Субота, 27.07.2024, 03:47

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Успаміны люсінцаў і макаўцаў пра школу за Польшчай (частка другая)
Пануры вобраз расійскай школы, у якой панавала "дысцыпліна" і для ўзмацнення ўвагі ставілі вучня на калені на цэлы дзень, у польскай школе застаўся ў мінулым. Аднак не належала да мінулага агульная прычына і былых педагагічных метадаў, і нізкага ўзроўню школьных уменняў палескага дзіцяці, якое ў школу прыходзіла цалкам непісьменным, знаходзілася ў ёй некалькі гадоў на ўзроўню паўнепісьменнага і ў такім жа стане пакідала школьнае асяроддзе, каб больш ужо да яго не вяртацца. Не змяніліся таксама тыя цяжкасці, з якімі палескае дзіця прыстасоўвалася да патрабаванняў школы, калі яно павінна было спалучаць школьную ролю вучня з хатняй роляй пастуха і памочніка па хатніх гаспадарчых справах. Абедзве гэтыя грамадскія ролі не звязаны паміж сабою. Абедзве застаюцца ў пастаянным канфлікце. Для настаўніка пастух – гэта вораг вучня. <...> Свет навукі палескі гаспадар уяўляў сабе не інакш, як у разуменні ведаў, прыдатных для гаспадарчых патрэб і сям’і: "Хорошо чытаць, пісаць, шчоты зводзіць і посторонные такіе пісьма із гміны хорошо выясьніць" [Люсіна]. <...>


Настаўнікі і вучні Люсінскай школы. 1929 год

Вывучэнне Польшчы, вывучэнне гісторыі Польшчы становяцца для палескага дзіцяці вывучэннем вялікіх людзей Польшчы. Як жа гэты пашыраемы школай культ Польшчы, яе вялікіх людзей і герояў адбіваецца на асобе палескага дзіцяці? Паслухаем маладога палешука, 12-гадовага вучня V аддзела ўсеагульнай школы ў Люсіне, бадай найлепшага вучня школы. Сустрэў яго, калі ён гуляў каля хаты. Жывы хлопец, энергічны, упэўнены ў сабе, добра развіты, здаровы і моцны. Размова ішла на тэму школы:

