Пятніца, 26.04.2024, 09:55

НАРОДНАЯ МУЗЫКА, музычны фальклор

Галоўная »
НАРОДНАЯ МУЗЫКА, музычны фальклор – песенная і інструментальная творчасць народа. Вядома ўсім народам. Творы народнай музыкі ўзнікаюць на аснове мастацкіх традыцый і адлюстроўваюць калектыўна выпрацаваныя эстэтычныя прынцыпы. Абагульняючы і зберагаючы вопыт многіх пакаленняў, народная музыка мае вялікае эстэтычнае, пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Музыкальны фальклор — аснова нацыянальнага музычнага стылю, вызначальная крыніца прафесійнай кампазітарскай музыкі і канцэртнай творчасці прафесійных і самадзейных музыкальных калектываў. Вытокі народнага музыкальнага мастацтва беларусаў у культуры старажытных усходне-славянскіх плямён: крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Вядучае месца ў беларускай музычнай культуры займае песенная творчасць, якая ахоплівае некалькі вялікіх гістарычных пластоў. Найбольш даўні пласт утвараюць песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў.

Каляндарна-земляробчыя песні прадстаўлены на Беларусі жанрамі калядных песень і шчадроўскіх, масленічных песень, вясновых песень, валачобных песень, юраўскіх песень, купальскіх песень і пятроўскіх песень, жніўных песень, яравых і льняных, восеньскіх песень (да іх прымыкаюць зімовыя песні, веснавыя і летнія карагоды, гульнявыя песні і інш.), сямейна-абрадавыя — жанрамі радзінных песень, вясельных песень, галашэнняў (да іх далучаюцца калыханкі). Змест песень характарызуецца найперш працоўнай земляробчай тэматыкай, пераплеценай з тэматыкай побыту і даўніх язычніцкіх святкаванняў, з вобразамі навакольнай прыроды (часта персаніфікаванымі).

Вобразны лад песень вызначаецца маляўнічасцю (веснавыя, калядныя, вясельныя велічальныя) або элегічнасцю, псіхалагічнаю паглыбленасцю (восеньскія, вясельныя сіраце); паэтычная абагульненасць спалучаецца ў іх з яркасцю бытавых замалёвак (жніўныя). Вызначальная рыса песень каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў — строгая прымеркаванасць да пэўнага часу ці абставін, якая раней была абумоўлена дакладнай абрадавасцю, а ў наш час падтрымліваецца традыцыяй і асацыятыўнымі сувязямі. З гэтай рысай звязана фарміраванне т. зв. напеваў групавога прымацавання — графічна сціслых, устойлівых меладычных формул, што характэрны пэўнаму жанру і абагульняюць некалькі тэкстаў (звычайна будуюцца на варыянтным паўтарэнні адной напеўкі). Пры вонкава скупых меладычных сродках яны маюць вялікую выразную сілу дзякуючы сэнсавай важкасці кожнай меладычнай дэталі, найтанчэйшаму інтанацыйнаму нюансаванню ў межах меладычнай формулы, раўназначнасці ўсіх кампанентаў музычнай мовы: уласна меладычных (ладавых і рытмічных), арнаментальных, інтанацыйна-адценневых, тэмбравых. Немалаважную ролю адыгрываюць і манера выканання, якая на працягу стагоддзяў склалася ў своеасаблівую школу галаснога спеву, і так званы «рытуальны шум» — розныя пастукванні, пабразгванні, прытанцоўванні, славесныя выкрыкі (калядныя і вясельныя песні).

Паводле характару мелодыкі напевы гэтых песень падзяляюцца на 2 тыпы. Першаму ўласцівы дэкламацыйнасць, вузкі ці сярэдні гукавы дыяпазон (тэрцыя, часта з захопам ніжняй кварты, кварта, квінта) і перыядычнасць рытмічнай структуры з акрэсленым, дакладна вытрыманым рытмічным малюнкам — рытмаформулай (калядныя, валачобныя, вясельныя, радзінныя, частка веснавых, юраўскіх, купальскіх і пятроўскіх песень). Другі тып пры дыяпазоне, звычайна не большым за квінту, вылучаецца меладычнай шырынёй з прычыны доўга працягнутых апорных гукаў ладу, унутрыскладовага распеву, гібкасці меладычнай лініі з выразнай мелізматыкай і імправізацыйнай рытмікай (напевы жніўных, значнай часткі веснавых і восеньскіх, а таксама некаторай часткі купальскіх, пятроўскіх і вясельных). У сваёй аснове песні аднагалосыя, пяюцца і ва унісонна-гетэрафоннай манеры. Выконваюць іх пераважна жанчыны (выключэнне — валачобныя песні і частка калядных).

