Пятніца, 29.03.2024, 18:48

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Ірына Рудкоўская

Жыві, паэт, свяці нам яркай зоркай!
Нарадзіўся Міхась Рудкоўскі (Міхаіл Міхайлавіч Рудкоўскі) светлай вясновай парою — 17 красавіка 1936 года ў вёсцы Востраў, што на Ганцаўшчыне, у тым мілым куточку Палесся, які да скону дзён будзе самым дарагім і блізкім яго душы месцам у гэтым свеце. Тым родным куточкам, які будзе сілкаваць яго цела і душу ўсё жыццё, праз любоў да якога прыйдзе вялікая любоў да Радзімы, яе гісторыі, трагічнай і гераічнай, да людзей, да чалавецтва, да ўсяго жывога на зямлі. І ў радасці, і ў смутку, дзе б ні быў Міхась, сэрца яго цягнулася да бацькоўскага дому, да родных палёў і лугоў, да шчымліва мілай рачулкі Начанкі…

Міхась Рудкоўскі

Бацькоўская хата Міхася Рудкоўскага знаходзілася на так званым Мястэчку. Гэта невялікі завулак з 6 — 7 хат, аддзелены ад вёскі невялічкім ручайком-рачулкай без назвы. Браў ён пачатак за вёскай з заходняга боку за кіламетры тры ад яе з некалькіх крынічак і ўпадаў у рэчку Начанку, а тая — у Лань.

Дзяцінства Міхася — гэта дапамога бацькам па гаспадарцы (а яна тады была яшчэ ўласнай) і паходы ў лес па грыбы і ягады, лоўля рыбы і ракаў у Начанцы. Так-так: ракаў. Прырода беларускага Палесся тых часоў — гэта чыстыя лясы з грыбнымі мясцінамі, буяючыя разнатраўем лугі, не забруджаныя рэкі. Сцяжынкі і дарожкі ваколіц Вострава, мабыць, да гэтага часу помняць басаногія слядкі Міхася і яго сябрукоў Чэся і Славы Ціханаў, Івана Аляксейчыка і Івана Лелеса.

Бацькі Міхася — Міхаіл Іванавіч і Марыя Юльянаўна — звычайныя сяляне. Дзед па бацькоўскай лініі Іван Францавіч Рудкоўскі родам са Случчыны, славіўся як знакаміты на ўсю акругу каваль. Кузня дзеда Яся стаяла ў канцы завулка, на Мястэчку. Міхась часта назіраў за працай свайго дзеда. А пазней, стаўшы ўжо даволі вядомым паэтам, ён ушануе памяць дзеда ў вершы, які стаў класічным, "Мой дзед быў сельскім кавалём".

Бацькі будучага паэта вялі звычайны вясковы лад жыцця. Уражвае асоба бацькі ва ўспамінах сына: "Бацька, Міхаіл Іванавіч, сёння паўстае перада мною жывым увасабленнем сялянскай працавітасці, сілы і здатнасці. Звычайна нетаропкі, як сам казаў, цяжкі на пад’ём, ён, калі ўваходзіў у смак работы, станавіўся зусім другім: араць — дык араць, касіць — дык касіць, весяліцца — дык весяліцца! — успамінаў Міхась Рудкоўскі. — Сёння здзіўляе мяне тое, што бацька ўмеў рабіць амаль усё. Трэба ў гаспадарцы — цабэрак і бочку; трэба нож — зробіць нож, навастрыць нарог — навострыць нарог. Ён умеў пашыць для нас чаравікі ці боты. Нават воз і сані былі ў яго сваёй работы. На паклон да другіх хадзіць ён не любіў, ды ў гэтым не было патрэбы. Калі ж арганізаваўся калгас і пачаліся розныя няўладзіцы жыцця, амаль усе клопаты пра сям’ю ляглі на душу маці, Марыі Юльянаўны. Тут ужо, як пчала, шчыравала яна. У бацькі апусціліся рукі, хоць рабіў ён, бадай, не менш, чым раней. Гультайства і фальш лічыліся ў нашай сям’і самымі вялікімі заганамі ў чалавеку".

Маці, Марыя Юльянаўна, была чалавекам тонкай натуры. Уражлівая, спагадлівая. Выхаваннем дзяцей у сям’і галоўным чынам займалася яна. Стасавацца з настаўнікамі, наведваць бацькоўскія сходы ў школе — яе справа. Бацькаў абавязак — распісвацца ў дзённіку. Клопатаў з вучобай і паводзінамі дзяцей — Міхася і дзвюх яго малодшых сясцёр — Лідзіі і Ірыны — не было. Вучыліся яны старанна. Хоць маці Міхася нарадзілася і вырасла ў вёсцы, нечым яна адрознівалася ад сваіх суседак, выдзялялася сярод іх. Можа, адбітак на яе натуру паклала тое, што яна да замужжа жыла ў прыгарадзе Ганцавіч — вёсцы Любашава. Тонкасць, паэтычнасць, эмацыянальнасць натуры сын атрымаў у спадчыну ад маці. Яна, нягледзячы на тое, што мела толькі чатыры класы адукацыі, вельмі любіла літаратуру. Дзецям сваім чытала па памяці вершы Пушкіна, "Канька-гарбунка" Яршова… Маці вельмі паважала людзей адукаваных.

У тыя часы на вёсцы самым паважаным чалавекам лічыўся настаўнік. Таму Марыя Юльянаўна настаяла на тым, каб сын, скончыўшы ў 1951 годзе Востраўскую сямігодку, паступіў вучыцца ў Ганцавіцкае педвучылішча, якое неўзабаве было пераведзена ў горад Пінск. Скончыўшы яго ў 1955 годзе, некаторы час Міхась працаваў у Ганцавіцкай дапаможнай школе-інтэрнаце, а потым настаўнічаў у Кукаўскай сямігодцы, выкладаючы там беларускую і нямецкую мовы. Гады працы ў школе ён паспяхова сумяшчаў з вучобай на завочным аддзяленні філалагічнага факультэта Брэсцкага педінстытута.

