Чацвер, 25.04.2024, 03:19

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Як люсінцы прасілі Коласа школу пабудаваць і што з гэтага выйшла (заканчэнне)
Апісаныя два лісты люсінцаў, такім чынам, сталі ці не першым за доўгія-доўгія гады кантактам вяскоўцаў са сваім былым настаўнікам. І штуршком для пісьмовага звароту сялянаў, настаўнікаў і вучняў да народнага паэта паслужыла вострая неабходнасць у грамадскай установе асветы.

Тэкст ліста, які захоўваецца ў фондах музея пад нумарам КП-13534, публікуецца ўпершыню. У ім захаваны правапіс і пунктуацыя арыгінала. Канверт датаваны 26 снежня 1948 г.
 
Вялікаму Беларускаму пісьменніку – Якубу Коласу
ад сялян вёскі Люсіна,
Ганцэвічскага раёна
Пінскай вобласці.

Паважаны Канстанцін Міхайлавіч!

Мы, сяляне вёскі Люсіна, калектыў настаўнікаў Люсінскай пач[атковай] школы і ўся інтэлігенцыя Люсінскага с/совета шлем Вам, паважаны Канстанцін Міхайлавіч, большэвіцкае прывітанне!

Прайшло многа год з таго часу, калі Вы, Канстанцін Міхайлавіч, жылі і працавалі ў нашай вёсцы настаўнікам. Многія Вашы вучні цяпер ужо сталі старыкамі. Школа, у якой Вы працавалі яшчэ стаіць, але ўжо непрыгодная для вучобы. Дзеці нашы вучацца ў наёмных непрыгодных пад школу памяшканнях і ў дзве змены (звыш 200 вучняў у школе).

Выконваючы рашэнні партыі і ўрада аб аднаўленні і развіцці народнай гаспадаркі нашай Беларусі, мы поўнасцю разлічыліся з дзяржавай па ўсіх відах налогаў, – і ўсе як адзін дастойна сустрэнем 30-ю гадавіну нашай Беларусі.

Паважаны Канстанцін Міхайлавіч!

Мы яшчэ раз звяртаемся да Вас, а таксама да партыі і ўрада з просьбай: пабудаваць у 1949 – 50 г.г. васьмігадовую школу ў в. Люсіна, якую з вялікай пашанаю назавём Вашым іменем.

Мы не пашкадуем ні сіл, ні здароўя на заканчэнне сталінскай пяцігодкі ў 4 гады і хутчэйшаму пераходу да комунізма.

Жадаем Вам, Канстанцін Міхайлавіч, добрага здароўя і лепшых поспехаў у працы на карысць нашай Радзімы!

Старшыня выканкома Люсінскага с/совета
дэпутатаў працоўных /Жалезны/

Загадчык Люсінскай пач. Школы /Санько/

Настаўнікі: (подпісы ў колькасці пяці пазіцый неразборлівыя – А. Т.)
Сяляне 1) ад сялян в. Люсіна
2 сакратар Комс[амольскай] арг[анізацыі] (Занько)
3 сакратар с/с выканкома (Телушко)
Вучні 3 і 4 класаў.
(усяго 65 чал[авек])





Адбіткі ліста 1948 г.

Люсіна, Ганцавіцкі раён
Настаўнікі і вучні Люсінскай школы. 1929 год.
На фоне будынка, у якім некалі выкладаў Канстанцін Міцкевіч

Якія вынікі новапрадстаўляемага ліста? Найперш адразу адзначым, што невядома, ці Якуб Колас адпісаў на яго. Бывала, што на атрыманых пісьмах паэт рабіў пазнаку "адказана", якой на пасланні люсінцаў няма. Аднак трэба сказаць, што праблемы вяскоўцаў са школай пачалі канструктыўна вырашацца. Прычым вельмі хутка – у наступным сезоне.

