Пятніца, 19.04.2024, 08:24

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Зямное і вечнае (частка другая)
Не будзе перабольшаннем сказаць, што ўсё ж найбольш ярка талент В.Гардзея раскрыўся ў паэзіі. Адметныя задаткі яго праявіліся ўжо ў першай кнізе «Касавіца» (1975). Акурат з гэтага зборніка і пачалося стварэнне В.Гардзеем свайго паэтычнага свету, у якім заўсёды ёсць месца спаконвечным матывам дабра, справядлівасці, лучнасці з бацькоўскай зямлёй, любасці да блізкіх людзей.

Дый інакш і быць не можа, калі прытрымлівацца паэзіі традыцыйнай, а яна ж — ад самой зямлі ідзе. Яна ўбірае ў сябе жыватворныя вытокі крыніц і яна ж напаўняецца жыццядайнымі промнямі сонца. Цяжка ў такім разе часам сказаць нешта сваё, новае. Але ж на тое і талент, каб, прабіўшыся скрозь звыклае, раскрыцца нерушавасцю, непаўторнасцю. Пры гэтым спрацоўвае зусім не сама тэма, а тое, як пададзена і як раскрыта яна. Таму і тое, пра што гаварылася неаднойчы, пры тым іншымі аўтарамі, калі яно прапушчана праз светаўспрыманне па-сапраўднаму самабытнага мастака, пазбаўляецца другаснасці. На паверхню выходзіць толькі сваё — самабытнае, ад чаго хораша і светла становіцца на душы.

Прыклад таму — хоць бы верш — «Начное неба»:
Вылежвалася днём, няйначай,
Яно, нібы папар, і ўжо
Маладзічок у хмарках скача,
Як па няўдобіцы плужок.

Па ім прыціхлы вечар сее
Мільёны год мільёны зор.
Начное неба, — як засевак,
Дзе ні абмежкаў, ні разор.

Маладзічок лязо не сплюшчыць,
Арэ ўсё неба, як папар,
Затым яшчэ і поўня лушчыць
Пасля яго палянкі хмар.
Чым бліжэй судакранаўся з паэзіяй В.Гардзея (а ў 1983 годзе, калі паэт пачаў працаваць у рэдакцыі часопіса «Беларусь», што тады знаходзілася ў суседнім калідоры з «ЛіМам» адбылося і наша асабістае знаёмства), тым больш станавілася на душы не толькі радасна ад ягоных вершаў, але і неяк прыкра. Правільней, сорамна з-за сваіх калег-крытыкаў, якія, надта ж налаўчыўшыся складваць розныя «абоймы», чамусьці «забыліся» знайсці ў іх месца В. Гардзею. І зусім не таму, каб некага не прапусціць, кагосьці не пакрыўдзіць. Зусім не. Ён жа па праву заслугоўвае павышанай увагі да сябе. Хоць, калі разабрацца, і крытыкаў у нечым можна зразумець. Яны ж людзі жывыя і ў сваім часе кожны жыў, але лепей жылося, калі называліся тыя, каго, па неафіцыйнай завядзёнцы трэба было называць. Толькі, светлай яму памяці, Варлен Бечык у сваіх дзённікавых запісах тройчы згадваў яго, захапляючыся ягонай паэзіяй. На жаль, напісаць пра яе не паспеў, заўчасна пайшоў з жыцця.

Аднак факт застаецца фактам: у нас ёсць такі цудоўны паэт, імя якога Віктар Гардзей. І, апроч названых кніжак, варта згадаць іншыя, што таксама напісаны ім таленавіта, адметна — «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988), «Дзікая пчала» (1994)... Апошняя з іх цікавая тым, што ў яе ўвайшлі не толькі новыя на той час творы, а і ранейшыя, што па розных прычынах у папярэднія зборнікі не маглі патрапіць.

Віктар Гардзей, Узрушэнне
Вокладка кнігі "Узрушэнне"

Самыя раннія датаваны 1961 годам, напісаны па сутнасці зусім яшчэ хлапчуком. Але ў іх не толькі шчырасць, што суседнічае з пэўнай наіўнасцю. У іх ёсць і іншае, больш важнае — тое, чаго не стае сённяшнім паэтам-дэбютантам — непасрэднасці, умення ўспрымаць рэчаіснасць вобразна, так, што і на адлегласці часу нельга не радавацца таленту іх аўтара, які пачаў раскрывацца так рана.

