Чацвер, 25.04.2024, 06:34

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

«Вось так і чуеш, што й дарога цяпер паслушна волі Бога»: Якуб Колас і рэлігія
Вынесеная ў загаловак тэма заслугоўвае як мінімум даследавання манаграфічнага. Матэрыял, якога, на першы погляд, не так і шмат, пры распрацоўцы ўяўляе багацейшае радовішча. Рэлігійны аспект у творчасці можна ў тым ліку спасцігнуць, зразумець праз прысутнасць, ролю і значэнне рэлігійнай культуры ў паўсядзённым жыцці пісьменніка. Якуб Колас тут, як выяўляе аналіз, найхарактэрнейшы прыклад.

Якуб Колас

ПАВОДЛЕ "НОВАЙ ЗЯМЛІ"

Стасункі чалавека з Усявышнім заўсёды абумоўлены сямейным выхаваннем. Пра яго нямала расказваецца ва ўспамінах Якуба Коласа, запісаных сакратаром Максімам Лужаніным. Нават у савецкія часы паэт не хавае, што гадаваўся ў атмасферы, дзе рэлігія займала месца пашанотнае. Ва ўспамінах падкрэсліваецца строгасць у стаўленні да Бога, выкананні малітваў і пастоў. Разам з тым дапускалася пэўная іронія ў дачыненні святароў і некаторых правіл. Але ні ў якім разе не стасоўна Усявышняга. Прычым азначная тэма раскрывалася не аднойчы, і кожны раз (гэта маглі быць розныя часы) пра яе гаварылася ў такім самым ключы, што падкрэслівае сапраўднасць інфармацыі.

У многім спецыфіка сям’і таксама прыадкрываецца ў аўтабіяграфічнай паэме "Новая зямля", якую адапаведна рэкамендацыі самога Якуба Коласа можна разглядаць як праўдзівую крыніцу. Паводле твора, праваслаўная (хаця гэта нідзе і не сказана, таму можа праецыравацца на хрысціянскую біканфесійнасць беларускага народа ў цэлым) радзіна Міцкевічаў Бога шанавала. Вера з’яўлялася асноваю духоўнага і душэўнага жыцця. Рэлігія (у дадзеным кантэксце будзем адрозніваць яе ад веры) таксама спрадвеку мела арганізацыйны пачатак у жыцці беларускага селяніна.

Галава сям'і Міцкевічаў – Міхал – працаваў стражнікам (лесніком). Таму жылі аддалена ад населеных пунктаў – па леснічоўках. Гэта не спрыяла рэгулярнаму наведванню царквы, якая такім чынам фігуруе ў паэме толькі аднойчы – на Вялікдзень:

А цэрква, макаўка святая,
Народу поўна, блескам ззяе.
Сярод царкоўкі плашчаніца
Стаіць між елачак зялёных. 

Аднак, паводле Новай зямлі, малітвы ў сям'і гучалі штодзённа: раніцаю і вечарам, за сталом і ў сувязі з працай, па святах і буднях. Найбольш урачыстыя дні віталіся не проста "модламі", а песнапеннямі. Шчырасць у стасунках з Усявышнім для герояў твора ставілася вышэй за рэлігійную атрыбутыку (згадаем апісанне малітвы дзядзькі Антося па дарозе дадому). Бацькі змалку прывучалі дзяцей да шанавання Усявышняга, і важныя новыя справы не міналіся без аглядкі на Бога. Жыццё Міцкевічаў працякала ў рэчышчы патрыярхальнага ладу, стрыжнем якога былі рэлігійныя каноны і характэрныя для культуры беларускага народа элементы язычніцтва, замешаныя на цыкле земляробчых работ.

КЛЮЧ ДА ПРАЧЫТАННЯ

Будучы паэт скончыў дзве навучальныя ўстановы – Мікалаеўскую народную школу (1898) і Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). У абедзвюх рэлігійныя прадметы і рэлігійнае выхаванне захоўвалі дамінуючыя пазіцыі. Зразумела, праводзілася лінія артадаксальнага хрысціянства.

Пасля двух навучальных гадоў у Люсінскай школе, Канстанцін Міцкевіч быў прызначаны настаўнікам у Пінкавіцкую школу, дзе працаваў ад восені 1904 да канца 1905 г. К. Міцкевіч падчас настаўнічання ў Пінкавічах меў цёплыя стасункі з сям’ёй мясцовага шматдзетнага царкоўнага старасты Аляксандра Лоя, сталаваўся ў ягоным доме, а пэўны час нават жыў у яго. У 1905 г. малады настаўнік стаў хрышчоным бацькам сына Лоеў Мікалая.

