Пятніца, 29.03.2024, 12:43

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

«Песні цягучыя, песні пакутныя». Турма і творчасць Якуба Коласа
Сапраўднай праблемай для беларускага літаратуразнаўства аказалася ацэнка творчасці Якуба Коласа турэмнага перыяду. Што праўда, не ўсёй. Паэмы — «Новая зямля» і «Сымон-музыка» — былі задуманы ў зняволенні, а трэцяя частка «энцыклапедыі беларускага сялянства» — там напісана. Аднак не яны сталі прадметам дыскусій, а кароткія вершаваныя творы.

Акрамя зачыну дзвюх вялікіх паэм, у вязніцы былі створаны сотні вершаў — гучных, пранізлівых, шчырых… Па свежых слядах літаратурнага працэсу Максім Багдановіч на самым пачатку 1911 года з адносна шырокіх ужо на той гістарычны момант шэрагаў беларускіх пісьменнікаў вылучаў толькі Янку Купалу: «Гэта бадай адзіны наш пісьменнік, каторы ідзе ўперад, вядзе нейкую ўнутраную працу, і, зрабіўшы ці мала, не супыняецца аж да гэтага часу» [Багдановіч М. Поўны збор твораў: у 3 т. Мінск: Навука і тэхніка, 1993. Т. 2: Маст. проза, пераклады, літаратурныя артыкулы, рэцэнзіі і нататкі, чарнавыя накіды. С. 186.]. І хаця ў творчасці Якуба Коласа, маючы на ўвазе ў прыватнасці першы зборнік «Песні жальбы», Максім Багдановіч бачыць «якуюсь акамянеласць», адсутнасць развіцця («на працягу аж 4-х гадоў Колас не зрабіў значнага кроку ўперад і ў самых апошніх вершах пяе аб тым жа і так жа, як і ў пачатку сваёй працы») [там жа, с. 189], не варта перабольшваць гэтае абагульненне, зробленае на аснове лаканічнага аналізу, таму што насамрэч (і час гэта даказаў) у Якуба Коласа якраз тады пачалі «здарацца» вершы, якія ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры, сталі яе класікай. Дый сучасная крытыка адзначае пэўны суб’ектывізм у той ацэнцы «Песень жальбы», падкрэсліваючы пашырэнне творчага дыяпазону і павышэнне мастацкага ўзроўню (пазней і Багдановіч падкарэкціраваў сваю ацэнку).

