Пятніца, 26.04.2024, 13:22

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Вытокі паэтычнага таленту. Станаўленне Якуба Коласа як беларускага класіка
Талент, як бачым, фармуецца доўга,
гэта ёсць вынік цэлага жыцця з яго штодзённай самаахвярнай працай.
Максім Лужанін

Феномен фарміравання Канстанціна Міцкевіча як паэта да сёння застаецца слаба вывучаным. Між тым гэта сапраўдны цуд. I найлепей ён высвечваецца ў параўнанні з зоркамі суседніх літаратур – польскай і расійскай – Адамам Міцкевічам і Аляксандрам Пушкіным. Кожны з іх – роўнавялікі для свайго народа. Значнасць для беларусаў постаці Якуба Коласа не саступае іх нацыянальнай важкасці. Аднак і А.Пушкін, і А.Міцкевіч адпачаткова знаходзіліся ў лепшых умовах творчага станаўлення. I першасны фактар – дваранскае паходжанне, якое абумоўлівала (нават сярод збяднелай шляхты) шлях да адукацыі. Гэтага не мелі сяляне, і сярод іх Костусь Міцкевіч, будучы народны паэт Якуб Колас (заўважым, што і Францішак Багушэвіч, і Янка Купала мелі шляхецкае паходжанне). Таму станаўленне Я.Коласа неабходна лічыць фенаменальным, параўнальным хіба з генезісам слыннага ўкраінскага кабзара Т.Шаўчэнкі.

Пра ірацыяналізм нараджэння генія хораша сказала В.Іпатава ў вершы-прысвячэнні "Талент":
Ноч ляжала бяззорнаю, цяжкаю кучмай
На вільготных хацінах,
I спала зямля.
Бог ля Нёмна ішоў і пачуў, як нягучна
У Акінчыцах плача сабе немаўля.

Лесніковая хата. Чадзее газнічка.
Калаўрот. Залацістыя пасмы ільну.
I дзіця.
I над лёсам – зіхоткая знічка,
I матуля прымружыла вочы ад сну.

I не бачыла, хто дакрануўся да сына.
Палыхнула святло.
Адступіла імгла.
I хіснулася хата, нібыта віціна,
I адбіткам на Вечнасці ўдаль паплыла.

Навуковец пасля раскладзе, як па ГОСТу:
Напачатку эпоха, асоба - пасля.
Быў для Генія час...
Адбывалася ж – проста:
Бог ля Нёмна ішоў і пачуў немаўля...
Тым не менш, акрамя цудадзейнага фактару, хацелася б знайсці рацыянальныя чыннікі, якія "стварылі" з сялянскага хлапчука Костуся са шматдзетнай сям'і Міцкевічаў народнага паэта Якуба Коласа; прасачыць праяўленні яго літаратурна-мастацкага таленту; знайсці адказ на пытанне, сфармуляванае асабістым сакратаром песняра М.Лужаніным: "Што ж абудзіла яго, што рушыла ў рост і найбольш паспрыяла, што, калі і як паставіла яго на лясную трэль, якую ён зрабіў прасторнай дарогай паэзіі, каб улілася яна ў неаглядныя чалавечыя шляхі думання і барацьбы?"

Менавіта М.Лужанін найбольш наблізіўся да акрэсленай намі тэмы, зазначаючы ў пачатку аповесці-эсэ, заснаванай на гутарках з Я.Коласам: "...для таго каб першая песня пастукалася ў сэрца вясковага падлетка, усё... складалася адно да аднаго: турботы ўласнага таленту, уплыў блізкіх людзей і патрабаванне народа – мець смелыя і праўдзівыя вусны".

Вядома, для фарміравання велічнай постаці народнага паэта была важнай кожная драбностка жыцця як яго самога, так і ў цэлым беларускага народа. Тым не менш напэўна існуюць галоўныя чыннікі – паваротныя, канцэптуальныя. He ставячы на мэце ахапіць неабдымнае, паспрабуем усё ж сфармуляваць, выкрышталізаваць іх.

"...І 3 ТАГО ЧАСУ ПА СЯГОННЯ МНЕ СОНЦАМ СВЕЦІЦЬ НАДНЯМОННЕ"

Геніяльны I.В. Гётэ сцвярджаў: "Хто хоча зразумець паэзію, / Павінен пабываць у яе краіне; / Хто хоча зразумець паэта, / Павінен наведаць яго краіну".

Беларусь невыпадкова называюць краінай паэтаў. Кожны яе гожы куточак спрыяе ўсходам паэтычных парасткаў. I малая радзіма Якуба Коласа – не выключэнне. Наднямонне – сэрца Беларусі, яе сонечнае спляценне. Тут канцэнтрацыя беларушчыны, дык не дзіўна, што на гэтай зямлі восенню 1882 г. убачыў свет парастак коласа, якога яшчэ не мела наша ніва: у сям'і палясоўшчыка Міхала Міцкевіча нарадзіўся трэці сын, названы Костусем.