Узяць хоць бы верш «Баравікі». Радок лёгкі, так і хочацца сказаць — бязважкі, але гэтая лёгкасць падманлівая, бо відавочна такая вобразная насычанасць, якая па сіле далёка не кожнаму сталаму аўтару. Усё, як быццам, на адным дыханні, але як шмат сказана! Так і бачыш наяву, як «Парой маладзіковай // Аж пруць баравікі». Далей жа яшчэ большая насычанасць паэтычнага малюнка: «А месяц на ўзыходзе, // І вечары святлей. // Вунь выплыў — паглядае // Бычок-маладзічок // І рожкамі бадае // Хмурынку пад бачок».

Шмат свежасці, светласці ў гэтых ранніх вершах В.Гардзея. Той свежасці і светласці, што цягам часу не губляецца, не растрачваецца, бо ўсё гэта не проста аднойчы прамоўленае, а выказанае тады, калі не ставала сіл, каб устрымацца і не пачаць давяраць свае думкі і пачуцці паперы. У рэшце рэшт, такая і ўся паэзія В.Гардзея. Ён не «вымучвае» свае вершы, калі абавязкова хочацца штосьці напісаць. Ён жыве імі. Яны па сутнасці плоць ад плоці яго самога — рамантыка і летуценніка, які і з гадамі не растрачвае гэтых якасцей. Хіба што ў нечым пачынае быць больш разважлівым, у чымсьці засяроджаным, а ў нечым сумным — такое жыццё і ад гэтага нікуды не дзенешся.

Праўдзіва сказаў пра В.Гардзея самабытны паэт і празаік, ягоны старэйшы сябра Мікола Купрэеў: «Знешне традыцыйныя, простыя па форме, вершы яго кранаюць сэрцы чытачоў глыбокім пачуццём, свежым радком, эмацыянальным паэтычным вобразам, які зелянее травой і лісцем, шуміць маем, сінее небам, грыміць добрым громам над роднай зямлёй. Добра, хораша жыць у паэтычным свеце Віктара Гардзея:
Вось і дождж, і гром з-за гаю —
Можна жыць на поўны ўздых.
Словы праўды я шукаю
На палетках яравых.

За жыццё, што не пражыта,
За цяпло, што дзень прынёс,
Будзе заўтрашняе жыта
Хвалявацца ўскрай нябёс».
Віктар Гардзей — з тых паэтаў, творчасць якіх ад кнігі да кнігі становіцца ўсё больш дасканалай. Зразумела, гэта не значыць, што ў чарговым зборніку ўсе вершы аднолькава высокай мастацкай якасці. Мастакоўскі працэс — з’ява такая, калі нешта ўдаецца лепш, нешта — горш. Але ў дачыненні да В.Гардзея правільным будзе сцвярджэнне, што кожны ягоны верш па сутнасці адкрыццё. Асабліва цяпер, калі аўтар набыў ужо высокае майстэрства, трымае планку мастацкасці на такой значнай вышыні, дасягнуць якой не можа шмат хто нават з прызнаных. Гэта засведчыў апошні па часе выдання арыгінальны паэтычны зборнік В.Гардзея «Межань», які так спадабаўся М. Купрэеву, з якога і ўзяты ім вышэй прыведзены ўрывак.

Віктар Гардзей, Межань

Кніга «Межань» — той выпадак, калі дастаткова аднаго верша, каб яна загучала, бо ён успрымаецца як свайго роду запеўка да іншых твораў, прадвызначае тэматычную скіраванасць усёй кнігі. Такі верш у гэтым зборніку — «Жніўныя зарніцы». У ім адразу кідаецца ў вочы эпічная напоўненасць радка. І гэта пры тым, што сам твор — лірычны:
Здаецца, хтось запалкамі зачыркаў,
І цемра ўжо трапеча ў абшары,
І жыта ў цішыні чароўнай зыбкай
Азорваюць зарніцы-хлебазары.
Роздум аўтара настолькі па-філасофску заглыблены, што на невялікай паэтычнай прасторы паэту ўдаецца выказаць вельмі шмат. Ад малюнка самой прыроды В.Гардзей пераходзіць да асэнсавання часу, а калі шырэй — да спасціжэння паняцця вечнасці ў паяднанасці ўчарашняга, сённяшняга і будучага. Лірычны герой, захоплены непаўторнасцю прыроды, адчуваючы сябе часцінкай яе, адначасова — не чужы, не старонні ўсяму, што адбываецца на зямлі: «Мне зразумелы гул вякоў далёкі, // Адкрыты мне жывой прыроды тайны».

