Субота, 27.04.2024, 02:31

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Вольга Фёдарава

Мянушкі будчакоў
У мастацкай літаратуры для характарыстыкі літаратурных персанажаў пісьменнікі нярэдка выкарыстоўваюць мянушкі. Сутнасць такіх анамастычных адзінак у канве твораў асабліва відавочная: яны ўтварыліся на базе агульнавядомых апелятываў з матывавана азначанай лексіка-семантычнай характарыстыкай ці ад звычайных прозвішчаў і асабовых уласных імёнаў, якая мастакамі слова адпаведным чынам тлумачыцца і выкарыстоўваецца як дзейсны характарыстычны сродак пры апісанні персанажа. У мастацкіх тэкстах мянушка – гэта дадатковы сродак ідэнтыфікацыі і характарыстыкі чалавека ў пэўным соцыуме, у якім нярэдка прысутнічае эмацыйная ацэнка.

Будча

Прырода беларускіх мянушак даследавана яшчэ недастаткова, хоць паходжанне, семантыка, словаўтварэнне, асаблівасці іх выкарыстання ў вуснай і пісьмовай мовах прыцягваюць увагу многіх. Цікавасць да станаўлення і развіцця гэтых найменняў выклікана яшчэ і тым, што значную частку беларускіх прозвішчаў складаюць былыя мянушкі: Бабыль, Бірук, Кулак, Бруй, Лабач, Блатун, Гарбуз, Галавень, Журавель, Сарока. Ёсць родавыя мянушкі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне: прадзед – Каляснік (вырабляў калёсы), наступныя пакаленні – Калеснікавы. Найчасцей мянушкі ўзнікаюць у мясцовым асяроддзі.

Даволі пашыранай была традыцыя даваць мянушкі прыгонным. Яны нярэдка замацоўваліся за іх носьбітамі, а для наступных пакаленняў паступова станавіліся прозвішчамі (Баран, Камар, Абібок, Вол, Сава, Мядзведзь і інш.). Безумоўна, што ў наш час многія носьбіты такіх нярэдка немілагучных і нават абразлівых прозвішчаў нічога агульнага з такімі найменнямі не маюць (у прозвішчах, так як і ў імёнах, адсутнічае лексічнае значэнне). Напрыклад, чалавек з прозвішчам Абібок можа быць вельмі руплівым чалавекам, працаўніком, а з прозвішчам Маўчун – празмерна гаваркім.

Калі спыніцца на вёсцы Будча, то без вулічнага прозвішча-мянушкі знайсці чалавека вельмі складана. Гэта тлумачыцца тым, што ў вёсцы бытуе толькі некалькі агульных прозвішчаў. Таму гэта будзе складанай справай, калі ты не ведаеш мянушку таго, каго шукаеш.

У гісторыі ўсходнеславянскіх народаў ёсць прыклады, калі калектыўныя мянушкі замацоўваліся за паселішчамі і ператвараліся ў афіцыйныя назвы населеных пунктаў (станавіліся тапонімамі). Так, з ХІІІ ст. у Наўгародскай зямлі ўпаміналіся горад і вобласць Бежычы, Бежацы, Бежацкі Верх (тры назвы аднаго паселішча). Даследчыкі выводзяць паходжанне гэтых назваў ад архаізаванай формы бежь – бежанцы, уцекачы. Такія тапанімічныя назвы выяўлены таксама і ў сістэме беларускіх тапонімаў (Бягі ў Барысаўскім раёне, Бягені ў Ваўкавыскім раёне). Магчыма, у аснову такіх назваў (напачатку агульных) пакладзены калектыўныя мянушкі, якімі ацэначна называлі першых заснавальнікаў такіх пасяленняў. А перыпетый з уцекачамі, якія пакідалі абжытыя мясціны, гісторыя ўсходнеславянскіх народаў засведчыла мноства. Гэта маглі быць язычнікі, якія не ўспрымалі пашырэння хрысціянства, бежанцы, што ратаваліся ад вынішчэння татарамі, якія часта нападалі з поўдня і паўднёвага ўсходу (ХІІІ – ХVІІ стст.) і інш.

