Пятніца, 26.04.2024, 19:45

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Любімая рака Уладзіміра Караткевіча выцякала з Круговічаў
Вялікія Круговічы, што сёння ў Ганцавіцкім раёне, ніколі не славіліся вадаёмамі, да таго ж рэкамі. Аднак дарэмна. Сяло мае чым ганарыцца. Прычым галоўнай тут выступае якраз рэчка.

Пра круговіцкую рачулку сёння помняць адно людзі старэйшага веку. Але яна, як той нябачны ў траве суслік з кітайскай показкі, ёсць. Смерць або, паводле іншай версіі, Смердзь.

У сучаснай даведачнай літаратуры ўсталявалася наступная характарыстыка ракі. Па-першае, за ёю замацавана назва "Смердзь”. Па-другое, лічыцца, што пачынаецца яна ў Лунінецкім раёне каля вёскі Міжлессе і даўжыня ракі складае 37 км. Лунінецкія краязнаўцы зазначаюць, што яе падкарацілі праз каналізацыю ў пачатку 1960-х гадоў, лічачы пры гэтым што Смердзь выцякала з-пад Вялікіх Чучавіч, "з крыніцы ва ўрочышчы Барсукі”. Між тым аўтар гэтага меркавання Сцяпан Нефідовіч сам называе аб’ект сваёй увагі "ракою-загадкай, ракаю-вампірам”. З першым азначэннем наконт загадкавасці ён адназначна не памыляецца. Як распавядзём далей, у ракі сапраўды яшчэ не было напісанай праўдзівай гісторыі яе жыцця і стварэнне такой біяграфіі выяўляе нямала зробленых іншымі недакладнасцей.

Да тэмы назваў ракі яшчэ вернемся асобна. Таму што іх колькасць, як аказалася, не абмяжоўваецца дзвюма. Пакуль жа варта акрэсліць лакалізацыю названага аб’екта прыроды, пачынаючы ад вытоку. Бо і назвы яго вар’іраваліся нярэдка ў сувязі са шляхамі ад Вялікіх Круговіч да вусця.

Выток. Выцякала рэчка багата вышэй, чым думаюць яе лунінецкія землякі, – з-пад саменькай круговіцкай царквы. Там у нейкі час паявіліся сажалкі. Ажно чатыры адна з адною з поўначы на поўдзень. Іх выкапалі на загад мясцовага памешчыка – гаспадара вёскі. Апошнімі ж уладальнікамі вялікіх зямельных угоддзяў (а ў часы прыгоннага права ўсёй вёскі) былі Абуховічы (з XVIII стагоддзя). Менавіта яны і праявілі ініцыятыву ў арганізацыі вадаёмаў. Спачатку ўзнікла сажалка, бліжэйшая да царквы (малюнак 1). "За Польшчаю” – яшчэ тры.

Малюнак 1. Фрагмент расійскай мапы 1910 года

Аднак з улікам ландшафту, думаецца, не будзе памылкай сцверджанне, што выток рэчкі некалі, да ўзнікнення штучных вадаёмаў, быў далей – ад сажалак на паўночны захад. Прыкладна – у раёне так званага Балотца, што паміж Вялікімі і Малымі Круговічамі (яшчэ яго называлі Імшэчкам). Хутчэй за ўсё гэта круговіцкая рэчка з Балотца і выцякала. Прынамсі ручай цёк адтуль і яшчэ існаваў на пачатку ХХІ стагоддзя. Па яго шляху стварэнне сажалак было лагічным: такім чынам забяспечвалася іх паўнаводнасць.

Натуральна, штучныя вадаёмы сталі пэўнай перашкодай для далейшага цячэння ручая з Балотца. Разам з тым сажалкі з’яўляліся і тым рэсурсам, які мог падпітаць рэчку. Яна не абязводзілася. Відаць, самая паўднёвая сажалка перапаўнялася ды выцекала. Пасля вайны там зробяць шлюз. Толькі ў выніку выток рэчкі перамясціўся за сажалкі, пад саменькую царкву. Калі не лічыць непастаяннага ручайка, што збягаў у лагчыну з узвышанасці на захад ад вёскі, дзе не так даўно быў шашкоўскі кар’ер (малюнак 1). Зараз шлях таго ручайка скараціўся, бо на яго месцы пасля Другой сусветнай вайны ўзніклі сялянскія пабудовы і – у сярэдзіне 1980 гадоў – гандлёвы цэнтр, за якім утварылася вялікая лужына. Як бачым, ручай указаны на адной з мап, хаця звычайна тапографы выток рачулкі абазначалі ўсё ж непасрэдна ў вёсцы.