Другі яркі і разгорнуты гісторыка-стылявы пласт народнай песнятворчасці складаюць песні, што ўзніклі ў эпоху фарміравання беларускай народнасці (14 — 16 ст.) і ў часы сялянскіх паўстанняў (16 — 18 ст.): мужчынская сацыяльная лірыка і эпас (чумацкія песні, бурлацкія песні, казацкія песні, аб ваеннных падзеях і важаках сялянскіх паўстанняў, пазней рэкруцкія і салдацкія песні), а таксама песні бытавыя, жартоўныя песні, любоўна-лірычныя. Ад песень старажытнага пласта яны адрозніваюцца непрымеркаванасцю выканання (іх спяваюць «абы калі»), прымацаваннем напеву да пэўнага тэксту і яркай індывідуалізацыяй музычна-паэтычнага вобраза. Песні сялянскай вольніцы адметныя энергіяй, размахам, любоўна-лірычныя — багаццем псіхалагічных адценняў; існуюць у мностве харавых і сольных варыянтаў. Асноўную музычна-выразную ролю адыгрывае ў іх уласна меладычны пачатак. Шырока распетыя мелодыі (найчасцей у сярэднім і вялікім дыяпазоне) вызначаюцца ўнутрана інтанацыйнымі кантрастамі і ладавай пераменнасцю, разнастайнай рытмічнай структурай і развітой песеннай строфікай. З песнямі другога пласта (мужчынскімі і жаночымі) звязана і развітое шматгалоснае спяванне (падгалосачна-поліфанічнае, найбольш пашыраная форма — спяванне з падводкай). На некаторыя фальклорныя жанры (рэвалюцыйныя гімны, салдацкія і рэкруцкія, бяседна-жартоўныя песні і інш.) паўплывала стылістыка беларускага канта. У 19 ст. склаўся новы пласт беларускай песнятворчасці, які ўключае батрацкія песні, адыходніцкія, рабочыя, рэвалюцыйныя і «літаратурныя» (на словы прафесійных паэтаў) песні, а таксама прыпеўкі-частушкі. Найбольш значную ролю адыгрывае рэвалюцыйная песня ў разнастайных жанравых праявах, у т.л. песня, для якой характэрны сацыяльная завостранасць, дынамічная напружанасць, знітаванасць з фальклорнай спадчынай эпохі сялянска-казацкіх антыфеадальных паўстанняў, драматычны маналог-заклік, песня-плакат, патэтычны гімн, песня-памфлет, балада пра рэвалюцыянера. Іх стылістыка адзначана ўплывам сялянска паўстанцкай лірыкі 16 — 18 ст., польскай рэвалюцыйнай песні гімнічнага складу (пашырылася з 1863—64 г.), украінскага і рускага дэмакратычна бытавога раманса.

Песенная творчасць беларусаў адметная разнастайнасцю і багаццем мясцовых традыцый. Яны выяўляюцца і ў перавазе пэўных песенных жанраў у пэўных этнаграфічных зонах (напрыклад, валачобных у паўночнай, калядных у паўднёвай, гульнявых песень і карагодаў ва ўсходніх раёнах) і ў мясцовай стылявой афарбоўцы агульнапашыраных жанраў, і ва ўласна меладычных асаблівасцях напеваў. Найбольш прыкметныя адрозненні паміж песенным фальклорам паўночнай і паўднёвай этнаграфічнай зон. Меладычны стыль песень паўночнай зоны (Паазер'е) вызначаецца лапідарнасцю, тэматычнай сціпласцю, перавагай адзіночнага спявання, а таксама характарам антыфоннага выканання. Паўднёвым раёнам (Палессе) уласцівы песні больш распеўнага характару, з багата арнаментаванай мелодыкай, спяванне гетэрафоннае і падгалосачнае з падводкай.

