Субота, 27.07.2024, 03:59

БРАСЛАЎСКІ КАСЦЁЛ НАРАДЖЭННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ

Галоўная »
БРАСЛАЎСКІ КАСЦЁЛ НАРАДЖЭННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ размяшчаецца ў горадзе Браслаў Віцебскай вобласці каля старажытнага замчышча. Мураваны храм пабудаваны ў 1824 г., у 1897 г. капітальна перабудаваны. У 1950 г. закрыты і прызначаны пад склад. У 1967 г. адкрыты і адноўлены.


Каля Замкавай гары на гандлёвай плошчы некалі існаваў драўляны касцёл, які, паводле мясцовага падання, быў злучаны з ёй патаемным падземным ходам. Першы віленскі ваявода Манівід (памёр каля 1424 г.) з дазволу вялікага князя Вітаўта залажыў у Браславе касцёл Маці Божай і фундаваў на яго «зямлю ворную і борці з сенажацямі, азёрамі і людзьмі... і дзесяціну з пашаў браслаўскіх і опескіх... і карчму ў месце браслаўскім... і возера Цно... і прыклаў яшчэ дзесяціну з дрысвяцкага двара і Обалі». У канцы 15 ст. пры намесніку браслаўскім Юрыю Зяновічу (памёру 1499 г.) «з Божага дапушчэння касцёл той згарэў». Паводле інвентару 1554 г., на вул. Вялікай уздоўж воз. Дрывяты стаялі касцёл і кляштар. Чарговы храм быў спалены 11.05.1794 г. падчас зaxoпy Браслава расійскім войскам; на працягу 30 гадоў набажэнствы адбываліся ў пуні.

Помнік архітэктуры неараманскага стылю. Трохнефавая базіліка. Падоўжаны прамавугольны ў плане аб'ём накрыты двухсхільным дахам. Сілуэт галоўнага фасада фарміруюць вуглавыя пінаклі са шпілямі і высунутая наперад ярусная шатровая вежа-званіца, да якой вядзе выкладзеная з буйных вапняковых блокаў лесвіца. Элементы архітэктурнай пластыкі — пінаклі, арачны партал бакавога і галоўнага ўваходаў (над ім — біфорыум і арачнае акно), падкарнізная аркатура, ступеньчатыя контрфорсы. Круглыя люкарны і разеткі вымураваны чырвонай цэглай, якая ў спалучэнні з ружовым бутавым каменем стварае цёплую каларыстычную гаму. У муроўцы сцен выкарыстаны мясцовы прыём так званай браслаўскай мазаікі (запаўненне швоў бутавай муроўкі дробным шчэбнем).


Зала асветлена высокімі бакавымі арачнымі аконнымі праёмамі, алтарная частка — вялікім круглым акном-ружай. Стылізаваны пад барока драўляны алтар вырашаны ўзнятым на высокі пастамент чатырохкалонным порцікам з крапаваным антаблементам, дэкарыраваны пазалочанай арнаментальнай разьбой па дрэве ў выглядзе аканта. У цэнтры алтара абраз Маці Божай Браслаўскай, паміж канелюраванымі калонамі — скульптуры апосталаў. Твор разьбярскага мастацтва — амбон. На хорах устаноўлены арган. У касцёле шануецца абраз «Багародзіца», які, паводле падання, захаваўся пасля пажару 1832 г., што знішчыў манастыр базыльян на востраве возера Неспіш.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 36
Гасцей: 36
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.