Пятніца, 26.04.2024, 01:35

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Іншае

Прамыслова-гандлёвыя арганізацыі Круговіцкай воласці на рубяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў
У сваіх ранейшых артыкулах «Корчмы Круговіцкай воласці» і «Ясянецкая суконная фабрыка» мне часткова даводзілася апісваць стан народнай гаспадаркі і прамысловых прадпрыемстваў Круговіцкай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні на сярэдзіну і канец ХІХ ст. У гэтай жа публікацыі хочацца болей падрабязна спыніцца на апісанні прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў на рубяжы ХІХ-ХХ ст. Асноўным дакументам для гэтага стане «Журнал генеральнай праверкі гандлёвых і прамысловых устаноў у Круговіцкай воласці за сакавік 1895 г.».

Штуршкамі для развіцця прамысловасці ў гэтай мясцовасці ў другой палове ХІХ ст. сталі адмена прыгоннага права ў 1861 годзе, а таксама правядзенне па заходняй частцы Круговіцкай воласці ў 1884 годзе Палескай чыгункі.

Акрамя згадваўшыхся ў ранейшым артыкуле «Корчмы Круговіцкай воласці» 10 корчмаў і 1 вінакурні сетка прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў была досыць шчыльнай і разнастайнай. На тэрыторыі воласці былі 3 крамы, 2 сталярна-шкіпінарныя заводы, 3 вадзяныя млыны, 2 лесапільныя паравыя заводы, 3 лесапрамыслоўцы.

Крамы размяшчаліся ў вёсках Вялікія Круговічы і Агарэвічы. У Вялікіх Круговічах уладальніцай была мяшчанка Стыся Хан, загадвала сама. Будынак крамы складаўся з аднаго памяшкання з адным уваходам. Гадавы грашовы зварот складаў 300 рублёў, а чысты прыбытак – 100. У суседніх Агарэвічах было дзве крамы, належалі яны па ўсёй бачнасці, двум прадстаўніцам мяшчанскага роду Лекехмазер. Загадвалі ў іх самі ўладальніцы, пабудовы былі падобныя адна на адну і складаліся з аднаго памяшкання з адным уваходам. Нават гадавыя грашовыя звароты і прыбыткі для дзвюх крам былі аднолькавымі – 200 і 70 рублёў адпаведна.

Вадзяныя млыны размяшчаліся на рацэ Нача ў вёсцы Лахоўшчына, на месцы зліцця рэк Нача і Лань ў вёсцы Лактышы, а таксама на крыніцы ў вёсцы з яскравагаворачай, для гэтага віду дзейнасці, назвай Мельнікі.

вадзяны млын, водяная мельница
Вадзяны млын у в.Круцілавічы ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці.
Магчыма млыны такога кшталту размяшчаліся ў свой час
на тэрыторыі Круговіцкай воласці

Млыном у Лахоўшчыне валодаў мяшчанін Моўша Яновіч, загадваў сам. Млын складаўся з аднаго памяшкання з адным уваходам, прыказчыка не было. Гадавы грашовы зварот складаў 600 рублёў, а прыбытак – 200. Адпаведна "Ведамасці фабрычна-завадскіх памяшканняў на 1904 год" гэты млын стаў належаць графу Адаму Адамавічу Гутэн-Чапскаму, ён таксама дапоўніўся сукнавальняй з ваўначоскай і ацэньваўся ў 4 000 рублёў, гэтая лічба ўяўляла сабою гадавы грашовы зварот.

Лактышоўскім вадзяным млыном валодаў мяшчанін Файвеля Айзікавіч, загадваў ён у ім сам. Памяшканне было адно з адным ўваходам, прыказчыка не было. Гадавы зварот – 200 рублёў, а прыбытак – 100. На 1904 год гэтым млыном валодаў князь Антоні Вільгельм (Альбрэхт) Радзівіл, само прадпрыемства дапоўнілася сукнавальняй і ацэньвалася ў 1 500 рублёў.

Млыном у Мельніках валодаў мяшчанін Давід Бляхер, загадваў сам. Памяшканне млына было адно з адным уваходам. Гадавы грашовы зварот складаў 200 рублёў, а прыбытак – 50. Млын у гэтай вёсцы ў 1904 годзе стаў належаць двараніну Напалеону Іванавічу Абуховічу і ацэньваўся ў 1 500 рублёў.

Сталярна-шкіпінарныя заводы размяшчаліся ў вёсках Дзяніскавічы і Востраў. У Дзяніскавічах прадпремствам валодаў мяшчанін Моўша Яновіч, загадваў сам, відаць ён жа таксама валодаў і млынам у Лахоўшчыне. Печаў на заводзе было дзве, рабочых таксама двое. Гадавы грашовы зварот складаў 500 рублёў, а прыбытак – 150. Прадпрыемствам у Востраве валодаў мяшчанін Лейзер Бусель, загадваў ім сам. На заводзе было дзве печы і двое рабочых. Грашовы зварот за год складаў 500 рублёў, прыбытак – 150.

