Субота, 27.04.2024, 04:05

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Іх рэпрэсавала савецкая ўлада. Спіс асуджаных ў 1939 – 1941 гг. жыхароў Вялікіх і Малых Круговіч
Сёлетні год з’яўляецца сумна юбілейным годам адносна сімвала сталінскіх рэпрэсій – 37-га. Спаўняецца 75. Так, менавіта на 1937 г. прыйшоўся пік бальшавіцкіх распраў над народамі. На Заходнюю Беларусь савецкія рэпрэсіі прыйшлі трохі пазней. Страшным горам яны абрынуліся і на жыхароў абедзвюх круговіцкіх вёсак.

У той час нашы землі знаходзіліся ў складзе Польшчы. Але ў верасні 1939 г. і тут усталявалася савецкая ўлада: Чырвоная Армія далучыла Заходнюю Беларусь. Многія чакалі прыходу саветаў. Але новая ўлада не апраўдала тых чаканняў. Больш таго, неўзабаве пачалі ў масавым парадку праводзіць рэпрэсіі. Пад падазрэнне траплялі перш-наперш прадстаўнікі польскай нацыянальнасці (яны шчыра ненавідзелі бальшавікоў), а таксама найбольш заможныя сяляне. Аднак не шкадавалі і іншых. Прычым часта траплялі ў іх лік і тыя, хто чакаў прыходу саветаў, верыў у ілюзорную светлую будучыню. Каля паловы рэпрэсаваных у нашых вёсках склалі прадстаўнікі беларускай нацыянальнасці. 

Прыгаворы былі жорсткімі: большую частку землякоў, падвергнутых рэпрэсіям, чакалі наперадзе доўгія гады халодных і галодных лагераў альбо, як мінімум, пражыванне на поўначы ці сярод сцюдзёных і сухавейных казахскіх стэпаў. Лічбы рэпрэсаваных уражваюць. На дзве вёскі – Вялікія і Малыя Круговічы – лік пацярпелых ад сталінізму перавышае 40 чалавек. І гэта толькі пайменна ўстаноўленыя асобы. Фактычна кожная з заходнебеларускіх вёсак у перыяд панавання "першых саветаў" ад верасня 1939 да чэрвеня 1941 г. такім чынам страціла дзесяткі сваіх жыхароў.

У ахвяраў рэпрэсій лёсы склаліся па-рознаму. На гэта паўплывала і распачатая Германіяй 22 чэрвеня 1941 г. вайна супраць СССР, які пайшоў на саюзніцкія стасункі з яшчэ нядаўна варожай Польшчай і заключыў пагадненне аб вызваленні рэпрэсаваных жыхароў Заходняй Беларусі, якія прызналі сябе палякамі па нацыянальнасці ці хаця б па грамадзянству. 12 жніўня 1941 г. выйшаў адпаведны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР "Аб амністыі польскіх грамадзян". Таму, як бачна з табліцы, многія землякі (гл. прыклады паляка Ружыцкага Караля, беларускі Блінкоўскай Марыі) скарысталіся з такой нагоды і атрымалі свабоду ўжо восенню 1941 г. Мужчыны былі прызваны ў так званую армію Андэрса – польскага генерала, які на тэрыторыі Ірана фарміраваў вайсковыя часткі, што змагаліся супраць вермахта (найбольш вядомая старонка – бітва ля Монта-Касіна ў Італіі, дзе беларусы праявілі сябе па-геройску). Потым "сібіракі" (такое найменне атрымалі дэпартаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій) жылі ў Польшчы (дарэчы, некаторыя жывуць і цяпер). Непасрэдна сутыкнуўшыся з бальшавізмам, убачыўшы, што і Польшча апынулася пад камуністычнай уладай, некаторыя не захацелі жыць у сацыялістычнай Польшчы і падаліся ў эміграцыю (у Англію, у ЗША).

Такім чынам многія атрымалі волю. Многія, але не ўсе. Нават сярод палякаў, як сведчаць прыклады Зюлкоўскага Генрыха і яго сына Збігнева, па невядомых у дадзеным выпадку прычынах не кожны змог вырвацца з чэпкіх абдымкаў доўгіх бальшавіцкіх рук. Амністыю давалі не ўсім. А некаторыя ўвогуле знікалі на бяскрайніх паўночных і заўральскіх прасторах. Так, пра арыштанцкі лёс толькі што згаданага маладога, дваццацігадовага Зюлкоўскага Збігнева дадзеных не знайшлося; няма ў даведцы і інфармацыі пра лагерную долю Германа Браніслава.

