Серада, 24.04.2024, 15:34

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Дзе бярэ пачатак Цна?
Цна — самая значная рака сучаснага Ганцавіцкага раёна. У многіх з ёю звязаны ўспаміны. Пры гэтым далёка не ўсе ведаюць, адкуль яна выцякае. Такое простае пытанне, аднак, не мае лёгкага адказу. На яго мы пастараліся адказаць у наступным артыкуле.

Рака Цна паблізу ад вёскі Макава

Назва "Цна" — як для рэк даволі распаўсюджаная. Яна ўзыходзіць да даўняга ўсходнеславянскага слова "десница" — правая рука. Усё таму, што некалі ёю абазначаліся правыя прытокі большых рэк. Але арыентаваліся тады не па цячэнні, а супраць яго. Сёння — наадварот. Вось і Цна стала ў выніку левым прытокам Прыпяці.

Паводле зафіксаванай у Вікіпедыі візіі, рака Цна пачынаецца з ручая, што цягнецца з поўначы з-пад вёскі Гайнінец (Ляхавіцкі раён), кіламетраў 20 ад Ганцавіч, і, не даходзячы да мястэчка, злучаецца з ручаём, які цягнецца праз Кукава ад Малых Круговіч. Толькі, заўважым, такая інтэрпрэтацыя рэчышча Цны з’явілася адно ў нядаўнія гады, недзе ў заключную чвэрць ХХ стагоддзя. Ранейшых крыніц, на якіх канава з боку Гайнінца назывался б Цною, не знойдзена. Чаму і якім чынам усталявалася такая інтэрпрэтацыя вытоку гэтай ракі?

Ручай з паўночнага боку, названы Цною, выцякаў з балота, якое было на ўсход ад Будаў. У тое балота ўпадаў ручай, які цёк ад Гайнінца. У другой палове ХХ стагоддзя ішла шырокая меліярацыя. Па названым балоце таксама пракапалі канавы. Імі злучыліся ручай ад Гайнінца, які ўпадаў у балота, і ручай, што выцякаў з балота. Гэтае злучэнне пасля і назвалі Цною (малюнкі 1—2).

Мал. 1. Фрагмент савецкай мапы з назваю ракі Цна з вытокам ад Гайнінца.
Тапаграфічная карта СССР, ліст N35-XXVII Баранавічы. 1980-я гады

Мал. 2. Фрагмент савецкай мапы з назваю ракі Цна з вытокам ад Гайнінца.
Тапаграфічная карта СССР, ліст N35-113 Ганцавічы. 1980-я гады

Але так было не заўсёды.

У ранейшыя часы мапы трактавалі зараджэнне ракі Цна зусім начай. Яе пачатак адносіўся да мясціны на поўнач ад Малых Круговіч ці, як паведамляе ў адной са сваіх кніг мясцовы ўраджэнец Віктар Гардзей, "на старасвецкай канаве, пазначанай як выток ракі Цны" (малюнкі 3—4).

Мал. 3. Фрагмент савецкай мапы з назваю ракі Цна з вытокам ад Малых Круговіч.
Адміністрацыйная карта БССР. 1972 год

Мал. 4. Фрагмент савецкай мапы з назваю ракі Цна з вытокам ад Малых Круговіч.
Адміністрацыйная карта БССР. 1956 год

Канкрэтная ж кропка вытоку ракі сёння забыта. Нават малосенцы (некаторых распытаў аўтар гэтых радкоў), не ведалі і не ведаюць, дзе з іх палеткаў выцякае цэлая сапраўдная рэчка (часам зусім не ўяўляюць, што так яно ёсць).

Існуюць мапы даўнейшага часу, на якіх указваецца, што выток Цны знаходзіцца… крыху на поўдзень ад Малых Круговіч — як працяг таго ж рэчышча, якое сёння каналізавана (малюнак 5). Значыць, пачыналася Цна з крыніц, якія білі некалі паміж Малымі Круговічамі і Шашкамі, акурат на паўночны захад ад месца, дзе сёння знаходзіцца ўпадзіна былога кар’ера, выкапанага ля адной з самых высокіх кропак наваколля. 

Мал. 5. Фрагмент польскай мапы 1924 года. Стрэлкаю абазначаны выток ракі Цна

Па сваім шляху той каналізаваны ручаёк убіраў вільгаць з больш высокіх мясцін, да прыкладу, з той жа апетай Віктарам Гардзеем Горскай. Даўней, да меліярацыі толкам таго ручая і відаць не было — на яго месцы існавала забалочаная лугавіна. У апавяданні "Каламутная вада" пісьменнік нават заўважае: "Прырода моцна, бессардэчна пакрыўдзіла маласельцаў. Як быццам у насмешку, яна прыстаралася для іх нешырокую, звілістую канаву, што паціху струменіцца паўз Дзімкаву хату, цячэ далей цераз балоцісты поплаў і губляецца ў змрочным алешніку. Дзесьці там, далёка, яна ўпадае ў Цну. Несправядліва ўсё ж: каму Цна, а каму — гэтая мізэрная канава, у якой вада заўсёды пратухлая, іржавая, з каляровымі скалкамі”.

Як сказана ў цытаце з твора Віктара Гардзея, вада там стаяла не зусім звычайная — "з каляровымі скалкамі". Гэта разводы, падобныя да тых, што ўтвараюцца пры траплянні ў ваду, напрыклад, бензіну. Па словах малосенскага ўраджэнца Канстанціна Гурмана, за савецкім часам геолагамі была ўстаноўлена наяўнасць у невялікай колькасці нафты глыбока ў недрах малосенскай зямлі. Але прамысловай здабычы карыснага выкапня не наладзілі з прычыны адсутнасці рэнтабельнасці. Тым не менш элементы нафты дасягалі паверхні і ўтваралі на вадзе вясёлкавыя пералівы.

Паколькі сапраўды ля свайго пачатку Цна была фактычна ці то балотцам, ці то ручайком, яна для жыхароў круговіцкіх вёсак не ўяўляла, бадай, аніякага значэння. Палавіць рыбы ці пакупацца ў рацэ ўжо мелі шчасце любашаўцы, і ганцаўцы, і тыя, хто жыў ніжэй па цячэнні.

Сёння ў Цну вады з боку Малых Круговіч, магчыма, паступае менш, чым з падмацаванай топкім балотам канавы ад Гайнінца. Гэта і магло стаць прычынаю змены абазначэння вытоку ракі. Такі прынцып, а таксама даўжыня рэчышча, якое ад Гайнінца больш працяглае, чым ад Малых Круговіч, часам прымяняюць для ўстанаўлення рачнога вытоку. Але і гістарычнай традыцыі ніхто не адмяняў. Яе парушэнне ў дадзеным выпадку, як думаецца, не з’яўляецца карэктным. Дастаткова таго факту, што пра "гайнінецкую" Цну ніхто не пісаў — "малосенская" ж апета вядомым пісьменнікам. Дый па часе апошняя багата старэйшая. Да таго ж утвораная самой матухнай прыродай.

У пачатку рэк часам устанаўліваюць адпаведныя знакі. Каб цікаўныя людзі ведалі пра выток ракі, ім блізкай геаграфічна ці душэўна. Засведчыць хаця б сціплай таблічкай месца нараджэння самай значнай ракі Ганцавіцкага раёна — гэта было б як мінімум прыгожа. Але самае галоўнае — справядліва!
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: vitalis (03.02.2022) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 997 | Тэгі: Ляхавіцкі раён, Ганцавіцкі раён, Малыя Круговічы, рака, Ганцавічы, цна | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.