Субота, 27.07.2024, 03:33

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Мікола Купрэеў
Для Міколы Сымонавіча Купрэева – сына Гомельшчыны – Брэстчына стала другой радзімай. Ён нарадзіўся ў вёсцы Ямнае Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка пачатковай школы. Вайна апаліла дзяцінства будучага паэта і забрала маці, і гэтыя трагічныя старонкі біяграфіі неаднойчы знойдуць адлюстраванне ў яго творах. Пасля вайны Купрэевы пераязджаюць жыць на Брэстчыну, у вёску Старыя Пяскі Бярозаўскага раёна, дзе Мікола пайшоў у школу. У школьныя гады ў М.Купрэева пачалі выяўляцца літаратурныя здольнасці, ён у пятым класе напісаў верш пра Першамай і адправіў у "Піянер Беларусі". Верш не быў надрукаваны, але затое падлетак атрымаў ліст за подпісам Анатоля Астрэйкі. У гады вучобы ў школе яго вельмі ўразіла і захапіла паэзія А.Блока і М.Багдановіча, што паспрыяла творчаму росту. А ў 9 класе ён удзельнічаў у абласной нарадзе маладых пісьменнікаў. Мініяцюры юнака атрымалі станоўчы водгук ад самога Янкі Брыля – прызнанага майстра гэтага жанру. Падтрымка старэйшага калегі стымулявала далейшыя пошукі на літаратурнай ніве і ў хуткім часе на старонках альманаха "Советская Отчизна" (зараз часопіс "Нёман" з'явіліся абразкі пачаткоўца. У 1957 годзе ён пачынае актыўна займацца і творчасцю. Вершы пісаў на беларускай мове, а прозу – на рускай, за што, прызнаваўся пазней, было сорамна. У гэтым жа годзе юнны паэт заканчвае Івацэвіцкую сярэднюю школу.

Николай Купреев, Мікола Купрэеў
Мікола Купрэеў

Захапленне літаратурай прывяло Купрэева на філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута. Вучоба ў інстытуце была нядоўгай: малады паэт пакідае вучобу і едзе да цёткі ў Растоўскую вобласць, дзе працуе каменячосам. Пасля вяртання на Брэстчыну паэт пэўны час працаваў рабочым у геолагавышуковай партыі, пакуль не аднавіўся на першым курсе інстытута. У студэнцтве ён напісаў аповесць "Бродят на рассвете юные", якую чыталі Янка Брыль і Барыс Бур'ян і ў цэлым ухвалілі, але аўтар яе потым знішчыў (рукапіс, магчыма, быў знішчаны, але захаваўся машынапісны тэкст, які захоўваецца ў Ганцавіцкім раённым краязнаўчым музеі).

У 1962 годзе, атрымаўшы дыплом педагога, Мікола Купрэеў едзе працаваць на Палессе. Ён далучаў дзяцей да чароўнага свету літаратуры ў Ляхавіцкім, Ганцавіцкім, Пінскім раёнах. Яму заўсёды шанцавала на таленавітых вучняў, для якіх ён стаў не толькі школьным, але і літаратурным настаўнікам. Так, у Чудзінскай сярэдняй школе, дзе ён працаваў завучам і выкладаў літаратуру вучнем быў Алесь Каско, які потым стаў вядомым паэтам. У пінскай вёсцы Сташаны паэту давялося вучыць Міколу Антаноўскага і Анатоля Шушко – сёння аўтараў шэрагу зборнікаў паэзіі, а тады менавіта прыклад настаўніка штурхнуў іх да першых літаратурных спроб.

У шасцідзесятыя гады М.Купрэеў плённа асвойваў літаратурную ніву. У 1967 годзе выходзіць зборнік паэзіі "Непазбежнасць". Яго паэзія выгадна вылучалася сярод твораў з публіцыстычнай рыторыкай, якія ў пераважнай большасці ўслаўлялі сацыялістычны лад і партыю. У паэзіі гэтага аўтара заўсёды пераважалі медытатыўныя лірычныя маналогі са спавядальнымі інтанацыямі. Вершы аўтара зборніка "Непазбежнасць" агаляюць праўду жыцця, раскрываюць патаемныя куточкі душы лірычнага героя, які з'яўляецца патрыётам і ў той жа час адкрыты сусвету.