Якуб Колас, Акінчыцы
Акінчыцы

Уражанні дзяцінства вызначаюць усё жыццё чалавека: "Эх, досвітак маленства, лета! / Вамі навек душа сагрэта!" Пік светлых уражанняў Костуся прыпаў на альбуцкі перыяд: "Парэчча – слаўная мясціна, / Куток прыгожы і вясёлы: / Як мора – лес, як неба – долы..."

У Коласавых успамінах роднага куточка звяртае на сябе ўвагу маштабнасць: ад глабальна-касмічных параўнанняў да ўглядання ў мікраскапічныя (як можа падацца) моманты жыцця, побытавыя, паўсядзённыя. Пясняр бачыць хараство ў "вузенькім ложы" крынічкі, у "елцы ў пары з хваіною", "гожай падкове" лесу, "калоссях жыта" і іншым.

Паэзію прыроды будучы класік адчуваў з маленства: "Малюнкі навакольнай прыроды былі вельмі простымі і няхітрымі, але тым не менш яны моцна дзейнічалі на мяне і глыбока западалі ў душу", – прызнаваўся ў аўтабіяграфіі 1913 г. малады і ўжо знакаміты паэт. Перажыванні ад судакранання з беларускімі пейзажамі ён занатоўваў з самага пачатку творчага шляху, калі напісаліся радкі пра вясну, адораныя бацькавым срэбраным рублём. Але кожная часіна года была любімай Я.Коласам. Нават зімовыя малюнкі выклікалі яркія вясёлкавыя настроі ў падлетка Костуся, пасля ён перадаў іх асобным раздзелам "Новай зямлі" – "На рэчцы".

Якуб Колас, Альбуць
Альбуць

Эмацыйнае захапленне прыгажосцю роднага краю трансфармавалася ў свядомую задуму эпічнага твора. Прычыну такой творчай схільнасці Я.Колас асэнсаваў у 1924 г. падчас адпачынку ў Кіславодску пад уражаннем ад фінскага эпасу "Калевала": «..."Калевала" як пабунтавала мой спакой, так і падказала выхад. I шматлікія стваральнікі яе, і я – усе пілі з адной крыніцы, але фіны знайшлі яе на беразе мора, сярод скал, а мы – у сваіх барах і балотах"».

Акрамя Наднямоння, Якубу Коласу палюбілася Палессе. У палескай глушы мастак пранікся Палессем не менш, чым наднямонскімі краявідамі: "Яму [Лабановічу] па душы быў і гэты глухі куток Палесся, аб якім яшчэ дома так многа цікавага наслухаўся ад аднаго старога аб'ездчыка, і гэты народ з яго асабліваю моваю і звычаямі, так не падобнымі да мовы і звычаяў тых беларусаў, з гушчы якіх выйшаў Лабановіч; гэты некрануты край старажытнасці, якая на кожным кроку кідалася ў вочы і затрымлівала на сабе ўвагу, і гэты выгляд самой мясцовасці, агульнага тону якой не мог яшчэ ўлавіць Лабановіч, але ў якой таксама было многа цікавага і, на яго погляд, павабнага".

Якуб Колас прызнаецца: "Лабановіч – мой двайнік. Выдуманага ў яго паводзінах і характары нічога няма". Таму захапленні літаратурнага героя тоесныя пачуццям яго аўтара: "А прырода! Колькі вялікага задавалення дае нам яна! Бо прырода – найцікавейшая кніга, якая разгорнута прад вачамі кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы – хіба ж гэта не ёсць шчасце? Адно толькі шкада, што наша жыццё несуразмерна малое для таго, каб начытацца гэтай кнігай".

Максім Лужанін задумваецца над фактарам прыроды ў Коласавым феномене: "Успамянём, перад усім, багацце ўласнай душы і здольнасць пры дапамозе слова дзяліцца гэтым багаццем з іншымі, адным чынам, тое, што ў звычайным абыходку называюць пісьменніцкім талентам. Але ці ёсць талент тым шчаслівым дарункам, які атрымлівае чалавек ад прыроды пры нараджэнні і нясе яго праз жыццё як нешта раз і назаўсёды дадзенае і таму нязменнае?". I ўсё-ткі для ажыўлення прыгожых пейзажаў, адухаўлення іх неабходны позірк майстра, слова песняра.

"А ДОМА З ДЗЕЦЬМІ БЫЛА МАЦІ..."

«А што ж было на самым перадзе, што вылучала не паэта, а хлапчука з паэтычнымі задаткамі? Відаць, толькі адно: непасрэднае ўспрыманне, блізкае адчувальнасцю да фатаграфічнай плёнкі, здольнай утрымліваць адбіткі падзей, твараў, родных з'яў і вобразаў, усяго, на што б ні пасвяціў сонечны прамень з уласнага дапытлівага вока.