У цэлым ахвяр сталінскіх рэпрэсій можна дыферэнцаваць на дзве катэгорыі.

1. Арыштаваныя. Да іх аднеслі тых, у абліччы каго савецкая ўлада бачыла свайго несумненнага ворага. Такіх людзей чакала пакаранне, як злосных злачынцаў, – доўгатэрміновае зняволенне, а ў яго рамках – рабская праца, паўгалоднае жыццё, бесчалавечныя адносіны і прыніжэнні. Арышты праводзілі на працягу ўсяго перыяду панавання "першых саветаў”. Лёсы арыштаваных не заўсёды ўстаноўлены прасачыць.

2. Дэпартаваныя. Да гэтай катэгорыі бальшавікі адносілі патэнцыйных ворагаў, фактычна баючыся іх. Існаваў нават спецыяльны тэрмін – "социально-опасный элемент" (СОЭ). Такім чынам, каб стаць дэпартаваным, дастаткова было толькі патрапіць пад падазрэнне да новай улады ці, напрыклад, быць абскарджаным шляхам даносу. Высялялі, як правіла, таксама далёка – на асваенне таёжных і цалінных тэрыторый. Адтуль выбрацца на радзіму не было ніякай магчымасці, бо і там людзі па-ранейшаму знаходзіліся пад пільным наглядам. Пра гэта сведчыць прыклад Жданько Александра, спробы ўцёкаў якога былі выкрыты, а ён сам – арыштаваны і прысуджаны да лагернага зняволення. Дэпартацыю можна параўнаць з сучаснай "хіміяй", толькі ў больш жорсткіх умовах. Акцыі па высяленні праводзілі планава, прымяняючы іх не толькі да паасобных грамадзян, але і да сем’яў у цэлым (маем прыклады Містоўскіх, Ермалінскіх, Блінкоўскіх, Маеўскіх), не шкадуючы пры гэтым ні старых, ні немаўлят. Першае высяленне адбылося 10 лютага 1940 г. Менавіта ў той дзень, наляцеўшы на світанку, сагналі, вырвалі з наседжаных месцаў многіх кругаўцоў і малосянцаў. Нашы землякі, як правіла, накіроўваліся па тых мерках не так і далёка – у Валагодскую вобласць, дзе іх чакаў датуль невядомы пасёлак Азярэнаўскі. Каб чытачам лепей было ўявіць жудаснасць падзеі, дастаткова сказаць, што зіма 1940 г. выдалася на рэдкасць марознай, а 10 лютага ў прыватнасці тэмпература апусцілася ніжэй 30 градусаў па Цэльсію. Падчас дэпартацыі кожнай сям’і законам дазвалялася браць з сабою адзенне, бялізну, бытавыя рэчы і каштоўнасці агульнай вагой не больш 500 кг (але закон часта ігнараваўся і людзей, схапіўшы хто ў чым быў, канваіравалі ў высылку). Вось як успамінае той час адзін з дэпартаваных кругаўцоў Блінкоўскі Мікалай: "Падчас масавых арыштаў і вывязення ў глыб саветаў 10 лютага 1940 г. накіравалі мяне з сям’ёй да таварных, без ацяплення вагонаў, не дазваляючы сабраць нават усе неабходныя рэчы, і ў страшных умовах голаду і холаду вывезлі нас у ссылку. Падчас той язды бачыў я выпадкі замярзання малых дзяцей на смерць, як гэта мела месца з дзіцем надляснічага Жмійка Стэфана і лесніка Бойкі, дзіця якога, замерзлае на смерць, НКВДысты выцягнулі з вагона на адной са станцый і выкінулі яго ў снег абапал чыгункі". У дарозе на чыгунцы спецпасяленцы атрымлівалі па 800 грам хлеба штодня. Дэпартаваныя ў глыб СССР знаходзіліся ў складаных і цяжкіх умовах, іх жыццё было пастаўленае на ўзровень барацьбы за выжыванне. У многіх «спецпаселішчах» паўночных рэгіёнаў СССР з неспрыяльнымі для былых польскіх грамадзянаў кліматам жыллё не было прыстасаванае да зімовага часу, панавала антысанітарыя. Нярэдка здараліся выпадкі, калі «спецпасяленцы» размяшчаліся ў памяшканнях былых харчовых складоў альбо гаспадарчых пабудоваў, дзе не было бытавых прыладаў, посуду, не кажучы пра электрычнасць. Часта ў 40-градусны мароз адсутнічала ацяпленне жылых памяшканняў. Усе ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў абавязаны былі працаваць. За тую рабскую працу (у асноўным на лесапавале ў тайзе ці на шахце) плацілі мізэр. Адміністрацыйнае кіраванне спецпаселішчамі ажыцяўлялася раённымі і пасялковымі камендатурамі НКУС. Найдрабнейшыя агрэхі на працы праследаваліся жорсткім чынам. У прыватнасці, 15-хвіліннае спазненне каралася трыма месяцамі папраўчых працаў.

