Субота, 27.07.2024, 03:17

РАДУНЬСКІ КАСЦЁЛ МАЦІ БОЖАЙ РУЖАНЦОВАЙ

Галоўная »
РАДУНЬСКІ КАСЦЁЛ МАЦІ БОЖАЙ РУЖАНЦОВАЙ размяшчаецца ў паўднёвай частцы гарадскога пасёлка Радунь Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці, каля дарогі на Пелясу. Пабудаваны ў 1929—33 гадах з цэглы і бутавага каменю будаўніком А.Бейкам паводле праекта архітэктара Я.Бароўскага. Папярэдні драўляны храм па хадайніцтве віленскага біскупа Клюнчэўскага быў перанесены ў 1836 годзе з кляштара вёскі Калеснік (Каляснінкай, Літва). На 1997 год налічвалася 6590 парафіян.


Помнік архітэктуры мадэрна з рысамі неаготыкі. Буйнамаштабная трохнефавая двухвежавая базіліка са складанай каскадна-аб'ёмнай алтарнай групай: павышаны прэсбітэрый пад двухсхільным дахам, пяцігранныя крылы трансепта і апсіды з бакавымі сакрысціямі. Нартэкс вынесены перад галоўным фасадам у самастойны нізкі аб'ём з глыбокім стральчатым уваходным праёмам. Фасад фланкіраваны чатырох’яруснымі (васьмярык на чацверыках), расчлянёнымі гарызантальнымі паясамі шатровымі вежамі. Іх дынамічны вертыкальны рух, бакавыя ступеньчатыя контрфорсы-сценкі, круглае вітражнае акно-ружа галоўнага фасада, пінаклі даху выклікаюць асацыяцыі з гатычным храмам. У аснове архітэктурнага вырашэння геаметрызаваныя аб'ёмы, разнастайнай канфігурацыі аконныя праёмы ў плоскіх ліштвах, шырокія лапаткі. Каларыстычны эфект будынка заснаваны на спалучэнні паліхромнай бутавай муроўкі сцен і пабеленых атынкаваных ступеньчатых атыкаў, плоскасці галоўнага фасада, васьмігранных ярусаў вежаў, элементаў архітэктурнага дэкору (ліштваў, прафіляваных карнізных паясоў).


Унутры нефы размежаваны паўкруглымі аркадамі на чатырохгранных пілонах, перакрыты стральчатымі скляпеннямі на падпружных арках-прасценках. Над бакавымі нефамі хоры-эмпоры, абмежаваныя філёнгавымі парапетамі і адкрытыя арачнымі прасветамі. Над нартэксам антрэсолі хораў з філёнгавым парапетам. Інтэр'ер упрыгожаны ансамблем стукавых неабарочных алтароў. Абразы «Зняцце з крыжа» (другая палова 18 стагоддзя), «Юзаф з посахам» (18 стагоддзе, палатно, алей), «Ісус з прыладамі пакут» (мяжа 18—19 стагоддзяў), «Марыя Магдалена» (пачатак 19 стагоддзя), алтарны абраз «Цуд Юрыя аб змеі» (першая палавіна 19 стагоддзя). Высокамастацкім выкананнем адзначаны абраз «Маці Божая Ружанцовая» (сярэдзіна 18 стагоддзя), верагодна, прывезены са скасаванага кармеліцкага кляштара ў Калесніках. На міжнефавых пілонах навешаны пано-стацыі «Крыжовы шлях».

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 44
Гасцей: 44
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.