Пятніца, 30.10.2020, 16:20

ІВАНАВА, Янава

Галоўная »
ІВАНАВАгорад, цэнтр Іванаўскага раёна, на р.Самаронка (Самараўка). За 132 км на ўсход ад Брэста, 2 км ад чыгуначнай станцыі Янаў-Палескі на лініі БрэстЛунінец, аўтобусная станцыя. У межы Іванава ўвайшлі вёскі Астравок, Магільна, Накла. Насельніцтва – 16,4 тыс. жыхароў (2006).

Іванава, Янава
Герб Іванава

Вядома, што ў 14 ст. на месцы сучаснага горада знаходзілася вёсачка Порхава (Порхаў). У 1423 г. вялікі князь Вітаўт падараваў яе Луцкаму кафедральнаму касцёлу. У гонар свайго імя ў 1465 г. епіскап луцкі Ян Ласковіч назваў Порхава горадам Янава. У 1497 г. літоўскі князь Аляксандр Ягелончык дазволіў праводзіць у горадзе 3 кірмашы ў год. Луцкія епіскапы ператварылі Янава ў сваю другую рэзідэнцыю. У 1525 г. здарыўся вялікі пажар, які прычыніў значную шкоду, пажар 1575 г. поўнасцю знішчыў гарадок. Жыхары перасяліліся ў навакольныя вёскі, а рэзідэнцыя епіскапа на доўгі час прыйшла ў запусценне. Пасля 1529 г. з Пінскага княства перайшло ў склад Пінскага павета Трокскага ваяводства ВКЛ, паводле звестак Віленскага зборніка, мястэчка было спачатку сталовай маёмасцю польскіх каралёў, потым знаходзілася ва ўладанні Шуйскіх, Ажэшкаў, Дмахоўскіх і Кружэцкіх. У час вайны 1654-67 гг. разам з казакамі мясцовыя жыхары ў 1657 г. прымалі ўдзел у налёце на Янава, дзе быў схоплены і забіты езуіт Андрэй Баболя, пасланы з Пінскай езуіцкай калегіі весці прапаганду каталіцызму сярод мясцовага насельніцтва. За актыўную місіянерскую дзейнасць Андрэй Баболя празваны пінскім апосталам, залічаны ў 1853 г. папай рымскім Піем IX у лік святых. У гонар Баболі на цэнтральнай плошчы Янава быў пастаўлены каменны слуп, да якога прыходзілі паломнікі. У час той вайны мястэчка і наваколле таксама былі разрабаваны ў 1661 і 1666 гг.

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай з 1795 г. ў складзе Расійскай імперыі, мястэчка ў Слонімскай, з 1797 г. ў Літоўскай губерні, з 1801 г. ў Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні. У ліпені 1812 г. захоплена французскімі войскамі. У паласе Антопаль - Драгічын - Іванава - Пінск дзейнічаў рускі спецыяльны атрад генерал-маёра А.П. Мялесіна. Паводле рэвізіі 1816 г. Янаў з навакольнымі вёскамі належаў Ганне Аржэшкавай, але знаходзіўся ў закладзе ў Здзяхоўскага, мелася 920 душ мужчынскага полу. У 1848 г. пабудаваны касцёл, заснаваны Францішкам Паўлам, сябрам цара Мікалая I, які падарыў касцёлу абраз святой Кацярыны (вісеў у бакавым алтары). У 1-й палове 19 ст. Янава разам з вёскамі Накла і Магільна ўваходзіла ў склад маёнтка Магільна, які належаў І.І. Дмахоўскаму. Ва ўласнасці памешчыка было 1310 рэвізскіх душ, з іх цяглых сялян 1256 душ, агароднікаў – 59, дваровых людзей 38 душ. У 1840-я г. сяляне маёнтка Магільна падалі скаргу гродзенскаму губернатару на памешчыка, які, на іх погляд, патрабаваў адбыцця вышэйвызначанай паншчыны інвентаром. Каля 50 сялян паказалі ў час следства, што Дмахоўскі жорстка біў іх і караў.