У лік рэпрэсаваных некаторыя даследчыкі ўключаюць яшчэ мабілізаваных у Чырвоную Армію, на шахцёрскія работы, напрыклад, у Данбас, а таксама ў асноўным прымусовы набор юнакоў у вучыліўчы Працоўных Рэзерваў. У прыватнасці, жыхар Малых Круговіч Мікалай Гурман быў прызваны ў савецкае войска ўжо праз некалькі месяцаў пасля прыходу бальшавіцкай улады і служыў непадалёку ад Ленінграда, дзе пасля нападу СССР на Фінляндыю патрапіў у палон да фінаў і прабыў там амаль пяць гадоў. Улічваючы, што такіх ваеннапалонных у тую зіму Фінляндыя захапіла толькі 6000, выпадак Мікалая Гурмана даволі ўнікальны. Аднак катэгорыю разнастайных мабілізацый з-за пэўнай спрэчнасці да рэпрэсій адносіць не будзем.

Сярод рэпрэсаваных ёсць і выключэнні – тыя, хто не трапляе пад азначаныя тут дзве катэгорыі. Напрыклад, Блінкоўскі Васіль: з дадзеных відаць, што ён быў арыштаваны чэкістамі 4 сакавіка 1936 г., значыць у той час, калі нашы землі знаходзіліся ў складзе Польшчы. Па ўсёй верагоднасці, кругавец, спадзеючыся знайсці лепшую долю, падаўся ў Савецкі Саюз. Тады бальшавікі праводзілі шырокую агітацыю пра райскае жыццё, якое нібыта пабудавана ў СССР. Многія верылі. А некаторыя яшчэ і ўцякалі. Уцёкі былі нелегальнымі, і, як правіла, уцекачы адразу траплялі ў лапы службоўцаў НКУС. Тут пачыналася самае страшнае. Звычайна, уцекачоў абвінавачвалі ў шпіянажы і адпраўлялі ў паўночны канцлагер. Такім чынам, спадзяваны рай абарочваўся пеклам.

Пасля вайны сталінскія рэпрэсіі працягваліся. Яны ўключыліся, як толькі вёскі былі вызвалены ад нямецкіх акупантаў. Адной з такіх ахвяраў стаў Блінкоўскі Канстанцін. Яго арыштавалі праз два гады пасля прыходу "другіх саветаў". Варта звярнуць увагу, што засудзілі яго на 6 гадоў, але адпусцілі на два гады раней (для палітычных вязняў гэта было рэдкасцю). Ці вярнуўся наш зямляк на родную старонку, нам засталося невядома.

Здараліся і адваротныя папярэдняму выпадкі: чалавека засуджвалі на пэўны тэрмін, аднак потым зняволенне было прадоўжана. Так пацярпеў Зюлкоўскі Генрых, пры польскай уладзе загадчык фельдшарскага пункта. Відаць, пакручаста складаўся яго лёс. Нарадзіўся ў Варшаве, аднак працаваў у глушы, на "крэсах". Ліквідавалі яго не адразу пасля ўстанаўлення савецкай улады, а толькі летам 1940 г. Вынеслі прыгавор яшчэ пазней – амаль праз год. Цяжка сказаць, што з ім рабілі гэтулькі часу, наўрад ці песцілі. Аднак зняволенне яго не абмежавалася першапачатковым прысудам. З неўстаноўленай прычыны замест прысуджаных васьмі гадоў папраўча-працоўнага лагера, колішні круговіцкі фельдшар прабыў савецкім вязнем у паўтара раза даўжэй – тузін гадоў.