Магчыма, з упадзіны каля царквы бруілася яшчэ і крынічка. Дый увогуле лугавіна, якая пачыналася ля падножжа царкоўнага узгорка і цягнулася на поўдзень, была балоцістай, што адлюстравана на даўнейшых мапах (малюнак 1). Яна, лагічна будзе меркаваць, і з’яўлялася рачной поймай – берагамі ракі, які затапляліся падчас разводдзя. У рэчку сцякаліся ручаі з ваколіц вёскі, найперш Выгана і Нарогаў (цяпер адтуль ідзе канава), а таксама з Дубровы і, як вышэй было сказана, з-пад узвышанасці на захад ад вёскі.

Такім чынам, па ўсёй верагоднасці, даўней, калі не было сажалак, вытокам лічылася кропка, дзе рака выцякала з Балотца. Але людская памяць такіх звестак не захавала. Не пазней першай паловы ХХ стагоддзя кругаўцы адносілі назву ракі пачынаючы з упадзіны пад царквою, на захад ад узгорка з храмам (Юздрыкі). Гэты факт – указанне старэйшага пакалення кругаўцоў – з’яўляецца ці не самай галоўнай падставай лічыць вытокам тое месца.

Рэчышча. Кіравала рэчка ўсходнім, пасля паўднёвым ускрайкам Дубровы, паўз мясціну, дзе цяпер знаходзіцца адстойнік ад жывёлагадоўчага комплекса (поплаў паміж адстойнікам і Дубровай кругаўцамі называецца "Поламка”, раней меў іншую назву – "Ражон-капец”). Затым рэчка імкнула далей, ва ўрочышча Кудаха, пасля якога – рознымі звілістымі шляхамі да самай Прыпяці. Воды круговіцкай рачулкі, такім чынам, даплывалі ўрэшце, як і ўсе стокі з наваколля вёскі, у Чорнае мора. Але ў гэтай гісторыі не ўсё так проста.

Спачатку на поўдзень ад вёскі Дзяніскавічы рака ўпадала ў балота пад назвай Стрыж. Пасля працягвала свой ход, выцякаючы ўжо з гэтага балота. Аднак у балоце рэчышча, напэўна, не растваралася дарэшты. Гэта дало падставы спецыялістам вызначыць рачное цячэнне і нанесці рэчышча на мапы. Тапографы самых розных краін (найперш Расіі і Польшчы) упэўнена абазначалі круговіцкую раку ад Вялікіх Круговічаў да Прыпяці (малюнкі 2 і 3).

Малюнак 2. Мапа. План абарончых умацаванняў польска-савецкае мяжы. Аддзелы "Ганцавічы” і "Лунінец”

Малюнак 3. Фрагмент мапы дэмаркацыйнай лініі паміж Германіяй і СССР 1939 года

Аднак у выніку меліярацыі рэчышча ракі змянялася. Да асушэння прыступілі яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Пра пачатак меліярацыі ў гэтым рэгіёне пісаў Артур Бартэльс – паэт, які прыйшоў на свет у Дзяніскавічах (1818–1885 гады). Ён баяўся, што такім чынам наступіць збядненне фаўны і зменшацца магчымасці палявання. Выказвалася такая перасцярога ім ужо ў Кракаве, куды Артур Бартэльс уцёк пасля паўстання 1863 года. З таго часу ён дома не бываў. Між тым, паводле некаторых звестак, якраз у 1860-я гг. (не пазней 1863 года, глядзі далей) на поўдзень ад Дзяніскавіч пачалі пракопваць канавы для сцёку балотных вод і выпроствання рэчкі, якая цякла з Круговіч. Так што сапраўды Артур Бартэльс на свае вочы мог заспець самы пачатак меліярацыйных работ або падрыхтоўку да іх.

Дарэчы, гэты паэт у сваіх творах пра паляванне (напрыклад, у паэме "Палескі тыдзень”) некалькі разоў згадвае нейкую рэчку. Але пры гэтым не прыводзіць яе назвы. Дзеянне ў іх, як намі ўстаноўлена паводле згаданых у творах тапонімаў, адбываецца ў наваколлі Дзяніскавічаў. Прычым, як сказана ў паэме "Дзяніскавічы”, глушцы, на якіх і наладзілі паляванне ў "Палескім тыдні”, асабліва вадзіліся якраз на поўдзень ад вёскі, дзе і працякала рака Смерць. Іншых рэк там не было.

