Чацвер, 28.03.2024, 12:44

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Зямля, пацалаваная Богам
Расцягнуўшыся амаль на сем кіламетраў, захінуўшыся залацістым кілімам бярозавага гаю, стаіць на ганцавіцкай зямлі самабытная, працавітая і песенная вёска з мілагучнаю назвай Малькавічы. У атачэнні шматлікіх балот, што цягнуцца на кіламетры, некранутая прырода малькавіцкай зямлі зачароўвае з першага погляду, назаўсёды заварожвае сваёй сціплай прыгажосцю і загадкавасцю. Нездарма кажуць, што зямля гэтая Богам пацалаваная і людзі, што жывуць і шчыруюць на гэтай зямлі, маюць высакародную душу і добрае сэрца. Не верыце, тады завітайце ў Малькавічы і ўсё ўбачыце на ўласныя вочы.

Таямнiца сiвых валуноў

Да нашага часу шмат таямніц і загадак тоіць у недрах сваіх малькавіцкая зямля. Паводле гістарычных звестак Малькавічы - вёска адносна маладая, і буйны рост яе звязаны з будаўніцтвам Палескай чыгункі, што злучала Лунінец з Баранавічамі. У кнізе "Памяць" Ганцавіцкага раёна пазначана, што "Малькавічы вядомы з пачатку ХІХ стагоддзя як сяло Хатыніцкай воласці Пінскага павета Мінскай губерні". Аднак, улічваючы, што ў ваколіцах Малькавіч ляжаць помнікі археалогіі – курганныя могільнікі, можна меркаваць, што гісторыя вёскі бярэ свой пачатак у сівой даўніне. Малькавічы складаюцца з дзвюх частак. У адной – жывуць прыезджыя з Расіі, Украіны і нават Латвіі. Таму і прозвішчы тут распаўсюджаны не мясцовыя: Вараб’ёў, Малышаў, Аляксандраў, Ротэнберг. У другой частцы, якая носіць назву пасёлак, пражываюць тутэйшыя. Дарэчы, Малькавічы маюць два чыгуначныя прыпынкі: станцыю Малькавічы і прыпынак Маладзёжны. 

Ёсць у Малькавічах унікальнае месца, таямніца якого, на жаль, не раскрыта да нашага часу. Непадалеку ад вёскі стаіць невысокі курган, які ўвесь усыпаны каменнем ды валунамі, што абраслі мхом, пачарнелі ад сонечных промняў ды халодных дажджоў. Лічыцца, што гэта старажытнаславянскае пахаванне, якому каля васьмі стагоддзяў. Зачароўваюць сівыя валуны, многія з якіх пазначаны загадкаванымі надпісамі ды знакамі. Каменні цыліндрычнай формы чымсьці нагадваюць паганскія ахвярнікі. На жаль, пакуль дэталёвых даследаванняў камянёў не праводзілася, а самі надпісы не расшыфраваныя. І дарэчы, з’яўленне такіх камянёў даволі не характэрна для палескай балоцістай мясцовасці. Давялося звярнуцца да старажылаў вёскі, якія, пэўна, усё ж такі нешта чулі і, мажліва, ведаюць пра загадкавыя россыпы камянёў.

Малькавічы, Мальковичи
Адзін з надмагільных камянёў на старых закрытых могілках

- Памятаю, што ў дзяцінстве часцяком бегалі на гэты курган, - расказвае 86-гадовая Вольга Іванаўна Занька. – Каб паглядзець на камень, след на якім пакінула Маці Божая. Колісь пытала ў мацеры, адкуль тыя камяні ўзяліся. Дык яна мне расказала цікавую легенду, чула якую яшчэ ад сваёй бабкі. Кажуць, што даўно тое было, нібыта яшчэ да патопу. Стаяла на тым месцы царква. Потым храм знік, сышоў пад ваду, а нібыта замест яго з’явіліся вялікія і малыя камяні. З гэтага месца і пайшоў пачатак нашай вёскі. Потым здарыўся вялікі пажар, вёска дашчэнту выгарала. Легенда гаворыць, што Багародзіца з дзіцяткам на руках уцякала ад таго агню і пакінула на адным з камняў адбітак сваёй ножкі

Хочаце - верце, хочаце – не. Але сапраўды, на аднам з камняў старшыня Малькавіцкага сельвыканкама Ніна Паўлаўна Буйкевіч паказала адбітак малюсенькай ножкі. 