У савецкі час развіццё песеннага фальклору характарызавалася шматграннасцю форм, перапляценнем традыцыі і наватворчасці. Большасць новых песень мае светлы характар, падкрэслены спружыністым танцавальным ці маршава-гімнічным рытмам, яркасцю кульмінацый («Як крыніца цячэ», «Узышоў свецел месячык», «Вішанька»). У Заходняй Беларусі ў 1920—30-я г. гурткі, арганізаваныя Беларускай сялянска-рабочай грамадой і Таварыствам беларускай школы, прапагандавалі беларускі традыцыйны сялянскі фальклор. З разгортваннем сацыяльнага і нацыянальна-вызваленчага руху ствараліся новыя патрыятычныя і рэвалюцыйныя песні на перапрацаваныя вершы Я.Купалы («За свабоду сваю», «Гэта крык, што жыве Беларусь»), Якуба Коласа («Нёман»), Канстанцыі Буйло («Люблю наш край») і інш. Інтанацыйныя вытокі значнай іх часткі — у меласе міжнароднай рэвалюцыйнай песеннай класікі. У Вялікую Айчынную вайну нарадзіўся багаты і спецыфічны пласт сучаснага беларускага фальклору — партызанскія песні. Іх стылістыка побач са стылістыкай песень 1930-х г. моцна паўплывала на развіццё пасляваеннай беларускай народнай песнятворчасці. Асяродкамі ўзнікнення новых патрыятычных песень сталі самадзейныя харавыя калектывы. Многія песні створаны індывідуальнымі аўтарамі (П. і А.Шыдлоўскія, Т.Лапаціна, 3.Лапаціна-Пацеенка, Р.Галавасцікаў, П.Шаўко, П.Касач, І.Мацін), а потым дапрацоўваліся, шліфаваліся ў калектывах, набліжаючыся да ўзораў безыменнай народнай творчасці.

Стылістыка сучасных напеваў абумоўлена разнастайнасцю пакладзеных у іх аснову песенных жанраў, ад старажытных хаўтурных галашэнняў (яны набылі новае асэнсаванне ў Вялікую Айчынную вайну і пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) да святочных велічанняў і лірычных гімнаў.

Інструментальная музыка беларусаў характарызуецца багаццем жанраў, што абумоўлена разнастайнасцю яе жыццёва-сацыяльных функцый. У народнай практыцы выкарыстоўваюць розныя тыпы музычных інструмeнтaў. Найбольш старажытны пласт — сігнальная музыка (рытмізаваныя меладычныя звароты на адным гуку ці на паслядоўнасці некалькіх гукаў натуральнага гукарада), звязаная з магічнымі абрадамі, пастухоўскім, паляўнічым і ваеннным побытам.

Аснова рэпертуару народных інструменталістаў — песенныя і танцавальныя найгрышы, вясельныя маршы. Зафіксаваны інструментальныя імправізацыі (паводле народнай тэрміналогіі — музыка іграе «сам па сабе»), генетычна звязаныя з песняй і танцам, а таксама п'есы, якія можна аднесці да праграмных, — гукапераймальныя («Пад салаўя», «На птушыным двары») і ілюстрацыйныя (выканаўца ілюструе расказ па ходу дзеяння; пашыраны сюжэт «Цялушачка»). Народнае інструментальнае выканальніцтва бытуе ў сольнай і ансамблевай формах. У сольным выкананні песенных найгрышаў інструментальныя версіі песень характэрныя традыцыі вельмі блізкія да першакрыніцы, a тыя, што вар'іруюць адзіночныя песні (жніўныя, некаторыя восеньскія, уласна лірычныя), вылучаюцца больш актыўным развіццём. Імправізацыйны пачатак і фантазія музьікі найбольш яскрава выяўляюцца пры сольным выкананні танцавальных мелодый. Ансамблевая іх трактоўка адрозніваецца пэўнай рэгламентаванасцю і спрошчанасцю выкладання.

Аўтары: З.Я. Мажэйка, Л.С. Мухарынская, І.Дз. Назіна
Крыніца: «Беларуская энцыклапедыя»
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.