Пятніца, 29.03.2024, 14:58

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Як люсінцы прасілі Коласа школу пабудаваць і што з гэтага выйшла (пачатак)
Сёлета спаўняецца 110 гадоў з тых пор, як Якуб Колас у якасці настаўніка народнага вучылішча ступіў на зямлю вёскі Люсіна. Сувязі з палешукамі паэт захаваў да канца жыцця. Па сённяшні дзень адкрываюцца новыя моманты іхніх стасункаў. Два дагэтуль невядомыя лісты люсінцаў народнаму паэту знойдзены надоечы ў архіве музея Якуба Коласа. Расследаванне падзейных кантэкстаў звароту палешукоў да народанага паэта прывяло да выяўлення цэлай гісторыі.

Якуб Колас
Якуб Колас, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук, у сваім рабочым кабінеце. 1950 год

На доўгія чвэрць стагоддзя сацыяльныя катаклізмы разлучылі Якуба Коласа з Заходняй Беларуссю, дзе на Стаўбцоўшчыне засталіся яго маці і шматлікія родныя, дзе ў палескіх вёсках пачынаўся шлях у самастойнае жыццё будучага літаратурнага класіка, а на той час – звычайнага настаўніка ўбогай народнай школкі. З 1915 па 1939 год Якуб Колас не наведваў тых мясцін. А калі пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР народны паэт зноў займеў магчымасць бываць у родных краях, то першае, што зрабіў, – пачаў клапаціцца пра сваіх землякоў – жыхароў вёскі Мікалаеўшчына. Аднаго дня дзеці пяклі яечню. Не ўпільнавалі, як агонь перакінуўся на сялянскія гасподы, што стаялі адна пры адной. Дарослыя ж былі ў полі. За хвілін сорак полымем злізала больш за дзвесце хат. У сувязі з такім няшчасцем Якуб Колас звярнуўся ў Саўнарком і асабіста да кіраўніка рэспублікі Панцеляймона Панамарэнкі з просьбай адбудаваць вёску з новаю планіроўкай, школай і бальніцай. Відаць, просьба з’яўлялася цяжкавыканальнай для ўлады, таму Колас не абмежаваўся дакладной запіскай, а, як вынікае з ліста расійскаму пісьменніку Сяргею Гарадзецкаму, удзяляў самую пільную ўвагу, ахвяруючы сваімі асабістымі і пісьменніцкімі справамі. Свой родны кут пясняр не выпускаў з-пад увагі ніколі. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў погляды паэта ізноў звяртаюцца да праблем мікалаўцаў, якія мелі ўсё тыя ж праблемы са школай (намі не ўстаноўлена, ці пабудавалі па яго ранейшай просьбе школу да нападу Германіі). Ізноў дзеля вырашэння гэтага пытання Колас ідзе да Панамарэнкі.

Тут нездарма ўвага звяртаецца на дапамогу паэта адбудоўваць перш за ўсё школы. Таму што аналагічны клопат Якуб Колас праяўляў не толькі адносна сваіх аднавяскоўцаў, але і пра іншыя беларускія вёсачкі, у шэрагу якіх апынулася ў свой час і Люсіна.

Акрамя радзімага Наднямоння, Якубу Коласу палюбілася сваёй прыродай Палессе. Гэта стала вытокам стварэння "палескіх” аповесцей. У палескай глушы мастак пранікся яшчэ адным куточкам Беларусі не менш, чым наднямонскімі краявідамі: «Яму (Лабановічу – А.Т.) па душы быў і гэты глухі куток Палесся, аб якім яшчэ дома так многа цікавага наслухаўся ад аднаго старога аб’ездчыка, і гэты народ з яго асабліваю моваю і звычаямі, так не падобнымі да мовы і звычаяў тых беларусаў, з гушчы якіх выйшаў Лабановіч; гэты некрануты край старажытнасці, якая на кожным кроку кідалася ў вочы і затрымлівала на сабе ўвагу, і гэты выгляд самой мясцовасці, агульнага тону якой не мог яшчэ ўлавіць Лабановіч, але ў якой таксама было многа цікавага і, на яго погляд, павабнага», – піша Якуб Колас пра перыяд свайго жыцця ў Люсіне. Паводле даследчыцы, кандыдата гістарычных навук Ганны Дулебы, «ён прыехаў у Люсіна пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Якуба Коласа вельмі непакоіла масавая непісьменнасць тутэйшых людзей, а таму ён усяляк імкнуўся, каб сялянскія дзеці наведвалі школу. Ён падрабязна азнаёміўся з жыццём і бытам мясцовага люду, сабраў шматлікія звесткі аб ім, на аснове гэтага пачаў пісаць аўтабіяграфічную аповесць «У палескай глушы»... У кнізе Якуб Колас яскрава і праўдзіва адлюстраваў жыццё і быт людзей гэтай вёскі».

