Пятніца, 29.03.2024, 09:45

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Артур Бартэльс і яго паэма «Дзяніскавічы». Замест уступнага слова да перакладу
Сёлета спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння аднаго з процьмы таленавіцейшых людзей нашага краю свайго часу – Артура Бартэльса. Яго імя, аднак, сёння нічога не гаворыць. Выключна рэдкія спецыялісты ў гуманітарыстыцы чулі пра такога. Між тым яго фігура – шматгранная. Паэт. Драматург. Нарысіст. Публіцыст. Мастак. Кампазітар. Урэшце артыст.


Апошні з указаных талентаў – эстраднага музыкі і выканаўца шансону (у нармальным значэнні гэтага жанру) – прынёс Артуру Бартэльсу прыжыццёвую славу і… спрычыніўся да забыцця пра творцу пасля яго сыходу ў лепшы свет (1885). Так, перасталі гучаць песні, што напрыканцы жыццёвага шляху А. Бартэльса паланілі Рыгу і Кракаў, – і аўтар іх застаўся толькі ў памяці сваіх сучаснікаў, якіх, натуральна, да нашага часу таксама не засталося. Нават не дапамог факт прыняцця верша "A tu jest Warszawa” А. Бартэльса ў якасці нефармальнага гімна Варшавы пасля зруйнавання горада напрыканцы Другой сусветнай вайны.

Аднак – scripta manent! Пісьмовая спадчына А. Бартэльса, магчыма, не самая багатая. Але ж і не малая: чатыры паэмы ("Deniskowicze”, 1862; "Tydzień poleski”, каля 1860; "Zimowe łowy na Litwie”, 1879; "Polowania letnie i jesienne”, 1880), 40 вершаў зборніка "Piosnki i satyry” (1888), сем п’ес (1859–1878), пяць нарысаў пра паляванне на Літве (1878–1879). Намі яшчэ не знойдзены публіцыстычныя допісы. Акрамя таго, тры альбомы графічных малюнкаў, прычым сюжэтна складзеных, з дасціпнымі каментарыямі, – іх можна расцаніць як свайго роду Graphic novel / графічны раман; плюс адзін альбом каляровых "Літоўскіх тыпаў”. Таксама ў апублікаваную і захаваную спадчыну А. Бартэльса ўваходзяць ноты з песнямі. Для вывучэння такой творчай разнастайнасці патрэбен цэлы калектыў даследчыкаў рознага профілю.

Не беручыся за вызначэнне ўзроўню работ А. Бартэльса як мастака і кампазітара, мы можам высока ацаніць яго літаратурную працу. Перадусім – паэмы. Геаграфія аповедаў у іх мае вузкую лакалізацыю. Яны засяроджваюцца галоўным чынам на лясах Клецкай ардынацыі Радзівілаў. А. Бартэльс, будучы сам заядлым паляўнічым, па-мастацку апісаў гадавы цыкл паляванняў у беларускім лесе. Як заключае расійскі тагачасны пісьменнік І. Корвін-Кучынскі, "въ былыя времена одинъ изъ лучшихъ охотниковъ на Литвѣ, онъ создалъ мало извѣстную, но цѣнную и, пожалуй, единственную въ славянской литературѣ – охотничью эпопею”. Тым самым яна становіцца адной з самых каштоўных у тагачасным кантэксце, для якога падобныя па выбары аб’екта ўвагі творы былі на працягу ХІХ ст. досыць распаўсюджаныя ў польскай літаратуры . Але ці ўздымаліся іншыя аўтары да такой ступені сістэматызацыі і абагульнення?

Каштоўнасць паэм А. Бартэльса павышаецца яшчэ і дзякуючы іх суправаджальнаму тэматычнаму спектру. Ён ахоплівае, акрамя разгляду самой тэхнікі палявання ў беларускім лесе на працягу ўсяго года, раскрыццё быту паляўнічых (апісваюцца жыллё, сталаванне, даецца псіхалагічная характарыстыка асоб і інш.), аналіз філасофіі і культуры палявання, адносіны паміж удзельнікамі палявання, а таксама апісанні беларускай прыроды. Аўтар паэм выходзіць на шырэйшыя сацыяльныя высновы.