Ужо ў 1949 г. пачатковая школа была пераўтворана ў сямігадовую. Па ўсёй верагоднасці, першаснай прычынай гэтай прагрэсіўнай трансфармацыі стала ўвядзенне ў тым годзе па заходніх абласцях БССР абавязковага сямігадовага навучання (дагэтуль яно датычылася толькі гарадской мясцовасці, у сельскай абавязковай для заканчэння была пачатковая школа).

Аднак ужо ў тым жа, 1949 г. ганцавіцкая раённая газета паведаміла пра планы пабудаваць у раёне некалькі новых школ, у тым ліку ў Люсіне (але без указання тэрмінаў). Тут жа і крыкуецца Люсінская школа ў сувязі з кепскім выкананнем рамонту: «Безадказна, антыдзяржаўна адносіцца да гэтай важнейшай справы загадчык Люсінскай пачатковай школы т.Санько. Не гледзячы на адпушчаныя сродкі, на прапаноўваемую сельскім советам дапамогу, рамонт школы яшчэ не распачат. Загадчык школы т.Санько фактычна бяздзейнічае, не зважаючы ўвагі на непрыстасаванасць школы да заняткаў, на дрэнную пастаноўку вучэбна-выхаваўчай работы».

Неўзабаве з’яўляюцца паведамленні пра разгортванне будаўніцтва новай школы ў в.Люсіна: «У вёсцы Люсіна метадам народнай будоўлі распачалося будаўніцтва сямігадовай школы. З вялікай актыўнасцю ўдзельнічаюць сяляне ў гэтым будаўніцтве. Кожны селянін абавязаўся адпрацаваць не менш 5 дзён. Але многія сяляне, у якіх маюцца дзеці школьнага ўзросту, не задаволіліся гэтым. У падзяку за тое, што іх дзецям адкрыты шлях да навукі, яны бяруць на сябе значна вышэйшыя абавязацельствы.

У сельскага актывіста Цялушкі Філіпа трое дзяцей наведваюць школу. Тав.Цялушка ўнёс на будаўніцтва школы 100 рублёў грашыма і абавязаўся скласці сам 8-мятровую сцяну.

Столяр Жалезны Сямён даў абавязацельства зрабіць трэцюю частку ўсіх сталярных работ, а дэпутат сельскага совета тав. Дзічка Павел абавязаўся зрабіць два акна і ўнесці 50 рублёў грашыма.

Кожны з сялян лічыць справай чэсці паспяхова выканаць узятае абавязацельства. На нарыхтоўку лесаматэрыяла для будаўніцтва школы штодзённа выязджае да 15 падвод і выходзяць у лес дзесяткі лесарубаў.

Для сталярных работ ужо распілована 25 кубаметраў дошак.

Закончыць будаўніцтва сямігадовай школы сяляне абавязаліся да новага навучальнага года».

Прыкладна тое ж чытаем у артыкуле наступнага нумара раёнкі. Энтузіязм насельніцтва і першыя вынікі працы вясковай талакі распісваюцца яшчэ ў ярчэйшых фарбах. Называецца шырокае кола актывістаў ініцыятывы будаўніцтва школы. Артыкул мае на мэце стварыць рэзананс падзеі, каб іншыя вяскоўцы актыўна бралі прыклад з люсінцаў.

Больш таго, задача пабудовы школы ў Люсіне нават стала адным з пунктаў дагавора аб міжабласным сацыялістычным спаборніцтве Брэсцкай і Пінскай абласцей. Як бачым, не ўлада стала будаваць школу, а самі жыхары Люсіна. А ўлада для гэтага прыдумала і тэрмін – «метад народнай будоўлі», нібыта менавіта саветы з’яўляліся тэарэтыкамі такой будоўлі. Да таго ж мясцовыя органы ўлады вырашылі яшчэ і выкарыстаць працу вяскоўцаў у рамках свайго спаборніцтва.