Лунінецкія краязнаўцы выявілі, што ў ніжнім цячэнні рака спачатку ішла праз вёскі Любань і Лахаўка, якія ў выніку засталіся на ўсход ад новага рэчышча. На нямецкай мапе канца ХІХ стагоддзя таксама відаць, што выпростванне датычылася і калядзяніскаўскага ўчастка рэчкі, а таксама сярэдняга цячэння на поўдзень ад Вялікіх Чучавіч – Грычынскіх балот. Прычым на мапе выток быў адлюстраваны прыкладна там, дзе прынята яго абазначаць і сёння – на тэрыторыі сучаснага Лунінецкага раёна (малюнак 4). Дапускаем, што гэта магло быць звязана з меліярацыяй, якая да таго часу недзе падсушыла глебу і гэтым самым адрэзала ўчастак ракі ў ніжнім цячэнні ад сярэдняга. Аднак у штучным рэчышчы вада не ўтаймавалася і вярнулася на кругі свае. Вышэй прыведзеныя мапы, якія датуюцца 1930-мі гадамі (малюнкі 2 і 3), таму пацверджаннем.

Малюнак 4. Фрагмент нямецкай мапы 1895 года

Пры польскай уладзе ў міжваенны час звестак пра асушэнне разгляданай тэрыторыі не знаходзіцца. Затое пасля Другой сусветнай вайны тэма меліярацыі зноў была пастаўлена на павестку дня. У 1960-я гады прыняліся за актыўную каналізацыю ў тым ліку круговіцкай рэчкі. Яна праз людское гаспадаранне была пераўтворана ў звычайную канаву. Такіх водных стокаў парабілі цэлую сетку. Асабліва шчыльна канавы перапляліся на поўдзень ад Дзяніскавіч, дзе разлеглася вышэйзгаданае балота Стрыж, і, канечне, на месцы Грычынскіх балот.

Натуральна, гэта прывяло да чарговага змянення вытоку ракі і яе рэчышча. Яно, у прыватнасці, значна зменшыла працягласць рэчкі – прыкладна ў разоў тры. На дадзены момант лічыцца, што яе даўжыня, паўторымся, складае 37 км, хаця ў ранейшыя часы рачны шлях перавышаў сотню кіламетраў.

На жаль, выразнага рэчышча на ўчастках колішняга верхняга і сярэдняга цячэння сёння ўжо не існуе і следу – толькі канавы. Даўжыня "афіцыйнага” ўчастка ракі нашмат меншая. Між тым вада, якая ідзе з Вялікіх Круговіч, нікуды не дзелася. Яна па канавах усё адно дастаўляецца да разгляданай рэчкі. Таму усе падставы лічыць рачулку па-ранейшаму круговіцкай. Па іх можна прайсці ад круговіцкае сажалкі да Смердзі ў сучасным разуменні гэтай рэчкі.

Варыяцыі назвы. Як ужо было сказана, круговіцкая рэчка на працягу сваёй гісторыі мела назвы "Смерць” і "Смердзь”. Яны датычацца ўсяго яе шляху – ад Круговіч да Прыпяці – і з’яўляюцца найбольш працяглымі па часе свайго існавання і ахопе рэчышча (прынамсі паводле вядомых нам крыніц складваецца такое ўражанне, бо матэматычным шляхам вылічыць гэтыя дадзеныя складана). Стасоўна сярэдняга і ніжэйшага цячэнняў існавалі яшчэ чатыры (!) найменні.

У даўнейшыя часы жыцё паспалітага люду і, адпаведна, яго кругагляд бывалі моцна абмежаваны прыроднымі перашкодамі. Таму і варыяцыі назваў рэк маглі суіснаваць нават у асяродку аднаго этнасу. Што казаць пра розныя субэтнічныя рэгіёны, якімі з’яўляліся (і гэта адчувалася да другой паловы ХХ стагоддзя ўключна) вёскі ў верхнім цячэнні разгляданай ракі і вёскі, якія ішлі непадалёку ракі, пачынаючы з яе сярэдняга цячэння.

Прасочым, калі, дзе і якую назву мела разгляданая рака.

