Субота, 27.07.2024, 03:29

ВАРНЯНСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА МУЧАНІКА ЮРЫЯ

Галоўная »
ВАРНЯНСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА МУЧАНІКА ЮРЫЯ размяшчаецца на плошчы ў цэнтры вёскі Варняны Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці.


Пабудаваны ў 1760(67)—69 гг. з цэглы на месцы ранейшага храма паводле праекта архітэктара А.Касакоўскага па фундацыі 1760 г. ўладальніка мястэчка і палацава-паркавага ансамбля Ю.Абрамовіча; будаўніцтва завяршала яго жонка Марцыяна (з Дорыя-Дзерналовічаў). Кансекраваны віленскім біскупам Т.Зяновічам. Касцёл дабудоўваўся ў 1880 і 1909 гг. Да пачатку 1980-х гг. быў у занядбаным стане. Рэстаўрыраваны, асвячоны 11.04.1990 г.

3 касцёлам звязана першае ўпамінанне мястэчка Варняны, калі ўладальніца маёнтка М.Сангайлава ў 1462 г. ахвяравала грошы на будаўніцтва драўлянага касцёла Божага Цела і плябаніі. У16 ст. ўладальнік Варнян ваявода мінскі і смаленскі Я.Абрамовіч забраў храм пад кальвінскі збор. Наступны ўладальнік вёскі староста старадубскі С.Абрамовіч, які перайшоў у каталіцтва,у 1654 г. кальвінскі збор закрыў. 3 1743 г. да 1842 г. пры касцёле служылі манахі-рахіты.

Як архітэктурная дамінанта касцёл завяршаў рэгулярны горадабудаўнічы ансамбль, арганізаваны вакол выцягнутай прамавугольнай плошчы. Дом аптэкара і плябанія (1770) утвараюць перад касцёлам раскрыты на плошчу курданёр. Першапачаткова храм і пастаўленыя да яго вуглом бакавыя двухпавярховыя плябаніі акаймоўвала аздобленая скульптурнымі кампазіцыямі мураваная агароджа з брамай. Насупраць храма, на заходнім баку плошчы, быў палацава-паркавы комплекс Абрамовічаў, ад якога захаваўся парк і павільён-вежа (палац згарэў напярэдадні Першай сусветнай вайны). Паўднёвы і паўночны бакі плошчы фарміравалі два рады жылой забудовы, у якую ўваходзілі карчма і гандлёвыя рады.

Касцёл — помнік манументальнай архітэктуры позняга барока і ракако. Дынамічная вертыкальная кампазіцыя ствараецца выцягнутымі прапорцыямі дзвух вежаў з фігурнымі ківорыямі, двух'ярусным шчытом паміж імі і высокімі арачнымі праёмамі і нішамі. Гарызантальная расшыўка цокальнай часткі падкрэслівае вертыкальны рух увагнута-пукатай фасаднай плоскасці. Яруснасць падкрэслена развітымі тонкапрафіляванымі і крапаванымі карнізнымі паясамі, архітэктурную пластыку ствараюць прафіляваныя цягі, ліштвы, вязкі пілястраў, раскрапоўкі, фігурныя завяршэнні вежаў і франтона. Уваход арганізаваны праз нізкую прамавугольную ў плане крухту, тымпан трохвугольнага франтона якой запоўнены ляпной барэльефнай кампазіцыяй «Святая Сям'я». Бакавыя фасады стрымана аздоблены падвойнымі пілястрамі ў прасценках арачных аконных праёмаў.

Адзіны працяглы неф храма перакрыты ўзнятым на падпружныя аркі цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Па баках прэсбітэрыя размешчаны нізкія сакрысціі. Вінтавая лесвіца пры ўваходзе вядзе на хоры з хвалістым парапетам. Інтэр'ер упрыгожваюць тры барочныя алтары і амбон. Алтары храма ўпрыгожвалі абразы мастака С.Чаховіча і яго вучняў. Устаноўлена металічная мемарыяльная дошка ў гонар фундатаркі храма М.Абрамовіч (памёр у 1805 г.).

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; 
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 45
Гасцей: 45
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.