Пятніца, 26.04.2024, 06:34

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Міхась Яніцкі

Мастацкае слова Ганцаўшчыны
Ганцаўшчына зусім не выпадкова стала гаспадыняй сёлетняга беларускага свята пісьменства. У першую чаргу, дзякуючы багатай літаратурнай спадчыне і непарыўнасці культурных традыцый, творчасці мастакоў слова розных пакаленняў, наш палескі куточак набыў вядомасць у рэспубліцы як адметны, арыгінальны і шчодры на таленты рэгіён. Цяжка не пагадзіцца з галоўным рэдактарам раённай газеты Канстанцінам Мохарам, які ў кнізе "Паміж Бобрыкам і Ланню" тлумачыць гэты феномен унікальнымі па сваім багацці і змястоўнасці духоўнымі вытокамі краю: чароўнымі казкамі чудзінскіх, дасціпных на народнае слова здольнікаў Данілы Куляша і Дудара, збіральніцкай дзейнасцю фалькларыста этнографа Аляксандра Сержпутоўскага, плёнам працы і творчасці на Ганцаўшчыне беларускага песняра Якуба Коласа. Удзячныя нашчадкі, сучасныя пісьменнікі-землякі з гонарам усведамляюць сваю прыналежнасць да духоўнай скарбніцы радзімы.

Дзень беларускага пісьменства

А радзіма для мастака слова — цэлы Сусвет. Гэта і маляўнічыя палескія краявіды, і родны падворак, з якога пачынаўся шлях у свядомае жыццё, і шчырыя, працавітыя землякі, у якіх можна было павучыцца розуму і народнаму досціпу. Але галоўнае, што аб'ядноўвае пісьменнікаў Ганцаўшчыны розных пакаленняў, — гэта мова, сакавітая, непаўторная, аздобленая трапнымі мясцовымі выслоўямі. Паказальна, што землякі, мастакі слова, пішуць пераважна на роднай беларускай мове. I ў нарысах Васіля Праскурава, і ў прозе Алеся Кажадуба, і ў вершах Міхася Рудкоўскага, Віктара Гардзея, Алеся Каско і іншых творах нашых землякоў мы абавязкова знойдзем залацінкі, a то і шчодрыя россыпы слоўнага багацця палескай зямлі, якія аўтары беражліва захоўваюць і шчыра дзеляцца гэтым скарбам з чытачом.

Пра непаўторнасць і адметнасць палескіх гаворак трапна заўважыў Міхась Рудкоўскі, разважаючы пра нарысы Васіля Праскурава: "Паспрабуйце зрабіць пераклад мовы колішніх палешукоў... Зрабіць вы зробіце, але тая зіхатлівасць, той бляск калі не згасне, дык абавязкова пацямнее".