Паступова ўзрастае жаданне не проста быць часцінкай прыроды, а і адчуваць сябе часткай зямнога космасу:
Зарніцы ў жыце лашчацца і ціха
Грамы гуляюць дзесьці самапасам.
У гэты міг душа, што знала ліха,
Гатова зліцца з вечнасцю і часам.
Паэтычны малюнак спакваля становіцца больш аб’ёмным. Адначасова ён набывае тую канкрэтыку, калі кожнае прамоўленае слова не толькі звяно ў шэрагу іншых, але само па сабе надзіва шмат убірае ў сябе. У заключных строфах эпічнасць малюнка настолькі відавочная, што прыкмячаеш, як паэт выступае ў ролі першаадкрывальніка. Паэт здолеў у тэме не такой і новай, якраз убачыць новае, яшчэ не раскрытае і не прамоўленае:
Шалеюць сполахі над нівай з краю.
Цякуць хвіліны, каб застацца ў зерні.
Іду ў сутонь, і проста назіраю
Нябесных сіл таемны бляск вячэрні.

Адтуль, з вякоў, чуваць, як мелюць жорны.
Хай будзе хлеб! І чыстыя крыніцы!
Відаць, таму начамі ў жнівень зорны
Аж давідна трывожацца зарніцы.
Таму і спыняешся на вершы «Жніўныя зарніцы», бо гэты твор сімптаматычны для ўсёй сённяшняй творчасці В. Гардзея. Пра што б ні пісаў ён, паэтычны малюнак настолькі зрокава ўспрымальны, які ён можа быць толькі на жывапісным палатне таленавітага мастака. А гэта, вядома, найперш сведчанне таленту, але разам з тым нельга забываць, што паэзія В.Гардзея, як ужо адзначалася, — традыцыйная ў сваёй аснове, ці, інакш кажучы, яна належыць да класічнай плыні.

Паэт далёкі ад эксперыментатарства, яго не вабіць мастакоўская мудрагелістасць і вобразная рэбусавасць. І ў гэтым добра праяўляецца блізкасць В.Гардзея да самой народнай стыхіі. Ніхто не збіраецца, канечне, адмаўляць права паэта на пошук новых выяўленчых сродкаў, але не будзем забываць, што беларускай паэзіі больш уласцівы традыцыяналізм. У асобе В.Гардзея нацыянальная паэзія мае свайго годнага прадаўжальніка.

Паэт уступіў у тую часіну свайго жыцця і творчасці, калі з’яўляецца не толькі жаданне падсумаваць назапашанае, а і глыбей і далей зазірнуць у таямніцы жыцця. Чытаючы «Межань», заўважаеш: В.Гардзей, нязменна застаючыся традыцыяналістам, пашырае жанравыя магчымасці і межы сваёй паэзіі. Адбываецца па сутнасці свайго роду абнаўленне. Усё лепшае, набытае на працягу не аднаго дзесятка гадоў плённай працы ў літаратуры, вядома ж, застаецца, але адначасова яно робіцца і стартавай пляцоўкай, з якой пачынаецца выхад на новыя творчыя прасцягі.

Невыпадкова ў выдавецкай анатацыі было заяўлена: «У паэтычным зборніку «Межань», які ствараўся на самай высокай ноце хвалявання і ўзрушэння чалавечага духу, моцна адчуваецца «сум імпрэсій неўтаймоўных», «горыч сімвалаў святых». Але суб’ектыўнага погляду на жыццё тут няма, што цалкам ламае рамкі традыцыйных уяўленняў пра літаратурныя плыні. Мімалётныя ўражанні і настрой паэта перапоўнены смуткам і болем, выкліканымі як суровай рэчаіснасцю, так і жорсткімі абставінамі ўласнага лёсу».

Не лішне нагадаць і пра само паходжанне назвы гэтай кнігі. Межанем у прыродзе называюць той летні час, калі ў выніку моцнай гарачыні паўсюдна на рэках і азёрах назіраецца стаянне нізкіх узроўняў вады.

Толькі гэта часовая з’ява: «Вады сезоннае стаянне, // Ды межань пройдзе, і знутры // Рака ўзарве слаты дыханне // І зноў закруцяцца віры». Так і ў жыцці кожнага чалавека бываюць спады і ўзлёты, песімістычны настрой змяняецца аптымістычным. Зразумела, што падобная зменлівасць у жыцці, настроі не можа не выклікаць і адпаведныя матывы ў творчасці. А чым больш жывеш, тым і настрой часцей мяняецца, бо, на жаль, у жыцці не адны светлыя палосы. Таму і ў кнізе «Межань», у параўнанні з папярэднымі зборнікамі, куды больш тугі, самотнасці.

