Пятніца, 29.03.2024, 10:38

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Душой прамоўленае слова. Да 80-годдзя Мiхася Рудкоўскага
Багатая зямля беларуская на таленавітых людзей, у тым ліку і на паэтаў ды пісьменнікаў. І наша Берасцейшчына – таксама. На адной толькі Ганцаўшчыне лічыць – не пералічыць літаратурных зорак-знакамітасцей. Амаль кожная вёсачка, кожнае ганцавіцкае сяльцо маюць сваіх творцаў.


Не засталася ўбаку і вёска з паэтычнай і распаўсюджанай на Палессі назвай – Востраў. Яна падарыла нам і ўсяму свету аднаго з самых яркіх і самабытных майстроў беларускага слова – Міхася Рудкоўскага, якому 17 красавіка споўнілася б 80 гадоў. На жаль, гэтага цудоўнага, таленавітага паэта і прыгожага, высакароднай душы чалавека ўжо няма сярод нас. 7 ліпеня 1991 года перастала біцца гарачае сэрца вернага сына зямлі беларускай, у росквіце творчых сіл і высокіх чалавечых памкненняў сышоў ён ад нас, пакінуўшы багатую літаратурную спадчыннасць.

Першы зборнік М. Рудкоўскага пабачыў свет у 1963 годзе. Кніга так і называлася – "Першыя вёрсты". Яна адразу была заўважана як майстрамі слова, так і аматарамі паэзіі. Ці не таму сярод літаратураў дый сяброў паэта ўкаранілася думка, што Міхась Рудкоўскі прыйшоў у літаратуру ў пачатку 60-ых гадоў. Калі сыходзіць з часу з’яўлення зборніка-першанца, то яно так. Аднак варта заўважыць, што яшчэ задоўга да выхаду кнігі ў Рудкоўскага былі публікацыі ў часопісе "Маладосць", газетах "Чырвоная змена", "Заря", а найперш – у ганцавіцкай "Сялянскай праўдзе" (пазней "Савецкае Палессе"), якая благаславіла паэта-пачаткоўца ў слаўную творчую дарогу, апублікаваўшы падборку ягоных вершаў ("Успаміны", "Восень" і інш.). І было гэта ў 1958 годзе. Дарэчы, узначальваў тады рэдакцыю газеты вядомы журналіст, улюбёны ў наша Палессе краязнавец і пісьменнік Васіль Праскураў, які пазней стане літаратурным настаўнікам, дарадцам і верным сябрам таленавітаму палешуку, сам жа Васіль Фёдаравіч быў родам з Віцебшчыны.

Калі ж у справу ўнікнуць глыбей, то можна смела заключыць, што да прыгожай паненкі Паэзіі Міхась наблізіўся яшчэ раней. Бо перад тым як адважыцца вынесці сваю творчасць, як кажуць, на людзі, яму спатрэбіўся час, каб падружыцца і паразумецца з красамоўнай паненкай, нарадзіць сваіх вершанятак, выпеставаць іх, выняньчыць, а затым ужо адпусць на волю. Гэтае заключэнне ў сваіх успамінах пацвярджае і малодшая сястра паэта. "Спробу складаць вершы будучы паэт зрабіў у чацвёртым класе. Некалькі вершаў былі надрукаваны на старонках газеты "Піянер Беларусі”, – піша Ірына Міхайлаўна.

Другі зборнік з адметнай і сімвалічнай для палескага краю назвай "Сінія Брады" (1967) Уладзімір Калеснік – таксама настаўнік і апякун Рудкоўскага – назаве "пашпартам мастацкай сталасці аўтара". Пасля яго выхаду быў прызнаны літаратурны прафесіяналізм і творчы дар паэта. Хутка Міхася Рудкоўскага прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. Дарэчы, у той час ён быў перашым прафесійным паэта на Ганцаўшчыне і доўгі час (пасля зыходу з жыцця ў 1957 г. Міколы Засіма) заставаўся адзіным членам Саюза пісьменнікаў СССР на Брэстчыне.