Асаблівую ўвагу прываблівае этнаграфізм у творчасці А. Бартэльса. Акрамя паэм, тут вартыя ўвагі нарысы: "O bobrach na Litwie”, "O niedźwiedziach na Litwie”, "O wilkach litewskich i polowaniu na nich”, "Kilka słów o Polesiu, Poleszukach i o polowaniu”, "Książe wojewoda trocki”. Этнаграфізм у А. Бартэльса можна параўнаць з аналагамі ў іншых польскіх і беларускіх пісьменнікаў ХІХ ст. "Зацікаўленасць жыццём народа была ўласціва таксама і польскай літаратуры, асабліва творчасці Э. Ажэшка. <…> Этнаграфізм у Ажэшка – натуральны побытавы каларыт. Ён нясе мастацка-адлюстравальную функцыю. Быт беларускай вёскі адлюстроўваецца ў яе творах не самамэтна… а як рэальная жыццёвая аснова мастацкіх вобразаў. Прынцыпы мастацкага выкарыстання беларускага жыцця, уласцівыя Ажэшка, маюць моцныя традыцыі ў творчасці У. Сыракомлі і А. Міцкевіча, для якіх яно таксама не складала нічога экзатычнага…”, – пісаў В. Каваленка пра сучасніцу нашага аўтара.

У беларускай літаратуры традыцыйна разглядаюцца польскамоўныя "Na głuszce. Akwarela myśliwska z Polesia” ("Паляўнічыя акварэлі з Палесся”) трохмоўнага паэта Янкі Лучыны (вядома, звычайна ў перакладзе). Трэба заўважыць, што яны створаныя пазней, чым "паляўнічая эпапея” А. Бартэльса (першыя звесткі пра Лучынавы "Акварэлькі” адносяцца да 1882 г., а цалкам яны былі апублікаваны ў 1898 г.). Мяркуючы па храналогіі, Янка Лучына да напісання свайго твора мог азнаёміцца з "эпапеяй” земляка. Некаторыя пераклічкі адчуваюцца. Хоць у цэлым паляўнічая тэма ў Янкі Лучыны раскрыта значна вузей, чым у А. Бартэльса.

З улікам тэматычнага кантэксту важна, што чырвонай, магістральнай ніткай паэмных твораў і нарысаў А. Бартэльса становіцца ідэя так званага ліцвінскага патрыятызму. Пра што б ні гаварылася ў іх – усё зводзіцца да свайго, роднага, часта вузкарэгіянальнага. Рэгулярна гучаць cловы пра Літву як пра найлюбімейшы ў свеце край з незаслужанай складанай доляй (традыцыйныя для літаратуры першай паловы ХІХ ст. і часам з прыкметнай доляй збаналізаванасці – для другой), ухваляюцца пэўныя элементы жыцця на ёй (акрамя магчымасцей палявання, напрыклад, коні, кірмашы, яда, таварышы і нават слугі). У той жа час А. Бартэльсам прадчуваецца і цэласнасць краіны, якая неўзабаве назавецца Беларуссю. Прывядзём паказальныя ўрыўкі:

Że zaś koniecznie już to być musi
Na tej poczciwej Litwie i Rusi... 

Litwo poczciwa, w lasach twych i błotach,
Jeszcze człek może żywić nieco ducha
Niepodległości...

"…W niedostępnych prawie miejscowościach Polesia i innych częściach Litwy...”

Аўтар прыведзеных радкоў успрымае непадзельна гістарычна літоўскія і беларускія землі Паўночна-Заходняга краю.

