Субота, 27.07.2024, 03:31

КАМАЙСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ

Галоўная »
КАМАЙСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ размяшчаецца ў цэнтры вёскі Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці на былой гандлёвай плошчы, абнесены бутавай агароджай. Пабудаваны ў 1603—06 гг. па фундацыі ўладальніка мястэчка Яна Рудаміны-Дусяцкага (акт фундацыі 1606 г. падпісаны і Янам Хаецкім). Рэканструяваны ў 1861 г. Побач з храмам стаіць высечаны з гранітнага валуна крыж 15—16 ст.


Помнік абарончага культавага дойлідства набыў рысы стыляў готыкі, рэнесансу, барока. Спачатку касцёл меў сіметрычна-восевую прасторавую кампазіцыю паводле канона трохнефавай чатырохстоўпнай базілікі. Першапачатковы выгляд змяніўся пасля пажару ў сярэдзіне 17 ст. (абваліліся скляпенні, разабраны слупы), дабудовы 1739 г. (хоры) і 1778 г. (капліца з крыптай). У Паўночную вайну 1700—21 гг. абстраляны шведамі. 3 1643 г. пры касцёле існаваў шпіталь, учынены П. і М. Рудамінамі.

Кампактны кубападобны аб'ём храма з паўкруглай апсідай і невялікай сакрысціяй як бы заціснуты паміж двумя магутнымі цыліндрычнымі вежамі (першапачаткова меліся яшчэ две па баках апсіды). Разам з высока ўзнятымі арачнымі аконнымі праёмамі і байніцамі-люкарнамі на плоскасных фасадах яны надаюць храму абарончы характар. Двухсхільны дах выходзіць на франтальны фасад шчыпцом, крапаваным рэнесанснай аркатурай. Галоўны ўваход вырашаны гатычнай спічастай аркай. Асіметрычна прыбудаваная капліца са сціплай барочнай крапоўкай пілястрамі злучана з нефам двумя арачнымі прасветамі і мураванымі лесвіцамі паміж імі. Глыбокія адхілы праёмаў дэманструюць магутнае канструкцыйнае вырашэнне будынка, таўшчыня сцен якога дасягае 2 метраў.


Суровы архітэктанічны характар інтэр'ера храма змякчаецца і ўзбагачаецца насычанай пластыкай разнастайных скляпенняў: драўлянага люстранога — у нефе, старажытных крыжовага і зоркавага — у апсідзе, цыліндрычнага з распалубкамі і падпружнымі аркамі — у капліцы. У 1726—36 гг. і ў сярэдзіне 19 ст. скляпенні пакрыты размалёўкай, выкананай у тэхніцы грызайль на матывы аканту, картушаў, медальёнаў з манаграмамі. Перакрыцце нефа ўпрыгожана намаляваным плафонам з бардзюрам з выявамі раслінных гірляндаў, пладоў і кветак. Асноўны пластыка-дэкаратыўны акцэнт інтэр'ера ствараюць чатыры барочныя драўляныя разныя алтары першай чвэрці 18 ст. Цэнтральны з іх вырашаны двух'яруснай карынфскай каланадай з крапаваным франтонам з драўлянымі скульптурамі апосталаў Пятра і Паўла. У цэнтры — алтарны абраз «Маці Божая з дзіцем» у сярэбраным чаканным абкладзе (17 ст., паводле інвентару 18 ст. лічыўся цудатворным); у завяршэнні — гарэльефная выява Саваофа ў воблаках. Размалёўка алтароў пад ружовы мармур у спалучэнні з пазалотай арнаментальнай разьбы і элементаў дэкору, паліхромнасць скульптуры — усё стварае каларыстычна інтэнсіўны маляўнічы эфект, прыўносіць у інтэр'ер храма ўрачысты і святочны настрой. За разным парапетам хораў знаходзіцца арган (канец 18 ст.), насычаны разнымі па дрэве гірляндамі кветак, выявамі музычных інструментаў, скульптуркамі анёлаў, валютамі з галоўкамі херувімаў. Абраз «Святы Антоній» (18—19 ст.), арнат сярэдзіны 18 ст.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 42
Гасцей: 42
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.