Наступныя свае зборнікі паэт таксама назваў на дзіва ўдала, ёмка і паэтычна: "Позвы" (1971), "У краі тым…" (1975), "Векавечная Бацькаўшчына" (1976), "Трыгор’е” (1981), "Засцярога" (1984), "Залатазвон" – аднатомнік выбранай лірыкі (1986), "Да пребудешь ты в мире всегда!" (1990 г., Масква, выдавецтва "Советский писатель" у перакладзе Сяргея Красікава). І апошні, пасляжыццёвы зборнік "Гарынь" выйшаў у 1992 годзе. Праўда, сігнальны яго экзэмпляр паэт яшчэ патрымаў у руках, але прачытаць ужо не змог.

Кажуць, паэзія – справа тонкая, далікатная. Далёка не кожнаму яна падуладная і не кожнаму зразумелая. Але Міхась Рудкоўскі – чалавек з іншай кагорты. Ён быў прыроджаным мастаком, узнёслым рамантыкам і нястомным, глыбакадумным творцам. Як сапраўдны паэт-лірык ён умеў пісаць душой і сэрцам. Усе яго вершы – простыя, шчырыя, даступныя і адначасова – кранальныя да глыбіні душы, чуллівыя да слёз, пранікаючыя да самага сэрца. Паэт па-майстэрску ўмеў падабраць тое адзіна трапнае, трапяткое ці шчымлівае слоўка, якое абавязкова ўскалыхне і ўзрушыць усё нутро чуйнага чытача. Ён умеў вымаляваць яркую, запамінальную вобразнасць, стварыць тонкую, непаўторную карціну жыццёвай рэчаіснасці, датклівую непасрэднасць. Таму паэзія Міхася Рудкоўскага – прыцягальная, запамінальная, чыстая, празрыстая, бы крынічная вада ў яго родных Сініх Брадах, крылатая, як урачысты залатазвон над Востраўскім храмам падчас праваслаўнага свята.

У творчасці Рудкоўскага ясна прасочваецца і глыбокі роздум, і душэўная трывога, і сыноўняя заклапочанасць за будучы лёс сваёй Айчыны; шчодра праяўляецца вялікая любоў да свайго роднага куточка, мілага сэрцу краю, любай зямелькі, дзе ён нарадзіўся, узрос і стаў прадаўжальнікам свайго роду, прадаўжальнікам жыцця, каб у свой шчаслівы час павучальна прамовіць роднаму сыну:

Ўдыхаем поле, луг і лес.
А сонца ў росах грае, грае…
Глядзі, сынок, глядзі, Алесь:
Перад табою – родны краю.

Каб так яго ты палюбіў,
Як прадзед, дзед яго любілі,
Я за цябе б спакойны быў
Нат і ў магіле.

Вось дзе непадробны патрыятызм і шчырая любоў да свайго краю, мудрая філасофія жыцця, сапраўдная лірычная вобразнасць, высокія бацькоўскія пачуцці, якімі напоўнена творчая душа паэта! У васьмі няпоўных паэтычных радках – колькі ўсяго ўмясцілася! Проста дзіву даешся.

А якая бездакорная мелодыка гукаў, якая ладнасць, паэтычнасць і прыгажосць падабраных слоў, якая дакладнасць апісання ляснога малюнку, колькі захаплення і гонару ў паэта за сваю непаўторную палескую глыбінку, яе адвечную красу ў наступным па-мастацку напісаным творы:

Жыву ў лясах глыбокіх і прасторных,
Пад клёнамі адвечнымі жыву.
Цярушыць поўнач пыл высаказорны,
На твар задумны мой, на галаву.

Усё тут проста, мудра, суразмерна.
Я свой тут, нібы клён, я свой, бы звер.
Тут у лясах я чую кожным нервам
Гармонію і рытм нябесных сфер.

Вось гэта і ёсць сапраўды высокая паэзія! Яна, можаце быць упэўнены, стваралася не толькі сэрцам і душой паэта, але і з дапамогай Сіл нябесных.