Здавалася б, такі імпэт павінен быў прывесці да скорага дасягнення мэты. І праўда, неўзабаве інспектар раённага аддзела народнай асветы Е.Берлінская паведамляла: «У вёсцы Люсіна сяляне заканчваюць зруб будынка сямігодкі». Аднак рэчаіснасць пакідала жадаць лепшага.

Дастаткова зірнуць на інфармацыю годам пазней: «Асабліва дрэнна абстаіць справа з будаўніцтвам. Ужо даўно прайшлі ўсе тэрміны, але будынак Люсінскай сямігадовай школы да гэтага часу знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва. Сельскі совет (старшыня т. Мельнікаў) і праўленне калгаса імя Калініна (толькі-толькі створанага – А.Т.) самаўхілілся ад аказання дапамогі школе».

Відавочна, ініцыятыва знізу патухла. Таму патрэбна была дапамога саветаў. Але і мясцовыя органы ўлады праігнаравалі праблему, якая мела востры характар і на наступны год: «У Люсінскім сельскім совеце яшчэ ў 1949 годзе пачалося будаўніцтва новай сямігадовай школы. Але да гэтага часу школа не пабудавана. Маруднымі тэмпамі вядуцца будаўнічыя работы і ў гэтым годзе. Старшыня Люсінскага сельсовета т.Занька і дырэктар школы тав.Місько своечасова не прынялі мер, каб у гэтым годзе будаўніцтва школы было закончана».

Доўгая гісторыя мучэнняў люсінцаў з будаўніцтвам школы ў нашым артыкуле пра ліст-просьбу люсінцаў да Якуба Коласа апісваецца нездарма. Гарызонт заканчэння той гісторыі яшчэ не быў відзён, а Якуб Колас у пачатку 1950 г. думаў, што люсінцы ўжо маюць «новую, болей прасторную» школу, якая б задаволіла іх патрэбы ў навучанні. Пэўна, слова ён замовіў, пэўна, хадайнічаў перад уладамі ў справе будаўніцтва школы, таму і меркаваў, што люсінскія школьнікі маюць ужо прыстасаваны будынак для вучобы. Яго меркаванні, аднак, былі далёкімі ад сапраўданага становішча рэчаў.

У юбілейны для народнага паэта – 1952 – год святы з нагоды Дня нараджэння люсінская грамадскасць праводзіла таксама не ў новым школьным будынку, якога па-ранейшаму не існавала. Не прамінулі люсінцы тады і яшчэ адну дату – 40-годдзе з часу настаўнічання Канстанціна Міцкевіча ў Люсінскай народнай школе, пра што меліся распавесці на свяце колішнія вучні паэта – «калгаснікі Занька М.В. (пра яго будзе яшчэ трохі ніжэй – А.Т.), Рылка В.С. і Занька М.І.». Адпаведны літаратурны вечар давялося праводзіць у мясцовай хаце-чытальні, хаця па іншых вёсках імпрэза адбывалася ў школах.

Тэма незавершанага ў Люсіне школьнага будынка ўсплывала на старонках мясцовай прэсы з году ў год. Вясной 1953 г. асноўныя матывы гэтай праблемы паўтарыліся: «Між тым у многіх сельскіх Советах работа па падрыхтоўцы школ да новага навучальнага года яшчэ не праводзіцца. Не ўдзяляе ўвагі пытанням работы школ Люсінскі сельсовет. Больш чатырох гадоў таму назад у вёсцы Люсіна была распачата будаўніцтва новага будынка для сямігадовай школы. Аднак і да гэтага часу будаўніцтва яго не закончана. У выніку гэтага школа размяшчаецца ў трох аддаленых адзін ад другога непрыстасаваных будынках. Патрэбна адзначыць, што і зараз ні раённы, ні Люсінскі сельсовет не спяшаюцца з заканчэннем будаўніцтва школы».