1. Смерць. Першы варыянт назвы, паводле візіі кругаўцоў, звязаны з тым, што ручай перасыхаў у засушлівыя леты – паміраў. Але гэта не адзіная легенда паходжання назвы. Яшчэ адна бытавала сярод насельніцтва, якое жыло ў ніжнім цячэнні Смерці, і кругаўцам не вядомая. Аўтар кнігі "Воспоминание о древнем православии Западной Руси” архімандрыт Анатолій у прыватнасці пісаў, маючы на ўвазе вельмі даўнія часы – княжанне Гедыміна (вялікага князя літоўскага ў 1316—1341 гады): "Татары, покончив с Туровом, двинулись к Давид-Городку… Начали делать набеги по ближним рекам Смерти и Случи… Река Смерть течет около местечка Лахвы… Река Смерть так названа потому, что татары предавали смерти всякого, кто на ней смел появляться, кому удавалось счастливо чрез эту реку пробраться, тому была лахва, т. е. тот был счастливец…” Лунінецкія краязнаўцы лічаць гэты пасаж першай згадкай пра раку Смерць. Сцяпанам Нефідовічам прыводзіцца і народнае паданне, якое таксама звязвае ўзнікненне назвы "Смерць” з татарскім нашэсцем: "Татары захапілі Давыд-Гарадок, тут стаў станам хан Гаюк. Збіраючы дань, татары часта наведваліся ў Лахву. Хто не мог здаць даніну, забівалі і кідалі ў раку. Тады рацэ была нададзена назва Смерць".

Працытаваны даследчык не схільны верыць гэтым версіям паходжання назвы на той падставе, што на старажытных мапах 1613 і 1772 гадоў рака імянуецца Лахвай і Смерцю абазначаецца толькі расійскімі тапографамі ў пачатку ХІХ стагоддзя. Шукаючы прычыны перайменавання, Сцяпан Нефідовіч гэтым разам давяраецца паданню, але іншаму: "У даўнія часы рака Лахва штогод забірала ахвяру. Казалі, іншы раз рака плакала ці стагнала. Калі ў ціхія вечары над ракой нейкая нябачная сіла плача дзіцячым галаском, то пільнуюць людзі дзяцей ці не, а абавязкова ўтопіцца малалетка, ці зімой на лёдзе, ці летам купаючыся, а то і так штосьці пацягне дзіця ў ваду. Калі галосіць жаночы голас – будзе ахвяра жанчына, а калі нешта стогне – мужчына ўтопіцца. Бывала 2-3 ахвяры за год. Людзі забілі трывогу. Сабраліся святары і правялі анафему – праклялі раку і надалі ёй назву Смерць. І ахвяраванне спынілася, не лічачы выпадковых тапельцаў”.

Як бы там ні было, гэта назва прымянялася на розных участках ракі ў розныя часы. Той жа Сцяпан Нефідовіч лічыць, што Смерцю назывлася рэчка нядоўга – прыблізна з 1800 года да 1830-х гадоў. Але недзе з сярэдзіны XIX стагоддзя стала называецца Смерддзю.

Ізноў-такі адзначым, лунінецкі краязнавец дастасоўвае свае меркаванні пра раку ў яе сярэднім і часцей ніжнім цячэнні. Дый то або памыляецца, або яго сцверджанне адносіцца да называння ракі Смерцю ў сялянскім асяродку. Таму што існуе шэраг мапаў сярэдзіны і другой паловы ХІХ стагоддзя, на якіх рака ў яе ніжнім цячэнні па-ранейшаму маркіруецца гэтым злавесным імем.

У круговіцкім наваколлі (што Смерць ішла ажно адтуль, як падаецца, лунінецкія краязнаўцы не ведаюць) рака Смерць захавала такую назву да свайго знікнення. Прычым паралельна бытавала і сугучнае рачное імя – Смердзь.

Чаму, калі і як з’явілася назва "Смерць” менавіта ў ваколіцах Круговіч, застаецца загадкай, якую наўрад ці ўдасца разгадаць.

Афіцыйна ж якраз гэта назва актыўна выкарыстоўвалася да сярэдзіны ХХ стагоддзя (глядзіце малюнкі 2 і 3). Прычым тапографамі розных краін. У гэтым кругаўцы міжволі супадалі са складальнікамі мапаў (ці, не выключана, наадварот: спецыялісты бралі на ўлік людскую практыку).

2. Смердзь. Этымалогія гэтай назвы нібыта відавочная – выкліканая непрыемнымі пахамі. Тым не менш існаванне назвы папярэдняй наводзіць на думку, што на падставе поўнага сугучча магло адбыцца (не без уздзеяння таго ж "водару”) аўтаматычнае перайменаванне. Гэта спарадзіла не тое што блытаніну – хутчэй суіснаванне абедзьвюх назваў.

