Панядзелак, 29.04.2024, 15:13

«ДУДУТКІ»

Галоўная »
«ДУДУТКІ» — недзяржаўны музейны комплекс старажытных народных рамёстваў і тэхналогій. Знаходзіцца за 40 км ад Мінска, каля в.Пціч Пухавіцкага раёна на месцы былой сядзібы роду Ельскіх. Заснаваны 04.10.1994 г. выдавецкай фірмай «Паліфакт» як гандлёва-вытворчае прыватнае унітарнае прадпрыемства. Музейным комплексам кіраваў Я.Д.Будзінас. З 1994 г. кіраўнік музея — Т.І.Станкевіч. З 1998 г. дырэктар комплексу В.Я.Сарока.

Дудуткі

Асноўны фонд музейнага комплексу (2008) налічвае больш за 2000 адзінак захоўвання, дапаможны — 300 адзінак. Займае агульную плошчу 200 га.

Уключае экспазіцыйныя і выставачныя залы музея матэрыяльнай культуры, працуючыя кузню, ганчарную і рэстаўрацыйныя майстэрні, дрэваапрацоўчы цэх, пякарню, сыраварню, мукамольны цэх (вятрак), пчальнік, стайню, жывёлагадоўчую ферму, корчмы, невялікі заезны дом і славянскі бровар з арыгінальнымі хатнімі напіткамі. Ёсць таксама этнаграфічная галерэя, дзе экспануюцца прадметы сялянскага побыту, сельскагаспадарчая тэхніка 19 — пачатку 20 ст. Прадпрыемства ўтрымлівае коней англа-будзёнаўскай, араба-тракененскай, арлоўскай, кустанайскай, латышскай парод. Наведвальнікаў вучаць ездзіць вярхом, запрагаць фаэтон, шарабан, сані-розвальні. У заасадзе ўтрымліваюцца каровы, бычкі, авечкі, козы, свінні, дзікі і іншыя звяры, птушкі (дэкаратыўныя і хатнія куры, качкі, гусі, індыкі, галубы, афрыканскія страусы). Комплекс займаецца і раслінаводствам — штогод засяваюць 37 га аўсом, жытам, рапсам, кармавымі культурамі, што ідуць на ўнутраныя патрэбы. Для прыгатавання традыцыйных страў у кавярні і корчмах выкарыстоўваюцца капуста, агуркі, буракі, морква, часнок, зеляніна з уласнага агароду.

У музеі 2 выставачныя залы. Першая адкрыта ў 2001 г. У ёй створаны экспазіцыі, прысвечаныя развіццю рамёстваў і промыслаў у Беларусі, перш за ўсё ткацтва. Адлюстраваны працэсы вытворчасці і тэхнічнай апрацоўкі лёну, вырабу льнянога валакна, нітак, даматканага палатна, ручнікоў, посцілак, абрусоў, дываноў. Тут жа прадстаўлены калекцыйны збор адзення, абутку, тканых паясоў, галаўных убораў, прывезеных з вёсак у час экспедыцый. Экспазіцыі маюць раздзелы ў адпаведнасці з напрамкамі работы цэхаў і майстэрняў музея. Таксама прадстаўлены раздзел па гісторыі стварэння прадпрыемства «Паліфакт» як заснавальніка музея. Асобае месца адведзена мемарыяльнаму кутку роду Ельскіх — уладальнікаў гэтай зямлі ў 19 ст., дзе змешчаны фатаграфіі членаў сям'і з альбома, якія перадала музею прапраўнучка А.Ельскага Г.Завідская з Варшавы. Ёсць таксама копіі літаратурных прац А.Ельскага з Ягелонскай бібліятэкі г.Кракаў і нотныя зборнікі музычных твораў сям'і Ельскіх. У другой зале прадстаўлены працы майстроў музея, дыпломныя і курсавыя работы студэнтаў факультэтаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ВНУ Мінска. На тэрыторыі музейнага комплексу ў 2008 г. пабудаваны праваслаўны храм у гонар святога прарока Іаана Хрысціцеля. У комплексе жадаючыя могуць прыняць удзел у працэсе вытворчасці: вырабіць і абпаліць гаршчок, выкаваць падкову або качаргу, збіць масла, сплесці з саломы сувенір, а таксама пракаціцца фурманам у конным экіпажы, узараць участак зямлі, пакасіць траву, падаіць карову або казу і інш.

Музей праводзіць экскурсіі, фэсты старасвецкай культуры, спаборніцтвы майстроў Беларусі «Залатая падкова», «Мелодыі гліны», конкурс выцінанкі «Ажурныя фантазіі», святы народнага календара — Каляд, Масленіцы, Гукання вясны, Зажынак, Дажынак і інш. Арганізуюцца вернісажы сумесна з Саюзам мастакоў Беларусі, літаратурныя чытанні з саюзамі пісьменнікаў і журналістаў Беларусі, музычныя вечары старадаўняй музыкі — з Беларускай капэлай і іншыя мерапрыемствы.

Адрас: 222845, в.Пціч, Пухавіцкі раён, Мінская вобласць
Тэл.: Тел.: +375-1713-307-47; +375-1713-725-25 (факс)
Сайт: www.dudutki.by
Крыніца: Музеі Беларусі Музеи Беларуси / [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў,
Л.В. Календа, М.Г. Нікіцін]. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. - 559 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [145]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.