе да ўкладання – нарадзіўся асобны літаратурны твор, выспеліўся мастацкі плён зусім іншага фармату, які лёгка суадносіцца са Срэбным векам, што панаваў тым часам у Расійскай Імперыі (дарэчы, першым гэта заўважыў У. Гніламёдаў, але не пайшоў далёка ўглыб аспекту). У сувязі з гэтым варта гаварыць пра ўнікальнасць і выключнасць Коласавых «Песень-жальбаў» (нават у святле іншых праяў жыццятворчасці).

Атрымалася з'ява, якую можна параўнаць з атамамі вугляроду: пры пэўнай мадыфікацыі яны могуць спалучацца ў розныя па свойствах рэчывы – графіт або алмаз. Дагэтуль крытыка і літаратуразнаўства прапаноўвалі нам «Песні-жальбы» ў выглядзе крохкага графіту, бо вершы можна было разглядаць разрозненна. У аспекце жыццятворчасці кніга (прынамсі на ўзроўні канцэпцыі) выглядае як адзін з самых цвёрдых мінералаў, адасабленне ад якога дзе-якіх элементаў не дапускаецца.


Такая рыса, як аўтабіяграфічнасць, становіцца характэрнай для творчасці Якуба Коласа з першых яго вершаў, першай паэтычнай кнігі і ў далейшым спрычыняецца да стварэння лепшых твораў-паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка», аповесці «У палескай глушы», «Казак жыцця». Аднак у адрозненне ад пералічаных у гэтым шэрагу твораў, напісаных, як правіла, post factum, «Песні-жальбы» пісаліся (часткова) і – галоўнае – укладаліся паралельна з адпаведнымі перажыванымі пачуццямі і маюць не проста аўтабіяграфічны характар, – яны адначасна з'яўляюцца старонкай парадку чалавечага жыцця Канстанціна Міцкевіча, на той час турэмнага вязня, а яго жыццё, у сваю чаргу, (з)рабілася філасофска-мастацкай дзейяй, (за) фіксаванай у разгледжанай кнізе Якуба Коласа.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: vitalis (14.12.2017) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК - "Дзеяслоў"
Праглядаў: 3578 | Тэгі: Анатоль Трафімчык, Якуб Колас | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.