Пятніца, 29.03.2024, 04:06

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Міхась Яніцкі

«Калі, зямля, тваё прызванне – нас нарадзіць і пахаваць, дык жыць – людзей накананне…»
З назваю вёскі Чудзін, у якой у 1951 годзе нарадзіўся Алесь Каско, у паэта, натуральна, шмат успамінаў і не менш мастацкіх асацыяцый. У адным з вершаў-прысвячэнняў роднай вёсцы наш зямляк піша: "Калі не цуд, што мой выток, мой Чудзін — палескіх казак даўні чарадзей". Сапраўды, хто не ведае на Ганцаўшчыне вядомых казачнікаў Рэдкага, Данілы Куляша і Дудара, якія папоўнілі фальклорную скарбніцу беларускага народа цудоўнымі творамі?!

Повязь з літаратурнымі традыцыямі краю, выток якіх струменіць з глыбінь народнай творчасці, не знікла і ў нашы часы. У 2001 годзе Алесь Каско запісаў казкі землякоў і выдаў іх ва ўласнай літаратурнай апрацоўцы ў зборніку "Чыстага ўсё нячыстае баіцца". Магчыма, жаданне звярнуцца да казачнай спадчыны палешукоў у пісьменніка звязана з асэнсаваннем свайго прозвішча. У аўтабіяграфіі Алесь Каско наракае, што здагадка пра сапраўднае прозвішча — Казка — прыйшло да яго аж у 28-гадовым узросце, калі ён стаў сааўтарам паэтычнага зборніка "Нашчадкі".

Алесь Каско

I ў вершах, і ва ўспамінах пісьменнік з цеплынёй, удзячнасцю і паляшуцкай годнасцю згадвае пра сваіх бацькоў, аднавяскоўцаў, родныя маляўнічыя мясціны. Яго бацька, Кастусь Рыгоравіч, не цураўся ніякай работы. Найперш у наваколлі бацьку паважалі як адмысловага шаўца: каб пашыць боты, да яго звярталіся не толькі мясцовыя людзі, але і з Ганцавіч, і нават са Слуцка. Пісьменнік прыгадвае, што бацька быў майстрам на ўсе рукі: і сталяр, і цясляр, і садоўнік, і пчаляр, і кравец, і ў краме прадавец. У час фашысцкай навалы Кастусь Рыгоравіч змагаўся з ворагам у партызанскім атрадзе, а потым на фронце. Маці Аксеня, першая камсамолка на вёсцы, трактарыстка, таксама вымушана была хавацца ад немцаў і паліцаяў. Па сутнасці, на яе плячах ляжаў клопат аб выхаванні шасцярых дзяцей.

Алесь рос дапытлівым хлапчуком: яго цікавілі не толькі навакольныя бары, багатыя грыбамі і ягадамі, але і кнігі ў мясцовых бібліятэках. У 1968 годзе надрукаваў свой першы верш "Пралескі" ў ганцавіцкай раёнцы, дзе заўсёды падтрымлівалі пачынаючых майстроў слова. Вучоба на філалагічным факультэце Брэсцкага педінстытута была для нашага земляка адметным перыядам у жыцці, напоўненым лёсавызначальнымі падзеямі: знаёмствам з выкладчыкам і чуйным крытыкам у адной асобе Уладзімірам Калеснікам, сяброўствам і творчым каляжанствам са студэнтамі-паэтамі А.Разанавым, М.Пракаповічам, В.Жуковічам і іншымі: "Чытаю свае вершаняты Апесю Разанаву, сталіцаю гнанаму за беларускасць, і ён разумее мяне".

Некаторы час малады настаўнік працаваў у вясковых школах Берасцейшчыны, у тым ліку і ў роднай Чудзінскай дзесяцігодцы. Пабываўшы на рэспубліканскім семінары маладых літаратараў і маючы за плячыма шматлікія публікацыі ў розных перыядычных выданнях, Алесь Каско ўжо не ўяўляў жыцця без творчасці. Пасля заканчэння інстытута яго прафесійная дзейнасць пераважна была звязана з журналістыкай, якая давала магчымасць займацца і вершапісаннем. Напачатку паэт працаваў карэспандэнтам Жабінкаўскай раённай газеты "Сельская праўда", дзе адначасова кіраваў літаб'яднаннем "Плынь". Потым пераехаў у Брэст працаваць на абласным тэлебачанні. З 1991 года ўзначальваў Брэсцкае абласное аддзяленне пісьменнікаў.

