Пятніца, 19.04.2024, 15:34

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Задубенскія птушкалюбы
Браты Міхаіл і Кірыл Сідарэвічы з вёскі Задуб'е Ганцавіцкага раёна — памочнікі на незвычайнай птушынай ферме. Акрамя паштовых галубоў і беласнежных лебедзяў, на вясковым падворку сабрана ўнікальная калекцыя экзатычных птушак.

Задубье, Задуб'е

...У руках іх бацькі, Сяргея Харытонавіча, пабывалі ўсе птушкі, якія гняздуюцца ў Беларусі. І глушцы з цецерукамі, дзятлы і шчыглы, снегіры і сычы, каршуны — нават чорны бусел і белая чапля. Прасцей пералічыць крылатых насельнікаў, якія яму яшчэ не сустрэліся. Ён — непераўзыдзены майстар-птушкалоў. Злавіць птушку для яго, прасцей не бывае.

— З маленства "лаваў" — на мясцовы манер кажа Сяргей. Дзякуючы Сідарэвічу некаторыя беларускія заапаркі могуць пахваліцца багатай птушынай калекцыяй. Гэтае дзіцячае захапленне крочыць з ім па жыцці і далей, чым бы Сідарэвіч ні займаўся і дзе б ён ні працаваў. Але з цягам часу забавы маленства перараслі ў сапраўднае птушынае хобі, і ў вёсцы Задуб'е з'явіўся экзатычны заапарк. Цяпер Сяргей — сацыяльны работнік, даглядае адзінокіх аднавяскоўцаў. Свая сям'я ў яго вялікая — чацвёра дзяцей. Любімая газета ў сям'і — "Звязда". Адным словам, падстаў сустрэцца з задуб'еўскім птушкалюбам аказалася больш чым дастаткова.

Задубье, Задуб'е

Беларускіх птушак Сідарэвічу было мала, і ён завёў страусаў, паўлінаў і фазанаў, "пасяліў" на падворку в'етнамскіх свіней і кітайскіх качак. Летам суседзі прынеслі маленькую казульку, каб выхадзіў. Падсадзіў да казы Белкі, у якой былі свае казляняты, і цяпер жывёлы неразлучныя. У агародзе на сажалцы гняздуюцца лебедзі і нават не адлятаюць зімою. Але страусы пражылі нядоўга — толькі тры гады. Сяргей адмовіўся трымаць гэтых птушак.

Задубье, Задуб'е

— Страусіны самец быў вельмі агрэсіўны, ламаў агароджу і ўцякаў з двара. Я баяўся, каб ён не пабіў каго з вяскоўцаў і перавёз птушак да фермера пад Баранавічамі.

Сідарэвіч хацеў займацца агратурызмам, але для гэтага патрэбны добрыя грашовыя ўкладанні. А адкуль яны ў сацыяльнага работніка? Каб прымаць людзей, неабходна стварыць самыя неабходныя ўмовы для пражывання. Сяргей гэтую ідэю не адмятае, але і не развівае яе. Быццам чакае больш спрыяльнага часу. Можа, калі сыны падрастуць? Ён чуў, што ў раёне ўжо створаны турыстычны маршрут: ГанцавічыЛюсіна (мясціны Якуба Коласа) — Задуб'е (птушыная ферма) — лясныя азёры. На думку Сяргея, ідэя гэтая нядрэнная, але і ў раёне павінны дбаць, каб яна нарэшце запрацавала. Грошы, якія ў Сяргея з'яўляюцца, ён траціць на набыццё новых відаў птушак, на корм.

— На зіму маёй птушынай гаспадарцы трэба не менш чым тры тоны зерня, — удакладняе гаспадар. Ён нават дакладна не ведае, колькі ў яго сёння на падворку птушак.

— Ніколі не лічыў, бо гэта для мяне неістотна. А вось птушыных вальераў (Сяргей пачынае загінаць пальцы) — атрымліваецца дванаццаць.

Задубье, Задуб'е
Срэбны фазад

Яшчэ ён спрабуе пералічыць сваіх фазанаў: каралеўскі, срэбны, лімонны, залаты, румынскі, паляўнічы. Не кожны заапарк можа пахваліцца гэткай фазанавай калекцыяй. Птушкі нятанныя, але грошай на іх Сідарэвіч не шкадуе, бо сапраўды ёсць на што паглядзець і чаму здзівіцца. Расфарбоўкі ў гэтых птушак проста неверагодныя. Нават фанабэрысты сіне-перламутравы паўлін у параўнанні з імі не выклікае вялікай цікавасці. Нядаўна завёў кітайскую качку — мандарынку. Зноў жа купіўся на незвычайную расфарбоўку.

Задубье, Задуб'е
Качка-мандарынка

Гусі, куры, качкі, хоць яны таксама нетутэйшага паходжання, на фоне заморскай ярка-стракатай экзотыкі не падаюцца такімі цікавымі. Што казаць пра паштовых галубоў, лебедзяў і процьму лясных птушачак. Але на гусака-казарку гаспадар не мог не звярнуць увагі:

— Гэта ахова майго падвор'я. Калі ў курачак ці качак, напрыклад, з'яўляецца маладняк, казарка выконвае ролю вартаўніка і кіруе парадкам. Хацеў бы да пары набыць яшчэ і гуску, але вельмі дарагая птушка, і таму мая казарка халасцякуе.

Задубье, Задуб'е

Карова, конь, козы і авечкі, трусы і парсючкі — жывёлы, без якіх сялянская гаспадарка нібы несапраўдная. На заапаркавым падворку Сідарэвічаў у іх роля малапрыкметная, быццам бы пабочная. Але ж з ёю клопатаў не менш, калі не больш. І клопат гэты — усёй сям'і: жонкі Алы — начальніка Задуб'еўскага паштовага аддзялення, сыноў Мішы і Жэнькі, дарэчы навучэнцаў ПТВ будаўнікоў, якія кожныя выхадныя прыязджаюць да бацькоў. І самага меншага — шасцігадовага Кірыла, якому налета ў школу.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (23.01.2011) | Аўтар: Анатоль КЛЯШЧУК-"Звязда" W
Праглядаў: 1978 | Тэгі: Задуб'е, Ганцевичский район, Задубье, Ганцавіцкі раён | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.