Так было ў верхнім цячэнні, каля Круговіч. Час узнікнення сярод кругаўцоў "пахучай” назвы сваёй ракі, сёння таксама, бадай, не ўстанавіць. У ніжнім цячэнні, як вышэй гаварылася, такім часам стала сярэдзіна ХІХ стагоддзя. Аднак нам не вядома гістарычных крыніц таго часу з такой назвай.

У любым выпадку для тапографаў патрэбна была адназначнасць. Да Другой сусветнай вайны яны часцей выбіралі назву "Смерць”. Хаця першыя нам вядомыя выпадкі прымянення на мапах назвы "Смердзь” узніклі яшчэ ў 1930-я гады. Пасля вайны гэта назва на мапах трывала замацоўваецца. Іншых варыянтаў у крыніцах другой паловы ХХ–пачатку ХХІ стагоддзяў нам не траплялася.

3. Лахва. Яшчэ адна старажытная назва ракі – Лахва. Аднак датычыцца яна толькі ніжняга цячэння і, думаецца, не адносілася да ўчастка вышэй Грычынскіх балот.

Калі наконт узнікнення назваў "Смерць” і "Смердзь” не маем зачэпак, каб устанавіць хаця б верагодны час (за выключэннем не падмацаваных дакументальна разваг Сцяпана Нефідовіча), дык назва "Лахва” падштурхоўвае да наступнай гіпотэзы. Гістарычна склалася, што вельмі часта рэкі давалі найменні пасяленням. Таму апошнія не маглі быць старэйшымі за сваю "прамаці”. Вёска Лахва ўпершыню згадваецца ў 1493 годзе. Значыць, да гэтага часу рака павінна была мець аднайменную назву. Толькі з наступнай папраўкай: у ніжнім цячэнні. Атрымліваецца, што вышэйпрыведзеныя легенды пра адносіны татарскага нашэсця да ўтварэння назвы маглі ўтрымліваць слушную інфармацыю.

Магчыма і такое, што назвы "Лахва” і "Смерць” суіснавалі (у адным з вышэй прыведзеных паданняў такое становішча таксама дапускаецца, таму наша гіпотэза яму не пярэчыць). Прычым суіснавалі на адных і тых жа ўчастках ракі, не кажучы пра розныя, як, напрыклад, назвы "Смерць” і "Смердзь” бытавалі сярод кругаўцоў да знікнення рэчкі ў верхнім цячэнні. Але апошнім, як можна ўпэўнена сцвярджаць, найменне "Лахва” ніколі не было вядома.

4. Obrodnilza (назва на мове арыгіналу). Яшчэ адна назва ракі датычыцца яе ніжняга цячэння (як і Лахва). Прыводзім рачное імя так, як яно напісана на мапе, створанай у 1812 года для Напалеона. На жаль, назва засталася для нас наборам лацінскіх літар. Дапускаем, што аўтары мапы, якая грашыць хібамі, і тут нешта зрабілі неакуратна. Тым не менш для біяграфіі ракі ўлічым і гэты гістарычны пасаж.

5. Смуть (назва на мове арыгіналу). Сабраныя ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя "Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба” асобную ўвагу ўдзяляюць рэкам Цна і Лань. Пра Смерць у гістарычнай крыніцы таксама знаходзіцца згадка. Але яна "прывязаная” ў якасці заўвагі да падраздзельчыка пра Цну. Прычым не адразу можна зразумець, якая рака маецца на ўвазе. Толькі па геаграфічнай лакалізацыі становіцца ясна. Чаму? Ды назва, якою рака абазначана, нідзе больш, акрамя названай крыніцы, не сутракаецца. Працытуем той дакумент: «К востоку от Цны, в Мозырском уезде, близ границы его с Пинским, течет незначительная речка Смуть, впадающая в Припять с севера, противу устья левого рукава Горыни, называемаго Ветлицею; на речке находится м. Лахва». Менавіта дзве апошнія акалічнасці – упадзенне на супрацьдеглым беразе рукава Гарыні і размяшчэнне на рацэ населенага пункта – указваюць, што гаворка ідзе акурат пра круговіцкую рэчку, якая такім чынам атрымлівае чарговы свой гідронім (ці – вужэй – патамонім).