Ці магла адна гэта якасць паставіць хлапчука на дарогу паэта? Хутчэй за ўсё – не. Так і марнавалася б, намнажаючы адбіткі, "плёнка" ўспрымання, каб не "праявіла" яе асяроддзе, людзі. У першую чаргу – блізкія, на чыім малацэ і мазалі ён узгадаваўся, ад каго пачуў першае сугучча роднай песні, першую скаргу на крыўдны лёс».

Ганна Міцкевіч
Матуля Якуба Коласа - Ганна Юр'еўна Міцкевіч

Так пісаў М.Лужанін. Угледзімся ж у вобраз матулі паэта: "I другое, што ўражвала больш за ўсё: матчын голас. Нават калі яна сварылася на нас і пачынала ўшчуваць, голас не траціў мяккасці і дабраты. Я вельмі любіў, як яна спявала. <...> Управіўшыся з чарнейшаю работаю па хаце і па гаспадарцы, маці садзілася, як на адпачынак, за верацяно або за шытво. Яна спачатку абзывалася ледзь чутна, тонка-тонка, як шчыгол, прабуючы голас, ці не ахрыпла часам за ноч. Потым матчына песня бралася ў сілу і запаўняла хату. <...> А ўлюбёная матчына песня расказвала пра нешчаслівае каханне, і галоўнаю асобаю, разлучнікам, выступаў Нёман".

Нават сціслыя звесткі пра маці класіка сведчаць, што яна была надзелена глыбокай душэўнасцю, якая, несумненна, перадалася і малому Костусю ў спадчыну. Сам паэт піша: "Маці мая, Ганна Юр'еўна, з Лёсікаў, зусім няграматная, але разумная ад прыроды і добрая жанчына". Нягледзячы на вялікую колькасць дзяцей у сям'і, кожнаму з іх маці аддавала душу без астатку. Вобраз матулі ў "Новай зямлі" – адзін з самых цёплых у беларускай літаратуры. I ніякага сумнення, што ён цалкам тоесны прататыпу.

Ціхмяныя, сціплыя матулі нашых паэтаў часта мелі лёс, поўны стратаў, пакутаў і болю, фізічнага і душэўнага. Старэйшы сын Канстанціна Міцкевіча пісаў пра сям'ю дзеда Міхала: "...у 1883 г. нарадзілася дачка Ганна (памерла дзіцем), а ў 1884 г. – хлопчык, якому не паспелі нават даць імя.

...У 1885 г. нарадзілася дачка Вікця, якая хутка памерла. Яшчэ адну дачку, што нарадзілася ў 1886 г., назвалі Вікцяй, але і яна таксама памерла немаўлём.

Такім чынам, пасля нараджэння Кастуся аж чацвёра малых дзетак памерлі".

"НУ, СЛОВАМ, ДЗЯДЗЬКА НАШ – АСОБА!"

"Дзядзька Антось? 3 ім мы рыбу лавілі, хадзілі на паляванне, па сена ездзілі, прысы секлі. Меў ён да дзяцей ласку і падыход, можа праз тое, што застаўся бабылём. Любіў пасмяяцца, умеў пажартаваць і пакпіць", – расказваў Якуб Колас М.Лужаніну пра Антося – не толькі працалюбнага чалавека, але і прыроднага апавядальніка, баечніка. Калі маці была для малога Костуся першаадкрывальніцай багатай народнай культуры, то дзядзька, якога лёс пакінуў адзінцом і прыбіў да сям'і старэйшага брата, пракладаў сцежку сялянскаму хлапчуку да Яе Вялікасці Кнігі, да прафесійнага мастацка-літаратурнага свету. Антось для свайго часу і асяроддзя быў адукаваным чалавекам: "Дзядзька Антось, малодшы брат бацькі, самы малодшы з маіх дзядзькоў, здаў экзамен за курс пачатковай школы. Ён ведаў многа розных расказаў, казак і ўмеў цікава іх расказваць. Таксама ён ведаў і многа песень, але галоўным чынам з розных песеннікаў".

