Пятніца, 26.04.2024, 08:42

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Адкуль пайшла назва «Круговічы»
Людзі заўсёды цікавяцца паходжаннем назваў сваіх населеных пунктаў. Пачынаецца гэта з дзяцінства. У школьнай праграме нават прадугледжана сачыненне на адпаведную тэму. Вельмі часта ўсе версіі зводзяцца або да легенды, або да навуковых абгрунтаванняў. Назва "Круговічы" – не выключэнне.

Вялікія Круговічы

Існуе паданне, што ў 1569 годзе пасяліўся ў гэтай мясцовасці польскі пан з 28-мю прыгоннымі, якіх прывёз з сабою. Цалкам верагодна, што супадзенне з годам заключэння Люблінскай уніі – саюза ВКЛ і Польскага Каралеўства – не выпадковае, а самае непасрэднае: пасля збліжэння гэтых дзяржаў на сённяшнія беларускія землі хлынулі польскія перасяленцы. Аднак таксама трэба мець на ўвазе, што да ХІХ ст. галоўным зводам законаў княства – Статутам у трэцяй яго рэдакцыі (1588) было забаронена валоданне зямель ВКЛ замежнымі грамадзянамі, няхай сабе і з саюзнай Польскай Кароны, з якою ВКЛ стварыла канфедэрацыю (раздзел трэці, артыкул 12).

А вось культурная асіміляцыя «пальшчызнай», асабліва сярод шляхецкага саслоўя, пачалася ужо тады (яшчэ з часоў Крэўскай уніі 1385 года). Таму, магчыма, што той нібыта польскі пан з’яўляўся толькі католікам па веравызнанні, але ліцвінам (беларусам) па этнічнай прыналежнасці.

Рукамі прыгонных хутка быў пабудаваны панскі маёнтак. Неўзабаве вакол яго на круглай паляне ўтварылася невялікая вёсачка, якую засялілі прыгонныя. Легенда сцвярджае, што менавіта ад гэтай паляны, а дакладней ад слова "круг" і ўтварылася назва вёскі – Кругловічы, якая неўзабаве набыла сённяшні выгляд. Не выключана аднак, што польскі пан з’яўляўся сапраўды шляхецкім прадстаўніком польскага паходжання і паспеў завалодаць зямлёй у ВКЛ, заснаваўшы сядзібу і вёску якраз да адпаведнай забароны Статутам 1588 г.

Выглядае легенда даволі праўдападобна. Тым больш, што сапраўды значная частка палескіх вёсак назвамі звязана з лясамі. Выкладчык БДПУ С.Паўлянковіч прыводзіць прыклад магчымай назвы вёскі, якую па крузе абступалі лясы, як Кругавік (Кругавічча). Аднак легенда прынцыпова не стасуецца з іншай інфармацыяй – навуковага характару.

Самае галоўнае, што на сённяшні дзень устаноўлена існаванне вёскі Круговічы ў 1445 годзе: дастаткова свежы "Вялікі гістарычны атлас Беларусі" (1 том, 2009 г.) паведамляе, што першае ўпамінанне пра вёску фіксуецца якраз гэтым годам. Прычым менавіта ў сучаснай форме назвы. У трэцяй кнізе запісаў Літоўскай метрыкі змешчаны дакумент "Во имя Боже. То сут книги, кому корол именья роздал”. Паводле яго вялікі князь літоўскі Казімір (займаў трон Вялікага княства Літоўскага з 1440 па 1492 гады) прыпісаў да маёнтка прыгонных: "Пишчику девять ч(о)л(о)в(е)ков, у Круговичох пять: Сава, Еско, Пантелеи, Максимъ, Семенъ, а шостая удова...".

Такім чынам, як сведчаць гістарычныя дакументы, форма "Круговічы" першасная. З незразумелых прычын, а хутчэй за ўсё, з элементарнай чалавечай блытаніны у сярэдзіне назвы на пэўны час з’явілася літара "л", утварыўшы форму "Кругловічы". Такая форма сустракаецца на мапе (карце) 1835 года на старонцы 34 ў кнізе «Ганцавічы. Традыцыі шчодрай зямлі» /аўтар канцэпцыі і тэксту А.М. Сувораў; фотаздымкі: А.М. Сувораў [і інш.]. Брэст: Паліграфіка, 2011. Надпісы на ёй выкананы па-расійску, але ў англійскай транслітарацыі. Таму можна меркаваць пра расійскае паходжанне мапы. Іншых гістарычных крыніц з падобнай памылкай у назве намі не выяўлена. Таму гэта і дазваляе гаварыць пра выпадковасць у напісанні наймення населенага пункта. Увогуле пры складанні мапаў нашай мясцовасці расійскія картографы дапускалі шмат памылак адносна назваў вёсак.