Міхась Рудкоўскі

У жніўні 1958 года Міхась ажаніўся з Ганнай Пятроўнай Цукаравай, у якую моцна закахаўся, як казаў сам Міхась, "з першага погляду". У іх нарадзіліся дзеці: у 1959 годзе сын Сяргей, у 1967-м — Аляксандр. Зараз старэйшы сын жыве ў Чэхіі. Лёс малодшага сына аказаўся незайздросным — у 2007 годзе ён пайшоў з жыцця.

Спробу складаць вершы будучы паэт зрабіў у чацвёртым класе. Некалькі вершаў былі надрукаваны на старонках газеты "Піянер Беларусі". А ў 1958 годзе ў Ганцавіцкай раённай газеце "Сялянская праўда" з’явіліся яго вершы "Успаміны", "Восень" і іншыя. Захапленне паэзіяй прывяло Міхася на работу ў рэдакцыю гэтай жа газеты. У час работы Рудкоўскага ў "Сялянскай праўдзе" ў газеце поруч з ім працаваў вядомы журналіст і пісьменнік Васіль Праскураў. Менавіта тыя гады сталі для Міхася сапраўднай літаратурнай школай. Міхась да скону дзён з удзячнасцю і найвялікшай пашанай успамінаў гэтага чалавека. Ды і Васіль Фёдаравіч з увагай і задавальненнем назіраў за паэтычным ростам свайго малодшага сябра.

Літаратурная і журналісцкая праца Міхася Рудкоўскага была заўважана: яго запрашаюць у 1962 годзе на Брэсцкую студыю тэлебачання, дзе ён узначаліў рэдакцыю літаратурна-драматычных і музычных перадач. У Брэсце лёсу было заўгодна звесці яго з выдатным чалавекам і літаратуразнаўцам, выкладчыкам Брэсцкага педінстытута Уладзімірам Андрэевічам Калеснікам, які адразу вылучыў паэта з Ганцаўшчыны.

Міхась заўсёды з цеплынёй успамінаў літаратурныя чацвяргі — пасяджэнні абласнога літаратурнага аб’яднання пры газеце "Заря", якое ўзначальваў слынны Уладзімір Андрэевіч. Два чалавекі — Васіль Праскураў і Уладзімір Калеснік — зрабілі вельмі многа для юнака з глыбінкі Палесся. Першы — дапамог паэту раскрыцца, другі — каб той моцна стаў на крыло.

Міхась Рудкоўскі сябраваў з многімі берасцейскімі літаратарамі: А.Гараем, Н.Загорскай, Л.Філатавым, Я.Пархутай, С.Крывалем, У.Гніламёдавым.

Першы паэтычны зборнік паэта выйшаў у 1963 годзе пад назвай "Першыя вёрсты". Наступныя — "Сінія Брады" (1967), "Позвы" (1971), "У краі тым" (1975), "Векавечная Бацькаўшчына" (1976), "Тыгор’е" (1981), "Засцярога" (1984). У 1986 годзе выйшаў аднатомнік выбранай лірыкі "Залатазвон". У 1990 годзе ў выдавецтве "Советский писатель" (Масква) быў выдадзены зборнік лірыкі Міхася Рудкоўскага "Да пребудешь ты в мире всегда" у перакладзе на рускую мову Сяргея Красікава.

Апошні, пасмяротны зборнік "Гарынь" выйшаў у 1992 годзе. Аднак сігнальны экзэмпляр ужо цяжка хворы паэт трымаў у руках. Яго прыслалі з выдавецтва "Мастацкая літаратура", калі Міхась гартаць і чытаць ужо не мог. Ён трымаў у руках свой апошні зборнік і, паднёсшы да твару, удыхаў пах свежай друкарскай фарбы.

Міхась Рудкоўскі

Памёр Міхась Рудкоўскі купальскай ноччу 1991 года, калі на беларускай зямлі чаравала цудоўнае свята і родная Нача несла ў паўнаводную Прыпяць дзявочыя вянкі спадзяванняў і надзей. Пахавалі паэта на могілках роднай вёскі Востраў, побач з магіламі яго бацькоў. Пазней, побач з бацькам, лёг і яго малодшы сынок Аляксандр. На востраўскай зямлі знайшлі свой вечны прытулак бацька і сын.

Пайшоў паэт… Памёр паэт… Але ж яго імя не забыта. На радзіме Міхася Рудкоўскага, у вёсцы Востраў, створаны літаратурны музей, экспазіцыі якога расказваюць аб жыцці, творчасці слыннага земляка. Да таго ж і Востраўская школа носіць імя Міхася Рудкоўскага. Дзве вуліцы, у роднай вёсцы і горадзе Ганцавічы, названы імем паэта. У Брэсце на доме па вуліцы Маскоўскай, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка. Творы Міхася Рудкоўскага чытаюць, імі захапляюцца, іх перавыдаюць.

А ў 2008 годзе імёны настаўніка Уладзіміра Калесніка і яго падапечнага Міхася Рудкоўскага навекі сышліся пасля адыходу з жыцця ў вечнасць: Міхась Рудкоўскі стаў лаўрэатам прэміі імя Уладзіміра Калесніка ў галіне паэзіі.
Катэгорыя: Ірына Рудкоўская | Дабавіў: admin (17.04.2012) | Аўтар: Ірына РУДКОЎСКАЯ-Савецкае Палессе
Праглядаў: 2482 | Тэгі: Ірына Рудкоўская, Міхась Рудкоўскі | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.