На жаль, раённыя кнігі "Памяць" рэпрэзентуюць вельмі малую частку імён тых, хто стаў ахвярай чырвонага тэрору (у нашым выпадку 16 са спісу ў 41 чалавек). Дзякуючы незалежным даследчыкам з забыцця вернуты многія і многія імёны. І не толькі вернуты, але і размешчаны на агульнадаступных сайтах у Інтэрнеце. Настаўнікі гісторыі, краязнаўцы не маюць неабходнасці цяпер весці пошукавую працу ў архівах, а могуць, не пакідаючы сваёй малой радзімы, устанавіць асобы рэпрэсаваных сваіх землякоў. Для гэтага дастаткова ў пошукавай сістэме "Google" набраць ключавыя словы на рускай мове (у дадзеным выпадку, напрыклад, "приговор") і назву свайго свайго населенага пункта. Колькасць прапанаваных спасылак будзе залежаць ад велічыні паселішча. Затым іх трэба будзе адкрыць, сабраць неабходную інфармацыю і сітэматызаваць.

Збольшага па такой схеме дзейнічаў аўтар гэтых радкоў. За невялікім выключэннем, звесткі па абодвух Круговічах былі сабраныя на электронным рэсурсе, які называецца "Жертвы политического террора в СССР". Знойдзеная інфармацыя дазволіла скласці наступную табліцу, у якой указаны галоўныя звесткі па кожнай асобе. Многія кругаўцы і малосянцы могуць убачыць імёны сваіх сваякоў ці проста знаёмых, забраных некалі бальшавіцкімі карнікамі. У спіс уключаны не толькі людзі, якія нарадзіліся і былі рэпрэсаваныя, жывучы ў Вялікіх ці Малых Круговічах, але і тыя, хто мае простае дачыненне да гэтых вёсак: нарадзіўся тут і з’ехаў (як Занька Антоній), ці наадварот прыехаў сюды працаваць (як Ермалінскія і Зюлкоўскія), ці жыў часова (як Тараевічы).

Прыведзены спіс не прэтэндуе на паўнату. Дый некаторыя ячэйкі засталіся без дадзеных. Але калі інфармацыя некага зацікавіць і тым больш папоўніцца новымі звесткамі, думаецца, задачу публікацыі можна будзе лічыць выкананай. Аўтар таксама спадзяецца, што прыклад гэтага артыкула выкліча інтарэс у краязнаўцаў іншых вёсак Ганцавіцкага раёна і яны возьмуцца за пачэсную справу вяртання з нябыту старонак нашага мінулага і імён незаслужана пацярпелых людзей, віна якіх нярэдка заключалася толькі ў тым, што яны былі добрымі гаспадарамі на сваёй роднай зямлі.

Табліца з спісам рэрасаваных
(павялічваецца ў памерах пры націсканні!)

першая частка


другая частка


трэцяя частка


Заўвагі:
1. Звесткі, пачэрпнутыя на электронным рэсурсе "Жертвы политического террора в СССР", дадаткова не пазначаюцца.
2. Інфармацыя аб месцах нараджэння, выдзеленая курсівам, можа быць недакладнай.

Скароты:
ВК – Вялікія Круговічы
МК – Малыя Круговічы
в. – вёска
р-н – раён;
ППЛ – папраўча-працоўны лагер
а/с – антысавецкі;
к/р – контррэвалюцыйны;
вобл. – вобласць
УАСПА – удзел у антысавецкай паўстанцкай арганізацыі
НКУС – Народны камісарыят унутраных спраў (НКВД)
арт. – артыкул;
КК БССР – крымінальны кодэкс Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі
Г.н. – год нараджэння
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (03.12.2012) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2486 | Тэгі: Вялікія Круговічы, Ганцавіцкі раён, Малыя Круговічы, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/11
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.