Серада, 24.04.2024, 13:13

ВОЎЧЫНСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ

Галоўная »
ВОЎЧЫНСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ размяшчецца ў паўночнай частцы вёскі Воўчын Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Першы драўляны касцёл фундаваны ў 1638 г. смаленскім ваяводам Аляксандрам Гансеўскім.


У пачатку 18 ст., у выніку шлюбу кракаўскага кашталяна, падскарбія ВКЛ графа Станіслава Панятоўскага (1676 — 1762 гг.) і Канстанцыі Чартарыйскай, Воўчын перайшоў да роду Панятоўскіх. Новы ўладальнік у 1729 г. заклаў існуючы цяпер храм, узведзены ў 1733 г. італьянскім архітэктарам пры ўездзе ў палацава-паркавую рэзідэнцыю (не захавалася); у наступным годзе асвячоны. У гэтым магнацкім маёнтку нарадзіўся Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1732—98 гг.), апошні кароль Рэчы Паспалітай (1764—95 гг.). Яму храм стаў хрысцільняй і пахавальняй (з 1938 г. астанкі караля захоўваліся ў гэтым касцёле, у 1987 г. перавезены ў Варшаву). Поўнае сканчэнне будаўніцтва, унутранае аздабленне і асвячэнне касцёла Святой Тройцы адбылося пры ўладальніку маёнтка М.Чартарыйскім у 1743 г. У 1770-я гг. рэстаўрыраваны архітэктарам Іахімам Хемплам і мастаком Пташынскім: з Варшавы прывезены чатыры бочкі англійскай бляхі для даху, храм пабелены з вылучэннем дэкору вохрай, перабрана перакрыцце, пазалочаны верхнія вазы, скульптура. У1866 г. касцёл аддадзены праваслаўным; усё сакральнае начынне храма паводле загада гродзенскага губернатара здадзена на захоўванне ў Барбарынскую капліцу мястэчка Высокае. У 1918 г. вернуты католікам і стаў парафіяльным. У 1924 г. архітэктарам Я.Краузе адноўлены будынак плябаніі. Храм знаходзіцца ў стадыі рэканструкцыі.


Кaсцёл — шэдэўр архітэктуры позняга барока. Уяўляе сабой васьмігранную ратонду, увянчаную гранёным шатром з купальным бельведэрам, на якім было чатыры гадзіннікі (куранты). Чатыры франтальныя грані будынка завершаны лучковымі франтонамі, над якімі пастаўлены скульптуры евангелістаў (разбураны ў 1980-я гг.), апрацаваны падвойнымі пілястрамі карынфскага ордэра, апяразаны антаблементам, декарыраваным арнаментальнай лепкай. Каменныя гірлянды аплятаюць высокія арачныя аконныя праёмы з фігурнымі сандрыкамі, круглыя і авальныя люкарны. Уваход акцэнтаваны невялікім прытворам, над якім раней навісаў балкон.

Зала храма мае форму грэчаскага крыжа, перакрыта плоскай столлю. Па вуглах двух'ярусныя авальныя ў плане лоджыі, якія выступаюць трохграннымі эркерамі-ложамі і па ярусах аб'яднаны вітымі ўсходамі. Сцены шырокім антаблементам з арнаментальным фрызам расчлянёны на два ярусы. Больш высокі першы ярус раскрапаваны канеліраванымі пілястрамі карынфскага ордэра, другі — тонкімі лапаткамі. Інтэр'ер упрыгожаны арнаментальна-скульптурнай стукавай лепкай у выглядзе картушаў, гірлянд, букетаў кветак, аканту, гарэльефаў пуцці і херувімаў. Яго пластыка-дэкаратыўным акцэнтам з'яўляліся тры алтары Святой Тройцы, Звеставання, святога Станіслава, надзеленыя гербам Панятоўскіх «Цяля» (не зберагліся). Інвентар 1788 г. сведчыць аб багатым рытуальным забеспячэнні: восем арнатаў белых, сем чырвоных, тры зялёных, тры фіялетавых, шэсць чорных, сем кап, харугвы, срэбраныя манстранцыі, келіхі і іншае. Зала ацяплялася камінамі.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1392]
Здарэнні [464]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.