Неаднаразова ў аўтабіяграфіях Я.Колас паўтарае ўспамін пра першую сваю кніжку. Хто мог зрабіць такі падарунак, як не дзядзька? «Байкі Крылова падараваў мне дзядзька Антось. Як ён дагадзіў мне! Пабудзіў на досвітку і даў у рукі: "На, цешся!" А купіў ён кнігу ў нядзелю на кірмашы. Быў гэта, помніцца, дадатак да "Нівы", на кепскай паперы, з цьмяным шрыфтам. Але даражэйшага падарунка ў той час я сабе не ўяўляў». I яшчэ: «Самы моцны ўплыў рабіў на мяне мой дзядзька па бацьку. Ён валодаў у высокай ступені здольнасцю прыцягваць да сябе дзіцячыя сэрцы. Ён жа першы прышчапіў мне цікавасць да баек Крылова. Калісьці ён вучыўся ў народнай школе і сам захапляўся імі. Да ўсяго гэтага далучалася яшчэ ўменне цікава расказваць і разуменне дзіцячай псіхалогіі. Некаторыя казкі ён расказваў па некалькі дзён, на манер вядомай Шэхерэзады. Усе мае падзеі дзіцячага жыцця так ці інакш звязаны з імем майго "дзядзькі". Іншы раз, паклаўшыся спаць або начуючы дзе-небудзь у полі каля кастра, ён пачне расказваць пра падзеі свайго жыцця, вельмі паэтычна апісваючы малюнкі прыроды, асабліва навальніцы, пра розныя страшныя гісторыі. Пры гэтым ён цудоўна ўмеў спалучаць выбар апавяданняў і сам тон перадачы іх у поўную гармонію з навакольным малюнкам ночы».

Асоба дзядзькі стала яшчэ адным штуршком для станаўлення творчай індывідуальнасці паэта.

ФЯДОТ КУДРЫНСКІ – СЕМІНАРЫСТУ КАНСТАНЦІНУ МІЦКЕВІЧУ: "ВОТ ВАШЕ НАСТОЯЩЕЕ ПРИЗВАНИЕ"

Нават самаму адоранаму самародку было б не па сілах раскрыцца без адукацыі, а галоўнае – без добрых, годных настаўнікаў, якія скіравалі б і падказалі... Сялянскаму хлопцу з народнай (пачатковай) школай за спінай была недаступная вышэйшая адукацыя. Alma mater для К.Міцкевіча стала Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, куды ён паступіў "на казённы кошт" (атрыманая стыпендыя – яшчэ адзін доказ таленавітасці і працавітасці юнака). Менавіта ў семінарыі будучы пясняр спаткаў свайго настаўніка – выкладчыка рускай славеснасці (чалавека, на якога ўскладалася і функцыя русіфікацыі!) Фядота Кудрынскага.

Фядот Кудрынскі
Фядот Кудрынскі

Якуб Колас заставаўся ўдзячны яму ўсё жыццё і на схіле веку добра помніў яго як лёсавызначальнага настаўніка. З нататак М.Лужаніна: «Кудрынскага ўвесь час цягнула да творчасці народа, цікавіла гісторыя нашага краю. Мае фальклорныя запісы Кудрынскі хваліў шчыра. Вось я і падлажыў у адзін са сшыткаў пару ўласных вершаў.

Ён доўга марудзіў, не гаварыў нічога, потым з вока на вока спытаў, ці напісана яшчэ што-небудзь. Перачытаўшы, сказаў не вельмі катэгарычна, нешта накшталт: "З гэтым вы можаце выйсці на сапраўдную дарогу".

Як я разумею, ён вагаўся, што можа збіць мяне з тропу, баяўся, каб я празмерна не захапіўся пісаннем і не закінуў вучэння».

Пры напісанні аўтабіяграфіі Я.Колас не мінаў імя свайго мудрага настаўніка: «Я пісаў і па-беларуску. Адзін такі верш "Вясна", змешчаны ў "Песнях-жальбах", папаў на вочы Кудрынскаму, ён мне сказаў: "Вот Ваше настоящее призвание". Гэта заахвоціла мяне, я стаў пісаць больш».

Фядот Кудрынскі наўпрост спрычыніўся не толькі да выбару жыццёвага шляху, але і да ўзнікнення некаторых старонак найлепшых твораў Якуба Коласа: «Кудрынскі мог цікава размаляваць самую непаглядную рэч, яна набывала асаблівае хараство ў вачах слухачоў.

3 гадзіну неяк распісваў нам прыгажосці нясвіжскага замка. Здавалася, роўнага ў свеце няма. I я быў вельмі расчараваны, калі заскочыў аднойчы ў свята за замкавую браму.

Звычайны бруднаваты брук, аблезлыя сцены. Якое там к чорту хараство, хутчэй на астрог падобна. І замак у "Сымоне-музыку" я апісваў, маючы перад вачыма нясвіжскі, так, як ён паўставаў з апавядання Кудрынскага».

Нават аповесць "У палескай глушы" стала такой, якой мы яе ведаем, дзякуючы Ф.Кудрынскаму. Пачаўшы пісаць на рускай, Я.Колас перайшоў на беларускую, і ў гэтым пераходзе вялікую ролю сыграў настаўнік, ён парэкамендаваў будучаму класіку пісаць па-беларуску. I аповесць, распачатая на рускай мове пад назвай "Один из сотни", таленавіта загучала на роднай мове аўтара і галоўнага героя. Дый у Лабановічу, несумненна, закладзена часцінка душы Ф.Кудрынскага, без якой настаўнік "з палескай глушы" быў бы іншым.

