Пятніца, 26.04.2024, 21:58

НОВЫ ГОД

Галоўная »
НОВЫ ГОД — свята, прысвечанае пачатку каляндарнага года. Суправаджаецца рознымі абрадамі. Абрадавыя формы, змест і сутнасць яго абумоўленыя дзейным календаром, сезоннымі ўмовамі, характарам гаспадарчай дзейнасці і вытворчых стасункаў, узроўнем культуры, гістарычнымі падзеямі.

У даўні час каляндарны год на тэрыторыі Беларусі пачынаўся вясною, навагодняе свята адзначалі ў пачатку веснавых палявых работ. Асноўнымі абрадавымі асобамі веснавога навагодняга свята былі валачобнікі, якія збіраліся ў гурт і абыходзілі ўсе сялянскія двары. Валачобнай песняй і музыкай велічалі, услаўлялі кожнага гаспадара, яго працу, яе плён, усхвалялі земляробства, жывёлагадоўлю і інш. Велічалі таксама гаспадыню, дарослую дачку, нежанатага сына. Гаспадары дзякавалі валачобнікам, давалі ім абрадавы падарунак (булкі, яйкі, сыр, каўбасы, мяса). У познім сярэднявеччы з пераносам каляндарнага года на зіму сфармавалася зімовае навагодняе свята. Асноўнымі абрадавымі асобамі сталі каляднікі. Яны пераапраналіся, надзявалі маскі «казы», «кабылы», «мядзведзя», «жураўля», «бусла» і інш., абыходзілі хаты і выконвалі велічальныя калядныя песні. На поўдні Палссся напярэдадні Новага года спраўлялі абрад шчадравання. Дзяўчаты хадзілі па вёсцы і спявалі пад вокнамі хат шчадроўскія песні, якімі віталі гаспадара, яго сям'ю, жадалі шчасця, добрага ўраджаю.

Раніцай новага года спраўлялі абрад засявання. Яго выконвалі дзеці. Яны хадзілі з торбаю, напоўненай зернем, па вёсцы, заходзілі ў хаты, віталі гаспадароў і імітавалі сяўбу: пасыпалі падлогу зернем жыта, пшаніцы, аўса, ячменю. Рабілі гэта моўчкі або суправаджалі сімвалічнае дзеянне кароткай песняй, у якой жадалі гаспадарам ураджаю, дабрабыту ў новым годзе. Выканаўцам давалі святочныя падарункі. Састаўной часткай зімовага навагодняга свята была ўрачыстая абрадавая вячэра, якую наладжвала кожная сям'я напярэдадні. Абавязковай абрадавай стравай была куцця, таму і сама вячэра называлася «куцця». Яе называлі таксама багатай, шчодрай, мясной, тоўстай куццёй. На вячэру гаспадары імкнуліся нагатаваць як мага больш і самых лепшых страваў, што сімвалізавала багацце, дастатак, дабрабыт.

Напярэдадні Новага года была пашыраная варажба. Варажылі пераважна дзяўчаты. Знаёмству іх з хлопцамі садзейнічалі ігрышчы, што адбываліся ў пачатку новага года. На поўначы Беларусі характэрнай навагодняй гульнёй была «Жаніцьба Цярэшкі», на захадзе — «Яшчур». У капіталістычную эпоху ў Беларусі, найперш у гарадах, распаўсюдзіўся звычай ставіць навагоднюю елку (прычым, рабілі гэта загадзя, яшчэ да Нараджэння Хрыстова). Спачатку яе надзялялі звышнатуральнымі ўласцівасцямі, пакланяліся ёй. Упрыгожванне елкі было абрадам ахвярапрынашэння, уміласціўлення. Гэтак імкнуліся ўлагодзіць, задобрыць дрэва, яго жыццёвую сілу, якая нібыта магла садзейнічаць чалавеку, урадлівасці поля, дабрабыту сям'і. Паступова рэлігійны сэнс абрадаў пачаў знікаць. Зялёная ўпрыгожаная елка пачала сімвалізаваць жыццё, здароўе, шчасце. Важнае значэнне набылі эстэтычныя рысы святочнага навагодняга дрэва, якое выклікае радасць, добрыя надзеі. Упрыгожаная елка паступова ператварылася ў галоўны сімвал навагодняга святкавання. Адбыліся пэўныя змены і ў складзе навагодніх масак-персанажаў: з’явіліся Дзед Мароз, Снягурка. Новыя элементы навагодняга свята ў гэты перыяд былі характэрныя толькі для побыту багатых. Яны яшчэ не распаўсюдзіліся сярод большай часткі беларускага этнасу, у прыватнасці, сялянаў, рамеснікаў, рабочых.

Значныя змены ў комплексе навагодніх абрадаў і звычаяў адбыліся цягам XX ст. Большасць з іх страціла свой магічны сэнс і ператварылася ў гульню, забаву. Новы год стаў папулярным народным святам. Напярэдадні яго арганізоўваюцца пераднавагоднія гандлёвыя кірмашы, елачныя базары. Магазіны ды іншыя гандлёвыя прадпрыемствы абвяшчаюць зніжкі і распродажы, ілюмінуюцца гарады і многія вёскі. Упрыгожаныя навагоднія елкі ўсталёўваюцца ў кватэрах гараджанаў і хатах сялянаў, на плошчах, у культурна-асветных установах. У палацах, дамах культуры, клубах, садках, школах, бібліятэках праводзяцца навагоднія балі, маскарады, у якіх удзельнічае ў асноўным моладзь, у школах і садках — дзеці; у канцэртных залах, тэатрах і цырках адбываюцца навагоднія канцэрты і паказы. На плошчах і вуліцах арганізоўваюцца народныя гулянні і тэатралізаваныя прадстаўленні з удзелам казачных персанажаў і літаратурных герояў (Дзед Мароз, Снягурка, Стары год, Новы год і інш.). Апошнія дзесяцігоддзі робяцца спробы ўзнавіць навагоднія шчадроўкі. Новы год стаў любімым і жаданым святам для дзяцей. Вакол елкі яны водзяць карагоды, спяваюць песні, тут атрымліваюць навагоднія падарункі.

Абавязковы элемент навагодняй урачыстасці — звычай віншаваць родных, сяброў, знаёмых, калегаў па працы, рабіць падарункі. У апошнія хвіліны старога года па радыё і тэлебачанні транслюецца навагодняе віншаванне кіраўніка дзяржавы. Навагоднія застоллі суправаджаюцца абменам падарункамі, песнямі, танцамі, праглядам тэлепраграмаў. Многія ўначы выходзяць гуляць да святочнай елкі, на вуліцы і двары. У першы дзень новага года ў гарадах і вёсках арганізоўваюць культурна-масавыя мерапрыемствы. Для дзяцей навагоднія мерапрыемствы праходзяць і ў наступныя дні да Вадохрышча.

Крыніца: «Краязнаўчая газета», № 1 (594) студзень 2016 г.,
«Краязнаўчая газета», № 2 (595) студзень 2016 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.