Субота, 18.05.2024, 17:08

ВАЛОЖЫНСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЮЗАФА

Галоўная »
ВАЛОЖЫНСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЮЗАФА размяшчаецца на плошчы Свабоды горада Валожын Мінскай вобласці. Пабудаваны ў 1816 г. з цэглы.


У 1683 (1681?) г. гетман польны літоўскі, кашталян віленскі Юзаф Багуслаў Служка заснаваў ў цэнтры горада бернардзінскі кляштар і пры ім школу. У 1690 г. быў пабудаваны драўляны касцёл (адназрубны храм з пяціграннай апсідай, меў рысы стылю барока). Перад ім знаходзіўся цвінтар, абгароджаны драўлянай абарончай сцяной з дзвумя вёскімі (званіца і брама). Старажытны касцёл згарэў у 1715 г. Намаганнямі ўладальніка мястэчка графа Ю.Тышкевіча ў 1816 г. паводле праекта літоўскага архітэктара Л.Стуокі-Гуцэвіча (1797) узведзены існуючы мураваны храм. З'яўляўся родавай пахавальняй Тышкевічаў (надмагілле Ю.Тышкевіча ў выглядзе фігуры рыцара, які спіць). У 1864 г. пераасвячоны ў праваслаўную царкву. Кляштарны корпус разбураны ў 1860 г. У выніку пажару падчас баявых дзеянняў 1918 г. амаль цалкам быў знішчаны інтэр'ер храма. У 1921 г. Валожын апынуўся на тэрыторыі Польшчы і ў выніку рэвіндыкацыі храм зноў стаў каталіцкім. У 1980-я гг. выкарыстоўваўся як вытворчы будынак.

Помнік архітэктуры ампіру. Узняты на высокі бутавы цокаль буйнамаштабны прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам, над алтарнай часткай якога ўзведзена гранёная каркасная сігнатурка-ліхтарык. Адзіны, але магутны архітэктурны акцэнт створаны на галоўным фасадзе — шасцікалонны порцік дарычнага ордэра з трохвугольным франтонам двухсхільнага даху. Пад порцікам на плоскасці фасада чатыры арачныя нішы, у якіх раней змяшчаліся скульптурныя выявы евангелістаў. Бакавыя плоскасныя сцены рытмічна расчлянёны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах з трохвугольнымі сандрыкамі. Будынак акаймоўвае антаблемент з трыгліфным фрызам і карнізам на дэнтыкулах. Унутраная прастора падзелена магутнымі аркадамі на тры падоўжныя нефы, перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках і распалубках. У тарцах бакавых нефаў вылучаны сакрысціі, якія абмяжоўваюць прастору прамавугольнай апсіды. Над скляпеністым, з шырокімі аркамі нартэксам на шырыню залы створана галерэя хораў.

Побач з касцёлам асобна размешчана 6рaма-званіца (раней была аб'яднана з ім агароджай). Масіўная трохпралётная аркада з фігурнымі контрфорсамі па баках, дэкарыравана прысценным чатырохкалонным порцікам дарычнага ордэра. У арках брамы навешаны тры бронзавыя званы.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1400]
Здарэнні [469]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.