Калектыўнай мянушкай, утворанай ад назвы месца былога пражывання – Ражджалаўка, Кругаўлянка, Драбавец, Чудзінка, Чучавец, Марачак, Кукавец, а іншы раз больш шырока – Поляк, Хахол, Ліцьвін, – часта вызначалі тых, хто знаходзіўся за межамі краіны. Між іншым, утвораныя ад такіх этнонімаў-мянушак прозвішчы часта сустракаюцца на даволі значнай адлегласці ад той мясцовасці, назва якой стала іх асновай.

У асяроддзі творчай інтэлігенцыі, ваенных, студэнтаў нярэдка першую асобу ў калектыве, дзяржаўнай установе ў неафіцыйных размовах-гутарках называюць таксама своеасаблівай мянушкай, замяняючы ёю афіцыйнае імя і прозвішча: Першы, Дзед, Галава, Бацько, Глаўны і інш.

Такім чынам, мянушкі ўжываюцца як яшчэ адно неафіцыйнае прозвішча да пэўнага канкрэтнага чалавека. Універсальнасць іх у тым, што яны не толькі канкрэтна называюць асобу, але і трапна характарызуюць яе па нейкай адметнай прыкмеце. Даследчыкі, сістэматызуючы мянушкі, падкрэсліваюць, што спецыфічнасць ужывання вулічных мянушак у параўнанні з літаратурнай мовай заключаецца ў тым, што ў народна-гутарковай мове яны выкарыстоўваюцца без удакладненняў і не спалучаюцца з тымі імёнамі, якія называюць. Шматлікія мянушкі ў гаворцы вёскі Будча ўжываюцца са стылістычна-нейтральным значэннем.

Вылучаюцца наступныя тэматычныя групы мянушак, занатаваных у вёсцы Будча Ганцавіцкага раёна:

І. Мянушкі, у аснове матывацыі якіх – знешні выгляд чалавека:

Цыган – чалавек з цёмным колерам твару, падобны да цыганоў.
Трэсачка – вельмі худы чалавек, падобны да трэскі.
Сыцік – вельмі тоўсты, "сыты" чалавек; чалавек, які жыве ў дастатку.
Ухо – атрымаў мянушку ад жыхороў вёскі за тое, што меў адно вуха ў два разы большае за другое.
Бязносы – дзядзька нарадзіўся без носа, таму так і назвалі.
К’юк – мужчына атрымаў мянушку з-за таго, што ходзіць згорблены, бы крук, але з часам р – знік, а у – перайшло ў ю.
Лупаты – мужчына з вялікімі, круглымі вачыма.
Смоўшык – чалавек атрымаў сваю мянушку дзякуючы свайму дзеду. Той у сваю чаргу быў "чорненькі, бы смоль". Смоль – смаляны – смоўшык.
Клёпа – мянушку атрымаў з-за таго, што сам быў падобны да клоўна Клёпы – маленькі і ў кепцы заўсёды хадзіў.
Белы – у чалавека былі белыя валасы.

ІІ. Мянушкі, што ўтвораны на аснове назваў жывёльнага свету:

Баран – мужчына атрымаў мянушку з-за валасоў, кучаравых і светлых, як у барана.
Белачка – мянушка жанчыны, якая заўсёды была такой жа працалюбівай, як гэты звярок. У той жа час яна была і рыжай, як вавёрачка.
Кроль – атрымаў сваю назву таму, што сям’я мела шмат дзяцей. Пра іх кажуць: "Размнажаліса, бы кролікі".
Кіт – высокі і вялікі чалавек, як "чудо-Юдо, рыба-кіт". Так на яго казалі ў вёсцы.
Пеўнява – жанчына атрымала мянушку ад таго, што вельмі рана ўставала, раней, чым пеўні.
Верабей – мужчына маленькага росту.
Рыбка – чалавек, які заўсёды гаварыў на жанчын "рыбка ты мая!"
Дрозьдзік – мужчына, які быў знешне падобны да гэтай птушкі.
Карасікава – так казалі яшчэ на бацьку жанчыны, бо ён вельмі любіў хадзіць па рыбу.

