Субота, 27.07.2024, 02:55

БЕНІЦКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ

Галоўная »
БЕНІЦКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ размяшчаецца на вясковай плошчы вёскі Беніца Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці.


Пабудаваны ў 1701—04 гг. з цэглы па фундацыі трокскага кашталяна Міхаіла Казіміра Коцела; асвячоны віленскім біскупам К.К.Бжастоўскім. Касцёл быў перададзены бернардзінцам, якія па фундацыі таго ж Коцела змуравалі побач двухпавярховы жылы кляштарны корпус і акаймавалі тэрыторыю мураванай агароджай з брамай. У 1780 — 1842 гг. пры кляштары існавала школа і брацтва Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. 3 канца 18 ст. касцёл стаў парафіяльным, у 1851 г. кляштар скасаваны, у 1866 г. касцёл перароблены пад царкву, а жылы корпус пасля 1863 г. зруйнаваны. У 1919 г. касцёл вернуты католікам, у 1948 г. закрыты. 3 1988 г. ў стане рэстаўрацыі.


Манументальны храм вырашаны ў стылі сталага барока. Выцягнуты неф завершаны пяціграннай апсідай. Крылы трансепта надаюць магутнаму будынку крыжовую планіровачную форму, завершаную над сяродкрыжжам васьмігранным светлавым барабанам са сферычным купалам, увенчаным гранёным шатровым ліхтаром. Другі магутны прасторава-пластычны акцэнт створаны на галоўным фасадзе, плоскасць якога выходзіць за межы асноўнага аб'ёму храма за кошт бакавых чатырохгранных вежаў. Іх верхнія складаныя па малюнку ярусы з шатровымі купалкамі і фігурны франтон паміж імі надаюць франтальнаму боку храма маляўнічы сілуэт і дынамічны руху вышыню. Святлоценявую рытміку фасадаў ствараюць лапаткі, аб'яднаныя прафіляваным карнізам над імі, высока узнятыя лучковыя аконныя праёмы. Крылы трансепта завершаны франтонамі, крапаванымі нішамі-экседрамі і люкарнамі. Для мастацка-стылявой характарыстыкі помніка вызначальным з'яўляецца прыўнясенне ў дэкор пілястраў стылізаваных вінаградных гронак.

Інтэр'ер мае складаную прасторавую кампазіцыю: у вышынную падкупальную прастору сяродкрыжжа шырокімі і магутнымі арачнымі прасветамі адкрываюцца гранёная апсіда, капліцы трансепта, нартэкс і сам працяглы неф з галерэяй хораў, перакрыты цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках. Скульптурна-арнаментальнае, каларыстычнае багацце алтарнага дэкору ў стылі ракако было парушана ў час рэканструкцыі 1866 г. Часткова захаваліся тры стукавыя надмагіллі рода Коцелаў. У сутарэннях касцёла былі сямейныя склепы Коцелаў і Швыкоўскіх.

Па восі касцёла размешчана брама, якая ўваходзіла ў мураваную агароджу (часткова захавалася з заходняга боку), таксама барочнага вырашэння: чатырохслуповая кампазіцыя з крывалінейным франтонам.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 53
Гасцей: 53
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.