Асабліва калі гэта звязана з душэўнай неўладкаванасцю. У тым ліку і таму, што лірычны герой паэта — так званы гараджанін першага пакалення. І гэтым ён мала чым адрозніваецца ад многіх іншых. Тым не менш адрозненне ўсё ж ёсць. Развітаўшыся з вёскай, знайшоўшы сталае прыстанішча ў тлумным горадзе, ён не толькі адчувае сябе ў ім шмат у чым чужым. Яго, перад усім іншым, пастаянна гняце віна за тое, што ў свой час ён як быццам здрадзіў «малой радзіме», пакінуў яе, шукаючы лепшае месца ў жыцці.

Тэма таксама не новая, але ў вершах В.Гардзея яна гучыць па-свойму. Дасягаецца гэта найперш дзякуючы высокаму майстэрству паэта, таму, што ўсё напісанае ім — уласна-перажытае, выпакутаванае. Вёска для паэта — скарбніца яго лепшых дзён. Як і ўся прырода роднае аселіцы: «За вёску іду, як у храм». Роднай вёсцы ў «Межані» ён прысвяціў шмат якія вершы. І хоць яна не праходзіць пад сваёй назвай, але выразна праглядваецца. Пішацца пра ўсё не толькі з любоўю, прамаўляецца яшчэ і з болем усведамлення незваротнасці страчанага. Але гэты асабісты боль лірычнага героя, дзякуючы глыбокаму пранікненню ў сутнасць з’явы, становіцца і болем кожнага з нас:
Каб не пабег я рана-раным
За вёску і яшчэ далей,
Дык не хадзіў бы знерваваным
І жыў бы, можа, весялей.

Не азіраўся б я праз далі
І не хадзіў бы сам не свой,
Каб так шалёна не свісталі
Шпакі ў тым ранку за смугой.
Аднак і замілаванне паэта — таксама частка замілавання кожнага, хто любіць вёску, зямлю, беларускую прыроду ў яе нерушавасці. Любіць у розную пару года, а ў кнізе В.Гардзея хораша, па-гардзееўску замілавана апяваюцца зіма і вясна, лета і восень, ва ўсёй іх першароднай чысціні. Гэтая еднасць — ад простых, народных ісцін, а яны ў тым, што ўсё на зямлі ўзаемазвязана.

Але сённяшняе ягонае ўспрыманне ўжо не тое, якім было раней. Многае змянілася, змяніўся і сам лірычны герой:
У лясах, што аж да небакраю,
Нехта тут блукае ўжо другі.
Стану я на выспе — пагукаю
Сам сябе, вясёлага, з імгі.
Дае аб сабе знаць і іншая, балючая нота. І не толькі таму, што ў родных мясцінах дасюль адчувальны чарнобыльскі прысмак. Прысутнічае і асабісты боль, ад якога нікуды не дзенешся, не схаваешся. Таму і нараджаюцца творы драматычнага зместу, з трагічнай падсветкай:
Чаму ж так? Гляджу вінавата.
Лёс вырваў з пагляду майго
І сына-салдата, і брата,
І брата яшчэ аднаго.
Ды паэт на тое і паэт, што ў стане ўзвысіцца, каб разважаць і пра жыццё ўвогуле, і пра смерць як заканамернае завяршэнне зямнога існавання чалавека. Пры гэтым ён ідзе найперш ад асабістага, прамаўляючы вуснамі лірычнага героя:
Вунь Харона чаўны. І — бязмоўе.
Кінуў лёс пакаленні на тлум.
У бяроз, як і ў нас, белакроўе,
І няма прасвятлення для дум.
Але ён дасягае і той высновы, якая дазваляе зразумець, што жыццё бясконцае ў сваёй хадзе, і кожны, хто жыве, павінен напоўніцу радавацца яму, ведаючы, што наперадзе чакае штосьці новае, яшчэ нязведанае і неспазнанае.

Паэт знаходзіць у сабе сілы пераадолець песімізм, душэўную адзіноту, таму ягоны лірычны герой спяшаецца жыць, дзяліцца сваімі вялікімі і малымі радасцямі. Гэта асабліва добра відаць па вершах, у якіх апяваецца прырода, што аднолькавая ў сваім харастве ў розныя поры года. Удыхаючы гэтае хараство на поўныя грудзі, пачынаеш упэўнівацца ў тым, што сам ты таксама жывая часцінка гэтага вялікага хараства: «Разумею: я патрэбен // Полю шэраму ў вясне. // Момант ісціны, што ў хлебе, // Па жыцці вядзе мяне».