Пасля адмены прыгону ў 1861 г. ў Янаве былі раскватараваны казакі 31-га Данскога палка дзеля падаўлення сялянскіх хваляванняў у мястэчку і ваколіцах. У 1866 г. ў Янаве 809 жыхароў, маёнтак знаходзіўся ва ўладанні памешчыка Іосіфа Куранецкага (Куржанецкага), працавалі народнае вучылішча, касцёл, царква. У 1869 г. – драўляная праваслаўная царква (пабудавана ў 1667), мураваны рымска-каталіцкі касцёл, каменны слуп у гонар А.Баролі, станавая кватэра, валасное праўленне, аптэка, 144 двары з 364 рэвізскімі душамі мужчынскага полу хрысціян і 156 двароў з 300 душамі мужчынскага полу яўрэяў. У 1868 г. купец Іосіф Лейзар Валавельскі заснаваў дробны вінакурны завод (размяшчаўся ў аднапавярховым будынку, абсталяваны паравой машынай, працавалі 6 чалавек), яму ж належалі цагельня (5 рабочых) і гарбарны завод (3 рабочыя). Працавалі таксама цагельня Гінзберга (чэрвень-жнівень 1868), гарэлачны завод Абрама Іцке, гарбарны завод Іцака Гарбара (1 рабочы). Вялікія страты мястэчку наносілі пажары: у 1870 г. згарэлі 85, у 1871 г. – 141 дом, у 1879 г. – 91 яўрэйскі і 35 сялянскіх дамоў, валасная ўправа і аптэка.

У 1862-84 гг. будавалася чыгунка Брэст - Пінск - Гомель, якая прайшла за 1 км ад мястэчка, была пабудавана невялікая станцыя (цяпер Янаў-Палескі) з драўляным вакзалам, складскімі памяшканнямі, рамонтнымі майстэрнямі. Станцыйны пасёлак у хуткім часе зліўся з мястэчкам. У 1882 г. існавала штатнае народнае вучылішча (73 вучні); хор вучылішча з 22 хлопчыкаў лічыўся лепшым сельскім хорам павета. У 1885 г. ў мястэчку, цэнтры воласці, 148 двароў, 2437 жыхароў, валасное праўленне, праваслаўная царква, касцёл, капліца, 4 яўрэйскія школы, 6 піцейных дамоў, гарбарны і вінакурны заводы, праводзіліся кірмашы. У 1886 г. 15 сялян і 80 яўрэяў Янава былі заняты рознымі рамёствамі, у ім працавалі 2 хлеўнікі, 3 булачнікі, 5 млынароў, 5 мяснікоў, 10 краўцоў, 2 майстры галаўных убораў, 15 шаўцоў, гарбар, 6 муляраў (печнікоў), 2 сталяры, 10 цесляроў, 3 кавалі, слесар, 2 шклабойшчыкі, цагельшчык, гадзіннікавы майстар, 4 музыканты, 2 цырульнікі, пераплётчык, 2 чысцільшчыкі дымоў. Дмахоўскі меў 900 авечак, з якіх за год меў 30 пудоў воўны. У1890 г. ў воласці налічвалася 6071 дзесяцін сялянскай зямлі, 18 паселішчаў, 462 сялянскія двары, 4218 душ, 218 несялянскіх двароў. Паводле перапісу 1897 г. ў Янаве 3041 жыхар, 2768 будынкаў, у тым ліку 715 жылых дамоў (па іншых звестках – 724 дамы, у тым ліку 9 мураваных, 2035 гаспадарчых пабудоў, царкоўна-прыходская школа), сукнавальная фабрыка, гарбарны і цагельны заводы, маслабойня, 5 млыноў, народнае вучылішча.

