Субота, 27.07.2024, 03:54

БАБРУЙСКІ КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА І КЛЯШТАР ЕЗУІТАЎ

Галоўная »
БАБРУЙСКІ КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА І КЛЯШТАР ЕЗУІТАЎ размяшчаецца ў горадзе Бабруйск Магілёўскай вобласці. Кляштарны архітэктурны ансамбль сфарміраваўся на працягу 18 — пачатку 19 ст. Касцёл з'яўляўся цэнтрам параднай плошчы, забудаванай па перыметры будынкамі гасцінага двара, кляштара, прыходскага касцёла. Кляштар уключаў будынкі калегіума, школы (у 1760—68 гг. дзейнічаў тэатр), гаспадарчыя пабудовы (піўніца, свіран, стайня з вазоўняй, бровар, сталярныя майстэрні); меліся сад і агарод.


Сваю рэзідэнцыю са школай і касцёлам езуіты заснавалі тут у 1527 г. [паводле іншых звестак у 1623(7)2 ці 1603], у 1631 г. наведаны блаславёным Андрэем Баболем. Першы мураваны храм узведзены ў 1615 г. па фундацыі бабруйскага старосты Пятра Трызны, які ахвяраваў езуітам маёнткі Гарбацэвічы, Рывія, Устайла, пабудаваў ім дом, вылучыў 7500 флорэнаў ад закладу маёнтка Кісялевічы. Сын Пятра Трызны Пётр Казімір з жонкай Сафіяй (з Валовічаў) запісаў місіі шэраг маёнткаў, фундацыю павялічылі ў 1634 г. Пётр Суляціцкі запісам в. Шацілкі, а ў 1640 г. Шчэпан Шпількоўскі запісам в. Кабылянка. Езуіты служылі пры парафіяльным касцёле і ў сваім уласным драўляным храме, пабудаваным у 1631 г. і спаленым казакамі ў 1651 г. (згадваецца ў падымным рэестры 1638 г.). У 1623 г. рэктар ордэна Ян Аландус прыслаў у Бабруйск святароў Якуба Ражнавольскага і Рафаіла Класоўскага, якія пасяліліся пры двары Трызны. У наступныя 5 год сюды прыязджалі езуіты з Нясвіжа (Мацей Лескі ў 1627—30 гг. і Міхал Крэтцмер у 1629—30 гг.). Нашчадкі Трызны ў 1638 г. перадалі езуітам в. Дваранавічы з уніяцкай царквой, у 1643 г. перадалі касцёлы ў вёсках Гарбацэвічы і Шацілкі. У гэтых вёсках бабруйскія езуіты адкрылі свае місіянерскія пункты. У 1648—51 гг. падчас антыфеадальнай вайны бабруйская рэзідэнцыя прыйшла ў заняпад, у 1651 г. спалена падчас наезду казакаў,у 1681 г. адноўлена дзейнасць школы. Да 1681 г. тут была толькі місія калегіі з Нясвіжа, у 1681—90 гг. — станцыя, а ў 1690 г. зноў рэзідэнцыя. Падчас Паўночнай вайны 1700—21 гг. з-за масавых эпідэмій езуіцкі прыстанак быў вымушаны спыніць сваю дзейнасць, меўся прыют для збяднелай шляхты (багадзельня ці шпіталь згадваюцца ў 1638 г.). Езуіты заснавалі Марыянскае аб'яднанне вучняў, мелі місіянерскія станцыі ў Гальчы, Голай, Гомелі, Гарбацэвічах, Кабылянцы, Рагачове і Турчыне; перасоўныя місіі ахоплівалі Украіну, дасягалі маскоўскага памежжа. Класы граматыкі адкрыты ў 1681 г., паэтыкі і рыторыкі — у 1705 г.;у 1707—25 гг. школа не дзейнічала з-за Паўночнай войны; адноўленая ў 1725 г. дзейнічала да 1771 г.; пасля скасавання ордэна засталася пяцікласная школа і інтэрнат для музыкаў. Меліся бібліятэка і аптэка. У 1742 г. згадваецца арганн «на 10 галасоў, устаноўлены некалькі год назад яснавяльможным панам епіскапам беларускім».

У 1732—47 гг. рэчыцкі гарадскі суддзя Францішак Дзярніловіч фундаваў будаўніцтва мураванага касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла. Пабудаваны паводле праекта літоўскага архітэктара Т.Жаброўскага. У будаўніцтве прымалі ўдзел архітэктары Казімір Мацелякоўскі (1735—36 гг.), Габрыэль Лянкевіч (1747—48 гг.), Францішак Карэва (1757—58 гг.), Якуб Руоф (1732—47 гг.). У 1773 г. кляштар закрыты, касцёл стаў парафіяльным, моцна пашкоджаны ў 1798 г. Будынкі кляштара выкарыстаны пры будаўніцтве бабруйскай крэпасці ў першай палавіне 19 ст. — у адноўленым будынку калегіума знаходзіліся дзяржаўныя ўстановы, касцёл перабудаваны пад цэйхгаўз (гаўптвахта). У 1885 г. касцёл згарэў, засталіся толькі сцены.

Касцёл — помнік архітэктуры барока і класіцызму. Уяўляў сабой трохнефавую двухвежавую базіліку з паўкруглай апсідай і дзвумя бакавымі сакрысціямі (вежы не завахаліся). Двухсхільны гонтавы дах на фасадзе быў аформлены фігурным франтонам з бакавымі валютамі, па бакахузвышаліся трохярусныя шатровыя вежы — адна са званамі, другая з гадзіннікам-курантамі. У нішах вежаў былі размешчаны скульптуры святых. Бакавыя фасады чляняліся арачнымі аконнымі праёмамі і падвойнымі пілястрамі ў прасценках. Гэта апісанне зафіксавана ў інвентар 1774 г.

Унутры нефы перакрывалі цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі і парнымі падпружнымі аркамі. Над нартэксам на дзвух пілонах былі размешчаны хоры. Галоўны і шэсць кулісных алтароў, амбон былі выкананы майстрамі Язэпам Шылам і Антонам Марціноўскім, у іканаграфіі меліся данатарскія партрэты караля Жыгімонта III Вазы і П.Трызны. Галоўны драўляны разны алтар быў упрыгожаны 8 скульптурамі святых; меўся абраз «Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Дзевы Марыі» — копія вядомай карціны іспанскага мастака Б.Мурыльё. Сцены былі размаляваны ў тэхніцы «аі fresko».

Калегіум (не захаваўся) — мураваны Г-падобны ў плане двухпавярховы будынак пад гонтавым дахам. Скляпеністыя калідоры і келлі мелі сюжэтную размалёўку.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008.— 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 46
Гасцей: 46
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.