ЗНЯВОЛЕННЕ І "РАЗЛУКА 3 КРАЕМ"

Самыя славутыя радкі беларускай літаратуры "Мой родны кут, як ты мне мілы!.." – пачатак паэмы "Новая зямля", простыя і да шчымлівасці глыбокія словы, узніклі ў няволі, за кратамі, у адарванасці ад месца, да якога, як пісаў Ф.Скарына, "люди... великую ласку имають".

Якуб Колас
Якуб Колас у турме. Мастак Уладзімір Сулкоўскі

Паэт з турэмнага акна бачыў вясновае неба, ён удыхаў жыватворнае красавіцкае паветра, адчуваў бруенне жыцця па ўсім свеце і... не мог спатоліцца гэтым жыццём, бо, малады, дужы, поўны жаданняў, быў кінуты ў вязніцу, жорстка абмежаваны. "Вясна, вясна, не для мяне ты..." – піша паэт. Турма скавала чалавека фізічна, але яго дух вырваўся на волю, нястрымны, ён паляцеў у краіну, куды ніхто і ніколі з людзей не вяртаўся фізічна, – у пару свайго дзяцінства: "Вось як цяпер, перада мною / Ўстае куточак той прыгожа...".

«Паэма "Новая зямля"... была задумана ў Мінскім астрозе як вершаваная аповесць аб жыцці і клопатах лесніковай сям'і...

"Турэмныя" раздзелы сведчаць, што пісьменнік задумаў шырокі твор аб жыцці простага чалавека, звычайнага лесніка, маючы на мэце ўзвялічыць, апаэтызаваць свайго героя, паказаць яго ва ўсіх умовах, праявах жыццядзейнасці, у тыповых абставінах яго бытавання».

За кратамі напісалася нямала – 10 раздзелаў (I-II, IV-VIII, XXVII-XXIX); да іх прымыкае яшчэ адзін – III, верагодна, распачаты ў турме.

Карані іншай Коласавай паэмы "Сымон-музыка" таксама ў турэмных перажываннях: «Пісалася гэтая рэч ["Сымон-музыка"] не сказаць каб марудна, але з вялікімі перапынкамі, і шмат перараблялася. Ёй не шанцавала ў сэнсе завяршэння. А падаваць голас аб сабе пачала яна бадай што раней за "Новую зямлю". Я зрабіў асобныя запісы, як толькі наладзіў турэмны побыт: раздабыў аловак і навучыўся хаваць паперы (тут і далей вылучэнне наша. – A.Т.). <...>

Перада мною стаяў уласны лёс. Рупіла расказаць, што вось і мае чалавек за душою, а ніяк не выплыве напаверх у гэтым свеце.

Калі замкнулася астрожная брама, я сказаў сам сабе: трымайся, Костусь, ты трапіў у новае кола. I ўсё перажытае ўявілася чаргаваннем колаў: час, мто звязаны з жыццём у аколіцах Мікалаўшчыны; юнацтва – навучанне ў семінарыі; потым – настаўніцтва, пераезды са школы ў школу; далей – бадзянне з месца на месца ў пошуках заробку і нарэшце – турма.

He раўнуючы, як у "Бажэсцвеннай камедыі", толькі ў мяне налічылася ўсяго пяць колаў. Дый пекла стала ў канец, а хлапечая пара здавалася з-за крат сапраўдным раем.

У апошняе кола я прыйшоў з тым жа настроем, які насіў і ў першым: працаваць словам. Я ледзь пачаў выбівацца ў друк, a тут – за шкірку ды ў каталажку! Вырвацца надзея была, a пісаць, тым больш друкавацца – наўрад. Адседка ў крэпасці вяла за сабою паліцэйскі нагляд, яўны або патайны. Вольна дыхнуць не спадзявайся!

З гэтых усіх разваг і вынікла задума: напісаць твор з пяці частак, адпаведна ліку абведзеных у мыслях наўкруга сябе колаў».

Турэмнае зняволенне спарадзіла дзве геніяльныя паэмы. А потым самі паэмы зацягнулі аўтара, не далі яму збочыць з абранага шляху. Вось што паэт піша пра "Сымона-музыку", успамінаючы крызісныя перажыванні адразу па выхадзе з турмы: "Накідаўшы збольшага запеўку, зразумеў, што гэтая работа цяпер будзе для мяне стрыжнем. Утрымаюся за яго, – значыць, не звар'яцею, не сап'юся, наогул, не пайду наніз, у падонкі, у паслугачы". Было цяжка, бо нават калі Якуб Колас пасля турмы знаходзіўся дома, у Смольні, а пасля ў Лунінцы на прыватным настаўнічанні, на ім заставалася таўро нядаўняга вязня – яно прыўносіла супярэчлівыя перажыванні, кардынальна ўплываючы на плён творчасці.

