Пятніца, 26.04.2024, 17:16

МСЦІСЛАЎСКІ РАЁННЫ ГІСТОРЫКА-АРХЕАЛАГІЧНЫ МУЗЕЙ

Галоўная »
МСЦІСЛАЎСКІ РАЁННЫ ГІСТОРЫКА-АРХЕАЛАГІЧНЫ МУЗЕЙ створаны паводле загада Упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама ад 06.06.1988 г., пастановы бюро Магілёўскага абкома КПБ і выканаўчага камітэта абласнога Савета народных дэпутатаў ад 30.01.1987 г., а таксама указа Міністэрства культуры Магілёў ад 30.03.1988 г.. Адкрыты для наведвальнікаў у маі 1995 г. у будынку былой пошты, узведзеным у канцы 19 ст. Музеем кіравалі С.М.Клімаў, У.Л.Гасянкоў, У.В. Шылянкоў.

Музей налічвае (2008) больш за 12 тыс. экспанатаў асноўнага фонду і 8 тыс. навукова-дапаможнага. Агульная плошча экспазіцый 265 м². У музеі 3 залы: 2 экспазіцыйная плошчаю 251,5 м² і выставачная плошчаю 37,6 м².

У археалагічнай экспазіцыі «Мсціслаў — імя старажытнае» змяшчаецца большасць знаходак з раскопак Мсціслаўскага замчышча, пасада і вакольнага горада. Матэрыялы асвятляюць асноўныя этапы станаўлення феадальнага Мсціслава, развіццё рамёстваў, адлюстроўваюць эстэтычныя ўяўленні і мастацкі густ гараджан. Сярод шматлікіх экспанатаў прадстаўлены тыглі (посуд для плаўкі волава, свінца), дробныя пацеркі, шкляныя бранзалеты, праслы шарападобнай формы, самшытавыя грабяні з Каўказа, касцяныя пласціны ад накладкі калчана для стрэл з вельмі тонкай разьбой 13 ст., гліняныя грузілы для рыбалоўных сетак, наканечнікі стрэл 13 — 16 ст., каменныя, жалезныя, чыгунныя ядры 15 — 17 ст., баявыя сякеры 15 — 18 ст. Заслугоўваюць увагі бронзавыя нагрудныя крыжы — энкалпіёны, што складаюцца з 2 палавінак, на якіх змешчаны выявы Хрыста і Маці Божай з немаўлём, крыж 12 ст. з надпісам «Багародзіца дапамагай», пярсцёнак-сігнет з пячаткай, жалезная булава, муляж берасцяной граматы 13 ст. (арыгінал знаходзіцца ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі), дзе размова ідзе пра закупку пшаніцы па 4,5 грыўны і названы нейкі Сямён. Вялікую навуковую каштоўнасць уяўляюць экспануемыя рыцарскія шлемы — рускі «Шышак» канца 14 — пачатку 15 ст. і унікальны заходнееўрапейскі «Салад» канца 15 ст. У музеі захоўваюцца рэлігійныя рарытэты: нагрудныя крыжы, крыжы-распяцці, каталіцкія медальёны 16 — 17 ст., царкоўнае начынне, драўляная скульптура Ісуса Хрыста 17 ст. Беларускую іканапісную школу прадстаўляе выстаўка абразоў 19 ст. (57 экспанатаў).

У экспазіцыі «Сацыяльна-эканамічнае развіццё Мсціслава ў 12 — 20 ст.» дэманструюцца калекцыя мсціслаўскае шкло, мсціслаўская кераміка, мсціслаўская кафля 16 — 18 ст., прылады працы, прадметы быту, посуд, мэбля 19 — 20 ст., калекцыя манет 14 — 20 ст. Ганчарная вытворчасць прадстаўлена посудам 15 — 19 ст., які ўмоўна можна падзяліць на кухонны, сталовы, дэкаратыўны, посуд для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў, а таксама для рознага гаспадарчага ўжытку. Мсціслаўскі цэнтр шкловытворчасці сфарміраваўся ў 1 -й палавіне 17 ст. Шкловыдзімальшчыкі спецыялізаваліся на вырабе кілішкаў, бакалаў, збаноў, кубкаў, бутэлек і інш. Шкляныя вырабы музея вылучаюцца шырокім выкарыстаннем рыфлення, роспісу каляровымі эмалямі, афармленнем паддонаў у выглядзе шкляной ленты, дэкаратыўным спалучэннем керамічных пластычных аздабленняў. Майстэрства вырабу паліхромнай кафлі прынесла славу мсціслаўскім умельцам у 16 ст. Найбольш вядомыя творы мсціслаўца Сцяпана Іванова па мянушцы Палубес, які працаваў у Маскоўскай дзяржаве. У калекцыі музея захоўваецца кафля 16 — 18 ст., з геральдычным, геаметрычным, раслінным або сюжэтным арнаментам. Кавальскія рамесніцкія вырабы адрозніваюцца эстэтычнай дасканаласцю і высокамастацкай апрацоўкай металу. Сярод іх у экспазіцыі прадстаўлены зброя, амуніцыя конніка, рэчы гаспадарча-бытавога прызначэння, калекцыя ключоў, прылады працы і розныя інструменты.

Пэўную цікавасць уяўляюць калекцыі «Жывапіс» і «Пісьмовыя крыніцы», а таксама куток «Этнаграфія і быт», цэнтральнае месца ў якім займае ткацкі станок. Вызваленню Мсціслаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прысвечана экспазіцыя «У памяці народнай». Музей рэгулярна арганізуе выстаўкі.

Адрас: 213453, г.Мсціслаў, вул.Калініна, 49
Тэл.: +375-2240-200-15
Аўтар: У.В. Шылянкоў
Крыніца: Музеі Беларусі Музеи Беларуси / [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў, Л.В. Календа, М.Г. Нікіцін]. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. - 559 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.