Пятніца, 26.04.2024, 11:48

МЭБЛЯ

Галоўная »
МЭБЛЯ (франц. meuble ад лац. mobilis рухомы), адзін з відаў абсталявання памяшканняў, а таксама транспарту, зон адпачынку і інш. Актыўна ўдзельнічае ў мастацкай арганізацыі інтэр’ера, прызначана захоўваць рэчы, служыць апорай цела чалавека пры выкананні ім бытавых або працоўных функцый. Падзяляецца на бытавую (для жылых памяшканняў) і спецыяльную (тэатральную, бібліятэчную, музейную, медыцынскую, школьную і інш.).

Мэбля аб’ядноўвае функцыянальныя, канструкцыйныя і эстэтычныя асновы, як і архітэктура звязана з мастацкімі стылямі, тэхнічным узроўнем і характарам вытворчасці, адлюстроўвае сацыяльна-бытавы ўклад грамадства, яго эстэтычныя ідэалы і нацыянальныя традыцыі. Матэрыяламі для вырабу мэблі служаць драўніна, лаза, метал, скура, тканіна, пластмаса і інш. Для аздаблення мэблі прымяняюць разьбу, інкрустацыю, размалёўку, мазаіку, пазалоту, паліраванне, фляндроўку і інш.

Мэбля набыла пашырэнне адначасова з развіццём мураванай і драўлянай архітэктуры (11 — 13 ст.). У 14 — 16 ст. мэбля палацаў і замкаў была масіўнай, простых прысадзістых форм, аздобленая нізкарэльефнай разьбой геаметрычнага і расліннага характару, металічнай акоўкай, таніравалі яе ў цёмна-карычневы колер, паліравалі.

мэбля
Мэбля. Крэслы пачатку 17 ст.

У 17 —18 ст. пад уплывам стылю барока яна набыла больш вытанчаныя, адмысловыя формы, аздаблялася высокарэльефнай і ажурнай разьбой расліннага характару, размалёўкай. У многіх гарадах Беларусі працавалі цэхі майстроў-мэбельшчыкаў. У 2-й палове 17 ст. разьбяры і сталяры-мэбельшчыкі з Віцебска, Шклова, Оршы і інш. працавалі ў Маскве, дзе выраблялі для палацаў і храмаў шафы, крэслы, сталы, куфэркі, аздобленыя разьбой, размалёўкай, залачэннем, абіўкай аксамітам, акоўкай.

мэбля
Мэбля. Шафа размаляваная. Пастаўскі раён. 1883 год

З канца 18 ст. пад уплывам класіцызму формы і дэкор мэблі станавіліся больш спакойнымі і ўраўнаважанымі. Шырока ўжываліся тачэнне, залачэнне, абіўка тканінамі, металічныя літыя накладкі ў выглядзе маскаронаў (скульптурныя ўпрыгожанні ў выглядзе чалавечага твару або галавы жывёлы, зрэзаных ззаду), звярыных лап і інш. Гладкія плошчы драўніны аздаблялі інкрустацыяй ці мазаікай. Паводле ўзораў, прывезеных з краін Заходняй Еўропы, беларускія прыгонныя майстры выраблялі мэблю для палацаў і храмаў (гарнітуры для палацаў у Гомелі, Нясвіжы, Жылічах і інш.). Пашыралася садова-паркавая чыгунная мэбля, якую выраблялі на мясцовых чыгуналіцейных заводах.

Мэбля ў небагатых сядзібах і гарадскім жыллі была больш простая, нярэдка афарбаваная ў адзін колер (звычайна зялёны). Прадметы абсталявання беларускага народнага жылля феадальнай эпохі нешматлікія і простыя, выконвалі чыста утылітарныя функцыі. Паводле канструкцыйных і тэхналагічных асаблівасцей мэбля была рухомай (стол, звычайна на козлах, услон, зэдлік, тапчан, ёмістасці для захоўвання бытавых рэчаў, у залежнасці ад патрэбы — калыска) і нерухомай (лава, паліца, палаці, палок, крукі-вешалкі і інш.). Яна стваралася разам з хатаю і ўтварала з яе інтэр’ерам (гл. Інтэр'ер хаты) адзінае цэлае.

мэбля
Мэбля. Стол. Вёска Ракаў Валожынскага раёна. Пачатак 20 ст.

Нярэдка для вырабу мэблі ўжывалі ствалы дрэў з каранямі і адгалінаваннямі, якія ўтваралі ножкі. Абсталяванне народнага жылля вызначалася прадуманасцю, функцыянальнасцю, кожная рэч мела сваё месца, замацаванае шматвяковымі традыцыямі. Рабілі мэблю звычайна самі гаспадары ці мясцовыя майстры-саматужнікі.

мэбля
Мэбля. Канапа. Вёска Мядзвецк Чашніцкага раёна. 1938-1940-я гады

Больш разнастайнай стала народная мэбля з канца 19 ст. Набылі пашырэнне сталы на ножках, куфры, шафы, канапы, ложкі, крэслы, падвясныя паліцы ці шафкі для посуду. Павялічылася колькасць рамеснікаў-мэбельшчыкаў, у многіх гарадах і мястэчках працавалі майстэрні, у Бабруйску — мэблевая фабрыка. У Гомелі, Магілёве, Давыд-Гарадку (Столінскі р-н), Лахве (Лунінецкі р-н) і інш. выраблялі мэблю, плеценую з лазы (камплект такой мэблі экспанаваўся на 2-й Усерасійскай саматужніцкай выстаўцы ў Петраградзе ў 1913). Характар дэкору плеценай мэблі канца 19 — пачатку 20 ст. вызначаўся ўплывам стылю мадэрн, драўляная мэбля з гарадскіх майстэрняў багата аздаблялася рэльефнай разьбой, такарнымі элементамі, фляндроўкай, якая імітавала карэльскую бярозу, і інш.

Гісторыя народнай мэблі звязана з развіццём мастацкіх стыляў — класіцызму, ампіру і асабліва барока. Найбольш пашыранымі спосабамі аздаблення мэблі былі прапілоўка, аналагічная народнай архітэктурнай разьбе, расфарбоўка пад каштоўныя пароды дрэва ці размалёўка расліннымі ўзорамі (гл. Агоўскія куфры, Давыд-Гарадоцкія куфры).

мэбля
Мэбля. Сакрэтнік. 18 ст.

У наш час традыцыйная самаробная мэбля амаль поўнасцю выйшла з ужытку. Сучасную мэблю вырабляюць прамыслова-індустрыяльным спосабам з выкарыстаннем найноўшай тэхналогіі на мэблевых фабрыках, прадпрыемствах дрэваапрацоўчай прамысловасці і інш. Ствараюцца масавыя і унікальныя камплекты: пашырана мэбля штампаваная, клееная, прасаваная, універсальна-разборная, з уніфікаваных элементаў і вузлоў. Асноўныя канструктарска-мастацкія асаблівасці сучаснай мэблі — максімальная зручнасць, функцыянальнасць, прастата. Аблічча ствараецца за кошт выяўленай натуральнай прыгажосці каштоўных парод драўніны, з якой выконваецца абліцоўка, дапаўнення металічнымі дэталямі. Асобныя кампаненты мэблі для грамадскіх памяшканняў выконваюцца па матывах традыцый народнай мэблі, у т.л. і плеценай з лазы.

У галіне канструявання мэблі працуюць мастакі-канструктары, кадры якіх рыхтуе Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтва.

Выраб і мастацкае канструяванне мэблі — галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Аўтар: Я.М. Сахута
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.