"– Што вучыце ў школе?
– Усё: геаграфію, гісторыю, польскую мову, лічэнне.
А пра што гісторыя?
– Пра польскіх каралёў.
А ведаеш, кім быў Казімір Вялікі?
– Гэта быў кароль. Ён пакінуў Польшчу мураванай, а застаў драўлянай.
А хто быў Касцюшка?
– Ён змагаўся за свабоду Польшчы.
З кім?
– З маскалямі.
А Панятоўскі?
– Панятоўскі – ён загінуў пад Ліпскам, у Эльстары патануў.
Траўгут?
- (Маўчанне).
- А можа ведаеш што-небудзь пра Міцкевіча?
– Гэта быў польскі паэт, пісаў вершы.
Сянкевіч?
– Таксама польскі паэт, пісаў вершы.
Адчуваючы, што не папаў, пачынае апраўдвацца:
– Наш пан кіраўнік ні да чаго. Ён зусім не вучыць. Яму толькі, каб бутэльку водкі выпіць – і ўсё. Прыйдзе на ўрок, то пяць хвілін пасядзіць і адпускае. Ён без жонкі жыве, дык яму ўсё адно.
А чуў пра Канстытуцыю Трэцяга Мая?
Вагаецца нейкі час:
– Гэта на сойме прынялі такое права.
Што за права?
– Што ўсе павінны свой край бараніць, змагацца за Польшчу з ворагам.
Хто гэты вораг?
– Расійцы. Бо кожны павінен змагацца з ворагам, свой край не аддаваць.
А якіх ворагаў зараз мае Польшча?
– Чэхаславакія. Раней былі немцы, але зараз памірыліся, то больш ужо не мае. Пасля роздуму: – Аўстрыя, Расія таксама.
А хто самы вялікі вораг?
– Немцы. Раней, калі жыў Маршалак, то ўсе баяліся Польшчы.
Чаму?
– Бо ён моцны, бо быў добры кіраўнік. Раней казалі, што дурны. Адзін лекар сказаў, што ён ужо розуму не мае. То яго пасадзілі, не ведаю дзе, потым ён, як ім даў, паказаў, што ён змагацца ўмее.
А калі б вораг прыйшоў да вас сюды?
– О, мы пакажам ім. Выганім іх, так як дзеці з Львова, што як вораг прыйшоў, то сякерамі, як узяліся, то выгналі ворага.
А што там за вораг быў?
Здзіўлены і абураны:
– Немцы.
Далей па ўласнаму жаданню:
– А кароль Ваза ўцёк з Польшчы. Ваза ўцёк.
Чаму?
– Ён меў брата, то з-за таго брата.
Куды ўцёк?
– У Швайцарыю. А Стэфан Баторы ўлез да каморы, наеўся грушак, баліць яму брушак. (Смяецца)
А хто вас навучыў гэтаму?
– А мы самі прыдумалі – на занятку.
А іншыя такія прыдумваеце?
– О, гэтага шмат.
То раскажы яшчэ якія.
– Э, не памятаю. Пані злуецца за гэта. Кажа: дзікія вы ідыёты, заўсёды ў вас глупствы ў галаве. То іншыя прыдумваюць. Ёсць і такія, што спісваюць.
А што спісваюць?
– Розныя песні. Не можна іх спяваць. Пані не дазваляе. Пані кажа, каб гэтага не спявалі, а толькі тое, што вучым у школе, што нам карысна. Адзін запісаў у адной удавы, то потым пані заўсёды пытала: ну што ж, пашукаем для цябе тут у школе ўдаву, як чаго не ведаў. Толькі польскія хоча, каб спяваць, а нашых не.
А польскія, якім навучыліся ў школе, то вам падабаюцца?
– Ёсць і польскія добрыя. Такія нават і лягчэй спяваць".

Гэтае інтэрв’ю ў роўнай ступені паказвае і прысваенне маладым люсінскім пастухом школьнага свету, і ўзаемную чужасць школы і вёскі. Гэты 12-гадовы хлопец наскрозь прасякнуты ваеннай гісторыяй Польшчы. Польская баталістыка пашырыла яго жыццё ў школьным класе, і гульні яго хлапчуковай кампаніі набылі захапляльны змест, яна перанесла яго са штодзённай манатоннай рэчаіснасці ў рамантычны свет прыгод, казак і фантазій. Яго ўласная асоба ў школьным класе, камандзе калег, хлапчуковай кампаніі, якая вядзе баі і арганізуе паходы супраць суседніх з Люсіным макаўскіх пастухоў, становіцца роўнай героям казачнага свету польскай гісторыі. Львоўскія дзеці таксама яму блізкія, як сябры, з якімі арганізуе паходы і засады на макаўскіх хлопцаў. <...>

Што потым чакае гэтага асіміляванага школай вучня? Чым становіцца для яго свет школьных вартасцей у жыцці пасля школы, у якім уяўныя ролі хлапчуковых гульняў павінны саступіць месца рэальным? Адказ дае размова з другім школьнікам, 17-гадовым Янкам Шапялевічам, выпускніком школы з суседняй з Люсіным вёскі, з Макава. Шапялевіч ужо не вучань. Выйшаў і з школы, і з хлапчуковай кампаніі, яго лёсам стала складанае жыццё палескага пастуха: "Я раз выгнаў кароў на казённае, – распавядае, – так сабе пас. Так прыйшоў гаёвы, не адзін, удвух і ідзе проста да мяне з кіем: "А хто табе тут казаў пасці кароў?” І мяне гэтым кіем па плячах: "Уцякай адсюль, каб не бачыў!” Выгнаў мяне, пане, на сервітут. Я так пасвіў у багне, у мху, ніхто там не шкодзіў нічога. Выгнаў з грапу (г.зн. грапавы лес), я пайшоў на сервітут – бо што ж?" Аднак ён моцна трымаецца уяўленняў школьнага свету, застаецца пад яго не слабеючай чароўнасцю. Пераключэнне размовы на школьную тэму прымае з энтузіязмам. "Ай, пане, добра было. Той наш пан Краўчык, як гімнастыку рабіў, то добра было. То так як у войску: бегалі на карачках, гонкі такія, стаялі смірна, падалі.