6. Стрыжова. Яшчэ ў часы Расійскай імперыі рэчку сталі называць "Стрыжова” (ад назвы балота Стрыж на поўдзень ад Дзяніскавіч, у якое ўпадала Смерць – глядзі вышэй). Мяркуем, што ўтварэнне назвы ракі да балота адносіцца да часу зараджэння ў гэтым краі меліярацыі. Недзе каля Еськавіч рэчку, якая гублялася, расцекалася ў забалочаных нізінах "акультурылі” – трохі каналізавалі, каб лепей сыходзіла вада. Так адбылося ў 1860-я гады. Так, на тагачаснай мапе (не пазней 1863 года) відаць выпрастаны ўчастак, але яго назва пакуль не пазначана (малюнак 5).

Малюнак 5. Фрагмент расійскай мапы сярэдзіны ХІХ стагоддзя

Малюнак 6. Фрагмент савецкай мапы 1938 года

Адметна наступнае. Пры перайманні назвы "Стрыжова” (малюнак 6) паралельна на гэтым участку захоўваліся старыя назвы – "Смерць” і "Смердзь”. Чаму некаторымі тапографамі была ўзята трэцяе імя рэчкі, не зразумела. Нягледзячы на тое, што назва "Стрыжова” давалася каналу, часам яе носьбіту, як ілюструе той жа малюнак 6, надаецца статус ракі.

Праз гадоў сто там жа была праведзена яшчэ адна, нават больш маштабная меліярацыя. У адрозненне ад каналізацыі ХІХ стагоддзя, якая не змагла паланіць раку, сучасныя меліяратары далі рады – старое рэчышча перастала існаваць. Прычым назву каналу, які ўвабраў воды колішняй, моцна абязводжанай рэчкі, пакінулі тую, якую далі папярэднікі па асушэнні, – Стрыжова. Але ў народзе яшчэ доўга захоўваўся мясцовы гідронім.

На дзень сённяшні назва "канал Стрыжова” з’яўляецца афіцыйнай і, бадай, адзінай назвай таго шляху, па якім працякала некалі круговіцкая рака Смерць (за выключэннем, зразумела, ніжняга цячэння ракі, якая стала называцца Смердзю).

Што вадзілася. Што было ў даўнейшыя часы на рацэ і ў навакольнай лясістай прыродзе, можна толькі здагадвацца. Пры гэтым няма сумнення, што фаўна і флора характарызавалася адносным багаццем. Важкай падставай для такога меркавання з’яўляецца людская памяць.

Па ўспамінах майго бацькі (1937–2014), у часы яго дзяцінства і маладосці рэчка дзялілася з сялянамі прыпасамі: акрамя паўсюдных карасёў, там вадзіліся акуні, шчукі, ракі, трохі далей ад вясковых сядзіб знаходзіліся ўладанні баброў. Быў выпадак, як адзін з іх пасяліўся паблізу сяла, на ручаіне, якая выцякала са згаданага Балотца і цякла да сажалак. Пра гэта напісаў ураджэнец вёскі Малыя Круговічы вядомы пісьменнік Віктар Гардзей у аповесці "Бедна басота”. Пачытаем дыялог яго персанажаў:

З Кудахі, мабыць, прывалокся, – сказаў нешта адвольнае, неабавязковае, абы толькі не маўчаць. – Калісьці баброў на рэчцы было да гібелі. Шкуры пан Абуховіч мяшкамі вазіў у Варшаву.
З якой Кудахі! Бабры ў нас на Імшэчку вяліся. Там, у завоіне, і хатка іхняя стаіць, – дасведчана запярэчыла Ядзюня. – Я тудэмі на цагельню хаджу, дык на свае вочы бачыла.

Цікава, але аўтар шматлікіх празаічных і паэтычных твораў пра круговіцкую зямлю не ўпамінае ў іх назву мясцовай рэчкі, якая выцякала з любімага ім Імшэчка (у адрозненне яшчэ ад адной – ракі Цны, якая бярэ пачатак у ваколіцах Малых Круговіч).

"Калі вясною ішлі са школы напрасткі цераз рэчку, можна было ботамі шчучак на бераг навыкідваць, – успамінае свой школьны час 1960-х гады мясцовы ўраджэнец Мікалай Блінкоўкскі (1954 год нараджэння), маючы на ўвазе пачатак вясны, калі шчукі ішлі на нераст. – А там, дзе сыходзяцца наша рэчка і ручай ад Палячковых (сядзіба вяскоўцаў. – А.Т.), крыху далей, перад крынічкай, было шмат уюноў”. Што праўда, кругаўцы за рыбаю не ганяліся – важнейшай была праца па гаспадарцы. Лавілі дары рэчкі толькі дзеці.

