Чацвер, 28.03.2024, 19:44

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Па старажытным тракце
Абапал старажытнага тракта растуць ліпы, якія за гады разгалістымі галінамі счапіліся так, што ўтварылі адмысловы шацёр. Уязджаем у старажытную вёску, былое панскае памесце, якое калісьці належала філантропу Юзэфу Рэйтану і яго жонцы Аліне з роду Гарцінгаў. Паненку за яе любоў і замілаванне тутэйшымі мясцінамі параўноўвалі са знакамітай Эміліяй Плятэр. На жаль, ад былой панскай сядзібы, акрамя ліпавай алеі ды невялічкай цэркаўкі, што стаіць на мясцовых могілках, больш нічога да нашых дзён не захавалася.

Сёння Нача — цэнтр сельскага Савета, у які ўваходзіць 8 населеных пунктаў, а таксама цэнтральная сядзіба СВК "Агра-Нач". Вёска невялічкая, пражывае тут усяго крыху больш за двесце чалавек.

Нача, Нач, Начь
Будынак Нацкага сельвыканкама

Старыя паміраюць, а моладзь едзе вучыцца і застаецца працаваць у горадзе, — кажа старшыня Нацкага сельвыканкама Ларыса Мышкавец.

Адчуваецца, што баліць душа ў старшыні за будучы лёс Начы, краявідамі якой у свой час захаплялася імператрыца Кацярына, праязджаючы праз Палессе.

Вось гэта адна са старэйшых вуліц — Кастрычніцкая, — гаворыць Ларыса Дзмітрыеўна, знаёмячы нас з населеным пунктам. — Праз адзін-два дамы пустуюць.

Нача, Нач, Начь
Ліпавая алея

Насамрэч, дзе-нідзе і глядзяць на вуліцу, нібы сляпыя, пустыя асірацелыя шыбы вокнаў. Стаяць дабротныя прасторныя хаты ў чаканні сваіх гаспадароў. Напаўраскрытыя брамы быццам бы запрашаюць: калі ласка, заходзьце, частуйцеся налітым сонечным цяплом і светам сакавітым белым налівам, зачэрпніце жураўлём студзёнай гаючай вадзіцы ды і заставайцеся тут — жывіце, працуйце на гэтай гасціннай нацкай зямлі.

Усяго ў Начы пражывае каля дваццаці дзяцей да 18 гадоў, — далей працягвае гаворку Ларыса Дзмітрыеўна. — Paней у нас працаваў дзіцячы садок, які прыйшлося закрыць з прычыны неўкамплектаванасці. А сёлета і школа будзе зачынена. 18 школьнікаў будзем дастаўляць на аўтобусе ў суседнюю вёску Востраў.

Настаяцель мясцовай Свята-Міхайлаўскай царквы, іерэй Дзмітрый Аскерка ўпэўнены, што вёска перажыве дэмаграфічны спад, і зусім хутка ў Начу будуць прыязджаць маладыя сем'і, на вуліцах загучыць бадзёры дзіцячы смех ды вырастуць новыя прасторныя сядзібы, па-гаспадарску дагледжаныя. I нібыта пацвярджаючы свае думкі, святар паказвае тое мясца, дзе ўжо ў жніўні плануецца закласці падмурак для будучага храма,

У самым цэнтры вёскі на пачэсным месцы і вырасце пяцікупальны храм у імя святога Архангела Міхаіла, — расказвае айцец Дзмітрый. — У вёсцы стаіць царква на могілках, але яна вельмі маленькая, больш нагадвае капліцу, ды і старэнькая ўжо. Гадоў каля двухсот ёй ужо будзе. Паводле падання, калісьці гэтая цэркаўка стаяла на могілках у суседняй вёсцы Лактышы. Гавораць, што яе нават Кацярына наведвала. Потым у 1820 годзе перавезлі храм у Начу. Царква — помнік народнага дойлідства. Напрыканцы 1980-х гадоў, каб захаваць царкву, сцены абабілі нерыфлёным шыферам.