Ганцаўшчына з'яўляецца ў творах нашых землякоў той крыніцай, якая жывіць плён іх працы, да якой яны звяртаюцца на працягу ўсяго свайго творчага шляху. Сваю любоў і сыноўнюю адданасць родным мясцінам пісьменнікі занатавалі не толькі ў асобных творах, пра гэта выразна сведчаць назвы кніг і зборнікаў: "Пакланіся зямлі-карміцельцы" В.Праскурава, "З маіх крыніц" I.Кірэйчыка, "Сінія Брады", "Гарынь" М.Рудкоўскага, "Засевак Радзімы" В.Гардзея і іншыя. Нягледзячы на тое, што многія з пісьменнікаў даўно пакінулі родныя мясціны і жывуць у розных, вялікіх і малых гарадах Беларусі і па-за яе межамі, іх сэрцы належаць Палессю. Відаць, кожны з нашых вядомых землякоў падзяляе пранікнёныя радкі-пачуцці Алеся Каско:
Пабяжыць вада крынічкай поўнаю
Ў неруш лесу, у абсяг лугоў...
Як мой кут маленства ні выполваюць,
Адрастаюць памяць і любоў.
Характэрнай адметнасцю літаратуры краю з'яўляецца яе выключная пачуццёвасць і шчырасць мастацкага вы:яўлення, гуманістычнай змястоўнасцю напоўнены ці не кожны твор пісьменнікаў Ганцаўшчыны. Спагадлівасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу бліжняму, любоў да жыцця — адметныя рысы прыгожага пісьменства Палесся. Так, Віктар Гардзей адкрыта дэкларуе сваю светаглядную пазіцыю:
Мне жыць на зямлі даспадобы —
Кахаць, працаваць і смяяцца.
Адной з важкіх прычын згаданага з'яўляецца еднасць лёсаў большасці творцаў, што праславілі Ганцаўшчыну. Міхась Рудкоўскі, Iван Кірэйчык, Віктар Гардзей, Iван Лагвіновіч, Алесь Каско, Алесь Кажадуб — пісьменнікі, маленства якіх абпаліла вайна ці выпрабавалі на мужнасць галодныя пасляваенныя гады. Вернасць спрадвечным народным ідэалам дабра, сумлення, справядлівасці, павагі да старэйшых (такі дэфіцыт сучаснай прагматычнай рэальнасці!) стала дамінуючым духоўным пачаткам творчасці нашых землякоў. Яны балюча ўспрымаюць страту грамадствам лепшых чалавечых якасцей і зброяй мастацкага слова змагаюцца за чысціню чалавечых узаемаадносін. Яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў Міхась Рудкоўскі адчуў небяспечнасць маральнай дэградацыі грамадства. Ён з настальгіяй згадвае часы, калі людзі жылі па няпісаных законах "з лону маці да скону":
He забі, не брашы і чужога
Hi кала, ні асла не жадай,
I скацінай не будзь, і другога,
Быццам Юда Хрыста, не прадай...
Паэтаў часта называюць прарокамі. Бог надзяліў іх здольнасцю прадбачыць, заўважаць тое, чаго мы ў паўсядзённым жыцці не заўважаем. Пісьменнікі Ганцаўшчыны жылі і жывуць не толькі сённяшнім днём, іх дапытлівы мастацкі позірк, натуральныя хваляванні накіраваны ў будучыню. Клопат пра нашчадкаў, пра перспектывы развіцця беларускай вёскі і захаванне народных традыцый — таксама адметная рыса творчасці нашых землякоў. Паэтычныя "прароцтвы" В.Гардзея, напрыклад, у 80-я гады мінулага стагоддзя знаходзіліся пераважна ў рэчышчы агульнаграмадскага непакою за будучыню Бацькаўшчыны, а часцей нават у яе канкрэтным выяўленні — трывогай за экалагічны стан беларускага Палесся, што не страціла актуальнасці і сёння:
Будуць дзюны і барханы
I аазіс пры вадзе.
На балоты несціханы
Наступ тэхнікі ідзе.
He лепшыя часы перажывае літаратура цяпер: шчырасць пачуццяў, зварот да агульначалавечых каштоўнасцей і народных традыцый становяцца ўсё менш запатрабаванымі ў сучасным свеце прагматызму і ўяўных каштоўнасцей, нізкамастацкага кніжнага засілля і лёгкадаступнага інтэрнэту. Таму цешыць тое, што на Ганцаўшчыне не знікае мастацкае слова, а ў друку з'яўляюцца арыгінальныя, з выразным індывідуальна-аўтарскім стылем творы нашых землякоў. Няхай яны будуць упэўнены, што добрая кніжка заўсёды знойдзе ўдзячнага чытача, у тым ліку і сярод сучаснай моладзі.
Катэгорыя: Міхась Яніцкі | Дабавіў: admin (13.10.2011) | Аўтар: Міхась ЯНІЦКІ-Савецкае Палессе
Праглядаў: 3867 | Тэгі: газета Савецкае Палессе, Віктар Гардзей, Алесь Кажадуб, Аляксандр Сержпутоўскі, Міхась Рудкоўскі, Алесь Каско, Дзень беларускага пісьменства, Міхась Яніцкі | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.