Тым не менш пачынае шлях да радзімы ў шырокім сэнсе А. Бартэльс з роднага кута. На ім засяроджваецца і галоўная ўвага аўтара, канцэнтруецца падзейны змест. Вёска Дзяніскавічы (цяпер – Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці) і яе наваколлі – радзівілаўскія лясы, балоты, лугі, дарогі, урочышчы – ледзь ні дакументальна становяцца фонам для разгортвання аповеду (чаго варты дзясяткі тапонімаў, якія фігуруюць у творах). Прычым як прырода, так і людскія партрэты падаюцца нярэдка ў якасці тыповых для ўсёй краіны. Хоць аўтар не пазбягае пры наяўнасці ўказваць на адрозненні з іншымі куткамі яго Літвы. Відавочна, А. Бартэльс не лічыць іх прынцыповымі і ўсведамляе розныя рэгіёны ("іншыя часткі Літвы”) адной краінай – "велічнай Літвою і Руссю”. Увага да Бацькаўшчыны вытлумачваецца вялікай любоўю, якая ў эміграцыі толькі абвастрылася. Ізноў-такі – характэрны для тагачасся выпадак (у сувязі з вымушанымі ўцёкамі пасля паўстанняў іх удзельнікаў).

Адшукаўшы паэму "Дзяніскавічы”, аўтар гэтых радкоў паспяшаўся назваць яе першым творам пра канкрэтную беларускую вёску. Аднак першым тут стаў Адам Плуг (1823–1903) таксама з польскамоўнай паэмай «Żukowy Borek» (1848). Сімптаматычна, што і гэты пісьменнік паходзіць з Мінскай губерні. Больш таго – як і А. Бартэльс – з Радзівілавых угоддзяў! Не выключана, што да напісання сваіх "Дзяніскавіч” у 1862 г. апошні паспеў азнаёміцца з тагагодняй публікацыяй "Жукава Барка”. Унісон між творамі відавочны – і па форме, і па змесце, да дэталей. Супастаўляльны нават аб’ём: 350 радкоў у Плуга і 272 – у Бартэльса. Супадае вершаваны памер: кожны радок з’яўляецца 8-складовым; прычым, нягледзячы на польскамоўнасць, якая нібыта павінна была дыктаваць схільнасць да сілабічнага гучання, і Адам Плуг, і А. Бартэльс цягнуцца да выразнай сілаба-тонікі ў выглядзе 4-стопнага харэя. «У сваёй вершаванай гавэндзе "Жукаў Барок”, напісанай падчас жыцця Адама Плуга на Падоле, аўтар імкнецца на радзіму, бо яму там "cicho, błogo, słodko, miło”. Ён успамінае ўсё да драбніц: вёску, лес, раку, хату, двор, пакоі... Памяць паэта захавала кожную падзею, пачуцце, звязанае з той альбо іншай рэччу, краявідам. Мастацкая тканіна гавэнды густа перасыпана каларытнымі апісаннямі роднай і дарагой сэрцу Адама Плуга наднёманскай зямлі», – піша пра твор Адама Плуга М. Хмяльніцкі, заўважаючы далей зусім не адзінкавую прысутнасць беларусізмаў у тканіне твора, а таксама зварот аўтара да тапаніміі роднага кута. Такая характарыстыка цалкам пасуе паэмным творам і А. Бартэльса, і многім яго творчым сучаснікам-ліцвінам. Дагэтуль яны ў мастацкіх творах не раз звярталіся, у прыватнасці, да гарадоў і вадаёмаў: успомнім, напрыклад, "Прысвячэнне гораду Вільня” Антонія Гарэцкага, "Ваколіцы Віцебска” і "Вілія” Тадэвуша Лада-Заблоцкага, "Да Палоты” Юзафа Маралёўскага, "Свіцязь” Яна Чачота, "Свіцязь” Адама Міцкевіча, "Да Дзвіны” Ануфрыя Казакевіча, "Да Нёмана” Юліяна Корсака... Але гэта вершы. Твораў вялікай паэтычнай формы, напісаных пра канкрэтную вёсачку на Беларусі, не было нават у "вясковага лірніка” Уладзіслава Сыракомлі. Жукаў Барок стаў першым, хто заслужыў такога гонару. Дзяніскавічы – другімі.