Урэшце рэшт на ўзвядзенне школьнага дома было патрачана чатыры поўныя гады і пяць летніх сезонаў – і новы будынак Люсінскай школы быў здадзены ў эскплуатацыю. У ім распачаўся 1953/54 навучальны год. Відаць, цяганіна з будоўляй не дазволіла навіну пра гэта зрабіць пампезнай. Прынамсі раённая газета абмежавалася сціплай нататкай: «Добры падарунак атрымалі школьнікі вёскі Люсіна. У гэтым годзе тут закончана будаўніцтва новага памяшкання для сямігадовай школы. У новым памяшканні размешчана 5 класных пакояў, фізхімкабінет, піонерскі і настаўніцкі пакоі».

Як бачым, даўгабуд аказаўся зусім не маштабным па плошчы дома. Нават сямігодка ў новай школе не магла змясціцца пры працы ў адну змену. Вышэй згаданая Коласава просьба не атрымала належнай рэалізацыі: ні новай, прасторнай, светлай школы з цэглы, ні тым больш поўнай сярэдняй школы вялікая вёска тады не атрымала. Тым не менш гэта сталася істотным паляпшэннем наяўных на той час у Люсіне ўмоў для школьнага навучання.

Думаецца, Якуб Колас да такіх пераўтварэнняў меў самае непасрэднае дачыненне (у Люсіне нават ходзіць паданне пра грошы, накіраваныя паэтам ці па яго ініцыятыве на ўзвядзенне школы, якія нібыта былі пераведзены раённым начальствам на іншы аб’ект). Аднак пакуль не ўстаноўлена, якія канкрэтна захады, акрамя ўпамянутай у яго лісце заявы, ён тым часам прадпрымаў (адказ на многія такія пытанні магла б даць даследчыцкая праца ў архівах). Галоўнае: вынік прашэння, прычым аператыўны, рэальны і канкрэтны быў намечаны – будаўніцтва распачалося. Аднак, па-першае, ад дзяржавы дапамогі не было (прынамсі доўгі час), выкарыстоўваўся рэсурс мясцовы (дзелавы лес, працоўная сіла, урэшце грошы сялян), па-другое, будоўля ператварылася ў даўгабуд. Сваімі сіламі люсінцы, відавочна, не справіліся з узвядзеннем вялікага будынка. Улада таксама не спяшалася з дапамогай (тым часам у Заходняй Беларусі якраз праводзілася масавая калектавізацыя і саветам было не да такой драбносткі, як школа). Аўтарытэтнага кантролю, які мог бы быць у абліччы Якуба Коласа, ізноў-такі не існавала.

Ёсць і яшчэ адзін важны вынік калектыўных лістоў люсінцаў да народнага паэта. Тымі пісьмамі быў пакладзены пачатак невялікай перапіскі люсінцаў з Якубам Коласам.

Яшчэ вясною 1949 г., можна сказаць, па пратаптанай сцежцы (адрас быў ужо вядомы), «па даручэнню вучняў і сялян вёскі Люсіна» напісаў Якубу Коласу ліст загадчык мясцовай школы К.Санько. Пасланне вельмі кароткае. Акрамя «бальшавіцкага прывітання», «камсамольцы, піонеры, а таксама і сяляне» віншуюць народнага паэта «з атрыманнем Сталінскай прэміі» і жадаюць яму «яшчэ лепшых поспехаў і здароўя ў працы на карысць нашай Радзімы». Ці меў ліст пэўнае прыхаванае значэнне або мэту – цяжка сказаць. Таму што логіка можа быць у тым, што гэтае пісьмо-віншаванне грала ролю напамінання пра папярэднія пасланні-просьбы люсінцаў. Але не выключана, што ліст з’яўляецца свайго роду жэстам удзячнасці люсінскіх вучняў і сялян вялікаму паэту, які да таго часу ўжо замовіў слова ў справе пабудовы новай школы ў сяле (інакш пра пасланні-просьбы закіды былі б больш празрыстымі). Неўзабаве пасля ліста К.Санько, датаванага 20 красавіка 1949 г., і распачалося ўзвядзенне будынка новай школы (як сказана вышэй, паведамленні пра гэта сустракаем у раёнцы).