Мікола Купрэеў, Міхась Рудкоўскі
Міхась Рудкоўскі і Мікола Купрэеў

He без дапамогі Міколы Антаноўскага ўдалося ўладкаваць паэта і вечнага вандроўніка на пасаду настаўніка Папялёўскай сярэдняй школы – у вёсцы на самай мяжы з Белавежскай пушчай. Тут, на другім паверсе прасторнага, пабудаванага яшчэ за польскім часам са смольнай пушчанскай сасны дома, сядзеў Мікола Купрэеў над рукапісам сваёй другой кнігі вершаў "Правінцыйныя фантазіі". Яна пабачыла свет у 1995 годзе ў выдавецтве "Мастацкая літаратура” і стала прыкметнай з’явай у беларускай паэзіі. Настолькі прыкметнай, што Саюз беларускіх пісьменнікаў адразу ж вылучыў зборнік на атрыманне Дзяржаўнай прэміі імя Я.Купалы. На жаль, насуперак рашэнню камітэта па прысуджэнні дзяржпрэмій у галіне літаратуры "добразычліўцы" ў вышэйшых колах улады не дазволілі ўганараваць беднага правінцыйнага паэта: ці не ўпершыню за ўсю гісторыю ў той год самая прэстыжная пісьменніцкая прэмія так і не была ўручана. Саюзу пісьменнікаў нічога не заставалася, як прысудзіць Міколу Купрэеву Літаратурную прэмію імя А.Куляшова.

Пасля жыцця ў вёсцы Папялёва Пружанскага раёна паэт пераехаў у Пружаны. У раённым цэнтры М.Купрэеў адчуваў сябе вельмі няўтульна ў параўнанні з маляўнічымі мясцінамі на ўскрайку Белавежскай пушчы. Тым больш, што шмат часу з-за цяжкай хваробы прыходзілася праводзіць у тубдыспансеры ў Вярховічах.

Жыццёвы шлях таленавітага мастака слова абарваўся 17 верасня 2004 года ў вёсцы Лясная каля Баранавічаў, дзе ён дажываў свой век у доме састарэлых. Пахаваны Мікола Сымонавіч у прыгарадзе Івацэвічаў у Міхнавічах. На магіле яго сябры паставілі помнік, на якім ружанскі мастак Юрый Малышэўскі выбіў барэльеф Міколы Купрэева і словы яго верша: "О, як многа я хацеў вам сказаць..."

Мікола Купрэеў, Николай Купреев

На Берасцейскім Палессі Мікола Купрэеў сфарміраваўся як паэт-грамадзянін. У развітальным слове з сябрам Аляксей Філатаў шчыра адзначыў "У першым сваім зборніку "Непазбежнасць" ён звяртаўся да чытача са словамі " Я хацеў вам сказаць. О, як многа я хацеў вам сказаць..." I сказаў абвострана-пачуццёва, арыгінальна, філасофскі-заглыблена, лірычна-ўлюбёна ў родны кут, у Беларусь". У вершы "Ці будзе ноч апошняй элегіі" аўтар выразна акрэсліў сваё творчае крэда:
"О ноч маіх вершаў!
Гімнаў не будзе.
Шэптам грымне элегія.
Нікога яна – не хвалюйцеся – не разбудзіць:
на тое – элегія...

