Чацвер, 18.04.2024, 03:34

ГЕРВЯЦКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ

Галоўная »
ГЕРВЯЦКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ размяшчаецца ў цэнтры вёскі Гервяты Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Пабудаваны ў 1899—1903 гг. з чырвонай цэглы і вапнавых квадраў на сродкі князя Альшэўскага паводле праекта архітэктара А.І.Альшалоўскага на месцы драўлянага касцёла святога Яна Хрысціцеля 1526 г., фундаванага біскупам Янам (з літоўскіх князёў) і адноўленага пасля пажару 1736 г. віленскім біскупам Т.Зяновічам. Прыпісныя капліцы ў в. Сакалойці і Гіры.


Велічны помнік архітэктуры неаготыкі. Трохнефавая базіліка з трансептам і ўзнёслай высотнай вежай на галоўным фасадзе. Яго дынамічны вертыкальны рух узмацнёны бакавымі тэлескапічнымі вежамі лесвічных клетак. Цэнтральны неф накрыты высокім аднасхільным чарапічным дахам, які з дахам трансепта ўтварае крыж, увенчаны металічнай ажурнай шпілепадобнай сігнатуркай. Уздоўж вільчыкаў дахаў цягнецца грэбень керамічных гатычных трохліснікаў. Фасады аздоблены стральчатымі аркатурамі і нішамі, фланкіраваны шматступеньчатымі контрфорсамі з фіяламі і аркбутанамі ў завершы, расчлянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі. Фасадныя плоскасці апрацаваны стральчатымі і прамавугольнымі нішамі. Перспектыўны ўваходны партал фланкіраваны пілонамі з пінаклямі і завершаны вімпергам; вышэй размешчана акно-ружа. Бакавыя фасады ўпрыгожаны аркатурна-зубчастым поясам, антаблемент мае карніз і фрыз са стылізаваным арнаментам у выглядзе трохступеньчатых зубцоў. Гатычная графічнасць храма ствараецца кантрастным спалучэннем адкрытай высакаякаснай цаглянай муроўкі і атынкаванага і пабеленага архітэктурнага дэкору. Цокаль будынка абліцаваны гранітнымі плітамі.


Унутры нефы перакрыты крыжовымі нервюрнымі скляпеннямі на стральчатых падпружных арках, якія абапіраюцца на пяць пар магутных калон складанага сячэння. Алтарныя аконныя праёмы запоўнены каляровымі вітражамі. На гатычную стральчатую аркатуру ўзнята галерэя двух’ярусных хораў з парапетам і арганам таго ж стылёвага афармлення. У агульным стылёва-мастацкім кірунку выкананы і галоўны трох’ярусны драўляны алтар. У касцёле знаходзіўся абраз апошняй чвэрці 17 ст. «Унебаўзяцце Марыі (Асунта)».

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1388]
Здарэнні [464]
Грамадства [467]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.