Пятніца, 26.04.2024, 08:25

ГАРБАРСТВА

Галоўная »
ГАРБАРСТВА – рамяство па вырабу скур для пашыву абутку. Сыравінай служылі скуры рагатай жывёлы (быкоў, цялят, кароў-ялавак, авечак, коз), зрэдку коней, свіней. Сырыя скуры кансервавалі метадам салення (мокрасалення, сухасалення) і сушэння. Для мокрасалёнай кансервацыі бахтарму (мяздру) пасыпалі соллю або пагружалі скуру ў канцэнтраваны раствор солі. Пры сухасалёным метадзе скуру пасля засолкі сушылі, пры прэснасухім – сушылі без засолкі. Традыцыйная тэхніка вырабу скур уключала падрыхтоўчыя аперацыі (мачэнне, заленне, мяздрэнне, ачыстка ад шэрсці, абяззольванне, квашанне), дубленне і апрацоўку. Усе аперацыі праводзіліся ўручную. Мачылі скуры ў рацэ або ў чанах (драўляных бочках), потым апрацоўвалі водным растворам попелу і вапны. Са скур ачышчалі шэрсць і мяздру звычайнай касой ці нажамі з адной ці дзвюма ручкамі (скобля, струг) на калодзе (пласе, кабылцы) – нахіленай паўкруглай дошцы. Адна- і двухручныя прылады вядомы са старажытнасці (беларускімі археолагамі знойдзены нож – тупік 12 ст.).

Атрыманы паўфабрыкат – галлё – абяззольвалі, каб скура не была ломкай, цвёрдай. Для гэтага яе старанна паласкалі ў вадзе, "квасілі" ў водным растворы вотруб’я або мукі (аўсянай, жытняй, пшанічнай, ячнай), кухоннай солі. У народнай практыцы часта квашанне адсутнічала, а на Палессі замест залення практыкавалі "паценне" ў гноі. Дубленне скуры праводзілася, каб яна стала вільгаценепранікальнай, мяккай, эластычнай (для верху абутку) або, наадварот, цвёрдай, каб не стоптвалася (для падэшвы).

Апрацоўка скур уключала фарбаванне, пакрыццё тлушчам ("жыроўка"), глянцаванне (лашчэнне), струганне, мяцце. У 19 ст. на Беларусі для фарбавання юхты ў чорны колер ужывалі жалезны купарвас, брызэль, чорны сандал, а саф’ян, акрамя купарвасу, фарбавалі яшчэ цындрай (жалезнае пілаванне), індыга і інш. У якасці тлушчу выкарыстоўвалі бярозавы дзёгаць, алей, ялавічны тлушч, ворвань. Падэшвенную скуру не тлушчылі і не фарбавалі. Прасушаную пасля тлушчэння скуру стругалі (апрацоўвалі мяздру). Потым яе мялі, выкачвалі, глянцавалі драўлянымі качалкамі з нарэзамі, каткамі, бялянам. Гатовыя скуры адрозніваліся па гатунках: юхт (скура для верху абутку), падэшвенная, апойка (скура з цяляці – сысунка), саф’ян (мяккая скура з казліных, цялячых, авечых скур), замша (авечая ці аленевая скура без верхняга пласта), лайка (з авечых скур). Юхт і апойку выраблялі белага, шэрага і чорнага колераў, саф’ян – часцей каляровы (чырвоны, жоўты, зялёны, чорны).

Гарбарства было пашырана пераважна ў мястэчках і гарадах, а з сярэдзіны 19 ст. – і ў вёсках, калі заможныя сяляне пачалі шыць скураны абутак. У канцы 19 – пачатку 20 ст. гарбарная вытворчасць развівалася як фабрычна – заводская і саматужная (апошняя пераважала). Тыповымі былі невялікія гарбарні, у якіх працавалі гаспадар з 2 – 4 рабочымі або членамі сям’і. Для вясковых майстроў гарбарства – дапаможны занятак. Пашырана было амаль ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Найбольшымі цэнтрамі гарбарства былі Гродна, Мір, Ліда, Пружаны, Кобрын, Ашмяны, Смаргонь, Віцебск, Полацк, Лепель, Усвяты, Магілёў, Шклоў, Крычаў, Клімавічы, Давыд-Гарадок, Тураў, Петрыкаў, Слуцк, Мазыр, Брагін, Рэчыца. Высокай якасцю славіліся магілёўскія і мазырскія скуры, якія карысталіся вялікім попытам і за межамі Беларусі.

У 1920–40-я г. саматужнае гарбарства было забаронена. У 1950-я г. кааператыўна-прамысловыя арцелі рэарганізаваны ў дзяржаўныя прадпрыемствы.

Цяпер скуры для абутку вырабляюць буйныя спецыялізаваныя прадпрыемствы. У гарбарнай вытворчасці выкарыстоўваюць рацыянальныя элементы народнага вопыту, а тэхналагічны працэс апрацоўкі скуры захоўвае ўсе асноўныя традыцыйныя аперацыі; аперацыі залення вапнай, дублення дрэвавай карой і некаторыя іншыя амаль не змяніліся.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.