- Планую добраўпарадкаваць гэты курган з загадкавымі валунамі, - дзеліцца думкамі старшыня. – Хочацца абнесці яго агароджай, захаваць гэтую мясціну некранутай. Думаю, што навукоўцы з цягам часу ўсе ж такі разгадаюць, аб чым гаворыць нам гэтае каменне.

Клопаты старшынi

Клопатаў у старшыні Малькавіцкага сельвыканкама Ніны Паўлаўны хапае. Тэрыторыя сельскага Савета не маленькая. Толькі ў Малькавічах пражывае амаль паўтары тысячы чалавек, налічваецца ў вёсцы 23 вуліцы. Усюды павінен быць парадак. Таму, як прызнаецца сама Ніна Паўлаўна, яна не кабінетны чалавек. Любіць бываць сярод вяскоўцаў, заўсёды цікавіцца іх думкамі ды праблемамі.

- У бліжэйшы час, пакуль яшчэ не выпаў снег, мяркуем правесці суботнік, будзем прыбіраць могілкі, - расказвае старшыня. – Нашы людзі - малайцы, заўсёды адклікаюцца, дапамагаюць наводзіць чысціню ды парадак у вёсцы.

Надзейныя памочнікі Ніны Паўлаўны - стараста Мікалай Хілюціч і старшыня камісіі па барацьбе з п’янствам Генадзь Занька. Ніна Паўлаўна са злоснымі ўжывальнікамі спіртнога не цырымоніцца.

- У нас пастаянна сумесна з сацыяльнымі службамі, супрацоўнікамі міліцыі, інспекцыі па справах непаўналетніх праводзяцца адкрытыя пасяджэнні. Абавязкова запрашаюцца нядобранадзейныя сем’і, з якімі праводзім прафілактычную работу. Зрэшты, толькі за тры апошнія гады 4 сям’і сябе рэабілітавалі, пакінуўшы ўжываць спіртныя напоі, і вярнуліся да нармальнага ладу жыцця.

Малькавічы, Мальковичи
Свята-Мікалаеўская царква

Ніна Паўлаўна - цудоўная гаспадыня, якая не толькі добра спраўляецца з дзяржаўнымі справамі, а і знаходзіць сілы і час, каб яшчэ займацца ўласнай гаспадаркай.

- Не разумею тых гаспадынь, якія лянуюцца трымаць карову на падворку, - прызнаецца Ніна Паўлаўна. 

А яшчэ старшыня цудоўна валодае роднай мовай, любіць чытаць прозу і вершы беларускіх аўтараў. Метавіта з лёгкай рукі Ніны Паўлаўны рэгістрацыя шлюбаў у Малькавіцкім сельвыканкаме адбываецца на беларускай мове, захоўваючы традыцыі нашах продкаў. Маладыя, што бяруць шлюб, ступаюць на бялюткі ручнічок, вышыты рукамі нявесты, а не купляюць яго ў краме ці на базары.

50 гадоў у радасцi ды згодзе

Падворак Канстанціна і Кацярыны Васілевіч лічыцца адным з лепшых у вёсцы. Дагледжаны дворык яшчэ радуе фарбамі позніх хрызантэм. У наступным годзе Канстанцін Піліпавіч і Кацярына Данілаўна адзначаць залатое вяселле. Ім нават не верыцца, што амаль паўвека жывуць разам, а здаецца, што яшчэ зусім нядаўна пазнаёміліся. Аб пражытых у любові ды згодзе гадах шчаслівага сямейнага жыцця нагадваюць дарослыя дзеці ды ўнукі. Назіраючы за мужам і жонкай, міжволі адзначаю, з якім замілаваннем і цяплом адносіцца да сваей другой палавінкі Канстанцін Піліпавіч.

- Як давялося захаваць і пранесці праз гады, якія былі зусім нялёгкімі, свежасць пачуццяў? - пытаюся ў гаспадароў.

Крышачку засаромеўшыся, Кацярына Данілаўна проста адказвае:

- Напэўна, трэба навучыцца ўступаць адзін аднаму, паважаць і цаніць блізкага чалавека, з якім звёў лёс.