Як сялянскі сын, як вясковец ад нараджэння паэт быў улюбёны ў маляўнічыя краявіды роднай вёсачкі, ганарыўся ёю, сніў яе, калі быў удалечыні і прысвяціў ёй не адзін верш:

Ёсць Востраў у мяне. З нягод і скрух
Я да яго лячу, як да святыні:
Ён даў дыханне мне, і зрок, і імя…

Многія радкі Рудкоўскага гучаць, як крылатыя выслоўі: "Мінулае не вернеш, не паўторыш, // Як не паднімеш збітае травы…"

Што датычыць наступнага чатырохрадкоўя, дык гэта ўжо – бясцэнная знаходка, сапраўдная мастацкая жамчужына – перліна вышэйшага красамоўства і маральнасці сціплага мудраца:

Запомнілася гэта як святыня,
Як бацькі запавет: кім ты б ні стаў –
Адной рукой гайдай калыску сына,
Другой – магілу дзедаву папраў.

Так прамовіць удаецца далёка не кожнаму стваральніку высакароднага слова!

Паэт, здаецца, ні пра што не забыў у сваіх вершах. Каларыт Пінска, у якім ён вучыўся ў педвучылішчы, роднага Брэста, дзе доўгі час жыў і працаваў рэдктарам літаратурна-драматычных і музычных праграм на абласной тэлестудыі, Ганцавіч, Давід-Гарадка, Гарыні, цяністых белавежскіх бароў, Нарачанскага краю адлюстраваўся ў шматлікіх творах М. Рудкоўскага. Ёсць у яго вршы і пра сонечны Крым, пра Байдарскі перавал, Ленінград, пра апошнія хвіліны жыцця Архімеда, далёкія планеты. Але што б ні было прадметам мастацкага асэнсавання паэта, галоўная думка творцы была пра чалавека, яго духоўны свет, пра дабро і зло, заганы і хараство, пра сутнасць жыцця на зямлі.

Ці не таму яго творы перакладзены на англійскую, грузінскую, расійскую, украінскую мовы, а многія з іх пакладзены на музыку. У 2008 годзе разам з Міколам Пракаповічам і Алесем Каско, як адзін з аўтараў зборніка "Трохперсце", Міхась Рудкоўскі стаў Лаўрэатам літаратурнай прэміі імя У. Калесніка Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэту ў намінацыі "Паэзія", пасмяротна.


Адданасць і вернасць матчынаму слову дапамаглі М. Рудкоўскаму стаць адметным і яскравым сваёй творчай індывідуальнасцю аўтарам, адкрыць чытачам вялізарны гуманістычны патэнцыял патрыятычных пачуццяў, знайсці шмат літаратурна-мастацкіх залацінак, стварыць нямала цудоўных вершаў на патрыятычную, ваенную, любоўную тэматыку, выдаць добры дзесятак кніг, напісаць шмат дакументальных нарысаў, рэцэнзій, публіцыстычных артыкулаў. А былі ж яшчэ і пераклады з рускай, украінскай і польскай моў. Мала які іншы паэт прысвяціў столькі вершаў любай Беларусі, роднай палескай старонцы, Берасцейшчыне, Белавежскай пушчы, працавітым і мужным людзям, дарагім сэрцу мясцінам.

Карацей кажучы, добры ўнёсак у літаратурную скарбонку паспеў пакласці нястомны ганцавіцкі творца. Шчодра ўзбагаціўшы нацыянальную літаратуру, Міхась Рудкоўскі заслужыў, каб удзячныя нашчадкі помнілі яго імя, цанілі яго творчасць, вучыліся на ёй любіць сваю зямлю, мову, Радзіму і само жыццё.

І ў заключэнне – радкі, прысвечаныя юбіляру, з надзеяй, што самотная душа паэта пачуе іх з святога паднябесся.

Тваім радкам звінець – не адзвінець,
Пачуццям тваім ліцца – не праліцца,
Твая паэзія – сапраўдная жывіца!

Дык як табой, Паэт, не ганарыцца
І як цябе – у песнях не апець?!
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (17.04.2016) | Аўтар: Надзея ПАРЧУК – «Брестский курьер»
Праглядаў: 2056 | Тэгі: Ганцаіцкі раён, Міхась Рудкоўскі, Літаратурная Ганцаўшчына, Востраў, Ганцавічы | Рэйтынг: 5.0/4
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.