Якая ж прычына паэтычнай увагі да глухога палескага паселішча? Пра гэта, відаць, варта было сказаць у самым пачатку гэтага артыкула – уступнага слова да перакладу паэмы. На наш погляд, менавіта ў той вёсцы з’явіўся на белы свет А. Бартэльс – 30 жніўня ці (хутчэй) 13 кастрычніка 1818 г. Наша версія месца нараджэння пісьменніка – як мінімум чацвёртая. Не будзем пералічваць іншыя. Даверымся самому аўтару:

Witaj wiosko ty poleska,
Gwiazdko dni dziecinnych,
Gdzie spłonęła pierwsza łezka,
Z oczu mych niewinnych.
<...>
Witaj domu, gdzie dzieciątkie
Pierwsze spędził lata,
Tyś się zdawał mi początkiem
Razem koncem świata.
Вітаю, палеская вёска,
Дзе зоры мне ззялі ярчэй.
Сплыла тут і першая слёзка
З дзіцячых нявінных вачэй.
<…>
Вітаю свой дом, дзе дзіцяткам
Няўцямна шалеў, – гэты дом
Здаваўся мне свету пачаткам
І разам з тым свету канцом.

Больш таго, ёсць падазрэнні, што А. Бартэльс быў пазашлюбным сынам князя Радзівіла. Магчыма, гэтым і можна вытлумачыць той факт, што будучы творца атрымаў выдатную адукацыю: гімназія ў Варшаве, затым вучоба ў Санкт-Пецярбургу і Парыжы.

Аднак адметна, што паэт заўсёды вяртаўся ў родны кут. Спярша – наведваў, відаць, у сувязі са сваім хобі. Адзін з лепшых паляўнічых-ліцвінаў, ён задавольваў свой інтарэс у шыкоўных дзяніскаўскіх лясах:

Znam was wszystkie po nazwisku,
Dla ucha tak miłem,
Wszak podobno na Izbisku
Niedźwiedzia zabiłem,
Па назвах, з дзяцінства мне мілых,
Згадаў я і вас – не забыў.
Мядзведзя чартоўскае сілы
Я тут, на Ізбіску, забіў.

Пасля паўстання 1863 г. бываў там толькі ў думках. І – пісаў. У эміграцыі – зыходзячы з настальгіі. А ўдома – увачавідкі: "Паэмка тая (маецца на ўвазе "Палескі тыдзень”. – А. Т.), што адпачывала гадоў 20 у маёй тэчцы, ёсць найпэўнейшым увасабленнем літоўскага вясновага палявання на токах, асабліва глушцовых. Не мае яна іншых пераваг, апроч вялікай праўды, таму што пісалася ў лесе і ёсць толькі з натуры знятым апісаннем аднаго з тых нашых паляванняў, пра якія хацеў я для сябе захаваць успамін”.

А. Бартэльс не быў арыгінальны для свайго асяродку – ліцвінскай шляхты – пры выбары мовы ў сваёй творчасці. Гэта была польская. Нягледзячы на гэта, творца не лічыў сябе палякам у сённяшнім разуменні, не раз праявіўшы сваю прыналежнасць да ліцвінскага народа. У недалёкай для тагачасся – сярэдзіны ХІХ стагоддзя – будучыні ліцвінская свядомасць трансфармуецца ў беларускую. Несумненна, роднай мовай народа, сярод якога А. Бартэльс прыйшоў на свет, ён валодаў. Аднак традыцыя пісьма на ёй тады толькі аднаўлялася. Многія калегі А. Бартэльса па пяры і паходжанні ў той час пачалі ўсё часцей звяртацца да рэалізацыі свайго творчага патэнцыялу ў мове занядбанага за стагоддзі народа. У аўтара "Дзяніскавіч” запісаў па-беларуску не выяўлена. Тым не менш, хоць твор і напісаны на польскай мове, многія элементы ў гэтым ды іншых паэмах і нарысах выдаюць на тое, што думае паэт па-беларуску. Гэта адбіваецца хіба на ўсіх узроўнях мовы, а на лексіцы – найбольш кідка. Прычым аўтар ужывае не толькі знаёмыя сёння носьбітам беларускай мовы беларусізмы, але і дыялектныя словы, як укладаючы іх у вусны герояў, так і ў аўтарскай мове – дзеля фактаграфічнасці. Прывядзём некалькі зносак з самага лепшага твора, у якіх тлумачыць паэт ім ужытыя слоўцы:

"Zieziula – kukawka”;
"Hało – rzadko, niezarosło”;
"Sęk, po chłopsku – suk – gałąź”;
"Postoły, łapcie nie lipowe, ale ze skóry – także chodaki”;
"Jelniaki, miejsce zarosłe przeważnie jedliną”.

