Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход | RSS | Серада, 27.09.2023, 04:50 | ||||||||||||||||||||||||||||||||
МАЛЬКАВІЧЫГалоўная »МАЛЬКАВІЧЫ (Мальковичи - русс.) — вёска, цэнтр Малькавіцкага с/с, на аўтадарозе Ганцавічы — Лунінец, за 26 км на паўднёвы ўсход ад раённага цэнтра горада Ганцавічы. Чыгуначная станцыя на лініі Лунінец — Баранавічы. 586 двароў, 1393 жыхароў (14.10.2009 г.), на сакавік 2015 год 1224 жыхары. Уезд у населены пункт з боку вёскі Ліпск Уезд у населены пункт з боку вёскі Задуб'е Уезд у населены пункт з боку Лунінецкага раёна Вядома з XVI ст. як сяло ў шляхецкай уласнасці ў Новагародскім ваяводстве ВКЛ. У пачатку ХІХ ст. — сяло Хатыніцкай воласці Пінскага павета Мінскай губерні. У 1835 г. тут дзейнічала праваслаўная царква. У 1879 г. — цэнтр праваслаўнага прыхода, да былі прыпісаны, апрача Малькавіч, суседнія вёскі Люсіна і Ліпск. Прыход налічваў 1100 вернікаў (548 душ мужчынскага, 552 — жаночага полу). Амаль для кожнай сям'і былі ўласцівы такія промыслы, як ткацтва, прадзенне, збор грыбоў, ягад, лоўля рыбы і ракаў, якімі была багата тутэйшая мясцовасць. Малькавіцкай царкве ў 1879 г. належала каля 50 дзесяцін зямлі, у тым ліку 2,5 дзесяціны прысядзібнай, 30 ворнай, 13 сенакоснай. 30.12.1884 г. пачаўся рух на лініі Вільня — Лунінец, працавала чыгуначная станцыя. На пачатку ХХ ст. былі вядомы сяло і чыгуначная станцыя Малькавічы на лініі Лунінец — Баранавічы (пры станцыі 3 двары, 59 жыхароў). Са станцыі Малькавічы штогод адпраўлялася каля 100 тыс. пудоў лясных грузаў. Чыгунка садзейнічала развіццю сяла, росту яго насельніцтва. У лістападзе 1917 г. была ўстаноўлена савецкая ўлада. У 1918 г. акупіраваны германскімі войскамі, з сакавіка 1919 г. — войскамі Польшчы. У пачатку 1919 г. і ліпені — жніўні 1920 г. аднаўлялася савецкая ўлада. З сакавіка 1921 г. ў складзе Польшчы. На верасень 1921 г. пад назвай Малькавічы ў Хатыніцкай гміне Лунінецкага павета Палескага ваяводства, існавалі тры самастойныя населеныя пункты: вёска (167 дамоў, 883 жыхары), калонія (18 дамоў 105 жыхароў) і фальварак (1 дом, 6 жыхароў). З 1939 г. ў складзе БССР, вёска. У 1940 г. — 320 двароў, 2186 жыхароў, працавалі лесапільны завод, амбулаторыя, радзільны дом, аддзяленне сувязі, няпоўная сярэдняя школа. З 12.10.1940 г. Малькавічы — цэнтр Малькавіцкага с/с Ганцавіцкага раёна Пінскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 г. да 08.07.1944 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 10.08.1941 г. каля чыгуначнай станцыі гітлераўскімі карнікамі былі расстраляны актывісты сельсавета: А.Ф.Дворак, А.Ф. і М.Ф. Лянкевічы, А.Н.Мыслівец, М.К.Страх, Л.П. Якубук. У студзені 1944 г. ў раёне Малькавіч партызанская брыгада імя Леніна Пінскага злучэння вяла баі з карнікамі. З 08.01.1954 г. ў Брэсцкай вобласці. Паводле перапісу 1959 г. — вёска (997 жыхароў) і пасёлак (1002 жыхары). З 25.12.1962 г. да 30.07.1966 г. ў Лунінецкім раёне. Паводле перапісу 1970 г. ў вёсцы 1235 жыхароў у пасёлку — 935. У 1972 г. ў вёсцы 305 гаспадарак, 1304 жыхары. Пазней пасёлак зліўся з вёскай. Прадуктовы магазін Цэнтральны магазін Забудова вёскі нагадвае ў плане вялікую дугу — яе паўночная частка (былы пасёлак), арыентаваная з паўночнага захаду на ўсход, раскінулася па абодва бакі чыгункі (і чыгуначнай станцыі), заходняй ускраінай выходзячы за аўтадарогу Ганцавічы — Лунінец; усходняя частка, выцягнутая з поўначы на поўдзень, на поўдні зноў пераходзіць чыгунку і шашу за якой адасоблена раскінулася паўднёва-заходняя частка, арыентаваная сваёй асноўнай вуліцай з усходу на паўднёвы захад. Будынак сельвыканкама Малітоўны дом Сельскі клуб Бібліятэка-музей Свята-Мікалаеўская царква Будынак дзіцячага садка Будынак бальніцы За 1 км на паўночны ўсход ад вёскі, па дарозе на Ліпск, ва ўрочышчы Града знаходзіцца археалагічны помнік — курганны могільнік, які мае 5 насыпаў. Яго выявіў у 1960 г. Ю.В. Кухарэнка. Курганны могільнік належаў дрыгавічам, датуецца Х — ХІІ ст. Раскапаны адзін курган, у якім знойдзены літы сярэбраны і шкляны браслеты, бронзавае вісочнае кальцо з падвескамі і 2 гліняныя пласціны. Знаходкі захоўваюцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі. Другі археалагічны помнік — курганны могільнік ёсць ва ўрочышчы Нежыбока, за 8 км на паўночны ўсход ад вёскі, каля дарогі на Ліпск. Ён мае 3 насыпы. Выявіў і абследаваў у 1981 г. М.Ф. Гурын. Раскопкі не праводзіліся. ![]() Крыж на месцы, дзе знаходзіўся касцёл ![]() Памятны знак ва ўрочышчы Града на месцы растрэла мясцовага яўрэйскага насельніцтва На тэрыторыі Малькавіцкага с/с знаходзяцца вёскі: Малькавічы, Ліпск, Задуб'е. Да 1973 г. існаваў хутар Запрапасць, да 1975 г. — хутар Рубань.
Падрыхтавана паводле кнігі Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2006.
|
|