Чацвер, 18.04.2024, 16:31

ГРОДЗЕНСКІ КАСЦЁЛ МАЦІ БОЖАЙ АНЁЛЬСКАЙ І КЛЯШТАР ФРАНЦЫСКАНЦАЎ

Галоўная »
ГРОДЗЕНСКІ КАСЦЁЛ МАЦІ БОЖАЙ АНЁЛЬСКАЙ І КЛЯШТАР ФРАНЦЫСКАНЦАЎ размяшчаецца ў горадзе Гродна на вуліцы Гагарына, на процілеглым ад гістарычнага цэнтра Гродна левым пакатым беразе Нёмана (Занёманскі фарштат).


Заснаваны ў 1635 г. па фундацыі віленскага кашталяна і віцебскага ваяводы Я.Курча і яго жонкі Сюзанны.13.4.1639 г. каралём Уладзіславам IV кляштару выдадзена даравальная грамата на валоданне фальваркам Панямунь. Першы драўляны касцёл згадваецца ў 1675 г., мураваны — у 1700 г. У сярэдзіне 18 ст. пасля пажару кляштар адноўлены, касцёл кансекраваны ў 1744 г. ў імя Дзевы Марыі Анёльскай. Скасаваны ў 1832 г. Адлюстраваны на малюнку Н.Орды (другая палавіна 19 ст.). Кляштарны комплекс уключае касцёл, жылы корпус і браму з агароджай, што ўтвараюць замкнёны ўнутраны двор. Складаны рэльеф вызначыў асіметрычную кампазіцыю комплексу.

Кaсцёл — помнік архітэктуры барока. Трохнефавая базіліка, агульны двухсхільны чарапічны дах накрывае галоўны, закруглены ў апсіду неф; яго ўзмацняюць нізкія бакавыя нефы пад аднасхільнымі пакрыццямі. 3 боку франтальнага фасада прыбудавана магутная вежа-званіца. Галоўны фасад, які інтэрпрэтуе рымскі езуіцкі касцёл Іль Джэзу, уяўляе сабой трох'ярусную плоскасць з трохвугольным франтонам у завяршэнні і плаўнымі схіламі прамежкавага яруса, інтэнсіўнай крапоўкай пілястрамі і гарызантальнай штрыхоўкай карнізных прафіліровак. На ім выразна адзначана вось сіметрыі — размешчаныя па ярусах арачныя галоўны ўваход, ніша, вялікае акно хораў. У пластычнай распрацоўцы фасада адчуваецца дысананс — вязкі магутных і шырокіх пілястраў ніжняга яруса 17 ст. і вытанчаныя падоўжныя плоскасці верхніх ярусаў шчыльна запоўнены дэкаратыўным аздабленнем 18 ст. Познабарочную пластыку набыла і трох'ярусная з фігурным купалам званіца, формы якой пазбаўлены прамых вуглоў і геаметрычнай прамалінейнасці — усё скруглена, плаўна абмалявана, расчлянёна пілястрамі, густа штрыхаванымі карнізамі, арачнымі аконнымі праёмамі і круглымі люкарнамі. He парушылі пазнейшыя густавыя плыні бакавыя фасады і апсіду, прарэзаныя лучковымі аконнымі праёмамі, члянёныя ў прасценках парнымі лапаткамі і акаймаваныя магутнымі карнізнымі паясамі.

Інтэр'ер мае суцэльную дынамічную прасторавую кампазіцыю. Цэнтральны неф аддзелены ад бакавых шасці слупамі і перакрыты крыжовымі скляпеннямі. Бакавыя нефы раскрываюцца ў цэнтральны невялікімі арачнымі праёмамі і перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі. Пры ўваходзе хоры. У інтэр'еры сем алтароў (першая палавіна 18 — канец 19 ст.). У цэнтральны неф выходзіць разны драўляны амбон (першая палавіна 18 ст.).


Галоўны драўляны алтар выкананы ў стылі позняга барока (размалёўка пад мармур), узняты на высокі (2,3 м) пастамент-табернакль. Складаецца з двух ярусаў порцікаў, сярод каланад якіх змешчаны скульптурныя выявы святых Францішка і Антонія (унізе) і двух біскупаў (уверсе). Анёлы падтрымліваюць франтоны, упрыгожваюць іх тымпаны і прастору над імі. Фонавыя часткі алтара запоўнены накладной пазалочанай разьбой на тэму выгінаў акантавага лісця. Галоўная алтарная кампазіцыя «Ушанаванне Багародзіцы» (адзначана ў апісанні касцёла 1700 г. у «сярэбранай сукенцы аўгсбургскага выканання») займае трыумфальную арку чатырохкалоннага барочнага порціка; у цэнтры другога яруса карціна «Стыгматызацыя святога Францішка», акаймаваная авальнай разной рамай-ронда. Абедзве выяўленчыя кампазіцыі выкананы ў мяшанай паліхромнай тэхніцы жывапісу і гіпсавага гарэльефа, што стварае эфект пераходу плоскаснага фонавага выяўлення ў аб'ёмнае вонкавае. Завяршае вышыннае алтарнае збудаванне змешчаная ў люнеце скляпення гарэльефная выява «Ухваленне Марыі», над якой лунае голуб — сімвал Святога Духа. Кулісныя стукавыя алтары выкананы ў канцы 19 ст. ў стылі неабарока, але ўпрыгожаны барочнай скульптурай і карцінамі ў сярэбраных абкладах 18 ст. Барочную мастацкую трактоўку захаваў і амбон, кафедра-бутон якога традыцыйна ўпрыгожана гарэльефнымі выявамі чатырох евангелістаў, акантавымі і валютнымі выгінамі. Балдахін амбона выкананы ў выглядзе царскай кароны са скульптурай архістратыга Міхаіла, якую нясуць над кафедрай два анёлы. Мастацкай процівагай галоўнаму алтару служыць магутны арган, высока ўзняты над скляпеннем галерэяй хораў. Яго пластычная архітэктоніка, сакавітая разьба і скульптурныя постаці музычных алегорый — усё аб'яднана ў дынамічную мастацкую кампазіцыю ў стылі ракако. Шэдэўрам стылю з'яўляецца алтарная перагародка ў выглядзе трэльяжнай хваліста выгнутай сценкі, якая дэкарыравана бюстамі, вазамі, гірляндамі-косамі, фігурнымі панэлямі ў бела-бежава-залацістым каларыце. У касцёле падпісны абраз І.Міховіча за 1872 г. «Антоній з дзіцем», абразы 17—18 ст. «Маці божая Анёльская» ў сярэбранай шаце, 18—19 ст. «Маці Божая з дзіцем», абраз «Маці Божая Чанстахоўская»ў шаце другой палавіны 18 ст.

Жылы корпус — помнік архітэктуры барока. Далучаны да касцёла з паўднёвага боку. Двухпавярховы будынак асіметрычнай П-падобнай планіроўкі, што ўтварае замкнёны ўнутраны дворык, у які выходзіць абхадная па келлях скляпеністая галерэя, злучаная з паўночнай сакрысціяй храма. У паўднёва-заходнім вугле корпуса вялікая скляпеністая зала трапезнай, якая выступае знадворку самастойным аб'ёмам. Архітэктура будынка стрыманая: невялікія прамавугольныя аконныя праёмы і пілястры паміж імі ствараюць манатонны рытм. Размешчаная перад касцёлам брама вырашана ў адзінай з ім архітэктурна-стылёвай барочнай трактоўцы з ракайльным картушам над арачным праходам.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1388]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.