У 1905 г. Янава – мястэчка Кобрынскага павета Гродзенскай губерні, 378 двароў, 2939 жыхароў; 144 двары хрысціян (364 мужчыны) і 156 двароў яўрэяў (300 мужчын). У мястэчку было 7 млыноў, 5 лазняў, аптэка, школа, мураваная праваслаўная царква неарускага стылю (пабудавана ў пачатку 20 ст., захавалася), касцёл, 3 яўрэйскія малітоўныя школы, 5 піцейных дамоў, штогод праводзіліся 5 кірмашоў. Амаль усе крамы ў Янаве былі яўрэйскімі. У снежні 1905 г. ў маёнтку адбыліся сялянскія хваляванні з эканамічнымі патрабаваннямі. У 1914 г. 2959 жыхароў (1688 мужчын, 1271 жанчына), працавалі 11 дробных прамысловых прадпрыемстваў. У 1915-18 гг. мястэчка акупіравана германскімі, у 1919-20 гг. – польскімі войскамі. Савецкая ўлада на кароткі тэрмін была ўсталявана ў ліпені-жніўні 1920 г. 3 1921 г.ў складзе Польшчы, мястэчка Драгічынскага павета Палескага ваяводства, цэнтр Янаўскай гміны. У 1924 г. 482 будынкі, 3068 жыхароў, з іх 1859 яўрэяў, 521 беларусаў, 190 рускіх, 289 палякаў. У 1920-я г. мястэчка ўваходзіла ў лік самых «нядобранадзейных населеных месцаў», тут існавалі ячэйкі КПЗБ (сакратар Шмуг Эльстэр) і КСМЗБ; падпольны райкам якому ў 1928 г. было падпарадкавана 28 ячэек, у 1933 г. ён ахопліваў Адрыжынскую, Янаўскую, Асавецкую гміны. У 1933 г. пры маторным млыне Хаіма Памяранца пачала дзейнічаць электрастанцыя (2 работнікі, у 1937 меўся газагенератар магутнасцю 80 к.с, які сілкаваў электрагенератар магутнасцю 57 кВт., ток паступаў спажыўцам у вёсках Ляскавічы, Магільна, Астравок; праіснавала да 1943), працавалі 4 млыны. У 1935 г. ў Янаве 3500 жыхароў, гміннае праўленне, паштова-тэлеграфнае праўленне, паліцэйскі пастарунак, некалькі прыватных гасцініц, лесапільны завод «Горбур» (працаваў з 2-й пал. 1920-х г., 95 рабочых у 1934; у студзені 1927, маі 1930, сакавіку 1934, у кастрычніку 1937 тут адбыліся забастоўкі), паравы млын «Горбур». Дзейнічала польская школа (7 класаў з 1930, 470 вучняў у 1934). 21.09.1939 г. ў Янава ўвайшла Чырвоная Армія.

null
Касцёл і помнік Святому Андрэю Баболе

З 1939 г. ў БССР, з 15.01.1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр Іванаўскага раёна Пінскай вобласці, 463 двары, 4918 жыхароў. Працавалі бальніца (на 50 ложкаў), радзільны дом (на 20 месцаў), паліклініка з 4 кабінетамі, пошта, 20 тэлефонаў, 3 тэлеграфныя апараты. Дзейнічалі 7-гадовая беларуская, руская і яўрэйская школы. Напярэдадні вайны ў мястэчку пражывалі 5558 (па іншых звестках 6517) чалавек, працавалі электрастанцыя, электрамлын, 3 паравыя млыны, лесапільны завод, бетонная вытворчасць (3 устаноўкі, 13 працаўнікоў), малочны кааператыў (4 працаўнікі), гарбарны завод, пякарня (6 працаўнікоў), у маёнтку Назашыцы дзейнічаў вінакурны завод. 27.06.1941 г. Іванава было акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, уваходзіла ў рейхскамісарыят «Украіна». Вызвалена 16.7.1944 г. ў ходзе Беларускай аперацыі. Пры вызваленні Іванава загінулі 34 воіны, якія пахаваны на тэрыторыі горада, у гонар воінаў-вызваліцеляў і партызан, што дзейнічалі на тэрыторыі раёна, устаноўлена ў 1965 г. мемарыяльная дошка. У брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан пахаваны 28 чалавек, якія загінулі ў 1944 г. У 1946 г. ў брацкую магілу ў Іванаве былі перанесяны астанкі воінаў і партызан, пахаваных у вёсках Ляскавічы, Магільна, Снітава, у 1957 г. на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна. На ушанаванне памяці землякоў у 1967 г. ў горадзе пастаўлены помнік. У гады акупацыі ў цэнтры Іванава было створана гета (расстрэлы праходзілі ва ўрочышчы Баравіца). 26.09.1942 г. гітлераўцы знішчылі 2 тыс. яўрэяў. У 8 брацкіх магілах ваеннапалонных пахаваны больш за 1000 чалавек, абеліск пастаўлены ў 1968 г. За гады вайны ў горадзе былі разбураны і спалены 365 жылых, 40 гаспадарчых будынкаў. Ад рук акупантаў загінулі 3297 жыхароў, вывезены ў Германію 19 жыхароў, не вярнуліся з фронту ці прапалі без вестак 168 землякоў, у партызанскіх атрадах і падполлі – 7 чалавек. У час акупацыі ў горадзе была створана патрыятычная падпольная арганізацыя. Пасля вызвалення на тэрыторыі раёна ад рук баевікоў з Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) у 1944-50 гг. загінулі 45 чалавек, у тым ліку ў Іванаве 8 супрацоўнікаў раённага аддзела міліцыі (пахаваныя ў брацкай магіле, помнік устаноўлены ў 1980, мемарыяльная дошка ў 1968). 3 1944 г. выходзіла раённая газета («Сталинский путь» (з 1954 – «Сталінскі шлях», у 1956-62 – «Камуніст», з красавіка 1965 – «Чырвоная звязда»).

