Пятніца, 26.04.2024, 20:11

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Вярнуцца ў дзяцінства
Віктар ГардзейІмя Віктара Гардзея даўно стала знакам якасці літаратурных тэкстаў. Таму ці варта чарговы раз заглыбляцца ў аналіз мастацкіх твораў? Ці не лепей паразважаць пра творчасць пісьменніка ў цэлым, лаканічна абазначыць асноўныя яе рысы?..

Крыніца ведаў

Зборнік аповесцей і апавяданняў «З мінулага не вяртаюцца…», выдадзены ў самавітай серыі «Беларуская проза ХХ стагоддзя», выкліча найперш настальгію і сум па дзяцінстве, прычым сумуецца з узростам усё больш і больш. Усе тры аповесці В.Гардзея — «Дом з блакітнымі аканіцамі», «Жыта ганьбу не заслоніць», «Па Сеньку і шапка» — адкрываюць чытачам мастацкі свет вачыма дзяцей. У многім менавіта іх інтэрпрэтацыю атрымліваюць падзеі пасляваеннага жыцця. Але неабавязкова быць народжаным у другой палове 1940-х гг., як аўтар, каб перажыць далёкія часы свайго дзяцінства. В.Гардзей з тых апавядальнікаў, якія, гаворачы пра сябе, гавораць і пра сваіх чытачоў, перадусім пра тых, каго завуць «сенам на асфальце». Прыём рэтрансляцыі сюжэта праз дзіцячую свядомасць не новы ў літаратуры. Дый В.Гардзей ніколі не прэтэндаваў на наватарства, свядома прытрымліваючыся класічных канонаў прыгожага пісьменства — як у прозе, так і ў паэзіі. Аднак гранічная шчырасць яго аповедаў — непадробная, нескапіраваная, кангеніяльная беларускаму менталітэту, нацыянальнай культуры. Нават у побытавых драбніцах — а мастацкая дэталь наўпрост гаворыць пра талент творцы — пісьменнік выяўляе не толькі ўвагу, але і ўменне «злавіць» момант, у тым ліку датычна дзіцячай псіхалогіі. Напрыклад, выпадак, калі дашкольнік Слаўка з «Дома…» неўпрыкмет для сябе злізаў схаваную ад яго мачыхай каву: «Вось яна ў руках, тая горка-салодкая атрута, напалову перасыпаная цукрам! Слаўка смакуе каву, ліжа языком, а потым бярэ лыжку. Пакуль не растане цукар, кава салодкая, а потым яна і праўда гаркаватая. Ды нічога, Слаўкаў язык любіць яе і такую. Трэба было ўжо даўно паставіць пачак на месца, трэба было не даваць такой волі языку, але Слаўка не мае сілы што-небудзь зрабіць з сабой. Апамятаўшыся, ён суне амаль пусты пачак у пячурку, закрывае анучкамі. Але ад таго, што Слаўка дрыжыць ад страху, кавы ў пачку не пабольшае. Цяпер адно выратаванне: трэба ўцякаць да бабулі» (с.95).