ІІІ. Мянушкі, якія характарызуюць паводзіны чалавека, яго звычкі, фізічныя недахопы:

Калючыха – жанчына атрымала сваю мянушку з-за свайго "калючага" характару. Яна была скупой і не любіла мець зносінаў з аднавяскоўцамі.
Аджыкабул – атрымаў сваю мянушку таму, што воінскую службу нёс менавіта ў Аджыкабуле.
Фаза – чалавек працаваў электрыкам у вёсцы, таму так і назвалі.
Елька – дзядзька вельмі прыгожа танцаваў польку "Енька", але не выгаворваў і казаў: "Полька-елька". Так і пачалі яго называць.
Вермут – дзядзьку пачалі так зваць, бо ён вельмі любіў піць віно, якое насіла назву "Вермут". На жонку гэтага чалавека кажуць "Вермуціха".
Художнік – атрымаў мянушку заслужана, так як ніхто з вёскі не ўмеў так маляваць, як ён.
Кашаплёт – яшчэ звалі так дзеда за тое, што ён плёў кашы і прадаваў іх мясцовым людзям. Пасля пачалі зваць так і сына, дачок.
Мамля – гэта чалавек вельмі павольны ў рухах, дзеяннях, працы. На вёсцы з такой мянушкай жыве толькі адзін чалавек.
Лайдак – самы вялікі гультай на сяле атрымаў такую мянушку.
Бзэня – гэтую мянушку атрымала яшчэ бабуля гэтай жанчыны не за добрую славу. У нашай вёсцы "бзэняю" называюць тых, хто несур’ёзна адносіцца да гаспадаркі, працы. Гэта дрэнныя гаспадыня, лайдачка.
Байко – людзі так пачалі называць дзядзьку, бо складаў байкі, песні, вершы, частушкі. На жонку яго кажуць "Оля Байкава".
Воўк – атрымаў мянушку за бесчалавечны характар.

ІV. Мянушкі, у аснове матывацыі якіх – імёны, прозвішчы:

Кузьміч – мянушка пайшла ад імя дзеда, якога звалі Кузьма. Нораў і характар перадаліся ўнуку, вось людзі таму так і назвалі яго.
Кандрат – імя дзеда. Адсюль пайшла і мянушка сына, унука.
Каленікава – так звалі дзеда. Ад яго імя і пайшла мянушка – Надзя Каленікава.
Іванок – мянушка пайшла ад дзеда, якога звалі Іван. Бацькі яго у дзяцінстве называлі Іванок. Дзяцей пачалі зваць Саша Іванкоў, Толя Іванкоў, а іхніх дзяцей – Таня Сашы Іванковаго.

Да такіх жа мянушак адносяцца таксама: Міхня, Янін, Санікаў, Дземко, Лёнікаў, Стэфанаў, Давыдаў, Давыдко, Мішугін, Генік, Парасін, Верушчына, Ганнэчка, Ладымірыха, Якушка і г.д.

V. Мянушкі, у аснове матывацыі якіх – населеныя пункты тых людзей, адкуль яны прыехалі ў вёску:

Ражджалаўка – жанчына пераехала з в.Раздзялавічы
Драбавец – мужчына, які прыехаў з в.Драбаўшчына
Чудзінка – жанчына, якая прыехала з в.Чудзін
Марачак – мужчына, які прыехаў з в.Морач
Колкаўка – жанчына, якая прыехала з в. Колкі
Хахол – хлопец, які прыехаў з Украіны
Поляк – мужчына, які пераехаў жыць у вёску з Польшчы

VI. Мянушкі, у аснове матывацыі якіх – неправільнае вымаўленне слоў:

Хонік – мянушка пайшла ад таго, што ў дзяцінстве гэты чалавек на сцэне спяваў песню "Конік", а выйшла "Хонік". Так і пачалі зваць.
Кайко – калі быў малым, казаў не Колька, да Кайка. З цягам часу і пад уплывам асаблівасцяў гаворкі канцавое "а" перайшло ў "о".
Лёдзік – у дзяцінстве называў сябе не Валодзік, а Лёдзік. На яго яшчэ кажуць Лёда.
Бумба – у дзяцінстве, калі не ўмеў добра гаварыць, казаў "бум-бум-ба". Ад таго часу і пачалі называць яго Бумба.
Місык – калі быў малым, казаў не Мішык, а Місык.
Фашыст – атрымаў сваю мянушку з-за таго, што незразумела размаўляў. Бурчаў заўсёды пад нос, бы фашыст.

VI. Мянушкі з ацэначным значэннем, з нематываванай унутранай формай:

Хам, Гілда, Цілько, Дралька, Скупіха, Пуня, Помпік, Батон, Цяпець, Шэвел, Бэбало, Шышка, Шкапчык і інш.