Вялікія Кругавічы

Дарэчы, некаторыя і сёння, не ведаючы нашай вёскі, блытаюць пры ўжыванні гэтыя формы. Афіцыйна наша вёска мае два варыянты назвы, другі з іх – Вялікія Кругавічы: тут, пры націску на перадапошнім складзе, відаць, сказаўся ўплыў "пальшчызны", яшчэ да даваеннага часу блізкай мясцоваму насельніцтву ў сілу дзяржаўнай прыналежнасці гэтых зямель. Сярод вяскоўцаў і жыхароў суседніх вёсак састаўная назва не мае папулярнасці, усе прывыклі называць сяло проста Круговічамі – так іх выгадавала пані гісторыя. Побач, праз невялічкі лясок і балотца, на паўночным захадзе месцяцца яшчэ адны Круговічы – Малыя, дык іх Круговічамі завуць зрэдзьчасу. На тое ёсць дзве прычыны: 1) калі Вялікія Круговічы мелі такую назву спакон вякоў, дык тапонім Малыя Круговічы ўзнік пазней, верагодна, што штучным чынам; 2) жыхары нашага рэгіёна прывыклі называць Малыя Круговічы Малым Сялом альбо зусім – Малымі (што цікава, з націскам у да-дзеным выпадку менавіта на першым складзе).

Малыя Круговічы

Малыя Круговічы ўзніклі ў другой палове ХVІ стагоддзя. Аднак называліся яны спачатку Ляхавічамі. Некаторыя слушна заўважаюць, што назву сваю гэтая вёска атрымала ад слова "лях", бо была заселена ў асноўным палякамі, якіх у народзе звалі "ляхамі" (не выключана, што таксама беларусамі, якія перайшлі ў каталіцкую канфесію; аднак існуе гіпотэза, быццам прыгонныя Ляхавіч, мяркуючы па прозвішчах, мелі заходнеславянскае паходжанне, напрыклад, найбольш распаўсюджанае – Муха – неспарадычна сустракаецца ў Польшчы і Чэхіі, на Беларусі ж яго, мусіць, больш нідзе няма).

Вылучым гіпотэзу. Магчыма, якраз утварэнне вёскі Малыя Круговічы звязваецца з паданнем пра пасяленне пана з прывезенымі прыгоннымі. Якія аргументы? Супадае час – другая палова ХVІ стагоддзя. Супадае і геаграфія верагоднага пахо-джання прыезджых: паводле легенды, пан быў польскі са сваімі прыгоннымі, а Малыя Круговічы спярша называліся Ляхавічамі (як ужо было сказана, ад слова "лях" – паляк, дый прозвішчы малосенцаў розняцца ад прозвішчаў карэнных жыхароў Вялікіх Круговіч, маючы пры гэтым пераклічку з заходнеславянскімі прозвішчамі). Да таго ж сярод малосенцаў сустракаюцца родавыя мянушкі, якія маюць повязь з польскасцю. Так, як паведамляе краязнавец, колішні дырэктар Круговіцкай школы У.І. Муха, іхні род называлі Мазуровымі. Сустракаліся і іншыя жыхары Малых Круговіч, якіх называлі па-вулічнаму прозвішчамі з коранем "мазур". А мазуры – гэта насельнікі аднаго польскага рэгіёна, які знаходзіцца прыкладна ў цэнтры краіны. Пэўна, нездарма ўзніклі тыя мянушкі, якія перадаваліся праз пакаленні.

Пасля нейкім чынам вёска змяніла назву на Малое Сяло (побач жа мясцілася сяло значна большае). Цяжка сказаць, ці Малое Сяло мела царкву; гэты фактар канкрэтней вытлумачыў бы паходжанне назвы, бо, як вядома, сялом пачыналі называць вёску пры наяўнасці такой сакральнай пабудовы. Як можна лагічна меркаваць, у станаўленні сённяшніх назваў вёскі мелі ўзаемаўплыў: спярша Малое Сяло (пры страце адпачатковай назвы – Ляхавічы) "дапамагло" Круговічам стаць Вялікімі, а потым ужо пад іх уздзеяннем само стала Круговічамі, але – адпаведна – Малымі. Як ужо вышэй сказана, рэшткі гэтых трансфармацый, захоўваючыся ў памяці мясцовых жыхароў ледзь не на генетычным узроўні, і дасюль не даюць трывала замацавацца афіцыйным назовам вёсак.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (19.10.2013) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 3929 | Рэйтынг: 5.0/7
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.