Пра добрую экалогію круговіцкіх ручаёў сведчыць наяўнасць у іх п’явак. Яны вадзіліся ў канавах недзе да пачатку 1990-х гадоў. Затым зніклі.

Да канца ХХ стагоддзя засталіся рэшткі колішняга багацця. Так, падчас нерасту па канаве ўздымалася шчука (але толькі да заходне-паўднёвага ўскрайку вёскі – Дубровы, у саму вёску, як некалі, рыба не заходзіла). Яе нярэдка білі браканьеры восцямі. У ХХІ стагоддзі і пра яе не стала чутно. Відаць, працягвалася абязводжванне. Праўда, бабры часам з’яўляліся на ўчастку канавы ў Кудасе і, натуральна, ніжэй па цячэнні. Летам 2021 года аўтар гэтых радкоў на свае вочы бачыў іх плаціну на ўездзе ва ўрочышча.

Цікава, але з пагаршэннем спраў у сельскай гаспадарцы ўсёй краіны і ў Ганцавіцкім раёне ў прыватнасці (з сярэдзіны 1990-х гадоў), калі сталі менш выкарыстоўваць хіміі і калі ўвогуле сталі менш абрабляць зямлі, на Смерць (не на якую іншую канаву) ізноў прыляцелі дзікія качкі, пасяліўшыся ля царквы, а таксама ў іншых месцах – на сажалках і ніжэй па цячэнні канавы.

Думаецца, калі б да акрэсленай мясцовасці дапяў еўрапейскі трэнд забалочвання (з мэтай фарміравання экалагічнага балансу), круговіцкая рака, як і іншыя навакольныя вадаёмы, па ўсім сваім цячэнні ў многім вярнула б, аднавіла б свае прыродныя рэсурсы. Толькі пры такім гаспадаранні паляпшэння стану прыроды, калі няшчадна высякаюцца пракаветныя лясы, чакаць не выпадае.

Адзначым, што прамысловая лесанарыхтоўка ў раёне ракі пачалася яшчэ ў ХІХ стагоддзі. У 1870-80-я гады Радзівілы, якім належала тут шмат зямлі, паставілі справу на вышэйшы ўзровень – арганізавалі дастаўку драўніны па рацэ (некаторыя адносяць пачатак сплаўлення лесу да першай трэці ХІХ сгаоддзя). Канечне, яе рэчышча дазваляла весці такі бізнэс не вышэй Грычынскіх балот. Ды і то плыты даводзілася рабіць мінімальных памераў – для праходнасці. Па дасягненні шырокай Прыпяці плыты перавязваліся на пасы даўжэйшыя і шырэйшыя. Такім чынам палескі лес дастаўляўся ва Украіну. Праўда, гісторыя плытніцтва па Смерці не была працяглай: неўзабаве, у 1884 годзе, побач праклалі чыгунку, якая грузапаток драўніны перацягнула на сябе. Яшчэ трохі пазней тыя ж Радзівілы пабудавалі некалькі вузкакалеек, што інтэнсіфікавала высечку. Аднак да такога павальнага знішчэння лесу, як сёння, у той час было яшчэ далёка. Таму рака доўга, да сярэдзіны ХХ стагоддзя захоўвала свае формы (ландшафт) і змест (флору і фаўну), нягледзячы як на пэўнае асушэнне навакольных балот, так і на лесанарыхтоўку.

Уладзімір Караткевіч і круговіцкая рэчка. Здавалася б, з класікам беларускай літаратуры Вялікія Круговічы не маюць кропак судакранання. У гэтым сяле пісьменнік не бываў і наўрад ці ведаў пра яго існаванне. Ізноў-такі шырокія жыццёвыя практыкі, якія не перастаюць здзіўляць сваёю нечаканасцю і неверагоднасцю, падкінулі пэўную сувязь паміж пісьменнікам і сялом. Ёю стала менавіта разгляданая рэчка.