У 1906 г. адбыўся прыход Канстанціна Міцкевіча ў вялікую літаратуру: дэмакратычная газета "Наша доля" ўпершыню апублікавала твор Якуба Коласа. З першых твораў звароты да Бога сталі характэрнымі для пісьменніка. Гэта выяўляла ў ім глыбокую рэлігійнасць.

У 1910 г. пабачыла свет першая кніга вершаў Якуба Коласа "Песні жальбы". Звужаць "эканамічна-класавай" сацыялагізацыяй вершы кнігі не варта. На гэта ўказвае нават яе назва, якая кропля ў кроплю супадае з найменнем рэлігійнага цыклу для каталіцкага набажэнства, што ўзнік у Рэчы Паспалітай на пачатку ХVІІІ ст.: "Першы раз іх праспявалі ў касцёле Святога Крыжа ў Варшаве. У хуткім часе гэтае набажэнства стала адным з найбольш папулярных набажэнстваў Вялікага посту і на нашай зямлі. Разважанне мукаў Хрыста ў Песнях жальбы спрыяе духу пакаяння, а перадусім мае на мэце служыць нашаму навяртанню".

Гэта ключ да яшчэ аднаго прачытання Коласавай спадчыны, пакінуты самім творцам і пакуль не прыменены ў даследаваннях.

У. Конан прыходзіць да высновы, што "Песні жальбы" "бліжэй да філасофіі хрысціянскай дэмакратыі, чым да сацыяльнага радыкалізму. У аснове сюжэтаў і вобразаў праграмных вершаў праглядваецца архетып евангельскай прыпавесці пра Лазара беднага і багацея (Лк. 16:19–31), пераўтвораных у аспекце тагачасных сацыяльных рэаліяў Беларусі ў складзе Расійскай імперыі. <…> Коласавы вобраз селяніна – гэта і вобраз Беларусі – беднага Лазара Расійскай імперыі”.

РОДНЫЯ АБРАЗЫ

Некаторыя рэлігійныя матывы ў творчасці Якуба Коласа можна з рознай ступенню намаганняў расчытаць у падтэксце (магчыма, не заўсёды свядома створаным). Так, адзін з раздзелаў першай паэтычнай кнігі Якуба Коласа называецца "Родныя абразы". Канечне, маюцца на ўвазе, кажучы сучаснаю ўнармаванаю моваю, родныя вобразы. Аднак жа і супадзенне адпаведнае і – ведаючы стыль алегарызацыі аўтара – наўрад ці выпадковае. Да таго ж лагічна паставіць пытанне, што аўтару перашкаджала назваць і раздзел, і вядомы, хрэстаматыйны верш так, як слова падавалася ў тэксце – "образы". Тым болей што паэт гэтакую форму практыкаваў – адзін з вершаў, апублікаваных у "Нашай ніве" (1907, 24 лют., №8), называўся "Расейскія образы", у ім крытычна апісаны карціны жыцця ў імперыі, якія ні ў якім разе не маглі быць названы абразамі.

Але ж не! Спамінаючы за кратамі блізкія сэрцу краявіды, Якуб Колас называе іх менавіта абразамі, хоць гэта… усяго толькі, як гаворыцца непасрэдна ў вершы, "(в)образы". Працытуем з публікацыі ў выданні:

Родныя абразы.
Образы мілые роднаго края
Смутак і радасць мая!
Што маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я...

Такім чынам песняром фактычна абагаўляецца родны край, праяўляецца не раўнуючы рэлігійная адданасць да яго. У такім святле зусім інакш успрымаюцца радкі з ужываннем слова "абразы" (а не "образы"):

Я не знаю, я не знаю,
Чым я так прыкуты
Да тваіх, мой родны краю,
Абразоў пакуты. (Верш "Я не знаю", 1909) 

Пасля ўнармавання беларускай літаратурнай мовы і адаптацыі да нормаў Коласавых твораў, зразумела, азначаная нюансіроўка страцілася.