Віктар ГардзейСюжэты ў В.Гардзея — дзіўнае спалучэнне лірычнага і эпічнага. Перавага першага спрыяе інтымнай задушэўнасці ў зносінах чытача і кнігі. Катарсіс можна выклікаць, што называецца, на роўным месцы. Так, апісанне Насцінага агарода з «Жыта…» плаўна пераходзіць да ўспамінаў пра яе мужа, — і ўсё таму, што аўтар, нібы нечакана для самога сябе, поглядам натрапіў на тытунь-самасей, па якім «можна прасачыць колішнія Сямёнавы сцежкі-дарожкі». Цяпер тытунь непатрэбны, але ўдава яго не знішчае — то памяць пра каханага. Узвышанасць дасягаецца сродкамі прыземленымі, будзённымі, без высокіх слоў, без прыгожых, «дарагіх» прадметаў-сімвалаў. Гэта і ёсць якраз тое, што называецца паэтызацыяй будзёншчыны і што так цяжка даецца пісьменнікам. У В.Гардзея кожны крок прасякнуты душэўнай метафарай, кангеніяльнай перадачай кантэкстуальнага настрою, дакладней, такая перадача і стварае кантэкстуальны настрой. Творы В.Гардзея могуць выступаць крыніцай матэрыялаў для некалькіх навук:
гісторыі. Сёння ў модзе аналізаваць і канструяваць паўсядзённасць нашых продкаў, часта — недалёкага мінулага. Пасляваенны час беларускай вёскі добра раскрыты ў творах В.Гардзея: якім быў сацыяльны кантэкст, чым жыў селянін, чытач даведаецца дзякуючы нетаропкаму аповеду, які заканчваецца нечакана, ажно да суму хутка.
этнаграфіі. В.Гардзей не скупіцца на апісанні: у што апраналіся, як вялі гаспадарку, што елі, што пілі, прычым робіць гэта адначасова з адлюстраваннем перажыванняў чалавека, успрыманнем жыццёвай плыні самім героем. Цікава, што нават жаночыя справы аўтар адлюстроўвае з тонкім веданнем: «Насця была цярплівай кабетай, і доўга ці мала мінула часу, а масла памаленьку збівалася. Гэта адчулася па тым, што калатоўка ўперлася ў тугі камяк і далей ёй няма ніякага ходу. Насця паднялася з парожка, пайшла з бойкай у хату, вычарпала жоўтую груду ў міску з халоднай вадой. Пакуль масла не зацвярдзела, скатала яго ў круглую галку. Пайшла ў агарод, нарвала бурачнага лісця і абкруціла ім масла. У бурачніку яно не растае, не ялчэе, можа доўга ляжаць свежанькае, як толькі што збітае».
дыялекталогіі. Без гэтай галіны навуковых ведаў немагчыма было б адэкватна адлюстраваць дзве папярэднія. Лексіку аўтар узбагачае праз народныя гаворкі, звычайна кругавіцкія, часам выяўляючы «лексічны натуралізм»: «— Адстань, не лезь сляпіцаю ў вочы, — прастагнала Барабаніха і, ужо адбегшыся, пагразіла: — Пачакай жа, галетніца! Прыйдзе коза да воза. Скулу ў бок, а не грошай я табе пазычу!»

Весела і дасціпна

Віктар Гардзей

В.Гардзей таленавіты не толь кі на «дарослую» літаратуру, але і на ўменне весці дыялог з маленькімі чытачамі (а часам яшчэ толькі слухачамі). Прычым — не з пазіцый павучальнасці, а на роўных. Доказам — чарговыя (каторыя па ліку!) кнігі для дзяцей — сведчанне не толькі таленту В.Гардзея як дзіцячага пісьменніка, але і багацця дзіцячай літаратуры Беларусі ўвогуле, бо такіх аўтараў, на шчасце, у нас нямала, і самае галоўнае — папулярнасць іх кніг не спадае, яны імкліва разбіраюцца. Карыстаюцца папулярнасцю і «Сарочына цырульня» — зборнік вершаў, адрасаваны малодшаму школьнаму ўзросту, — і «Мудры воран» — зборнік рознафарматных фальклорных аповедаў, які разлічаны на крыху старэйшую чытацкую аўдыторыю. «Сарочая цырульня» распавядае пра насельнікаў фаўны. В.Гардзей у свой час прайшоў школу вядомага часопіса «Родная прырода», якая, відаць, не адпускае аўтара і праз дзесяцігоддзі. Вершы яго — з заўсёдным гумарам і хітрынкай, якія часта робяцца салодкай абалонкай для горкай пілюлі маралі. Так дзеці адчуваюць сябе не аб’ектам выхавання (каму падабаецца маралізатарства?), а яго суб’ектам, самастойна засвойваюць неабходныя жыццёвыя правілы. В.Гардзей прыдумляе вершаваныя задачкі рознай ступені складанасці і такім чынам развівае дзіцячы розум. Нярэдка аўтар дапамагае знайсці адказы на пытанні, але чытачу трэба быць уважлівым, каб распазнаць гумар: жарты В.Гардзея тонкія не толькі для дзяцей, але і для дарослых, і разам з тым аднолькава добра ўспрымаюцца і тымі і другімі:

Калі чужы пакажацца ля плота,
Палкан забрэша на яго з ахвотай.
Пытае верабей: — З якой нагоды
На ланцугу сядзіць Палкан заўсёды?
Кот адказаў, зірнуўшы на падстрэшак:
— Бо ён дурны — не мяўкае, а брэша. («Палкан»)

Бадай, кожны вершык В.Гардзея ў «Сарочынай цырульні» асаблівы, непаўторны як у мастацкіх прыёмах, так і ў логіцы думкі, што гарантуе дынамічнае чытанне. Ад старонкі да старонкі арыгінальнасць не сціраецца. Кнігу, аздобленую малюнкамі Андрэя Пазняка, з задавальненнем гартаюць нават самыя маленькія (праверана на гадавалым сыне).