Лёс не песціў паэта. Неўзабаве распачатая сусветная вайна спрычынілася да чарговага расстання з беларускім раздоллем – прыродным і культурным. Пакінуўшы Беларусь, мабілізаваны ў расійскую армію Я.Колас праходзіў падрыхтоўку на прапаршчыка ў гарадах Маскоўшчыны і потым трапіў на Румынскі фронт. Цяжкія хваробы сталі прычынай адсылання К.Міцкевіча з арміі ў тыл, да сям'і, якая асела ў горадзе Абаянь Курскай губерні. Ваенны і курскі перыяд Я.Колас праз колькі гадоў назаве "паднявольным блуканнем", напісаўшы ў апошнім раздзеле "Новай зямлі":
...А там дарога, зноў дарога,
Разлука з краем і трывога
I паднявольнае блуканне
I гэта нуднае змаганне
За інтарэсы жывата
Ды зноў варожая пята...
Аднак нярэдка бывае: што кепска для чалавека, тое добра для творцы – як крыніца натхнення. Вымушаная эміграцыя выклікала настальгію, падобную да пачуццяў турэмнага перыяду. I хоць пісалася адносна няшмат (аўтарская ацэнка), нам важная не колькасць, а якасць: «За часы вайны і прабывання ў Расіі пісаў мала, урыўкамі. У Куршчыне скончыў "Сымона-музыку" і напісаў адзін ці два раздзелы з "Новай зямлі". Сувязь з Беларуссю была выпадковая з прычыны падзей ваенна-палітычнага характару. Моцна смуціўся па Беларусі», – успамінаў у 1926 г. паэт.

Творца аднавіў працу над "Сымонам-музыкам" у лістападзе 1917 г. з пранікнёных і шчымлівых радкоў: "О, край родны, край прыгожы! / Мілы кут маіх дзядоў! / Што мілей ёсць ў свеце Божым / Гэтых светлых берагоў".

Антон Адамовіч адзначаў "раптоўны на той час выбух нацыяналізму ў Якуба Коласа, у дарэвалюцыйнай паэзіі якога блізу поўнасьцю адсутнічала нацыянальная ідэялёгія". Верагодна, на светапогляд сялянскага паэта (так часцей за ўсё ўспрымаўся Я.Колас) паўплывала менавіта блуканне па свеце. У Курскай губерні яго адольваюць глыбокія настальгічныя перажыванні. Да яго прыходзіць яснае ўсведамленне адсутнасці роднасці з расійскім народам. Вось што піша ён сябру Янку Купалу (арыгінал ліста на беларускай мове не выяўлены): "С позиций пришел в Обоянь, где жила моя семья, больным человеком. Брат[о]к мой милый! Случалось тебе когда-нибудь застрять где-нибудь на железнодорожной станции, ждать поезда? Boт в таком положении чувствую я себя теперь, где бы я не находился. Все жду, когда же наступит возможность оставить эту Московщину и вновь очутиться среди своих людей. Скажу тебе, друже, татарскйй здесь народ. Болит моя душа пo Белоруссии. Чувствуешь ли, братец, как тяжко жить на чужбине? <...> Чувствую я, однако, одно: бедный, бедный наш народ! Как несправедлива его доля! И когда только дождется он просветления? Много встречал я наших виленцев, минчан, которые склоняются от востока к западу, ждут избавления ныне от Германии. Я, однако, остаюсь при своем мнении до гроба: немцы не дадут нам счастья. Немцы знают, что делают: им нужно утопить великий народ в братской крови, обессилить и обездолить его. Что же нам делать? Пробуждать в народе самосознание, ориентация должна быть на самого себя"
Гэтыя перажыванні трохі пазней, у 1919 г. Якуб Колас перадае ў XVIII раздзеле "Новай зямлі" "Зіма ў Парэччы":
Далёка я ад межаў родных
Сярод людзей, душой халодных
I сэрцам чэрствых. Я гадаю,
Я родны край успамінаю...
…………………………………………..
О край мой мілы! Ўсёй душою
Хачу злучыцца я з табою...
Радкі, цытаванне якіх у сувязі з абазначаным аспектам можна працягваць, даволі паказальныя, каб зразумець, наколькі разлука з Беларуссю сказалася на мастацкім творы.

Якуб Колас
Якуб Колас. 1916 г.

Слушна заўважае Антон Адамовіч, што пачатак гэтага раздзела дае нам «паэтаву ацэну самое перажыванае ім тады савецка-польскае акупацыі Беларусі як "нягоды цяжкае", "гора, што і сягоньня, як і ўчора, як і даўней яе зьнішчае", "часу вялікага разбурэньня", "зьдзеку, што чалавек – зьвер чалавеку так чыніць злосна, неўспагадна" – безь якога-небудзь вырозьнення ўва ўсім гэтым акупантаў польскіх ад савецкіх ды абодвух – ад іхных папярэднікаў гістарычных з "учора" й нат аж з "даўней" (калі каго крыху й выдзяляецца, дык якраз людзей савецка-расейскага ізаляцыйнага навакольля аўтара, і гэта – як "людзей, душой халодных і сэрцам чэрствых"...)».