Дамо слова і самому класіку, які, як мы ведаем, з’яўляецца прататыпам свайго галоўнага героя Андрэя Лабановіча. І каб чытач не сумняваўся ў тоеснасці літаратурнага героя і жывога чалавека, прывядзём наперад словы прызнання Якуба Коласа, знойдзеныя ў адным з яго лістоў: «Лабановіч – мой двайнік. Выдуманага ў яго паводзінах і характары нічога няма». Таму захапленні літаратурнага героя тоесныя пачуццям яго аўтара і прататыпа ў адной асобе.

Люсінцы заўжды памяталі свайго маладога настаўніка, які пражыў з імі побач у 1902 – 1904 гг. Падчас віхураў Першай сусветнай вайны і ў перыяд 1920 – 1930-я гг. у люсінцаў не было магчымасці звяртацца да славутасці: вёска, належачы да заходняй часткі Беларусі, засталася пад Польшчай. Але і ў тыя цяжкія часы паланізацыі творы Якуба Коласа шырока хадзілі ў беларускіх масах. Верыцца, што і люсінцы тады чыталі аповесць «У палескай глушы». Чыталі, радаваліся сустрэчам са сваім нядаўнім мінулым, ад пакалення да пакалення ўспаміналі апісаныя ў мастацкім творы падзеі і людзей. І пра свайго настаўніка, які праз аповесць, перакладзеную на 8 еўрапейскіх моў, адкрыў свету Люсіна, вяскоўцы заўсёды захоўвалі памяць і амаль праз паўвека – пасля Другой сусветнай вайны. Таму сувязь аднавілася, калі сціхла апошняе на нашай зямлі ваеннае ліхалецце, а Пінскае Палессе назаўсёды стала неад’емнай часткай Беларусі. Ведаючы дабрыню знакамітасці яшчэ па колішніх часах – двух навучальных гадах настаўнічання "Лабановіча" ў "Цельшыне" – жыхары вёскі, калі настала патрэба, таксама, дарэчы, як і мікалаўцы (землякі Якуба Коласа) звярнуліся да чалавека, які да той пары стаў народным паэтам. А патрэба была не абы-якая: не было дзе вучыцца падрастаючаму пакаленню люсінцаў. Таму па дапамогу звярнуліся да свайго вялікага настаўніка. На жаль, гэтага прашэння не выяўлена. Аднак пра яго вядома з апублікаванага ліста народнага паэта (арыгінал захоўваецца ў Музеі беларускага Палесья, г.Пінск):

"Мае дарагія сябры-прыяцелі,
мае былыя вучні і суседзі-люсінцы!

Радасна мне атрымаць ад вас пісьмо. Ваша Люсінская школа была маім першым настаўніцкім месцам, з якога пачалася мая дарога ў жыццё. Радасна таксама і тое, што мы сягоння, аддзеленыя такім доўгім часам, можам проста і ясна паглядзець адзін аднаму ў вочы, бо нічога непрыемнага, прыкрага не было паміж намі. Я вас любіў чыстым юнацкім сэрцам, хацеў дапамагчы вам знайсці лепшую дарогу ў жыццё, лепшую за тую дарогу, па якой ішлі вашы дзяды і бацькі…"

Так 24 чэрвеня 1948 г. пісаў звычайнаму вясковаму люду ў палескую глуш чалавек, вядомей за якога на Беларусі тады хіба не было. І тыя шчырыя словы хочацца цытаваць і цытаваць.

«Радасна было мне даведацца з вашага пісьма і аб тым, што слаўныя люсінцы ваявалі і супраць польскіх паноў і супраць нямецкіх захопнікаў, як партызаны, як салдаты Савецкай Арміі. Чэсць вам і хвала! – з гэтых Коласавых слоў мы даведваемся і пра тое-сёе, што распавялі люсінцы ў першым сваім лісце. – Я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб у вас на месцы старой драўлянай школы, каля якой стаяў высачэзны крыж, была пабудавана новая, прасторная, светлая школа з цэглы. Я напісаў заяву міністру асветы. У сваёй заяве прашу яго адпусціць грошы на будаўніцтва Люсінскай поўнай сярэдняй школы. Спадзяюся, што такая школа ў вас будзе».

