Чацвер, 25.04.2024, 12:59

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

«Мне б да праўды жыццёвай дайсці»
У нашы неспакойныя дні людзям патрэбна тое, што ачысціць душу адчуваннем прыгажосці, наблізіць да філасофскага разумення свету. Усё гэта ёсць у паэзіі Віктара Гардзея, дзе адчуваецца трапяткое рэагаванне на з’явы ды падзеі рэчаіснасці і цесная душэўная сувязь з прыродай.

Віктар Гардзей

Аўтар любіць вясну, якая сімвалізуе не проста палавіну года, а час духоўна-маральнага ўдасканалення: «Жыць без гора, журбы і падману», «Словы праўды я шукаю / На палетках яравых». Гэта час адчування радасных жыццёвых перспектыў у пару маладосці: «Перад новай надзеяй і марай / Гэты свет яшчэ болей люблю», «Можна жыць на поўны ўздых». Вясенняе наваколле поўніцца гукамі капяжоў, ручаёў, ласінага рыку, свісту шпакоў («3 гурбаў..»), песень жаўрукоў («Пралескі»), шоргату крыг, гулу чмялёў, водгуку грому («Ля бяроз...»). Вясенняй парою лірычнага героя В. Гардзея апаноўвае «прага вечнага кахання», ён марыць сустрэцца з «бесклапотнай і смяшлівай», бо «Сэрца прагне чысціні, / Сэрцу хочацца пяшчоты». Гэта і зразумела: каханне — адзін з асноўных стымулаў паэтычнага натхнення. Лірычны герой аўтара ўспамінае пацалункі з каханай, прагулкі з ёй каля Цны, паход па суніцы ў лес. Рысы твару абранніцы — асабліва прывабныя: «Любыя вочы твае. / Мілыя, мілыя вусны». 3 набыццём жыццёвага досведу паэт успрымае пачуццё не праз ружовыя акуляры, а ў адзінстве яе супярэчлівых уласцівасцей і праяў: «Каханне — і грэх, і салодкі падман, / І злога Люцыпара жарты».

Асеннія роздумы аўтара сумныя, бо яму здаецца, што лепшае прайшло («Быў і я вясёлы. / Быў і я шчаслівы»). Надышла восень жыцця, ды «мудрасць цешыць мала». Герой глядзіць на магілы продкаў — «Ля крыжоў пахілых / Думы пасталелі». Аднак, суцяшае ён сябе, «застаюцца словы, / Застаюцца песні». I тады, перакананы, што моўна-літаратурныя скарбы вечныя, лірычны герой спадзяецца зноў быць шчаслівым, і з гэтым настроем сцюдзёны вецер над жаўталістымі дрэвамі яму не страшны. Не толькі любоў да роднай песні, але і працавітасць засталася паэту ў спадчыну ад продкаў — у такім ключы аўтар згадваў дзедаў плуг («Плуг») і матчыны кросны («Успамін пра кросны»). Пейзажнае паэтычнае мысленне В. Гардзея паспрыяла таму, што, спасцігаючы прыродны свет, ён глыбей зразумеў сваю сутнасць: «Шукаць у шуме дрэў міжволі / І змест, і сэнс. / Сваё пазнаў я біяполе, / Як экстрасэнс». I ў зімовую завейную сцюжу аўтар марыць пра вясну — як не толькі пра прыроднае абнаўленне, але і як пра сваё душэўнае адраджэнне: «Мне б дайсці да зялёнага жыта, / Мне б да праўды жыццёвай дайсці».

У вершы «Ноты» выявілася майстэрства ў стварэнні яскравай дэталі (ластаўкі на дроце), пластычнасць і музычнасць успрымання свету. Паэт абыгрывае гучанне гамы: ноты актавы ад «до» да «до» ўпісаны ў словы, з якіх пачынаюцца радкі.

Калі У. Дубоўка параўноўваў Беларусь з шыпшынай, то В. Гардзею яна бачыцца бярозай, «...што Бог пасадзіў / І паліў вельмі горкай вадою». Далейшы шлях радзімы лірычнаму герою прадказвае бяроста — «...То чырвоная ўранку, бы кроў, / То счарнелая ўвечар, бы сажа».

Архітэктурны пейзаж таксама прыцягвае ўвагу паэта. Віктар Гардзей любуецца Траецкім прадмесцем — кутком старажытнасці ў сучаснасці — і перажывае за тое, што не ўсе каштоўнасці захаваліся: «Дзе твае сівыя камяніцы? / Дзе твае гатычныя дамы?».

Калі палова жыцця была пройдзена, аўтар задумаўся: што было і што чакае наперадзе? «Палавіны жыцця не хапіла / Адбяліць шэрань зла дабяла. / Ёсць надзея, ёсць вера, ёсць сіла / У свабодным размаху крыла». Паэтава душа ўзрушана рэагуе на змены. Яму балюча за ўсё страчанае, за Чарнобыль — «Везувій сусветнага болю»; ён аднолькава шкадуе як знішчаныя лясы, так і высахлы ручай. В. Гардзей перакананы: «У дні вялікіх узрушэнняў / Народ згуртоўвае рады». Хоць паэт на свае вочы вайны не пабачыў, бо нарадзіўся па яе заканчэнні, ён просіць нас памятаць пра ахвяры («Не вернецца гора і ліха...»).