Байкі мудрага ворана

Віктар ГардзейАдрасаванае малодшаму і сярэдняму школьнаму ўзросту, выданне «Мудры воран» незвычайнае па змесце. Ці часта (не толькі ў беларускай літаратуры) можна сустрэць пераклад з фармату фальклорных аповедаў на мову сучаснай паэзіі? Думаецца, не. Віктар Гардзей такі пераклад ажыццявіў, і, здаецца, удала. Пяро дасведчанага аўтара (паўвека ў вялікай літаратуры!) не хібіць — ні сэнсам, ні формай. В.Гардзей чарговай кнігай дапамагае маладому пакаленню знайсці шляхі да душэўнага збліжэння з прыродным светам і культурай, атрыманай у спадчыну ад прадзедаў. У вобразным ключы нам усім (а не толькі дзецям) тлумачыцца, чаму кнігаўка просіць піць, з якой прычыны лютуе расамаха, адкуль паходзіць выраз «лебядзіная песня». Пагадзіцеся, далёка не кожны зможа прывесці хоць якую версію адказу. Пісьменнікаў, якія ўслаўляюць родны кут, нямала. Але і тут В.Гардзей вылучаецца (нездарма яго імя высока ўшанавана на радзіме): абсалютная большасць кніг малосянца (так неафіцыйна называюць жыхароў вёскі Малыя Круговічы, адкуль ён родам) — пра сваю мясцовасць і землякоў. І ў «Мудрым воране» аўтар не здрадзіў сабе. Геаграфічныя назвы ў большасці сваёй належаць Палессю, і погляд аўтара нязменна прыцягваецца да яго роднай вёскі. Знойдзем тут славутыя Тураў, Бярэсце і Кажан-Гарадок, рэчкі Лань і Ведзьму — яшчэ каму-нікаму вядомыя. Спаткаўшы ж Імшэчак, большасць чытачоў нават Ганцавіцкага раёна задумаецца, што ж аўтар меў на ўвазе. А гэта «балотца», якое і сёння не паддалося меліярацыі. У раздзеле паданняў (названым, дарэчы, з люсінска-коласаўскай афарбоўкай «Целяшовым Дубам») ёсць цэлы падраздзел «Кругавіцкія былі». Так В.Гардзей на асабістым прыкладзе і з дапамогай сваіх герояў нязмушана далучае чытачоў да патрыятызму. Пры гэтым мастак вельмі ўдала прыводзіць і станоўчыя, і адмоўныя прыклады. Дзеля паказальнасці — адзін з іх, пад назвай «Сучасная курыца»:

Бяжыць чубатка ў крыўдзе змрочнай:
Турнулі з градкі агурочнай.
Ды, зноў жа, вабную сабою
Назвалі курыцай рабою.
— Жыць не хачу ў хляве сялянскім,
Хачу пажыць у доме панскім!
Развею там бяду і скруху,
Дадуць там лепшую «клікуху».
Тут падняла чубатка голаў:
Імчыць аўто між частаколаў.
— Шафёр, мацней трымай баранку,
Не раздушы Галіну Бланку!»

Упэўнены, гэтая ды іншыя байкі «Мудрага ворана» будуць прачытаныя з няменшай цікавасцю, чым ранейшыя творы В.Гардзея, і стануць вартым каштоўнасным арыенцірам для чытачоў самых розных узростаў. Жадаеце патрапіць на радзіму, у дзяцінства, — чытайце творы Віктара Гардзея. Можа, і не вяртаюцца з мінулага (як дэкларуе назва першай з разгледжаных тут кніг), але перанесціся туды — хоць бы думамі і пачуццямі — магчыма!
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (24.04.2015) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК - ЛіМ
Праглядаў: 2715 | Тэгі: Вялікія Круговічы, Літаратурная Ганцаўшчына, Віктар Гардзей, Ганцавіцкі раён, Малыя Круговічы, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.