На развітанне класік выражае жаданне наведаць Люсіна, «калі пазволіць жыццё і здароўе», кажа, што высылае кнігу пра Люсіна, названае Цельшынам (зразумела, маецца на ўвазе аповесць «У палескай глушы» ці ўся трылогія «На ростанях») і перадае прывітанне «усім, падпісаўшым пісьмо».

Відавочна, што справа ў патрэбным кірунку не закруцілася. Таму што ў самым канцы 1948 г. даволі шырокім колам прадстаўнікоў люсінскай грамадскасці вырашана было напісаць чарговае калектыўнае пасланне Якубу Коласу з просьбай пасадзейнічаць займець у іх вёсцы прыстойную школу. Гэтае пісьмо доўгі час было невядомым.

Выклікае цікавасць структура і змест ліста. Пасля разгорнутага прывітання люсінцы апісваюць актуальную сітуацыю са школьнай асветай у вёсцы, дзе яшчэ стаяла школа, у якой працаваў малады Канстанцін Міцкевіч. Аднак будынак быў ужо непрыгодны для навучання звыш 200 вучняў, для якіх даводзілася арганізоўваць заняткі ў непрыстасаваных памяшканнях (звычайных сялянскіх хатах) у дзве змены.

Люсінцы, відаць, пашкадавалі час Якуба Коласа. Інакш яны маглі б распісаць становішча са школьнай асветай у іхняй вёсцы больш падрабязна. А яно не радавала нават у параўнанні з іншымі школамі раёна. Так, ганцавіцкая раённая газета «Сялянская праўда» паведамляе, што па забеспячэнні школ падручнікамі і сшыткамі «горш усяго справа абстаіць у Люсінскім сельсовеце».

Перш чым падступіцца да просьбы жыхары вёскі Люсіна падкрэсліваюць сваю лаяльнасць да савецкай улады і ўведзеных ёю эканамічных парадкаў: кажуць, што цалкам разлічыліся з падаткамі. Сапраўды, на сялян у той час былі ўскладзены з боку саветаў паборы вельмі значныя (большыя ў параўнанні з польскім часам), што для некаторых стала ношай непасільнай і пра невыкананні выклікала пакаранне ў выглядзе штрафаў, экспрапрыяцыі маёмасці і хатняй жыўнасці, а часам нават высылкі ці зняволення. Тым не менш люсінцы справіліся, як яны самі паведамляюць у лісце, з гэтай эканамічнай перашкодай.

Якуб Колас
Якуб Колас на ўрадавай трыбуне. 1955 год

Аднак тое паведамленне вяскоўцаў пярэчыць афіцыйным дадзеным, апублікаваным у ганцавіцкай раёнцы. Прычым менавіта люсінцы па сплачванні падаткаў называюцца аўтсайдарамі ў сваім раёне: «Патрэбна адзначыць, што ў раёне выкананне фінансавага плана 4 квартала праходзіць нездавальняюча. На 20 кастрычніка квартальны план мабілізацыі грашовых сродкаў па раёну выканан толькі на 15,5 процанта. Асабліва нездавальняюча праходзіць выкананне фінансавага плана ў Люсінскім сельсовеце». Гэтай праблеме ў в.Люсіна прысвячаліся і асобныя артыкулы на старонках «Сялянскай праўды». За ўвесь 1948 г. па стане на люты 1949 г. нядоімкі жыхароў Люсінскага сельскага савета склалі 47 тыс. рублёў. Спагнанне доўгу з сялян (а ён у некаторых даходзіў да 2 тысяч рублёў) працягвалася. З цягам часу ўсё ж сітуацыя па выплаце падаткаў люсінцамі сапраўды пачала выпраўляцца, таму на старонках мясцовай прэсы сталі з’яўляцца і станоўчыя нататкі на гэту тэму. Але гэтак адбылося ўжо багата пазней напісання ліста да Якуба Коласа, якому падпісанты ліста, такім чынам, сітуацыю і сябе ў ёй рэпрэзентавалі значна прыфарбавана, фактычна казалі няпраўду (пры ўмове, што яны пісалі ад шырокага кола люсінскай грамады, як гэта нібыта падаецца ў тэксце пісьма, а не ад падпісантаў асабіста, якія самі па сабе маглі сапраўды і не быць даўжнікамі ў дзяржавы). Напэўна, у гэтакі спосаб хацелі наблізіцца да мэты.

