Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход | RSS | Пятніца, 20.09.2024, 07:28 | ||||||||||||||||||||||||||||||||
МУЗЕЙ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА МАСТАЦТВАГалоўная »МУЗЕЙ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА МАСТАЦТВА заснаваны ў в.Раўбічы Мінскага раёна паводле загаду Міністэрства культуры БССР ад 14.04.1977 г. як філіял Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, з 1982 г. — аддзел народнай творчасці музея, з 2001 г. — філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Музей размешчаны ў культавым будынку (Раўбіцкім касцёле; пабудаваны ў 1858-62 гг.), які знаходзіцца на тэрыторыі алімпійскага спартыўнага комплексу «Раўбічы». Рэстаўрацыя і рэканструкцыя (1976-78) праведзена спецыяльнымі навукова-рэстаўрацыйнымі майстэрнямі Міністэрства культуры БССР, інстытутам «Белгіпраторг». Адкрыты для наведвальнікаў 12.12.1979 г. Асноўны фонд музея (2008) налічвае 424 адзінкі захоўвання. Агульная плошча экспазіцыі 283 м². Пастаянная экспазіцыя музея размешчана ў вялікай зале і 2 прыбудовах (прытворах), у якіх па архіўных матэрыялах адноўлены архітэктурныя дэталі будынка і малюнак аконных рам. У інтэр'еры лавы з перакіднымі спінкамі, аздобленымі традыцыйнай трохгранна-выемчатай разьбой, 6 вялікіх жырандоляў, выкананых па матывах жырандолі Паўлюка Багрыма з царквы ў в.Крошын Баранавіцкага раёна. Экспазіцыя падзелена на 2 раздзелы: традыцыйнае мастацтва 18 — 1-й палавіны 20 ст. і сучаснае — з 1960-70-х гг. У экспазіцыі тканыя вырабы (ручнікі і посцілкі), рэчы хатняга ўжытку (плеценыя з саломы і лазы, зробленыя з дрэва і гліны). Сярод унікальных прадметаў: коўш-браціна 16 ст; драўляныя скульптуры святых з в.Нягневічы Навагрудскага раёна 1-й палавіны 18 ст; царскія вароты з дрэва і саломы 17— 18 ст.; традыцыйныя вясельныя строі, зімовыя світкі і кажух 2-й палавіны 19 ст; макотра, абвітая бяростай, з Магілёўшчыны; белагліняны ганчарны посуд з в.Гарадная Столінскага раёна; гліняны адстойнік для малака з в.Ракаў Валожынскага раёна пачатку 20 ст. Тут прадстаўлены вырабы народных майстроў — ткачых з в.Неглюбка Веткаўскага і в.Моталь Іванаўскага раёнаў, ганчароў з гп.Івянец Валожынскага раёна, разьбяроў па дрэве А.Пупко і В.Альшэўскага, саломапляцельшчыцы В.Гаўрылюк. Дапаўняюць экспазіцыю пано-аплікацыя з саломы «Музей беларускага народнага мастацтва» Гаўрылюк (1979), размешчанае пры ўваходзе ў музей, а таксама вітрыны з лялькамі з ільновалакна З.Ляўчэні, скарбонкі ў выглядзе куфэркаў, аздобленых інкрустацыяй з саломы М. і В. Дзехцярэнак. У адным з прытвораў за шырокім сталом з лавай, сугучна сялянскім традыцыям, праходзяць сустрэчы і майстар-класы народных умельцаў. Працуе зала для часовых выставак. Супрацоўнікі музея арганізуюць канцэрты народнай і класічнай музыкі, мерапрыемствы, прысвечаныя традыцыйным беларускім святам («Калядкі», «Вадохрышча», «Вялікдзень») і інш. Аўтар: В.Р. Пісарэнка Крыніца: Музеі Беларусі Музеи Беларуси / [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў, Л.В. Календа, М.Г. Нікіцін]. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. - 559 с. Адрас: 223054, Мінскі раён, Астрашыцкі гарадок, с/к "Раўбічы" |
|