Якуб Колас
Якуб Колас у турме. Мастак Уладзімір Сулкоўскі

«Праблемна-тэматычны дыяпазон астрожных вершаў Якуба Коласа, можа, і не вызначыўся асаблівай шырынёй, але нельга лічыць яго і празмерна вузкім, а матывы — аднастайнымі. <…> І хоць яны («вершы выразна палітычнага гучання», — устаўка ўдакладняльнай цытаты Міхася Мушынскага мая. — А.Т.) не аказвалі непасрэднага ўплыву на развіццё беларускай літаратуры і фарміраванне грамадскай думкі дарэвалюцыйнага перыяду, іх трэба разглядаць як факт ідэйна-творчай, светапогляднай эвалюцыі Коласа-паэта», — лічыць Міхась Мушынскі [Мушынскі М. Свайму часу і вечнасці // Колас Я. Збор твораў. У 20 т. Т. 1. Вершы (1908 — 1910) / рэд. тома М. І. Мушынскі; падрыхт. тэкстаў і камент. К.А. Казыра, Т. Р. Строевай; прадм. М.І. Мушынскага; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т літ. імя Я.Купалы. Мінск: Беларус. навука, 2007. — С. 17-19], тым самым падкрэсліваючы ролю, якую адыграла турма ў духоўным станаўленні будучага класіка. Дый уплыў, пра які тут мяркуе вядомы літаратуразнаўца, быў. Прычым уплыў значны. Чаго варты толькі верш «Мужык» («Я — мужык, бядак пахілы…», 1909 г.)?! Гэты твор стаў хрэстаматыйным, а заключныя радкі — крылатымі, шырока цытуемымі паспалітым людам:
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!».
За савецкім часам гэтыя радкі аналізаваліся пад вуглом марксізму-ленінізму, партыйнасці. Сёння не ў модзе марксісцкая метадалогія. Аднак, па-першае, і такі падыход мае рацыянальнае зерне, якое нельга ігнараваць, да таго ж пры разглядзе тых твораў, якія ўзнікаюць падчас папулярнасці ў соцыуме марксісцкай дактрыны. Па-другое, верш «Мужык» варты ўвагі і праз прызму іншых ідэй, у тым ліку нацыянальна-дэмакратычных, перадусім тых, якія пераважалі ў нашаніўскім асяродку. Тым больш што і першапублікацыя твора адбылася толькі 21 снежня 1917 года (па старым стылі) у выразна нацыянал-дэмакратычнай газеце «Вольная Беларусь» (толькі тры дні мінула, як быў разагнаны Усебеларускі з’езд, на якім ледзь не нарадзілася — прынамсі фармальна — незалежнасць ці хаця б аўтаномія Беларусі). Паказальна, што апошні радок згаданага верша спачатку выглядаў інакш: «Бомы, хлопчыкі, бяры!» [З нідалёкай прошласьці // Вольная Беларусь, 1917, 21 сьнежня. С. 4]. Такое назіранне зрабіў яшчэ ў савецкі час Уладзімір Казбярук, але даследчык (відавочна, з прычын сацыяльна-палітычнай кан’юнктуры) не пайшоў далей канстатацыі, да высноў, якія выні-каюць з заўважанага факта. А гэтае нязначнае адрозненне прынцыпова перайначвае ідэйнае гучанне твора, яго лейтматыў. Таму што бомы служаць абуджэнню. Яны — сімвал абуджэння. У дадзеным выпадку (з улікам акрэсленага тут кантэксту) — нацыянальнага. А замена бомаў на стрэльбу надавала вершу рэвалюцыйны пафас і рабіла лірычнага героя твора перш за ўсё прыхільнікам сацыяльных трансфармацый, выключаючы выразны нацыянальна-адраджэнскі момант.

Працытаваную вышэй тэзу паважанага прафесара Міхася Мушынскага нельга не падвергнуць пэўнай рэвізіі яшчэ і таму, што сярод дзясяткаў тых вершаў знаходзяцца і такія, якія былі ацэнены часам у якасці класічных. Галоўным тут назавём, канешне, верш «Родныя вобразы» (1908), упершыню апублікаваны ў раздзеле «З турмы» першага паэтычнага зборніка паэта «Песні жальбы» [Т. 1, с. 539]. Вядомасць твора настолькі шырокая і значная, што ці не абсалютная большасць свядомых беларусаў змаглі б яго працытаваць хаця б часткова. Седзячы ў турме, Якуб Колас «бачыў і чуў» «вобразы мілыя роднага краю», «смутак і радасць» лірычнага героя, і змог трансліраваць тое «бачанне і чуццё» настолькі па-мастацку ярка і кангеніяльна, што рэцэпцыя паэта перадалася многім і многім яго сучаснікам, упэўнена працерабіўшы шлях у гісторыю праз гады, дзесяцігоддзі, а сёння, мінуўшы векавы юбілей «Песень жальбы», можна казаць: і праз стагоддзі — да наступных пакаленняў беларусаў, у тым ліку да нас з вамі.
Вобразы мілыя, вобразы смутныя,
Родныя вёскі і люд, 
Песні цягучыя, песні пакутныя!..
Бачу і чую вас тут.
У сувязі з апошняй страфой у кнізе Уладзіміра Казберука «Якуб Колас у школе. Дапаможнік для выкладчыкаў беларускай літаратуры» знаходзім назіранне, якое падмацоўвае сказанае намі: «Сапраўднае значэнне неакрэсленага «тут» стане зразумелым толькі тады, калі ўспомнім, што паэт з 15 верасня 1908 года знаходзіўся ў мінскім астрозе, дзе і быў напісаны вершы «Родныя вобразы»».