А вось стараннасць люсінскіх настаўнікаў вылучалася на агульным фоне іншых школ. Прынамсі раённая газета ім прысвяціла некалькі пахвальных радкоў: «Нядрэнных вынікаў у гэтай благароднай і пачэснай рабоце (ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці – А.Т.) дабіліся настаўнікі і культармейцы Люсінскага сельсовета. Абучэннем тут ахоплены ўсе непісьменныя і малапісьменныя. З пачатку навучальнага года (1948/49 – А.Т.) у сельсовеце абучана грамаце 98 чалавек. Лепш другіх праводзяць работу па абучэнню непісьменнага і малапісьменнага насельніцтва Беленкова Т.Я., Хмялеўскі М.І., Галай Н.І., Пазднякова Е.А., культармейцы Амельяновіч С.А., Семановіч М.І., Барташэвіч Г.М., Занько Г.І.».

Пад канец ліста вяскоўцы зноў падкрэсліваюць сваю прыхільнасць да палітычнага курсу таго часу, калі панавалі жорскія сталінскія парадкі, калі нават нейтральная пазіцыя адносна ўлады магла расцэньвацца як падазроная, бо чалавеку неабходна было ўвесь час выяўляць сваю добранадзейнасць да саветаў (асабліва гэта датычылася «заходнікаў» і тых, хто перажыў нямецкую акупацыю). «Мы не пашкадуем ні сіл, ні здароўя на заканчэнне сталінскай пяцігодкі ў 4 гады і хутчэйшаму пераходу да камунізма», – напісалі люсінцы. Усё дзеля дасягнення мэты – паставіць урэшце нармальную школу для сваіх наступнікаў. Хто тых вяскоўцаў мог зразумець лепей, калі не самы вядомы хіба для таго гістарычнага моманту на Беларусі педагог – народны паэт Якуб Колас?!

Прашэнне палескіх вяскоўцаў выражана немудрагеліста: адным сказам яны просяць пабудаваць у наступным навучальным годзе васьмігодку. Тут, праўда, узнікае пытанне, чаму гаворка ішла пра васьмігодку, пераход на якую – з сямігодкі – у савецкай сістэме адукацыі пачалі ажыццяўляць толькі праз дзесяць гадоў – у 1958 г. Дагэтуль структура школьнай асветы ў СССР была наступнай: пачатковая школа – 4 класы, базавая – 7, сярэдняя – 10.

Аднак, сапраўды, на такую вялікую вёску пачатковай школы яўна не хапала. Можна меркаваць, што, акрамя дэклараваных у лісце 200 вучняў 1 – 4 класаў (гэта значыць ад 7 да 11 гадоў), было недзе столькі сама патэнцыйных вучняў 5 – 8 класаў. А з улікам таго, што пасля вайны наспяваў дэмаграфічны выбух, то нават васьмігодка падаецца вельмі сціплым рашэннем праблемы.

Ліст сведчыць, як моцна, прагна вясковы люд цягнуўся да святла навукі. У фармулёўцы просьбы звяртае на сябе ўвагу яе пачатак: «Мы яшчэ раз звяртаемся да Вас, а таксама да партыі і ўрада…». Фраза «яшчэ раз» гаворыць пра тое, што люсінцы мелі на ўвазе ранейшы ліст-просьбу. У адказ на яго Якуб Колас паабяцаў самую дзейсную дапамогу. Аднак адсутнасць зрухаў падштурхнула жыхароў Люсіна нагадаць пра становішча з адукацыяй у іхняй вёсцы. Прычым яны нават не выражалі надзеі на сярэднюю школу, аб якой прасіў у заяве Якуб Колас. Пэўна, разумелі, што гэта проста не рэальныя пражэкты. 

Апісаныя два лісты люсінцаў, такім чынам, сталі ці не першым за доўгія-доўгія гады кантактам вяскоўцаў са сваім былым настаўнікам. І штуршком для пісьмовага звароту сялянаў, настаўнікаў і вучняў да народнага паэта паслужыла вострая неабходнасць у грамадскай установе асветы.

Тэкст ліста, які захоўваецца ў фондах музея пад нумарам КП-13534, публікуецца ўпершыню. У ім захаваны правапіс і пунктуацыя арыгінала. Канверт датаваны 26 снежня 1948 г.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (10.11.2012) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2117 | Рэйтынг: 5.0/8
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.