Чацвер, 25.04.2024, 20:25

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

З верша слова не выкінеш, або 105 гадоў Коласаваму «Мужыку»
Якуб Колас, акрамя зачыну дзвюх вялікіх паэм — «Новая зямля» і «Сымон-музыка», — стварыў у вязніцы шмат вершаў — гучных, пранізлівых, шчырых. Такім быў шырокавядомы верш «Мужык». Аднак мала хто ведае, што змена аднаго слова ў гэтым творы прывяла да трансфармацыі ўсёй ідэі.

«Праблемна-тэматычны дыяпазон астрожных вершаў Якуба Коласа, можа, і не вызначыўся асаблівай шырынёй, але нельга лічыць яго і празмерна вузкім, а матывы — аднастайнымі. <…> І хоць яны («вершы выразна палітычнага гучання») не аказвалі непасрэднага ўплыву на развіццё беларускай літаратуры і фарміраванне грамадскай думкі дарэвалюцыйнага перыяду, іх трэба разглядаць як факт ідэйна-творччай, светапогляднай эвалюцыі Коласа-паэта» (курсіў наш. — А.Т.), — лічыць Міхась Мушынскі, тым самым падкрэсліваючы ролю, якую па-свойму адыграла турма ў духоўным станаўленні будучага класіка, але фактычна адмаўляючы «турэмным» творам паэта ў сацыяльнай пасіянарнасці.

Якуб Колас
Верш "Мужык" Якуб Колас напісаў, знаходзячыся ў астрозе,
а надрукаваны твор быў 21 снежня 1917 года ў газеце "Вольная Беларусь";
"Якуб Колас у турме", мастак Уладзімір Сулкоўскі

Тым не менш уплыў, пра які тут мяркуе вядомы літаратуразнаўца, быў. І ўплыў значны. Чаго варты толькі верш «Мужык» («Я — мужык, бядак пахілы…»)!.. Гэты твор стаў хрэстаматыйным, а яго заключныя радкі — крылатымі:

Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора заугкаю:
«Стрэльбы, хлопчыкі бяры!»

За савецкім часам гэтыя радкі аналізаваліся ў кантэксце ідэй марксізму-ленінізму, партыйнасці. Сёння марксісцкая метадалогія лічыцца састарэлай. Аднак, па-першае, і такі падыход мае рацыянальнае зерне, якое нельга ігнараваць, тым больш што тэкст ствараўся падчас папулярнасці ў соцыуме марксісцкай дактрыны. Па-другое, верш «Мужык» варты ўвагі і праз прызму іншых ідэй, у тым ліку нацыянальна-дэмакратычных, перадусім тых, якія пераважалі ў нашаніўскім асяродку. Тым больш што і першапублікацыя твора адбылася толькі 21 снежня 1917 г. (па старым стылі) у выразна нацыянал-дэмакратычнай газеце «Вольная Беларусь» (за тры дні да гэтага быў разагнаны Усебеларускі з’езд, на якім ледзь не нарадзілася — прынамсі фармальна — незалежнасць ці хаця б аўтаномія Беларусі). Прычым апошні радок спачатку выглядаў інакш: «Бомы, хлопчыкі, бяры!».

Такое назіранне зрабіў яшчэ ў савецкі час У. Казбярук, але даследчык (відавочна, з прычын сацыяльна-палітычнай кан’юнктуры) не пайшоў далей канстатацыі, да высноў, якія вынікаюць з заўважанага факта. А гэтае нязначнае адрозненне прынцыпова перайначвае ідэйнае гучанне твора, яго лейтматыў. Бомы служаць абуджэнню, яны — яго сімвал. У нашым выпадку з улікам гістарычнага кантэксту — нацыянальнага. Замена бомаў на стрэльбу надала вершу рэвалюцыйны пафас і зрабіла лірычнага героя твора перш за ўсё прыхільнікам сацыяльных трансфамацый, выключаючы выразны нацыянальна-адраджэнскі кантрапункт. Таму пасля ўсталявання бальшавісцкай дыктатуры пралетарыяту і спатрэбілася такая метамарфоза, што змяняла ў адначассе ідэйнасць твора, збліжаючы яго са стаўшымі афарыстычнымі, але — калі ўдумацца — прымітыўнымі па змесце і архітэктоніцы радкамі дасюль невядомага аўтара, створанымі ў 1922 г., г.зн. пасля Коласавых:

Наш паровоз вперёд лети!
В коммуне остановка.
Иного нет у нас пути –
В руках у нас винтовка!

Зрэшты, і гэтыя радкі не былі першымі. Яшчэ ў 1918  г. пясняр бальшавіцкай рэвалюцыі У.Маякоўскі напісаў «Левый марш» з радкамі, што сталі не менш крылатым сімвалам эпохі, — «Ваше слово, товарищ маузер»:

Разворачивайтесь в марше!
Словесной не место кляузе!
Тише, ораторы!
Ваше
слово,
товарищ маузер.
Довольно жить законом,
данным Адамом к Евой.
Клячу историю загоним.
Левой!
Левой!
Левой!

Такім чынам, замена канцэптуальнага, як аказалася, слова ў вершы Якуба Коласа была прадыктавана патрабаваннямі сацыяльна-палітычнага кантэксту, пэўнай «модай», што патрабавала ў мастацкай літаратуры. Так, верш «Мужык у «абноўленым» выглядзе можна лічыць свайго роду тыпалагічнай з’явай, а з гледзішча тагачаснай дактрыны — яшчэ і ідэйна-творчай эвалюцыяй аўтара. Аднак заўважым: метамарфоза адбылася (прынамсі, у друку) толькі ў 1928 г., пры падрыхтоўцы першага Збору твораў Якуба Коласа, калі, па прызнанні яго самога, скончыўся нацыянал-дэмакратычны перыяд яго творчасці (у 1925 г.). А гэта значыць, па-першае, што такую замену можна лічыць рэгламентацыйнай, па-другое, што ёсць падставы падвергнуць сумневу аўтарскае жаданне ўносіць такую праўку.

Аўтары каментарыяў найноўшага Збору твораў Якуба Коласа не звяртаюць асаблівай увагі на замену канцэптуальнага слова, называючы пры гэтым І Беларускі кангрэс «навуковым з’ездам»: «Вершы «Канстытуцыя» і «Мужык», можна меркаваць, невыпадкова змешчаны ў тым нумары газеты і на той старонцы, дзе падаецца матэрыял пра разгон І Беларускага навуковага з’езда, які павінен быў адбыцца 15 снежня 1917 г. На з’ездзе планавалася абмеркаваць наступныя пытанні: Аб тэрытарыяльных межах Беларусі і яе раздзел на раёны; Аб беларускай літаратурнай мове; Галоўныя моманты беларускай гісторыі; Нявыкарыстаныя багацці краю; Зямельнае пытанне; Асвета і школа на Беларусі; Утварэнне новых навуковых пунктаў; Арганізацыя новых навуковых сіл». 

Падсумоўваючы сказанае, падкрэслім, што, разглядаючы верш «Мужык», нельга абысціся без гісторыі яго рэдагавання — перакоўкі (праз адно толькі слова!) нацыянальнай ідэі на рэвалюцыйна-сацыялістычную. Варта ўлічваць часы, якія прадыктавалі тую змену, і, зыходзячы з гэтага, праводзіць ідэйна-мастацкі аналіз твора.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (12.12.2014) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК - «ЛіМ»
Праглядаў: 2410 | Тэгі: Літаратура і мастацтва, Літаратурная Ганцаўшчына, Анатоль Трафімчык, Якуб Колас | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.