Відавочна: В.Гардзей сёння адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў сучаснага сярэдняга пакалення ў беларускай паэзіі, якое неўзабаве стане старэйшым. Па-зямному хораша і ўсцешна ў храме ягонай паэзіі, дзе гэтак лёгка кладзецца радок да радка. А там, дзе сапраўдны талент, няма неабходнасці кідацца ў марнае эксперыментатарства. Проста пішы, як думаеш, і цябе зразумеюць:
Весялей і лягчэй, і суцішней —
Штось жывое чуваць ля вакон.
То душа, прытварыўшыся вішняй,
Мой трывожны падсвечвае сон.

Думаў, знікла — не вернеш бяглянку,
І тады стане млосна зусім,
Але бачу, прачнуўшыся ўранку,
Як святлее ў пакоі маім.
Разам з тым, В.Гардзей валодае і яшчэ адной якасцю, важнай для любога пісьменніка — назіральнасцю. Праходзіць прамежак часу (у залежнасці ад значнасці назіранняў — меншы, ці большы) і нараджаецца чарговы твор. Так з’явіўся і гэты верш — адзін з лепшых не толькі ў «Межані», а і ва ўсёй творчасці паэта:
Азалела чырвань на каліне,
Ды і дождж ужо не грыбасей.
Сёння з болем у пралётным кліне
Налічыў я толькі сем гусей.
У адным са сваіх вершаў, змешчаных у зборніку «Касавіца», малады на той час паэт прызнаваўся:
І заўсёды ў выраі не блізкім
Ёсць патрэба бачыць родны дом:
Да зямлі сваёй хілюся нізка
Ластаўкай перад дажджом.
Гэты выраз — «Ёсць патрэба бачыць родны дом» у дачыненні да В.Гардзея набывае сёння больш значны і больш шырокі сэнс. У жыцці і творчасці пісьменніка прысутнічае патрэба пастаянна бачыць родную Беларусь — Беларусь, як той дом, у якім жыць усім нам разам. І які будаваць супольна. У меру таленту кожнага. Што і робіць упэўнена паэт, празаік, дзіцячы пісьменнік, перакладчык В.Гардзей.

Я ж заўсёды, калі бяру ў рукі ягоную кнігу — найчасцей з «дарослай» паэзіі, бо часам хочацца прачытаць што-небудзь для душы, не-не ды ўспомню той жнівеньскі, на самым зыходзе лета дзень, калі жыхары Малых Круговічаў так радасна і гэтак урачыста віталі свайго земляка з ягоным паўвекавым юбілеем. Менавіта з паўвекавым юбілеем, а не з 50-годдзем, тым самым ставячыся да В.Гардзея з асаблівай пашанай. Яны, у пераважнай большасці сваёй простыя людзі, разумелі, што «-годдзі» праходзяць і адыходзяць, а паўвека — гэта не проста ўзроставы рубеж, а як бы тая кладка, па якой, ступіўшы ўпэўнена, што і зрабіў В.Гардзей, можна рухацца гэтаксама ўпэўнена і далей, каб напаткаць свой векавы юбілей.

Віктар Гардзей, Трыадзінства
Вокладка кнігі "Трыадзіснтва"

Прадбачу пярэчанне скептыкаў. Бач ты, куды «загнуў»! Каму гэта ўдаецца столькі пражыць? Яно і сапраўды так. Як у той вядомай песні: «на земле мы живем не вечно». Ды толькі гэта тычыцца простых смяротных. У паэтаў жа, асабліва ў творцаў гэткага вялікага і жыццядайнага таленту, якім валодае В.Гардзей — сваё жыццё. Такое жыццё, што не паддаецца законам прыроды. А таму ім і наканавана вечнасць, паколькі вечна жыць на зямлі паэзіі. Асабліва той, што збіраецца пад вокладкай унікальнай літаратурнай бібліятэкі «Залатое пяро», а яна ж хутка папоўніцца кнігай В.Гардзея «Трыадзінства». Золата ж ніколі не блякне, яно з гадамі набывае яшчэ большую прывабнасць і становіцца больш каштоўным.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (23.09.2011) | Аўтар: Алесь МАРЦІНОВІЧ
Праглядаў: 2964 | Тэгі: Літаратурная Ганцаўшчына, Алесь Марціновіч, Віктар Гардзей, Малыя Круговічы | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.