Складаецца паэма "Дзяніскавічы” з шасці частак, кожная з якіх мае ад 5 да 23 чатырохрадковых строф (усіх – 68). Змест мае лірычна апісальны характар. Аповед вядзецца ад першай асобы. Лірычны герой пасля пэўнага расстання прыязджае ў родны кут, дзе ён сорак гадоў таму распачаў знаёмства са светам. Яго душа заходзіцца ад замілавання пры выглядзе царквы, курных хатак, калодзежаў, гумнаў. Асаблівая ўвага адрасуецца дому, дзе былі праведзены першыя гады. Далей герой выходзіць за межы сяла – на сустрэчу з грэбляй, мілымі для вуха ўрочышчамі (Градкі, Ізбіск, Лясішча, Дзерамінішча, Крэмцы), вартаўнікамі лясоў – леснікамі Сойкамі і Кавальчукамі, дакладней – іх нашчадкамі. Прычым аўтар, як этнограф, дэталізуе многія карціны. Зразумела, найперш тыя, якія звязаны з асабістымі ўспамінамі. У апошняй частцы паэт раскрывае прычыну такіх цёплых адносін да Дзяніскавіч ды іх наваколля: там ён душою парадніўся ледзь не з кожным дрэвам. Такім чынам, мясцовасць у "Дзяніскавічах” выпісана даволі рэалістычна, з дакументальнай дакладнасцю.

I ty także odwiedzana
Z przyjemnością wielką,
Od czterdziestu lat poznana,
Witaj mi grobelko!
<…>
To też cię klnie w każdej porze,
Kto nie żyje prawie,
Jeden w świecie ja ci może
Tylko błogosławie!
<…>
Tyś mi więcej naśpiewała
Śpiewem leśnych ptaków.
Jak przez zimę rzesza cała
Paryskich śpiewaków;

Tyś mi więcej naświeciła
Zachodami słonca,
Jak ta cała gazu siła,
W miastach pałająca;
Таксама я грэблю наведаў,
Дзе ў радасці быў і ў гульбе.
Мо сорак гадоў цябе ведаў,
Цяпер жа вітаю цябе!
<…>
Як помню, то ганяць з адчаю
Ды мацаюць цвердзь на дрыгве.
Цябе толькі я выслаўляю –
Адзіны, хто тут не жыве.
<…>
Ты, грэбелька, больш наспявала
Мне спевамі птушак лясных,
Чым там, у Парыжы, навала
І песень, і скокаў пустых.

Ты, грэбелька, больш насвяціла
Заходамі сонца ў бары,
Чым дзесьці над Сенай знямілай
Блішчэлі ўначы ліхтары.


Адразу ўзнікае жаданне правесці паралель з Міцкевічавай крыніцай паэзіі, пра якую В. Каваленка пісаў: "Запрашэнне глянуць на звыклы як быццам краявід, але ўжо і нязвыклы, бо ён непазнавальна змяніўся пад поглядам паэта, было па сутнасці запрашэннем глянуць у сваю душу, адкрыць яе для роднага краю. Свае "дамашнія”, правінцыяльныя, нічым як быццам не знакамітыя лес і возера заслугоўвалі, аказваецца, самай натхнёнай паэтычнай увагі, бо яны, як увесь край, раўнапраўныя, над імі тое ж самае неба, што і над іншымі краінамі”.

А. Бартэльс нібы прадчувае, што гэта – яго апошняя сустрэча з Бацькаўшчынай. Меней чым праз год пачнецца паўстанне К. Каліноўскага з вядомым вынікам.