У сваім славутым творы – маляўнічым нарысе «Зямля пад белымі крыламі» – Уладзімір Караткевіч пісаў: «Рака з непрыгожаю назваю Смердзь ёсць, аднак, адна з найпрыгажэйшых рэчак, якія мне даводзілася бачыць у маім жыцці. Недзе кіламетраў за дзесяць да ўпадзення ў Прыпяць рака пачынае драбіцца на рукавы. Атрымоўваецца некалькі астравоў, злучаных драўлянымі мастамі. На гэтых астравах хаты, што патанаюць у садах. Вада рукавоў цёмна-зялёная, з сонечнымі плямамі, бо над імі вербы ўтвараюць суцэльныя тунэлі. І ў гэтых тунэлях, у імгле, цэлыя чароды чаўноў». Гэтыя словы сёння вывучаюцца школьнікамі ўсёй краіны. Такім чынам круговіцкая рака з лёгкай рукі нацыянальнага мастака Беларусі стала яскравым штрыхом да агульнага партрэта краіны, улюбіўшы ў сябе хрэстаматыйнага творцу.

Тою любоўю да азначнай ракі сувязь паміж Уладзімірам Караткевічам і Круговічамі яго лёс не абмежаваўся. Але ў дадзеным выпадку гэта сумная старонка жыцця, бо стала для чалавека адной з апошніх. Рэч у тым, што летам 1984 года пісьменнік разам з сябрамі рушыў у воднае падарожжа – ад Пінска ўніз па Прыпяці. Уладзімір Караткевіч пасля страты жонкі перажываў душэўны крызіс. Меркавалася, што такі паход, да таго ж па любых яму мясцінах, дапаможа акрыяць. Аднак – дарма. Уладзімір Караткевіч па-ранейшаму моцна маркоціўся. Пагоршыўся і фізічны стан. Апошнім для падарожнікаў прыстанкам пазапланава стала якраз тое месца, дзе да Прыпяці далучаецца рака Смердзь, для класіка "найпрыгажэйшая з рэчак”. Там праводзілі ноч. Калі сядзелі ля кастра, над падарожнікамі пралапатала шырокімі крыламі велічэзная сава. Знаўца народных прымхаў Уладзімір Караткевіч, вытрымаўшы паўзу, адзначыў, што гэта знак надзвычай кепскі – ён прадвяшчае смерць.

Раніцай Уладзіміру Сямёнавічу стала зусім кепска. Падарожжа перарвалі. Хворага даставілі ў Мінск. Барацьба за яго жыццё была прайграна. Апошні здымак Уладзіміра Караткевіча зафіксаваў яго, спакутанавага, якраз на агульным беразе любімых рэк – Прыпяці і Смердзі (малюнак 7).

Малюнак 7. Апошні здымак Уладзіміра Караткевіча 16 ліпеня 1984 года

Заключэнне. Бедныя на рэкі Вялікія Круговічы не заўсёды былі такімі. Некалі вёска давала пачатак самай сапраўднай рацэ. Натуральна, яе верхняе рэчышча было даволі сціплым. Тым не менш дасюлека кругаўцы ўспамінаюць прыроднае багацце ракі, найперш, канечне, яе шматрыбнасць. 

Рака праіснавала да 1960-х гадоў – часу, калі яе канчаткова каналізавалі. Адпаведна ў выглядзе ракі яна зараз пачынаецца багата ніжэй. Між тым сляды застаюцца па сённяшні дзень, круговіцкія канавы ідуць у тым жа кірунку, што і некалі рака.

Яна на працягу свайго існавання і на розных участках мела ажно шэсць імён. Кругаўцы ведалі толькі два: Смерць і Смердзь. Апошняя назва пасля Другой сусветнай вайны замацавалася ў якасці адзінай афіцыйнай і ў выніку меліярацыі звузілася толькі да ніжняга цячэння ракі.

Пікантнасці і каларыту круговіцкай рацэ дадае тое, што ў яе ніжнім цячэнні (у верхнім, як зазначалася, ракі як такой фактычна ўжо не было) Смердзю захапляўся класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч. Выпадкова ці не, але якраз пры ўпадзенні Смердзі ў Прыпяць заўчасна завяршылася апошняе падарожжа пісьменніка.

Як бачым, Круговічы мелі сваю раку, падзяліліся ёю з населенымі пунктамі ніжэй па цячэнні. Больш таго, існаванне ракі характарызуецца багатай і цікавай гісторыяй.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: vitalis (30.03.2022) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 846 | Тэгі: Артур Бартэльс, Вялікія Круговічы, Дзяніскавічы, Лунінецкі раён, Ганцавіцкі раён, Уладзімір Караткевіч, Анатоль Трафімчык, Віктар Гардзей, Малыя Круговічы | Рэйтынг: 5.0/5
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.