А што яшчэ вучылі з панам Краўчыкам?
– Усё: гісторыю, геаграфію, прыроду. Найбольш я любіў гісторыю. Бо там пра тых каралей, я гэта найбольш любіў.
А які кароль больш за ўсё падабаўся?
– Казімір Ягелончык, бо меў шмат сыноў і кожнага добра ўладкаваў. А потым Стэфан Баторы, бо меў шмат войскаў і змагаўся адважна. І Кракус – бо забіў цмока і з тым цмокам змагаўся. Ян Сабескі, бо змагаўся пад Венай, туркаў біў. І Уладзіслаў Ягелончык.
Чаму?
– Бо быў добры.
А пра Канстытуцыю Трэцяга мая вучылі?
– Так, гэта быў такі сейм, на тым сейме… то ўжо не ведаю, то ўжо тры гады, як вучыўся.
Касцюшка?
– Ён пад Рацлавіцамі, ён войска косамі ўзброіў.
Паланецкі універсал?
– Пра гэта не чуў.
А пра Міцкевіча вучылі?
– Не, гэтага пан не казаў.
А можа, які верш яго чыталі?
– Не, толькі тыя, што ў кнізе.
Можа, памятаеш які?
– Не, ужо не памятаю.
А які любіш больш за ўсе?
Дэкламіруе без ваганняў:
– "О, брацішка мой адзіны"... Дзве строфы.
А можа, вучылі такі верш, які пачынаецца "Kto ty jesteś"?
– Так.
Можа, яго памятаеш?
– Так. Kto jesteś – Polak mały. Jaki znak twój? – Orzeł biały. Gdzie ty jesteś? – Między swemi. W jakim kraju? – W naszej ziemi. Czem ta ziemia? – Twą ojczyzną. Czem zdobyta? – Krwią i blizną. Czy ją kochasz? – Kocham szczerze. А далей ужо не памятаю.
А што ёсць твая айчына?
– Польшча, Польскі край.
А Макава?
– Э, Макава…"– спыняецца расчараваны. Пасля хвіліны: "Каб бы мяне до войска забралі, то бы застаўся. Што ту така, пане, жыцця. Недобжэ ту жыць… Найлепш, я б хацеў казаць па-польску. Па-польску так добра: лепш чым па-нашаму. Па-польску цо, па-нашаму шчо – груба. Па-польску прыгажэй, чым па-нашаму" [Ян Шапялевіч, Макава].


Дзіцячыя гульні.
Фотаздымак Ю.Абрэмбскага 1934-1935 гг.

Кім прыйшло палескае дзіця ў польскую "школу сэрца" і кім з яе выйшла? Прыйшло як нішто ў вачах школы, а выйшла як нішто ва ўласных вачах. <...> Янак Шапялевіч уступіў у пераломны этап свайго жыцця: заканчэнне школы абярнулася тым, што з партнёра правадыроў, герояў і ўладароў усёй Польшчы ён апынуўся ў не вартай іх ролі вясковага пастуха... Школьная гісторыя Польшчы для Янкі Шапялевіча праецыравала яго ўласныя мары і жыццёвыя памкненні, пабудаваныя школай, у міфалагічны польскі свет. Менавіта таму яго айчына – гэта толькі свет каралёў, правадыроў і герояў, а не свет мужыкоў-гаспадароў: "Э, Макава". Польшча і родная вёска – гэта для яго два розныя, непараўнальныя і ўзаемавыключныя светы, якія не магчыма з’яднаць. Такімі [яны] былі і заставаліся для кожнага палескага дзіцяці, якое прыняло ўзоры польскай школы, якое сярод каралёў і кіраўнікоў не знаходзіла мужыка-гаспадара, а сярод мужыкоў-гаспадароў – нацыянальнага героя. <...>