null
Крыжаўзвіжанскі касцёл

У 1946 г. ў Іванаве было 2279 жыхароў (у параўнанні з даваенным становішчам зменшылася больш чым у 2 разы), працавалі 7-гадовая школа, бальніца. У 1946/47 навучальным годзе ў раёне дзейнічала 51 пачатковая школа (з іх 29 у наёмных памяшканнях) і 9 сямігадовых. У 1950-я г. ў Іванаве быў узведзены новы будынак школы, на 1961 г. – сярэдняя школа з вытворчым навучаннем, 952 вучні. У будынку таксама працавалі школа рабочай моладзі і Магільнянская 7-гадовая школа (154 вучні). З 31.07.1949 г. ў горадзе існаваў калгас імя Крупскай, які 6.9.1950 г. ўвайшоў у склад калгаса «Маладая гвардыя» (з цэнтрам у в. Магільна), 21.03.1977 г. іванаўская брыгада была далучана да калгаса імя Горкага Ляскавіцкага с/с. У 1954 г. адкрыта міжраённая інкубатарная станцыя. У 1960 г. здадзены ў эксплуатацыю новы двухпавярховы цагляны корпус бальніцы (у ім размяшчаліся хірургічнае аддзяленне, адкрытае ў 1951, радзільнае і гінекалагічнае аддзяленні), у 1962 г. яшчэ адзін корпус (тэрапеўтычнае і дзіцячае аддзяленні), агульная колькасць ложкаў вырасла да 150. Паводле перапісу 1959 г. ў Іванаве было 3900 жыхароў. У 1962-65 гг. у складзе Драгічынскага раёна. Пастановай Вярхоўнага Савета БССР ад 06.01.1965 г. адноўлены Іванаўскі раён, у раённым цэнтры ў 1969 г. налічвалася 4400 жыхароў.

null
Помнік Напалеону Ордзе

З 11.03.1971 г. – горад. У 1986 г. у раён былі пераселены 202 жыхары з забруджаных радыяцыяй пасля чарнобыльскай трагедыі мясцін, у тым ліку ў Іванаве атрымалі жыллё 39 сямей. У 1989 г. даў першую прадукцыю соладавы завод (магутнасць 80 тыс. тон соладу ў год), у 1993 г. таксама працавалі заводы па вытворчасці масла і сухога малака, кансервавы, санітарна-тэхнічных загатовак, жалеза-бетонных вырабаў, хлебны цэх камбіната кааператыўнай прамысловасці, міжраённае аграпрамысловае аб'яднанне, птушкаплемрэпрадуктарная гаспадарка. будаўнічыя арганізацыі, 3 сярэднія, музычная, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, 6 дашкольных устаноў, 3 бібліятэкі, Дом творчасці дзяцей і юнацтва, паліклініка, аптэка. У 1997 г. раённая бальніца атрымала новы 4-павярховы корпус і асобны будынак для рэанімацыйнага аддзялення. Сёння ў Іванаве працуюць маслазавод, кансервавы завод, прадпрыемствы «Марыля», «Белсолад», «Месакан», будаўнічыя арганізацыі, 4 сярэднія школы, дашкольныя ўстановы, бібліятэкі, бальніца, дзейнічаюць царква і малітоўны дом.

null
Пакроўская царква

Маюць званне народных харавая капэла пры Цэнтры культуры і народных рамёстваў (з 1985, створана ў 1983), хор Дома культуры (з 1986, створаны ў 1972). аркестр народных інструментаў Іванаўскага цэнтра культуры і народных традыцый (з 1990, створаны ў 1979), квінтэт «Дыямент» пры дзіцячай школе мастацтваў (з 1995 г. калектыў выконвае творы земляка, самадзейнага кампазітара і педагога Валянціна Перапёлкіна). Знакамітыя на тэрыторыі Заходняга Палесся іванаўскія рушнікі. Радзіма паэта Морыса Вінчэўскага (пісаў на ідыш і па-англійску, жыў у Амерыцы), Героя Савецкага Саюза М.М. Кольчака (1905-19). На тэрыторыі горада шэраг помнікаў, у тым ліку ўстаноўлены ў 1998 г. помнік мастаку і кампазітару Напалеону Ордзе, ураджэнцу в. Варацэвічы.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [251]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [163]
Адукацыя [20]
Спорт [918]
Здарэнні [235]
Грамадства [310]
Эканоміка [13]
Транспарт [92]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [17]
Каляндар
«  Кастрычнік 2020  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Гардеробные системы в спб: интернет магазин гардеробных tm-metall.ru.
Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.