Якраз недзе тады, у 1918 – 1919 гг. (трохі пазней, чым у Я.Купалы), у паэтычнай лексіцы Я.Коласа з'яўляецца онім чужынец – перадусім адносна маскалёў. Ён кажа пра ярэм'і, «што ім ["нашаму люду", "дабрэйшаму ў свеце"] чужынцы з сваякамі / Уздзець маніліся даўно, / І засланялі ім вякамі / Ад свету белага вакно...» ("Я кожан год свой дзень радзінаў...", 22.10.1918); разважае пра тое, што "час праходзіць, жыццё гінe / Ў талачэчы на чужыне / За кавалак хлеба..." ("На чужыне", 22.10.1919), Роўна праз год у роздумах на тую ж тэматыку (традыцыйна для дня народзінаў падсумоўваць яшчэ адзін год зямнога шляху чалавека) паэт працягвае метадычна прамаўляць: "Бо сярод чужаніц, / Неўспагадных дурніц, / Сілу марне трачу..." ("Ну, якіх жа прыгод…” 22.10.1920).

У кантэксце такіх перажыванняў, такога ўспрымання рэчаіснасці ўзмацненне грамадзянскіх, нават яскрава палітычных матываў у творчасці Якуба Коласа выглядае арганічным. Найбольш экспрэсіўна яны выплеснуліся ва ўступе да III раздзела паэмы "Сымон-музыка" (канец 1917 г.). Пачынае паэт з экскурсу ў мінулае:
З двух бакоў айцы дубінай
Заганялі нас у рай.
Кроў лілася ручаямі,
Здрада чорная расла,
Што папамі і ксяндзамі
Ў сэрцы кінута была.
Якуб Колас нагадвае, што "тут схадзілісь ўсе плямёны / спорку сілаю канчаць", швед "набытак наш паліў", пасля панска-каталіцкай польскай экспансіі "маскаль тут самачынна / гвалт над намі ўтварыў, / і без жалю капытамі / конь казацкі тут ступаў". Ад імя народа Я.Колас заяўляе:
Толькі ж, брацце, край не згінуў,
He пагнуўся яго стан.
I із нас душы не вынуў
Hi маскаль, ні польскі пан.
Уладзімір Конан пісаў: «Настаўнік Кастусь Міцкевіч жыў далёка ад роднай Беларусі. Але здалёк бачыў яе драматычнае ўзыходжанне да дзяржаўнай незалежнасці. Беларусь 25 сакавіка 1918 года абвясціла сваю незалежнасць. Пасля перажыла нямецкую, польскую, урэшце – бальшавіцкую акупацыю. Падзеі гэтыя леглі ў аснову сюжэтаў трагікамедыі Янкі Купалы "Тутэйшыя". Заключныя раздзелы першай рэдакцыі паэмы "Сымон Музыка" – гэта рамантычнае, мастацкае ўвасабленне трагічнай незавершанасці дзяржаўнага адраджэння Бацькаўшчыны ад нанесеных ёй цяжкіх ранаў, сімвалічна пазначаных непрытомнасцю і смерцю Ганны, кашмарным сном і адчаем Сымона. Але паэт дае ім шанец на ўваскрэсенне і чарговае прабуджэнне для новага, свабоднага і творчага жыцця».

"Увесь гэты згустак квінтэсенцыі нацыянальнага адраджэнства, пададзены на працягу няпоўнае сотні вершаваных радкоў, у высокім і моцным тоне нябывалага лірычнага патасу запраўды ўнікальны ў Коласа, дый наагул няшмат роўнага сабе мае ў цэлай адраджэнскай паэзіі". Згаджаючыся з выказваннем Антона Адамовіча, аспрэчым меркаванне, быццам для нацыянальна-адраджэнскага пасажу Я.Коласа не было матывацыі. Ранейшыя перажыванні паэта, адкрыццё Расіі як чужыны, а расіян як татараў, маскалёў (а не братоў-славян), надзвычайная настальгія – вершы "Гусі" (22.09.1916), "Палессе" (1916), "Ой, скажы мне, вецер вольны..." (1917), "Год за годам уцякае..." (22.10.1919) і іншыя – спрычыніліся да выспявання Коласа-нацыяналіста. Яго зварот да мінулага ў той час не мог не азначаць і надзённай пазіцыі паэта, скіраванай супраць гаспадарання суседзяў, чужынцаў на Беларусі. Паэт хацеў бачыць Радзіму вольнай.