Людзі ніколі тугі не шукалі,
людзі шукалі радасць.
Калі ж вочы людскія засумавалі,
значыць, туга – не нечаканасць".
Верш "Роднае поле падступіць да горла" раскрывае ўсю глыбіню пранікнёнасці мастака ў сутнасць чалавечага быцця, у якім жыццё без радзімы не можа быць паўнавартасным:
"Роднае поле падступіць да горла,
родным вось-вось захлынешся паветрам,
веццем бярозы завяжуць дарогу
на апошнім тваім кіламетры – 
тады стань на калені
на доле зялёным
і ў радзімы прасі, як у Бога:
"Не трэба мне больш нічога,
дзякуй за поле.
I ў далях далёкіх,
куды адвязуць мяне ціха,
мне цяжка не будзе,
будзе вечна і лёгка
тваё зерне ў зямлі свяціцца"
Патрыятычная лірыка гэтага паэта пазбаўлена штучнай пафаснасці, але ў ёй выразна акрэсліваецца пазіцыя патрыёта, які неабыякавы да мінулага сваёй радзімы і пакутліва разважае аб яе будучыні (вершы "Вяртанне аблудных сыноў (1772-1992)", "Чэрап Каліноўскага", "Летувіскі хутарок", "1864" і ішыя. У вершах пра гістарычнае мінулае, у тым ліку і пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, на першым плане самаахвярны герой-патрыёт. He важна гэта вядомы правадыр ці звычайны воін, але яго вобразам аўтар сцвярджае гуманістычныя прынцыпы – самакаштоўнасць чалавечага жыцця, адмаўленне насілля, права кожнага чалавека на асабістае шчасце:
"Ішлі над Дняпром партызаны
і больш ісці не маглі.
Балюча смылелі раны,
Гарэнілі мазалі.
<...>
Пад маладымі сасёнкамі селі,
Прыціхлі былыя раны.
I на ўвесь свет засапелі
соладка партызаны.
Быў сон іх трагічны, апошні.
Ў іх кінулі тры гранаты.
З шасцярых толькі самы малодшы
Расплюшчыць паспеў вачаняты".
Шмат часу М.Купрэеў праводзіў у вандроўках па Палессі. Таму прырода для гэтага арыгінальнага паэта стала крыніцай не толькі паэтычнага, але і жыццёвага натхнення, і нярэдка лірычны герой вершаў М.Купрэева зліваецца з прыродай, становіцца арганічнай яе часткай. Напрыклад, у вершы "Воўк" выразна прасочваецца тоеснасць вандроўнага і адзінокага жыцця ляснога звера з духоўнай адзінотай і адчужанасцю, характэрнай многім таленавітым творцам:
"Акно вечарэе. Каліна цвіце.
Хмара над хатай расце.
Ліпа трывожна шуміць.
Нехта пад ліпай стаіць.
Вочы гараць. Можа ў хату пусціць?
Хай у кутку паляжыць?
Нехта шкрабецца паціху ў акно.
Пытаюся: "Xтo?"
Шэпча: "Я – воўк. Пусці.
Xoладнаa спаць у трысці".
Я хату яму адчыніў.
Старэнькі кажух пасцяліў.
Панюхаў кажух ён, сказаў:
"Пахне авечкай маёй.
Авечка была маладой –
не здужаў яе, не ўзяў".
Мы разам з ваўком ляглі
на харошай авечай зямлі.
I чуў я ўсю ноч праз сон:
пa-чалавечы плача ён.
...світае акно. I каліна цвіце.
Воўк па дарозе ў пушчу брыдзе."
Плённа працаваў М.Купрэеў у галіне прозы; яго пяру належаць наступныя аповесці: "Дзіцячыя гульні пасля вайны" (1995), "Імгненне светлае" (1996), "Па вуліцы Карла Маркса з Паэтам" (1997), "Палеская элегія" (1998), "Рэчкаю плывём. Плывём..." (1999), "Пастух у Космасе" (2002), "Лісты з млына" (2004).

Напрыканцы 2007 года, дзякуючы намаганням найперш Леаніда Галубовіча, у Мінску асобнай кніжкай выйшлі пяць першых аповесцей М.Купрэева пад агульнай назвай "Палеская элегія". Кніга ў тым жа 2007 годзе ўганаравана абласной літаратурнай прэміяй імя У.Калесніка.

Творчы партрэт Міколы Купрэева, напэўна, будзе няпоўным, калі не ўзгадаць пра шматлікія публікацыі яго вершаў у маскоўскай "Литературной газете", часопісе "Дружба народов", перакладаў паэзіі і прозы на балгарскай мове...
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (22.05.2012) | Аўтар: Валянцін СМАЛЬ
Праглядаў: 4706 | Тэгі: Валянцін Смаль, Мікола Купрэеў | Рэйтынг: 4.2/5
Меню
https://www.bordur-trotuar.ru бордюр тротуарный радиусный бордюр тротуарный.
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
https://www.bordur-trotuar.ru бордюр тротуарный радиусный бордюр тротуарный.
Хто тут?
Анлайн усяго: 41
Гасцей: 41
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi
https://www.bordur-trotuar.ru бордюр тротуарный радиусный бордюр тротуарный.

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.