Дзяцінства не адной генерацыі беларусаў, асабліва — так склалася — вяскоўцаў, праходзіла пад «акампанемент» верша «На рэчцы зімою» (1910 год), пачатак з якога пэўна незабыўны:
Не сядзіцца ў хаце
Хлопчыку малому:
Кліча яго рэчка,
Цягнуць санкі з дому…
Прынамсі — цяжка знайсці ў беларускай дзіцячай літаратуры больш вядомыя радкі.

Такім чынам, нават без паэмаў праблемна-тэматычны дыяпазон Коласавай творчасці турэмнага перыяду, як дазваляе меркаваць шэраг прыведзеных прыкладаў (якія сталі айчыннай класікай!), даволі шырокі. Становішча паэта-вязня, якое расцягнулася на тры гады — з 1908 па 1911-ы, фактычна высвеціла для яго самога ўсе колеры вясёлкі «жыцця на волі», якія Якуб Колас пераклаў на мастацкую мову паэтычных твораў. З улікам глыбіні перажыванняў і ўзроўню літаратурнага майстэрства многія паэтавыя радкі турэмнага перыяду даўно прызнаны шэдэўральнымі.

Звярніце ўвагу: менавіта з твораў турэмнага тагачасся Якуб Колас пачынаецца як хрэстаматыйны класік; да таго біяграфічнага і — не будзе нацяжкі сказаць — гістарычнага моманту такой шырыні і — самае галоўнае — глыбіні творчага патоку не было, знакавых, этапных (прычым не толькі для самога аўтара, а перадусім для ўсёй беларускай нацыянальнай літаратуры) твораў нараджалася вобмель, нават лепшае з напісанага тады надта не выбівалася з агульнанашаніўскага літаратурнага працэсу, не становячыся ў ім знамянальным феноменам. Што й казаць, першы паэтычны зборнік — «Песні жальбы» (1910), прычым — што важна — папоўнены ў значнай меры створанай за кратамі лірыкай, — выходзіць менавіта падчас зняволення аўтара. Сімвалічна! Гэты факт сваёй важнасцю — для літаратурнага працэсу — і знакавасцю — для аўтара — сам па сабе нівелюе заўважаную крытыкамі аднастайнасць кніжкі і іншыя яе недахопы.

Пагодзімся з Уладзімірам Казберуком, які заўважыў: «Прыблізна з 1910 года ў творчасці Якуба Коласа ўсё больш прыкметна выяўляецца тэндэнцыя да шырокіх сацыяльна-грамадскіх і філасофскіх абагульненняў і вывадаў, да паглыбленага псіхалагічнага аналізу, а ў сувязі з гэтым — і да стварэння значных эпічных палотнаў. Усё больш глыбокім становіцца роздум пісьменніка, больш шырокім — кола праблем, якія прыцягваюць яго ўвагу, больш настойлівым — імкненне знайсці ў жыцці адказы на балючыя пытанні часу, больш сталым — майстэрства».

У такім святле можна меркаваць, што эвалюцыя Песняра дасягнула вышэйшай ступені мастацтва менавіта дзякуючы турэмным калізіям, якія сталі своеасаблівым генератарам крэатыўнасці. У іх кантэксце творца быў абмежаваны фізічна, але яго дух, нібы ў якасці кампенсацыі гэтага абмежавання, сублімацыйна разняволіўся, перажыванне мараў-мрой сацыяльнага плану, нацыянальнага зместу, урэшце агульначалавечага кірунку «з коптурам», да мяжы нарыву, да напружанага нервова-душэўнага напяцця назапасілася і абвастрылася, выспела і закаласілася — ды знайшло адпаведнае выйсце-рэалізацыю ў эстэтыцы слова — адзіным мастацтве, якім яшчэ ўперад выдатна авалодаў Канстанцін Міцкевіч, заявіўшы пра свой талент са старонак «Нашай долі» і «Нашай нівы».

Пачаўся найбольш плённы адрэзак творчасці велічынёй у добры тузін — ад сілы паўтара дзясятка гадоў, на які прыйшліся практычна ўсе найлепшыя творы Якуба Коласа.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (19.11.2012) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 4553 | Тэгі: Літаратурная Ганцаўшчына, Якуб Колас, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/7
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 9
Гасцей: 9
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.