Нача, Нач, Начь
Свята-Міхайлаўская царква

Усе дзеянні па будаўніцтву новай царквы айцец Дзмітрый узгадняе з мясцовай уладай, якае толькі вітае ўзвядзенне новай святыні. Бо на той зямлі, дзе будуюцца новыя храмы, жыццё ніколі не спыніцца.

У госці да спадарыні Алены

Гэты будынак у Начы адразу прыкоўвае да сябе ўвагу. Незвычайнай архітэктурнай формы двухпавярховы драўляны дом, што глядзіць на галоўную вуліцу вёскі разнымі вокнамі, здаецца, вітае кожнага. Загадчыца Нацкага Дома культуры Алена Завадская, гасцінна расчыніўшы дзверы, запрашае ў свае харомы. Пераступіўшы парог і падняўшыся па драўлянай стромкай лесвіцы на другі паверх, адразу трапляем у карчму. He сапраўдную, канечне, а ў музей-карчму. Узвышаецца стол, за якім стаяць лавы, па цэнтры — вялікі камін, на вокнах фіранкі, у адным з куткоў месціцца прылавак, дзе і працаваў карчмар. Усё як і ў сапраўднай карчме. Нават патэфон стаіць.

Гадоў пяць назад вырашылі гэты пакой прыстасаваць пад своеасаблівы музей-карчму, — расказвае Алена Уладзіміраўна. — Зрэшты, карчма ў былыя часы знаходзілася ў ваколіцах вёскі. Сабралі неабходны матэрыял, знайшлі экспанаты, і атрымалася сімпатычная карчма. Нават легенду ад старажылаў запісалі "Сёння за грошы, заўтра — за так", паводле якой хітры карчмар-габрэй заманьваў мясцовых мужыкоў да сябе пачаставацца.

Новы пачын

На старабеларускай мове слова "нача" азначае пачатак, аснову. Дык вось і назва вёсачкі хутчэй за ўсё, як мяркуюць мясцовыя краязнаўцы, і пайшла ад гэтага слова. Калісьці тут стаялі непраходныя лясы, якія з усіх бакоў абступалі бяздонныя балоты.

Даўно-даўно ў нашых мясцінах з'явіліся першапасяленцы, — апавядае Марына Рабцэвіч, якая захапляецца краязнаўствам. — Людзі пачалі распрацоўваць зямлю пад раллю, валілі велізарныя дрэвы, будавалі жытло. Словам, абжываліся на новым месцы, усё далей адсоўваючы лес ды балота. A таму, што пачыналі яны з некранутага месца, то і назвалі сваё паселішча Нача.

Праўда, існуе яшчэ адно паданне, паводле якога пяшчотная назва вёскі Нача пайшла ад першага снапа пры зажынках, што азначае пачын-заначыць. А яшчэ гавораць, што вёска атрымала назву ад ракі Начы, якая тут працякае. Навукоўцы мяркуюць, што слова гэтае мае балцкія карані і абазначае "пладародны", "прадуктыўны", "спеючы ўраджай". Як бы там ні было, але відавочна адно — у самой назве сціплай палескай вёсачкі занатавана столькі пазітыўнай энергетыкі, столькі пяшчоты і дабрыні, што не закахацца ў яе проста немагчыма.

«Нача-Начанька», спяваюць росныя травы на досвітку што дрыжаць, пераліваючыся вясёлкай у промнях узыходзячага сонца. А яшчэ, кажуць, ў Начы самыя зорныя ночы, якія з цёмнага неба губляюць далікатныя знічкі, што згараюць у паветры, не кранаючыся зямлі.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (26.08.2011) | Аўтар: Кацярына БУРЫК, газета “Зара”
Праглядаў: 1909 | Тэгі: Кацярына Бурык, газета Заря, Нача | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.