Субота, 20.04.2024, 14:03

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Іншае

Корчмы Круговіцкай воласці
null
На вялікі жаль на 1895 год ад іх не засталося амаль нічога – толькі ў Круговічах была вінакурня. І калі верыць "Беларускай энцыклапедыі", то паміж броварам і вінакурняй вялікай розніцы няма, хаця на вінакурнях у адрозненні ад бровараў, дзе выраблялі піва, пераважна гналі гарэлку. Вінакурняй валодаў прадстаўнік вядомага на Беларусі дваранскага роду Абуховічаў памешчык Напалеон Іванавіч Абуховіч. Вінакурня складалася з чатырох пакояў, у якую мелася два ўваходы і працавала тут шэсць чалавек, а гадавы абарот складаў 8000 рублёў, а прыбытак за год – 800 рублёў. Ён жа ў гэтай жа вёсцы валодаў і карчмой, у якой за прыказчыка была Таццяна Галушка. Карчма відаць была досыць сціплая, хоць і знаходзілася ў валасным цэнтры, і складалася з аднаго памяшкання з двума ўваходамі, гадавым абаротам у 800 рублёў і чыстым прыбыткам у 200 рублёў, што не зусім і блага.

Больш на тэрыторыі гэтай воласці ніякіх вінакурняў не было, але даволі шырокае распаўсюджване атрымалі корчмы, дзе мясцовыя жыхары не толькі маглі выпіць той жа гарэлкі, але і абмяняцца апошнімі навінамі. Але перад тым як прыступіць да іх пераліку паспрабуем разабрацца, што хавалася за назвай карчма.

Карчма – харчэўня, заезны дом, дзе спыняліся, харчаваліся, начавалі падарожнікі. Будавалі корчмы пераважна з дрэва, радзей з цэглы на гандлёвых плошчах гарадоў і мястэчак, на галоўных вуліцах, у прадмесцях, на гандлёвых шляхах каля вёсак, фальваркаў, перавозаў праз рэкі, пры млынах і гэтак далей. Вялікія корчмы ў гарадах называліся аўстэрыямі.

Паводле функцыянальнага прызначэння корчмы падзяляліся на заезныя (па тыпу гасцініцы) і шынковыя (па тыпу харчэўні). Прынамсі на Беларусі корчмы вядомы з часоў Кіеўскай Русі. З ХVI ст. іх размяшчэнне рэгламентавалася Статутамі Вялікага Княства Літоўскага, велікакняжацкімі і каралеўскімі прывілеямі, а з канца XVIII ст. – законамі Расійскай імперыі.

Шынковыя корчмы мелі простую архітэктурна-планіровачную структуру, якая склалася на аснове двух альбо трохкамернага жылля (хата + сенцы і хата + сенцы + хата). У шынку звычайна былі кафляная грубка альбо камін для абагрэву памяшкання, мураваная печ для прыгатавання ежы, пасярод памяшкання стаяў доўгі стол, вакол яго – лавы; лавы і ўслоны мясціліся ўздоўж сцен. Каля ўваходу звычайна была паліца ці шафка з посудам. У шынках і сенцах адасабляліся каморы для карчомнай маёмасці, прадуктаў харчавання і святліцы для заможных наведвальнікаў.

Заезныя корчмы складаліся з "заезду", размешчанага ў цэнтры, альбо з боку карчмы, вялікай хаты-шынкоўні з каморкамі і гасцінных пакояў. "Заезд" быў сенцамі і стайняй, дзе ўздоўж сцен размяшчаліся жалабы, канавязі, драбіны.

У архаічных корчмах з аднаго боку "заезду" размяшчалася белая хата-гасціная для заможных падарожнікаў, з другога – чорная хата для простага люду. У некаторых корчмах пры белай гасцінай вылучаўся самастойны блок кухонных памяшканняў. У больш развітых тыпах корчмаў былі спецыяльныя стайні і вазоўні, якія размяшчаліся за "заездам" у тыле карчмы альбо перад ёю.

Жылыя памяшканні гасцінічнага тыпу ў буйных корчмах перамяшчаліся ў мезанін, у ніжнім ярусе заставаліся толькі кухня, сталовая, гасціная, каморы.