Каб уцячы ад пакарання, А. Бартэльс едзе ў шматлюдную Варшаву. У 1875–1878 гадах жыве ў Рызе. Апошнім прытулкам стаў Кракаў.

Але дзе б ні быў паэт, яго душа балела па радзіме. Таму ён так шанаваў невялічкую паэмку "Дзяніскавічы”, якую не згубіў у віхурах часу і вырашыў дастаць на свет Божы праз 16 гадоў пасля яе стварэння. Па нейкім супадзенні ў год пераезду А. Бартэльса ў Аўстра-Венгерскую імперыю (1878) у Львове, які тады належаў таксама да названай дзяржавы, пачаў выходзіць месячнік "Łowiec”. Назва адносіцца да старапольскіх слоў і перакладаецца як "паляўнічы”. Прычым паэма "Дзяніскавічы”, відавочна, стваралася не для друку, а для сябе, бо пісалася задоўга да публікацыі. З цягам часу нашчадкамі твор быў забыты зусім.

Перакладаў твораў А. Бартэльса на беларускую мову маем толькі два: Францішакам Багушэвічам перастворана байка "Свінні і бараны” і М. Арочкам – гумарыстычны верш "Дзянёк абыватальскі”. Таму ў юбілейны для паэта год вельмі дарэчы яшчэ адзін перакладчыцкі здабытак, а менавіта – якраз паэма "Дзяніскавічы”.

Глыбока сімвалічна, што выканана гэта праца ўраджэнцам тых самых мясцін – нашым вядомым паэтам і празаікам Віктарам Гардзеем. Да таго ж у часы журналісцкай маладосці ногі карэспандэнта "раёнкі”, дзе працаваў перакладчык, патапталі нямала сцежак, якімі ў свой час хадзіў А. Бартэльс, рукі краналіся дрэў, за якімі мог падпільноўваць звера ці птушку лепшы мыслівы (у тым ліку на мастацкае слова) той мясцовасці, лёгкія ліцвіна ўбіралі дух бароў і балот, які зарадзіў невымерную тугу пасля адараванасці ад роднае зямелькі:

Tak witajcie mi pamiętne
Dziecinnych dni świadki:
Lasy, błota, puszcze smętne,
Wy poziome chatki,
<…>
Z sosny zgniłej, co służyła
Dziś nam do ogniska,
Może kiedyś moja była
Sieroca kołyska!

Już z tej sosny być nie może
Do trumny mej deska,
Żegnam cię więc w imię Boże,
Rodzino poleska!!
Я помню цябе і вітаю,
Як сведку, палескі пейзаж:
Балоты і пушчы, а з краю –
Гасцінцы і тракты наўсцяж.
<…>
З сасны, што ўзрасла на Ізбіску,
Скуль вызнаў сірочыя дні,
Шкада, не зрабілі калыску,
А так і згарыць у агні.

Ужо з тае хвоі нічога
Не ўзяць для магілкі маёй,
Развітваюся ў імя Бога
З палескаю крэўнай сям’ёй.


Даверымся паэтычнай і зямляцкай інтуіцыі сучасніка – і заглянем у паэтычны свет нашага земляка ХІХ стагоддзя. Такімі даробкамі на беларускай глебе рыхтавалася ніва, якая неўзабаве дала ўзыходы ў выглядзе мастацкалітаратурнай класікі, той жа "Новай зямлі” Якуба Коласа, пераклічка з якой выразна адчуваецца ў паэмах А. Бартэльса. Безумоўна, знойдзеныя пасля паўтаравяковага забыцця творы заслугоўваюць увагі гісторыкаў, літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў, этнографаў, краязнаўцаў, а таксама перакладчыкаў. Знаходкі павінны стаць даступнымі шырокаму колу чытачоў нашай краіны. Зрэшты, як і ўся разнастайная і цікавая творчая спадчына Артура Бартэльса.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: vitalis (13.10.2018) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК - "Дзеяслоў"
Праглядаў: 1407 | Тэгі: Артур Бартэльс, паэма, Анатоль Трафімчык, Дзяніскавічы, Віктар Гардзей | Рэйтынг: 5.0/8
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.