Гэтым сакрэтам сямейнага шчасця і кіраваліся ўсё жыццё Канстанцін і Кацярына Васілевіч. Яны і зараз робяць усю работу разам, не дзеляць справы на мужчынскія і жаночыя. Разам ідуць у чарніцы, збіраюць журавіны і грыбы, на якія тутэйшыя мясціны на дзіва багатыя.

Чараўнiца-рукадзельнiца

- Знаёмцеся, гэта яшчэ адзін мой незаменны памочнік, мастацкі кіраўнік самадзейнага калектыву "Вясёлка” Ларыса Хілюціч, - Ніна Паўлаўна прадстаўляе мне прыгожую жанчыну, што, ветліва ўсміхаючыся, запрашае ў свой дом.

Ларыса Антонаўна незвычайная жанчына. Працуе яна медыцынскай сястрой у мясцовай бальніцы, а яшчэ цудоўна спявае, іграе на трубе, барабане, бубянцах, займаецца вышыўкай ды вязаннем.

- Любоў да музыкі, напэўна, перадалася з генамі бацькі, - усміхаючыся, гаворыць Ларыса Антонаўна. – А вось голас - ад маці, якая спявала прыгожыя напеўныя беларускія песні. Майстэрствам вышыўкі авалодала самастойна, калі знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку. І вось ужо 26 гадоў, як толькі надарыцца вольная хвілінка, бяру ў рукі пяльцы.

Ларыса Антонаўна сапраўдная чараўніца-рукадзель-ніца. На дзіва тонкай і далікатнай работы ў яе атрымоўваюцца ручнікі, якія яна потым дорыць сваім блізкім і сябрам. Вышывае толькі крыжыкам.

- Спрабавала гладзю, але не спадабалася, не маё гэта, - прызнаецца майстрыха.

Зараз Ларыса Антонаўна вышывае вялікі дыван, памерам два на тры метры. Паказвае сваю работу. Нават не верыцца, што такую прыгажосць можна стварыць уласнымі рукамі.

Малькавічы, Мальковичи
Помнік землякам, загінуўшым у Вялікую Айчынную вайну

Драўляных спраў майстар

Напэўна няма ў Малькавічах ніводнага дома, у якім не стаялі б вокны, дзверы, не дыхала б цяплом печка, зробленыя рукамі малькавіцкага бондара і печніка Адама Ануфрыевіча Занькі. Колькі перарабіў за свае 83 гады жыцця бочак, кадак, кубельцаў, дзежак, грабель, Адам Ануфрыевіч не пералічыць. Нават зараз у свае немаладыя гады ён не сядзіць без працы: то печ вырашыў новую паставіць, то па гаспадарцы завіхаецца, дапамагае дачцэ Валянціне, якая пасля смерці маці пакінула гарадскія выгоды і вярнулася да бацькі, у вёску. Час ад часу бондар скардзіцца на здароўе: астма даймае. Але ж нават зараз ніколі не адмаўляе сваім землякам, якія папросяць дзядулю што-небудзь змайстраваць. Не можа Адам Ануфрыевіч без працы, нудзіцца. Дзядуля павольна, абапіраючыся на кій, тупае ў павець. Неўзабаве дастае адтуль драўляную кадку, маслабойку, у якой атрымоўваецца смачнае масла. Жартуе, што калісьці майстраваў, а цяпер гэтыя рэчы ўжо не ў пашане, хіба што ў музей здаць. Майстэрства бацькі пераняў сын Аляксандр, які часта наведваецца ў родныя мясціны. Развітваемся з мясцовым майстрам, не забыўшы пажадаць дзядулі здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

Над Малькавічамі сонца распусціла свае залацістыя косы. Загарэлася золатам лістота на бярозах і ўсё наваколле заіскрылася фарбамі позняга бабінага лета. За травінку зачапілася павуцінка. Не, не павуцінка, а як кажуць у народзе, то пража Маткі Боскай, якая калісьці сваёй лёгкай хадой прайшла па тутэйшых мясцінах.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (16.12.2011) | Аўтар: Кацярына БУРЫК - газета Заря
Праглядаў: 3123 | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.