Дарэчы, ці не меў месца тут пэўны канфлікт? К.Санько праз ліст Якубу Коласу мог патрывожыць раённае начальства, скіраваўшы на яго ўвагу вышэйшых інстанцый. У адказ загадчык школы сам быў раскрытыкаваны. Праўда, і ўлады афіцыйна абвясцілі пра планы паставіць люсінцам школу. А паколькі грошай не мелі (няўжо сапраўды перакінулі на іншы аб’ект?), то і арганізавалі "метад народнай будоўлі".



Адбітак ліста Санько

Гісторыя эпісталярных кантактаў люсінцаў з Якубам Коласам мела працяг. Шырока вядома, што ў 1950 г. ён абмяняўся некалькімі лістамі з адным са сваіх вучняў, які сам сябе падпісваў чалавек, як «Занько Міхаіл Васілёў» (імя па бацьку сярод беларусаў не прынятае, таму звычайна называў прозвішча і імя, часам для паўнаты ідэнтыфікацыі дадаючы, як у нашым выпадку, чыйго бацька сын). Ліст Якуба Коласа ад 2 лютага 1950 г. апублікаваны, – то быў ужо адказ паэта Міхаілу Заньку: «Атрымаў я, браток, тваё пісьмо», – напачатку піша народны паэт. З гэтага пісьма вынікае, што яму папярэднічаў ліст Коласава вучня, у якім М.Занька хацеў азнаёміць класіка з вершамі (магчыма, сваімі ці каго з родных або землякоў), але Якуб Колас адмовіўся з-за таго, што мае «мала часу і сілы, каб апрацоўваць іх».

Міхаіл Занька з жонкаю
М.В. Занька з жонкай. 1950-я гг.



Адбітак ліста М.В. Занька

А вось чарговы ліст М.Занькі да свайго колішняга настаўніка захаваўся: ён здаўна ўпрыгожвае экспазіцыю музея класіка ў Мінску. Гэты ліст люсінца датаваны 12 лютага 1950 г., такім чынам, адпісаны даволі аператыўна – праз дзесяць дзён пасля пісьма Коласа. У пісьме аўтар распавядае пра лёс аднавяскоўцаў, найперш герояў аповесці «У палескай глушы». У той жа час папярэдняга пісьма М.Занькі ці больш разгорнутых звестак пра той ліст пакуль намі не знойдзена. Як і не выяўлена, ці адпісаў у чарговы раз народны паэт свайму колішняму вучню.

Таму ўжо цяпер відавочна, што далейшая пошукавая праца прынясе новыя адкрыцці ў стасунках люсінцаў і народнага паэта, шлях у самастойнае жыццё якога пачаўся менавіта ў Люсіне – некалі глухой палескай вёсцы. Да таго ж напэўна жывуць і людзі, якія памятаюць тую перапіску, а то і мелі простае дачыненне да яе. (Калі такія знойдуцца, то ласкава просім звяртацца да аўтара гэтага артыкула праз электронны адрас tolik1976@tut.by.)

Такім чынам, гэты год адзначыцца яшчэ адной знамянальнай круглай датай у шэрагу святаў з нагоды юбілейнага, 130-га дня нараджэння Якуба Коласа, бо менавіта ўвосень 1902 г. малады настаўнік Канстанцін Міцкевіч атрымаў прызначэнне на працу ў народнае вучылішча вёскі Люсіна. Атрымліваецца, што з таго часу мінула 110 гадоў. А знойдзеныя лісты люсінцаў да народнага паэта не толькі праліваюць святло на старонкі мінулага і вёскі, і жыцця класіка, але і выступаюць нібыта падарунак з нагоды гэтых слаўных юбілеяў.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (17.11.2012) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 1949 | Рэйтынг: 5.0/7
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.