3 кнігі «Межань» мы даведваемся, што аўтару давялося прайсці праз выпрабаванне пакутамі: «Стаў і я сівы, / Бы хадзіў па лёзах. / Лёс мой суравы / Выбелены ў слёзах». Тры значныя страты прыводзяць аўтара да разгубленасці і адчаю: «Чаму ж так? Гляджу вінавата. / Лёс вырваў з пагля-ду майго / І сына-салдата, і брата, / І брата яшчэ аднаго». Са смерцю родных цяжка змірыцца. Максімальна аўтабіяграфічны лірычны герой аўтара адчувае, што ён нібыта з попелу ўстае, «Забыты Богам, не прыняты д’яблам. / Сярод такіх жа смертнікаў, як сам». Расстанне з летуценнямі пра чалавечую цялесную неўміручасць трагічна-балючае. Таму «Царства дня — то царства ценяў. / Царства ночы — царства цьмы». Таму, відаць, палюбіў «вячэрняе сутонне» і «ночы цень», калі «Душа збалелая заве / Да ранку ў зорную вандроўку». Цені нябожчыкаў «Пайшлі за дажджамі, за громам, / Пайшлі і расталі, як дым», а лірычны герой жыве на гэтым свеце «ў прадчуванні сустрэчы» з імі. I ў паслячарнобыльскія гады, і асабліва пасля страты блізкіх людзей вершы В. Гардзея набываюць збольшага мінорную танальнасць.

Твор «Межань» даў назву вышэйзгаданай кнізе аўтара. Вобраз ракі, якая вясной віравала і імкнулася выйсці з берагоў, а восенню суцішылася, сімвалічны. Гаворачы, што «..на вяку / Ступіць наўрад ці ўдасца двойчы / У тую самую раку», паэт праводзіць паралель са сваім лёсам. Надышла восень, час межані, якая асацыятыўна-сімвалічна перагукаецца з «мяжой» — паміж мінулым і будучым, якая прымушае задумацца, ці шмат зроблена для людзей, ці адпрацаваў падораны Богам талент. Верш заканчваецца надыходам вясны і віраваннем ракі, якія можна ўспрымаць як надзею аўтара на творчае натхненне і новыя вершы як спатолю для душы. Аўтар, відаць, і хацеў бы весялейшай музы, аднак жыццё не дае падстаў для радасных вершаў. Аўтабіяграфічны лірычны герой-паэт чакае натхнення, якое нарэшце прыходзіць — «...I ўжо шчымяць пакуты / На кончыку пяра». Вершы В. Гардзея аздоблены і містычнымі элементамі. Так, лірычны герой бачыць жахлівую карціну: «...з начы / Скача конь вараны, — значыць, чорны, / Ды і коннік у чорным плашчы. / Жах такі, што і рукі паслаблі. / А будзільнік трашчыць: гэта ж дзень! / I — святлынь! Толькі мроіцца шаблі, / Нада мною занесенай, цень». Тут чорны коннік з шабляй, відаць, — увасабленне смерці, якой баіцца кожны чалавек.

Але маштаб здзейсненага творцам навявае думку пра духоўна-культурную неўміручасць яго спадчыны. В. Гардзей — аўтар вершаў не толькі для дарослых, але і для дзяцей. Акрамя таго, ён яшчэ і празаік, перакладчык, аўтар прадмоў і пасляслоўяў да кніг паэтаў, аўтар паэтычнай «Малой дзіцячай Чырвонай кнігі» ў двух тамах: «Ахоўная фаўна» і «Ахоўная флора», кніг-фотаальбомаў «Белавежская пушча і «Ганцаўшчына — край легенд і талентаў народных». Хочацца пажадаць аўтару магутнага натхнення, каб з яго ўзышлі новыя вершы для ўзрушэння і лекавання нашых душ.

***

Дрэвы гнуцца ад ветру ў маркоце,
I сляды замятае ў трысці.
Мне ісці нацянькі па балоце,
Мне ў круга да сябе не дайсці.

Я, канечне, і сёння не знаю,
Што чакае мяне за імглой.
Шмат было і нуды, і адчаю
У дыханні завеі начной.

Але неба святлее ўсё болей,
I слабей ужо вецер гудзе.
Мне ісці па ярах, цераз поле,
Мне ісці па адліжнай вадзе.

За ярамі, за далеччу сіняй
У бядзе быў і я сам не свой.
Пасля бур непрыкметна, як іней,
На зямлю асядае спакой.

Да вясны будзе снегам прыкрыты
Гэты след у змакрэлым трысці.
Мне б дайсці да зялёнага жыта,
Мне 6 да праўды жыццёвай дайсці.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (16.05.2014) | Аўтар: Таццяна БАРЫСЮК–«ЛіМ»
Праглядаў: 2176 | Тэгі: Літаратура і мастацтва, Літаратурная Ганцаўшчына, Віктар Гардзей, Ганцавіцкі раён, Малыя Круговічы | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.