ЛІПНІШКАЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА КАЗІМІРАГалоўная »
ЛІПНІШКАЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА КАЗІМІРА размяшчаецца ў цэнтры вёскі Ліпнішкі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Пабудаваны ў 1910 г. Акаймаваны бутавай агароджай з трох’арачнай неагатычнай брамай. Прыход заснаваны ў 1510 (11) г. польскім каралём Жыгімонтам I Старым. Першапачаткова быў узведзены драўляны касцёл (верагодна, у імя святой Ганны), які згарэў падчас Паўночнай вайны.
У 1804 годзе па фундацыі ўладальніка мястэчка графа Гальяша (Эльяша) Безбародкі быў пабудаваны чарговы драўляны касцёл, таксама знішчаны пажарам 14.07.1890 г. (на гэтым месцы пастаўлена капліца). Будаўніцтва існуючага касцёла пачалося ў 1900 г. пры дапамозе ўладальніка мястэчка А.Вольскага з удзелам французскіх архітэктараў і польскіх будаўнікоў. Асвячоны ў 1928 г. архі біскупам Р.Ялбжыкоўскім.
Помнік архітэктуры неаготыкі. Прамавугольны ў плане будынак з трохграннай апсідай, сіметрычнымі бакавымі сакрысціямі, квадратным у плане нартэксам, над якім узвышаецца трох’ярусная ( васьмярык на двух чацверыках) вежа, завершаная спічастым шатром. Яго грані ў аснаванні прарэзаны люкарнамі ў высокіх двухгранных ліштвах з фіяламі ў завяршэнні. Вуглавымі вытанчанымі фіяламі вылучаны і верхнія ярусы вежы. Архаічны суровы характар архітэктуры надае абліцоўка фасадаў гранітнымі глыбамі-квадрамі, якім выкладзены спрошчаныя вуглавыя і прасценачныя лапаткі, стральчаты партал увахода, ліштвы аконных праёмаў, карнізы. Бакавыя фасады вылучаны па цэнтры высокімі стральчатымі ўваходнымі праёмамі, аформленымі неглыбокім рызалітам з двухгранным шчыпцом у завяршэнні. Першапачаткова дах быў накрыты чарапіцай і меў на каньку над прэсбітэрыем сігнатурку.
Інтэр'ер расчлянёны слупамі на тры нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. Сцены атынкаваны і раскрапаваны падвойнымі пілястрамі, дэкарыраваны трафарэтнай арнаментыкай. У алтары абразы святога Казіміра, Марыі, Ісуса. Уздоўж сцен — скульптурныя пано на сюжэты Крыжовага шляху Хрыста. Над уваходам — хоры з неагатычным арганам.
Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.
|