Падвор’е корчмаў забудоўвалася гаспадарчымі і вытворчымі збудаваннямі. На ім часта размяшчаліся бровар, саладзільня, скляпы, свірны, жыллё карчмара. Пры некаторых буйных корчмах развіваліся комплексы гандлёвых памяшканняў. У другой палове XVIII-XIX ст. на аснове корчмаў сфарміраваліся новыя тыпы збудаванняў: гасцініцы, паштовыя станцыі, пастаялыя двары і інш.

Буйнейшым уладальнікам корчмаў у Круговіцкай воласці быў прадстаўнік яшчэ аднаго вядомага дваранскага роду Беларусі Радзівілаў князь Антон Вільгельмавіч Радзівіл. Ён меў корчмы ў трох населеных пунктах воласці – вёсках Чудзін, Будча і Дзяніскавічы. Найбольш буйной з іх, але гэта што датычыцца грашовага абароту, была карчма ў Дзяніскавічах. Карчма складалася з аднаго памяшкання з адным уваходам, прыказчык быў адзін, праўда другога класа – Фама Берташ, грашовы абарот тут складаў 700 рублёў, прыбытак – 180 рублёў.

Корчмы ў Будчы і Чудзіне ў дачыненні да іх гадавых абаротаў і прыносячымі імі прыбыткамі былі аднолькавымі. Кожная з іх мела гадавы абарот у 600 рублёў і прыбытак – 150 рублёў. Карчма ў Будчы складалася з аднаго памяшкання з двума ўваходамі. За прыказчыка тут быў Савеня Мацвей. У Чудзіне ж карчма таксама складалася з аднаго памяшкання, але ў ёй было ажно тры ўваходы. Прыказчыкам была Пелагея Будчаніна.

З астатніх корчмаў, толькі ў адной ўладальнік не быў прыказчыкам. Такое было ў вёсцы Востраў, дзе ўладальнікам карчмы быў дваранін Іван Фёдаравіч Лазоўскі, а прыказчыкам – Павел Ціхан. Карчма складалася з аднаго памяшкання, а гадавы абарот і прыбытак складалі адпаведна 500 і 130 рублёў.

У суседніх ад Вострава вёсках Крышылавічы і Лактышы таксама былі корчмы. Уладальнікам карчмы ў Крышылавічах быў селянін Філіп Чыркун. Гадавы абарот ў гэтай карчме складаў 450 рублёў, а прыбытак – 100 рублёў. Карчма ў Лактышах належала селяніну Івану Васільевічу Бондару. Гадавы абарот і прыбытак былі вышэйшымі, чым у Астраўской і Крышылавіцкай корчмах, і складалі адпаведна – 700 і 180 рублёў. На такое адрозненне ўплывала хутчэй за ўсё большая колькасць насельніцтва ў вёсцы Лактышы. Па пабудове і ўстройству корчмы ў Крышылавічах і Лактышах былі падобныя на Астраўскую і складаліся з аднаго памяшкання з адным уваходам.

Былі корчмы і ў вёсках Любашава, Ганцавічы і Агарэвічы. Карчма ў Любашаве належала селяніну Пятру Васільевічу Мядведскаму. Яна прыносіла яму прыбытак у суме 130 рублёў з гадавога абароту ў 500. Трэба адзначыць, што да сярэдзіны пяцідзесятых гадоў мінулага стагодзя, калі была праведзена разхутарызацыя, непадалёку ад вёскі Любашава існаваў хутар Карчомка. Верагодня Любашаўская карчма і размяшчалася на гэтым хутары, ад якой ён і атрымаў сваю назву.

Уладальнікам карчмы ў вёсцы Ганцавічы быў селянін Іван Аляксеявіч Рымян. Па гадавому грашоваму абароту і прыносячаму гаспадару прыбытку яна была аднолькавая з Любашаўскай. Агарэвіцкая карчма належала сялянцы Магдаліне Осіпаўне Заньцы. Гадавы грашовы абарот у ёй складаў 450 рублёў, а прыбытак 100. Па пабудове і па ўстройстве корчмы былі аднолькавымі і складаліся з аднаго памяшкання ў якім быў адзін уваход.

Гледзячы на вышэй прыведзеныя прыклады можна смела сказаць, што корчмы мелі даволі шырокае і раўнамернае распаўсюджанне па Круговіцкай воласці. Размяшчаліся яны пераважна ў больш буйных вёсках, дзе на іх паслугі быў добры і пастаянны попыт.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (25.05.2008) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 2867 | Тэгі: Абуховічы, бровар, Радзівілы, карчма, піва, Віталь Герасіменя | Рэйтынг: 5.0/5
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.