Сярод мянушак, якія адлюстроўваюць унутрысямейныя адносіны, адрозніваюць:
1. Патронімы – найменні нашчадкаў, утвораныя ад імёнаў, прозвішчаў або мянушак бацькоў ці больш далёкіх продкаў па мужчынскай лініі;
2. Матронімы – найменні нашчадкаў, утвораныя ад імён, прозвішчаў або мянушак маці ці продкаў па жаночай лініі;
3. Гінонімы – найменні мужоў, утвораныя ад імёнаў, прозвішчаў або мянушак жонак;
4. Андронімы – найменні жонак, утвораныя ад імёнаў, прозвішчаў або мянушак мужоў;
5. Адэльфонімы – найменні братоў і сясцёр.

Сямейныя мянушкі – патронімы в.Будча Ганцавіцкага раёна па форме часта супадаюць з прыналежнымі прыметнікамі і ўтвараюцца ад імені галавы сям’і: Казуровые, Казікавые, Леўшыкавые, Бугуровые, Паўлікавые, Яначковые і інш.

Сямейныя мянушкі – матронімы – утвараюцца ад імені гаспадыні пры дапамозе суфікса -ін-(-ын-). Сюды адносіцца мянушка Яніна, якая з’яўляецца адзіным у роднай вёсцы матронімам.

Пры ўтварэнні андронімаў актыўна выкарыстоўваюцца суфіксы -ав- (-ов-), -іх- (-ых-): Конанава (ад прозвішча мужа Конан), Іванкова (ад імя мужа Іван), Пракапчыха і інш.

Даследчыкамі прасочана, што прозвішчы-мянушкі ўзнікаюць у асноўным па дзвюх прычынах:
1) Для абазначэння асоб з аднолькавымі прозвішчамі, асабліва ў вялікіх паселішчах з аднастайнымі прозвішчамі;
2) Для выдзялення па якой-небудзь рысе пэўнай асобы ад усіх астатніх жыхароў вёскі. Так, напрыклад, у аднаго чалавека можа быць некалькі мянушак.

Такім чынам, мянушкі з’яўляюцца яркімі моўнымі адзінкамі. Іх унутраная форма прадвызначае выразны эмацыйны план. На нашу думку, генетычна амаль кожная мянушка ўказвае на тую ці іншую эмоцыю. Калі мянушка выступае матываванай, то і яе эмацыйны пачатак з’яўляецца адчувальным. Са стратай матывацыі эмацыянальны план мянушкі таксама губляецца. Ужываючыся ў якасці агульнаўжывальнай на тэрыторыі аднаго або некалькіх населеных пунктаў, мянушка з цягам часу становіцца ўсё менш эмацыйна пазначанай.

На жаль, вельмі мала даследаваны асаблівасці мянушак у мове, бо сфера ўжывання мянушак абмежаваная. Абсяг выкарыстання мянушак значна шырэйшы: яны ўласцівы ўсім сацыяльным групам насельніцтва, а ў мове мастацкай літаратуры такія онімы – дадатковы спецыфічны сродак для характарыстыкі персанажаў, адзін з кампанентаў для стварэння гумару, іроніі або сарказму. Большасць мянушак мае празрыстую ўнутраную форму, некаторыя – патрабуюць адпаведных тлумачэнняў, каментарыяў, удакладненняў. Яны найчасцей нагадваюць вядомыя прозвішчы, імёны або звычайныя словы, у якіх пэўным чынам заменена або трансфармавана натуральная для такіх найменняў семантыка.

Мянушкі часта – семантычныя неалагізмы, у якіх чалавек ажыўляе забытае ці ўкладвае новае значэнне ў агульнавядомыя лексемы, якія выконваюць ідэнтыфікуюча-характарыстычную ролю і становяцца ключавымі словамі-дамінантамі пры абмалёўцы і апісанні таго ці іншага чалавека.

Ажыўленне ўнутранай формы мянушак – адна з маўленчых мэт, рэалізацыя якой дае магчымасць выразна актывізаваць іх семантычныя і мастацка-выяўленчыя асаблівасці.
Катэгорыя: Вольга Фёдарава | Дабавіў: admin (06.10.2012) | Аўтар: Вольга ФЁДАРАВА
Праглядаў: 4639 | Тэгі: Будча, Вольга Фёдарава, Ганцавіцкі раён | Рэйтынг: 4.7/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.