Такім чынам, чужына не толькі паглыбіла тугу паэта па Айчыне, але і развіла яго грамадзянскую свядомасць у нацыянальны бок, што ў значнай меры адбілася на творчасці.

Прыезд на Беларусь у 1921 г. не прынёс чаканай радасці. Па-першае, родны кут заставаўся па заходні бок мяжы, якая падзяліла Беларусь. Па-другое, за часы ваеннага "блукання" і жыцця на Куршчыне Я.Колас сфарміраваўся ў непахіснага патрыёта і грамадзяніна Беларусі, яе дзяржаўніка, а часам нават нацыяналіста. Арганізаваная бальшавікамі дзяржаўнасць Беларусі на савецкай аснове не апраўдала надзей паэта. Таму яго настальгія развілася ў смутак па няздзейсненай мары. Абвастрыліся і сыноўскія перажыванні (на Стаўпеччыне засталася маці, і паэту не было наканавана яе пабачыць). Жыццёвыя ўзрушэнні выліваліся ў вершы, раздзелы геніяльнай паэмы "Новая зямля". Пры іншых абставінах (без зняволення, доўгай дарогі дадому і душэўнага драматызму пасля вяртання на раздзёртую Радзіму) твор стаў бы зусім іншым.

У 1921 – 1923 гг. створаны 17 (з 30) раздзелаў "энцыклапедыі беларускага сялянства" (Алесь Адамовіч). Паводле назіранняў Антона Адамовіча, у гэтых раздзелах, напісаных ужо ў Савецкай Беларусі, выпады супраць сучаснасці асабліва вострыя: «Гэтак, у разьдзеле XVI (1922) знаходзім абураную філіпіку супраць спраўцаў Рыскага падзелу Беларусі, бяз вырозьненьня сярод іх бальшавікоў ды палякаў, праўда, толькі з крыху меншай вайстрынёй і выразнасьцяй, чымся ў крыху ранейшым лірычным вершы таго ж Коласа "Беларускаму люду"». Паэт адчувае сваё перабыванне пад Саветамі, як пад "варожай пятою" (выраз з апошняга раздзела "Новай зямлі", 1922 – пач. 1923 г.), дэкларуе, што "нявіднымі ніцямі" "моцна-моцна звязан" з "малюнкамі роднае краіны", хоць і зараслі "пуцявіны / У гэты мілы мой куточак".

Паэт праклінае "вусны, рукі", якія на "мілы край адвечнай мукі... ланцуг кавалі / Iў твар зняважліва плявалі!" (пераклічка з вершам "Родныя малюнкі"), разам з тым выказвае надзею, "што хоць не мы, дык нашы дзеці / Убачаць цэльным цябе ў свеце!"

Такім чынам, відаць, што паэмы "Новая зямля" і "Сымон-музыка" ўзгадаваны на глебе расстання аўтара з родным куточкам. Турма абудзіла і запачаткавала іх. "Разлука з краем" – ваенныя блуканні, жыццё "сярод чужаніц" – развілі, разгарнулі напісанне паэм. Яны створаныя пад знакам настальгіі і завершаныя ўжо на Беларусі, калі такі блізкі родны кут заставаўся па-ранейшаму недасягальным.

Кожны геній фарміруецца дзякуючы як агульным, аб'ектыўным чыннікам, так і індывідуальным. Ёсць у нараджэнні Паэта штось невытлумачальнае, ірацыянальнае. Аднак можна казаць і пра крыніцы, якія жывілі патэнцыял таленту, стваралі ўмовы для раскрыцця творчай асобы.

Родны кут падсілкоўвае кожнага творцу, і ў кожнага ён адметны. Для беларускага песняра "сонцам свяціла Наднямонне".

Любоў да маці – чалавека, з якога пачынаецца адкрыццё сусвету, – фарміруе кожнага з нас. Геній Якуба Коласа максімальна ўвабраў мудрасць і дабрыню сваёй маці, непісьменнай сялянкі.

Адметнае ў лёсе Якуба Коласа – унёсак у выхаванне малога Костуся дзядзькі Антося, кнігалюба і цудоўнага апавядальніка; сустрэча семінарыста Костуся Міцкевіча з выдатным педагогам Фядотам Кудрынскім, які падштурхнуў вучня да беларускамоўнай стыхіі; турэмнае зняволенне маладога настаўніка і бунтара, шматгадовая адарванасць ад Радзімы, што абвастрыла любоў да яе, каталізавала натхненне, нават акрэсліла найбольш плённы перыяд у творчасці, у выніку чаго нарадзіліся такія высокія паэмы, як "Новая зямля" і "Сымон-музыка".
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (23.11.2012) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 9242 | Тэгі: Анатоль Трафімчык, Якуб Колас, Літаратурная Ганцаўшчына | Рэйтынг: 5.0/8
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.