Алесь Канстанцінавіч з'яўляецца аўтарам паэтычных зборнікаў "Скразная лінія", "Час прысутнасці", "45 вершаў", "Трохкроп'е", кнігі для дзяцей "Два сонцы" і іншых. За кнігу паэзіі "Час прысутнасці" (1994) ён быў адзначаны Літаратурнай прэміяй імя А.Куляшова. Алесь Каско — паэт адметны і арыгінальны, творца новай генерацыі беларускага прыгожага пісьменства. Яго вершы рознай тэматыкі вылучаюцца псіхалагічнай заглыбленасцю, аўтарскай філасофскай інтэрпрэтацыяй мастацкага асэнсавання жыцця. Паэт — адзін з рэдкіх творцаў, які змог арганічна спалучыць інтэлектуальныя пошукі і лірычнасць, эмацыянальнае ўздзеянне на чытача. I ў той жа час ён — сын Палесся, узгадаваны яго краявідамі, працавітымі і добразычлівымі землякамі, багатым фальклорам. Яго душа, вершы міжволі імкнуцца сюды, да "вусця і вытоку", бо, як слушна заўважае паэт: "Столькі ў нас – кожнага – дзяцінстваў, колькі мы разоў завітвалі дамоў".

Як і большасць палешукоў, Алесь Каско — сапраўдны сямейнік, які ганарыцца сваім радаводам, шануе і паважае родных і блізкіх. Шмат вершаў ён прысвяціў родзічам і аднавяскоўцам, у якіх не саромеецца шчырасці выяўлення пачуццяў да іх: "Матуля! Холад на душы...", "Бабулечка", "Брату", "З жыцця аднавяскоўца" і інш. Так, сын звяртаецца да маці ў цяжкія дні роспачы, толькі ў яе асобе ён можа знайсці спагаду, падтрымку і суцяшэнне і аддае даніну мацярынскай любові і мудрасці: "Ты ж ведаеш, як трэба жыць, а я ўсяго — як жыць не трэба".

Алеся Каско непакоіць праблема знікнення палескіх вёсак, а з імі і самабытнай культуры, пераемнасці традыцый, а яшчэ болей экалогія дарагіх сэрцу мясцін, якія іншы раз бяздумна "карчуюць і выполваюць". Яму неабыякавыя будучыня роднага Палесся, наступствы бяздумнага ўмешвання ў прыроду сучасніка, што мысліць сябе паўнаўладным гаспадаром на зямлі. Паэт, які адчувае і сваю віну перад нашчадкамі, перакананы, што "рупліўцам з новых пакаленняў нядбайных продкаў, нас, не апраўдаць". Зразумела, чаму аўтар настальгічна-шчыра радуецца, калі знаходзіць на Палессі ажыўшыя фарбы дзяцінства:
На самотным,
на зламаным хутары
шчэ скрыпіць замшэлы
журавель.
Студня, як заўсёды,
не замкнутая,
пі з яе свой пераспелы
хмель.
З самага пачатку творчасці Алесь Каско заявіў пра сябе не як кан'юнктурны паэт, які піша толькі на патрэбу дня, а як аўтар, якога найперш хвалююць агульначалавечыя праблемы: месца чалавека ў Сусвеце і грамадстве, сэнс і сутнасць жыцця, узаемаадносіны людзей паміж сабой і чалавека з прыродай. Можа таму ў творчай скарбніцы нашага земляка не так шмат зборнікаў, як нам хацелася, бо ён патрабавальны да сябе і да слова, адчувае вялікую адказнасць перад сучасным чытачом і нашчадкамі. Шмат вершаў прысвячае мастак слова Радзіме і яе слынным сынам і дочкам, беларускаму народу. Ён любіць краіну і землякоў, у цэлым свой народ такімі, якія яны ёсць:
To мяккі і гнуткі, як лозы,
то гнеўны, як жар бліскавіц.
I ці не за тое, што — розны,
Нам з болем
і верай любіць?
Сёння 10 снежня Алесю Каско спаўняецца 60 гадоў, і можна не сумнявацца, што творчы плён не адвернецца ад нашага таленавітага земляка: ён парадуе нас новымі творамі. А інакш і быць не можа, бо надзейнае апірышча паэта, што надае яму фізічнай і духоўнай моцы, яго спадзяванні звязаны з родным Палессем:
Край мудрасці і спагады,
адвечны палескі край,
будзь велічны і багаты
і шчодрасці нам дадай.
Катэгорыя: Міхась Яніцкі | Дабавіў: admin (10.12.2011) | Аўтар: Міхась ЯНІЦКІ - Савецкае Палессе
Праглядаў: 2799 | Тэгі: газета Савецкае Палессе, Літаратурная Ганцаўшчына, Алесь Каско, Міхаіл Яніцкі | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.