Аўтар не толькі стварае ікону з краявідаў Бацькаўшчыны. Часам прабіваецца стаўленне паэта да сялянскай справы як да вышэйшай за рэлігію:

Хлебароб глядзіць з уцехай,
Ходзіць ў Божым дару…
Так ні поп, ні ксёндз ня ходзяць
Пры сьвятым алтару. (Верш "Рольнік", 1908)

"НЯХАЙ ТАТУ БОГ ЦАЛУЕ”

У 1913 г. Канстанцін Міцкевіч бярэ шлюб з Марыяй Дзмітрыеўнай – дачкой рускага па паходжанні царкоўнага псаломшчыка Каменскага. Вянчанне паміж калегамі па прафесіі (абодва працавалі ў пінскіх вучэльнях) адбылося па месцы пражывання ў Свята-Варварынскай царкве. Сям’я не вылучалася царкоўнай рэлігійнасцю. Але некаторыя прыкметы сведчаць, што Міцкевічы тым часам жылі з прымяненнем рэлігійнага выхавання. Так, з ліста Якуба Коласа жонцы, напісанага ў сярэдзіне ліпеня 1923 г. (між тым ужо некалькі гадоў ішла інтэнсіўная атэізацыя грамадства і публічным людзям патрэбна было выступаць асаблівым узорам для іншых), даведваемся, што сярэдні (на той час меншы) сын Юрка выказваў пажаданне "Няхай тату Бог цалуе", што надзвычай спадабалася адрасанту.

Чырвонай ніткай рэлігійныя матывы праходзяць праз вяршынныя творы Якуба Коласа – паэмы "Новая зямля" і "Сымон-музыка", аповесць "У Палескай глушы". Па творах лёгка прасачыць стабільную павышаную частотнасць рэлігійных элементаў недзе да года 1923, калі была закончана пярліна беларускага прыгожага пісьменства паэма "Новая зямля". Каб гэта прадэманстраваць, дастаткова прывесці некаторыя матэматычныя падлікі. Так, у паэме "Новая зямля" слова "Бог" і яму аднакарэнныя ўжваюцца 102 разы, у паэме "Сымон-музыка" рэдакцыі 1919 года – 85 разоў, у аповесці "У Палескай глушы" – 45 разоў. У падсавецкай рэдакцыі паэмы "Сымон-музыка" ў сувязі са строгай цэнзурай відавочныя рэлігійныя элементы былі кардынальна ўрэзаны, пра што сведчыць шматкратнае змяншэнне ўжывання слова "Бог" і яму аднакарэнных (з 85 да 15). Была прыбрана бясследна і ода Божай творчасці "Божы дух вітаў у высі". Прывядзём яе пачатак:

Божы Дух вітаў у высі;
Светы дзіўныя прад ім
Ў багнах тайнасці нясліся,
Песні анелаў ліліся
У прасторы векавым.
Хвала Богу Вялікаму, хвала!

Як лічыў У. Конан, у саветызаванай рэдакцыі "Сымона-музыкі" хоць і адбылася дэхрысціянізацыя твора, але "толькі на верхнім, сюжэтна-тэматычным і лексічным узроўнях. Дух Божы не пакінуў гэты твор, ён успрымаецца як гімн Творцу, Сусвету, роднай Беларусі". Аддамо даніну і смеласці аўтара. Ён змог адстаяць многае і на лексічным узроўні. Так, як падлічыў святар-гісторык Леанід Акаловіч, у савецкай рэдакцыі "Сымона-музыкі" ўжыта каля 80 асобных слоў і злучэнняў, якія маюць царкоўнае значэнне

ЭПОХА ВАЯЎНІЧАГА БЯЗБОЖЖА

Няма падстаў сумнявацца, што Канстанцін Міцкевіч заўсёды вераспавядаў праваслаўе. Хоць і адносіўся да рэлігійнай культуры не без долі скептыцызму, свядомае зараджэнне якога ўзыходзіць да часоў навучання. Аднак гэта не дэструктыўнае ўспрыманне рэлігіі, а хутчэй філасофскае, якое выдае ў вясковым інтэлігенце чалавека мыслячага, творчага. Гэта знайшло адлюстраванне ў трылогіі "На ростанях" – таксама аўтабіяграфічным творы, па якім можна прасачыць адносіны К. Міцкевіча да рэлігіі. 