Школа і палеская вёска – гэта дзве асобныя і чужыя сабе сістэмы, два розныя светы, якія напоўнены розным зместам, што вядуць адрознае і ўзаемна ізаляванае існаванне. Школьны свет – гэта аддалены, адарваны ад вясковай рэчаіснасці панскі свет – панская мова, панская гісторыя, панскія героі. Гэта свет, які для палескага дзіцяці знаходзіцца толькі ў школьным класе і там жа заканчваецца. У гэтым свеце дзіця знаходзіцца толькі часткай сваёй асобы, калі выконвае нерэгулярную і непрацяглую ролю вучня. У сваіх пастаянных і трывалых сацыяльных ролях – члена сям’і і вясковай грамады, пастуха і аратага яно ўсёй сваёй асобай непадзельна знаходзіцца ў вясковым свеце, свеце мужыцкім, а не панскім. У свеце вясковай рэчаіснасці, а не школьнай фікцыі. У свеце працы, якая ўводзіць хлопца ці дзяўчыну ў супольнае жыццё вёскі, сумесна перажываемыя цяжкасці і клопаты, смутак і радасці, а не ў свеце адарванай ад вёскі школьнай гульні. І гэты факт не заменяць ні індывідуальныя намаганні аніводнага настаўніка і аніводны самы эфектыўны дыдактычны метад. Не дапаможа нават замена мовы на бліжэйшую і больш даступную навыкам дзіцяці.

Паміж панскай школай і сялянскім жыццём няма ніякай сувязі. Ёсць толькі маладаступны і вузкі праход для тых, каго паны, навучыўшы пагарджаць уласнай вёскай і сялянскім жыццём, пажадалі прыняць да сябе. Толькі поўная змена сацыяльнай функцыі школы, ператварэнне яе ў сродак вызваленчай барацьбы палескага селяніна, якая б вучыла яго пагарджаць панскімі ўзорамі і ўмацоўвала сялянскае пачуццё годнасці, пашырала ўсведамленне ўласных правоў і веру ва ўласныя магчымасці і сілы ў дзяржаўным маштабе, можа надаць ёй новы сэнс і новае значэнне, з’яднаць з жыццём вёскі, з абуджаючыміся сацыяльнымі памкненнямі і растучымі культурнымі патрэбамі. Дэзарганізаваная вёска, якую разрываюць унутраныя супярэчнасці, дэмаралізаваная панскім прыгнётам і ўласнай слабасцю не зможа здзейсніць гэтую рэформу сама па сабе. Яна чакае тых, хто дапаможа ёй знайсці ўласны шлях. І тут якраз з’яўляецца новая роля для польскага настаўніка і польскай школы. Да таго часу пакуль польская школа не выйдзе на гэты шлях, яна застанецца тым, чым увесь час і была – чужой установай, ледзь прынятай вёскай, лішнім і непатрэбным рэфлексам панскага свету, які заблукаў паміж палескай хатай, палескай беднасцю і палескай крыўдай.

Пераклад з польскай мовы Т.Казак і А.Смаленчука 
Крыніца: Юзаф Абрэмбскі. Панская школа і мужыцкія дзеці // Homo historicus 2009. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / пад. рэд. А.Ф. Смаленчука – Вiльня : ЕГУ, 2010. – С. 227-285.
Падрыхтоўка да публікацыі: А.В.Трафімчык
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (21.12.2011) | Аўтар: Юзаф АБРЭМСКІ
Праглядаў: 2611 | Тэгі: Ганцавіцкі раён, Макава, Люсіна, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 62
Гасцей: 62
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.