У вёсках Агарэвічы і Вялікія Круговічы размяшчаліся два лесапільныя паравыя заводы. Уладальнікам прадпрыемства ў Агарэвічах з’яўляўся купец 2-ой гільдыі Рыгор Скарнякоў, загадваў прыганяты Іцка Драпкін, а механічнаю часткаю загадваў мінскі мяшчанін Іван Герасімовіч. Лесапільны завод складаўся з аднаго будынку на пяць пакояў з трымя ўваходамі. На ім працавалі 18 рабочых, было двое прыганятых першага класу. Мясцовы лесаматэрыял пілаваўся на дошкі. Сума гадавога грашовага звароту складала 7 000 рублёў, прыбытак складаў – 700.

Прадпрыемствам у Вялікіх Круговічах валодаў купец другой гільдыі Гірш Янкелеў Мілер, загадваў сам. Завод складаўся з аднаго будынку, у якім было чатыры ўваходы і пяць пакояў. Рабочых на прадпрыемстве было 16 чалавек, прыганятага не мелася. Гадавы грашовы зварот складаў 15 000 рублёў, а прыбытак – 2 000. Прадпрыемства ў Вялікіх Круговічах, згодна з пратаколам будаўнічага аддзялення Мінскага губернскага праўлення ад 22 чэрвеня 1889 года "Аб адабрэнні плана ўстроенага ў маёнтку Круговічы Слуцкага павету паравога лесапільнага завода", пабудаваў мясцовы памешчык Напалеон Іванавіч Абуховіч. "…Памешчык Слуцкага павету Напалеон Абуховіч просіць прадстаўлены ім план з копіяй паравога лесапільнага завода, устроенага ім у яго маёнтку Круговічы, адобрыць і выдаць пад распіску двараніну Уладзіславу Цыбульскаму. Разгледжаны будаўнічым аддзяленнем праект аказаўся складзеным правільна і адпаведна прызначэнню…" Цікава, што заставіла прадстаўніка вядомага на Беларусі шляхецкага роду прадаць, альбо перадаць у валоданне новазбудаванае прадпрыемства іншаму. На 1904 год яно ацэньвалася ў 12 000 рублёў і належала Іцку Меераву.

На тэрыторыі Круговіцкай воласці было тры лесапрамыслоўцы. Лесапрамысловае прадпрыемства ў Востраве належала купцу другой гільдыі Абраму Іцкаву Каплану, загадвала на ім яго дачка. Прадпрыемства займалася вырабам шпалаў, на ім працавалі "падзённыя" рабочыя, гэта значыць, што пастаяннага штату магло і не быць. Гадавы зварот складаў 6 000 рублёў, чысты прыбытак – 600.

У вёсцы Ганцавічы лесапрамысловае прадпрыемства належала віленскаму купцу мяшчаніну Абраму Лур’я, на ім загадваў прыганяты Моўша Рабіновіч. Завод займаўся вытворчасцю дроваў для чыгункі. Гадавы грашовы зварот быў 8 000 рублёў, а прыбытак – 1 000.

На станцыі Ганцавічы працавала лесапрамысловае прадпрыемства Шэпцеля Найгуза, на якім ён загадваў сам. На гэтым заводзе, як і на суседнім у вёсцы Ганцавічы, займаліся вытворчасцю дроваў, якія цераз станцыю Ганцавічы па чыгунцы адпраўляліся ў Беласток. Гадавы зварот складаў 1 000 рублёў, прыбытак – 300. Можна меркаваць, што папярэднікам гэтага прадпрыемства пры чыгуначнай станцыі быў лесапільны завод пабудаваны пінскім купцом Веніамінам Волам у 1888 годзе.

6 ліпеня 1898 года Будаўнічым аддзяленнем Мінскага губернскага праўлення быў адобраны праект пабудовы ў маёнтку Ганцавічы Слуцкага павету завода па вытворчасці шкла. Гэты праект быў паданы ў Будаўнічае аддзяленне лідскімі купцамі Вільгельмам Краеўскім і Юліем Столем ад 15 красавіка таго ж года. І ўжо ў 1899 годзе гэтае прадпрыемства запрацавала. Для забеспячэння завода сыравінай былі адкрыты чатыры гуты. На 1904 год Ганцавіцкі шкляны завод ацэньваўся ў 39 503 рублі і 86 капеек.

З вышэй прыведзеных звестак можна зрабіць выснову, што пераважная большасць прамысловых прадпрыемстваў была накіравана на перапрацоўку мясцовай сыравіны і пастаўку гатовай прадукцыі, альбо "паўфабрыкатаў” за межы воласці, павету і часткова Мінскай губерні.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (29.09.2011) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 2527 | Тэгі: Лактышы, Вялікія Круговічы, Ганцавічы, Дзяніскавічы, Мельнікі, Агарэвічы, Востраў, Віталь Герасіменя | Рэйтынг: 5.0/8
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.