Першая аповесць – "У Палескай глушы" (1921–1922), пачынаецца з рэлігійных матываў, хаця ў размовах са старожкай, а потым і з сябрам Трусевічам, Андрэй Лабановіч не выяўляе глыбокай рэлігійнасці, што было нормай тагачасся. І ўсё адно альманах "Адраджэнне" з пачаткам Коласавай аповесці быў забаронены, на твор паступіла адмоўная характарыстыка з боку палітычнаўплывовага органа цэнзуры – Галоўліта.

Адзін з персанажаў аповесці - айцец Кірыл - паўстае як фігура ў многім сімпатычная, хоць і неадназначная. Святар выказваецца за самае строгае стаўленне да сялян, але паводле ўчынкаў належць да дзейсных (а не словаблудных) народалюбцаў. Айцец Кірыл - прадстаўнік праваслаўнай царквы, якая такім чынам таксама паўстае ў святле дабратворным для народа. Праўда, у наступнай аповесці трылогіі – "У глыбі Палесся" (1926–1927) стасоўна бацюшак прымяняюцца адназначна адмоўныя канатацыі, і да а. Кірыла гэта зроблена так званым заднім чыслом.

Рэлігійнасць паэта трэба звязваць з яго творчай канцэптуальнасцю наогул. Трансфармацыя апошняй няўмольна сказвалася і на звязку з рэлігійным бокам жыцця і творчасці. Сам пісьменнік гаворыць пра пералом у сваёй літаратурнай дзейнасці, пазначаючы яго 1925 г. (але робіць гэта ў 1930 г. ва ўмовах шчыльнай увагі з боку стражаў існага рэжыму): "Першы перыяд мае літаратурнае дзейнасці быў закончаны к 1925 г. З 1911 па 1921 г. у маёй літаратурнай рабоце былі вялікія перарывы, і толькі 1921 г., год майго звароту ў Савецкую Беларусь, і наступныя гады далі мне магчымасць поўнасцю аддацца літаратурнай рабоце і закончыць свае творы першага перыяду, пачатыя яшчэ ў астрозе ў 1910–1911 гг." 

У далейшым К. Міцкевіч рэлігійнасці і веры не выяўляе. Прынамсі пра гэта сведчыць яго малодшы сын – Міхась Канстанцінавіч (што важна: 1926 г. н.), прычым схіляючыся да памяркоўнага атэістычнага светапогляду бацькі (з чым пагадзіцца нам аніяк не выпадае). Настала эпоха ваяўнічага бязбожжа. Быць адным з першых паэтаў і не адпавядаць адной з генеральных ліній партыі (чым быў атэізм) – азначала рызыку для сям’і і акружэння. Таму варта расцэньваць рэлігійнае маўчанне другой часткі жыцця творцы як свайго роду затворніцкую малітоўнасць, але не страту веры і адрачэнне ад хрысціянства.

РАДАВОД – ПА ЛІНІІ МАЦІ

Дарэчна нагадаць, што, акрамя Канстанціна Міцкевіча, з іх сям’і інтэлектуальнай жыццядзейнасцю займаўся яшчэ адзін брат – малодшы, Міхась, больш вядомы пад псеўданімам Антось Галіна. Ён практычна не жыў пад саветамі, пасля Другой сусветнай эміграваў у ЗША, таму, вобразна кажучы, дыхалася яму вальней. Рэлігію не пакідаў ён да канца свайго доўгага жыцця (1897–1991). Асабліва плённа Міхась Міцкевіч супрацоўнічаў з беларускай праваслаўнай царквой. Займаўся ў тым ліку творчай працай, галоўны даробак якой заключаецца ў перакладах на родную мову Евангельскіх тэкстаў: цалкам перастварыў Дабравесце паводле Мацвея і часткова – паводле Марка. Тое шчыраванне было высока ацэнена знаўцамі. 

Міхась Міцкевіч успамінаў: "Калі-б вясьці радавод, то, бадай, слушней было-б ісьці па лініі маці. Маці Ганна… была фізычна крэпкай і здаровай, вытрывалай, цярплівай, лагоднай і ласкавай, мела й розум здаровы й прыродную інтэлігенцыю. Хоць вонкава яна ня вельмі выказвала рэлігійнасць, але верыла ў Бога. Ад яе Колас дастаў і крэпасьць фізычную й духоўны склад свае натуры".
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (06.11.2016) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2706 | Тэгі: Літаратура і мастацтва, Люсіна, Літаратурная Ганцаўшчына, Анатоль Трафімчк, Якуб Колас | Рэйтынг: 5.0/4
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.