Чацвер, 25.04.2024, 13:21

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Нямецкая акупацыя на Ганцаўшчыне
Напад гітлераўскай Германіі на СССР 22 чэрвеня перапыніў савецкую рэарганізацыю вёсак. Нашы вёскі засталіся ў тыле вермахта ўжо на пяты дзень вайны – так хутка былі пераадолены тыя пару соцень кіламетраў ад германа-савецкай мяжы. 

Немцы мелі жорстка каланізацыйныя планы на Беларусь, насельніцтва якой павінна было быць часткова знішчана, а часткова стаць рабсілай для іхняй, як яны лічылі, больш высокай – культурна і генетычна – нацыі.

Новая адміністрацыя ў чаўровы раз перакрэсліла межы. Беларусь увайшла ў Рэйхскамісарыят "Оstland". На тэрыторыі цэнтральнай Беларусі была арганізавана генеральная акруга "Weissruthenien". Вёскі цяпершаняга Ганцавіцкага раёна ўвайшлі ў акружны камісарыят Ганцавічы, якія такім чынам сталі адміністрацыйным цэнтрам, эквівалентным абласному. Кожны з гэбітскамісарыятаў дзяліліўся на некалькі раёнаў, якія ў сваю чаргу крэсліліся на воласці.

Мапа адміністрацыйнага падзелу Беларусі падчас акупацыі

Такімі былі межы Беларусі ў планаванні пасляваеннага ўладкавання

Акупанты актыўна выкарыстоўвалі дапамогу "пакрыўджаных" бальшавікамі пластоў насельніцтва, у тым ліку палякаў. На службу прыцягваліся былыя зняволеныя савецкіх турмаў. Так, на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна была арганізаваная паліцыя на чале з палякам Пушкар-Пухалеўскім, вызваленым з баранавіцкай турмы, дзе ён знаходзіўся па абвінавачванні ў забойстве камуністаў у 1920 г. На заданне немцаў ён стварыў атрад у складзе 20 чалавек з ліку былых зняволеных.

Сёння вядзецца шмат дыскусій, колькі акупантаў было на беларускай зямлі падчас вайны. Раней прынята было казаць, што Беларусь кішмя кішэла нямецкімі тылавікамі, якія ўстанаўлівалі "новы парадак". Але за мінулыя два дзясяткі гады сітуацыя кардынальна памянялася. Беларускія гісторыкі сёння прызнаюць, што ў той час, калі фронт адкаціўся далёка на ўсход і партызаны яшчэ не праяўлялі сваю актыўнасць – г. зн. 1941 – 1943 гг. – акупантаў было мінімум. Немцаў у тылавой адміністрацыі служыла няшмат. На гарнізон добра як пакідалі некалькі чалавек. Дапамагалі трымаць акупацыйны парадак саюзнікі – славакі, венгры, італьянцы, румыны. Ці быў хто з іх у круговіцкім гарнізоне, устанавіць складана, бо насельніцтва, як правіла, не адрознівала акупантаў, лічачы ўсіх немцамі. Колішні дырэктар Круговіцкай школы, краязнавец Уладзімір Муха (1934 г.н.) сцвярджае, што ў дзяцінстве пабываў непасрэдна ў гарнізонным бункеры, які знаходзіўся на ўсходнім ускрайку Вялікіх Круговіч, абапал шашы на Ганцавічы, з цікаўнасці палічыў чужакоў – іх было 10 чалавек і яны гаварылі па-нямецку. Ім дапамагалі мясцовыя: ішлі служыць у паліцыю. Матывы былі самыя розныя. Нехта прагнуў улады. Нехта ішоў, як на работу (служба прадаўстаўляла добры харчовы паёк). А нехта проста баяўся (моладзь прызыўнога ўзросту была пастаўлена перад выбарам: або ідзеш у паліцыю, або вывязуць у Германію на работы). У круговіцкім гарнізоне служыла прыкладна тры дзесяткі дзецюкоў з навакольных вёсак – лічба супастаўляльная з колькасцю чалавек, якія падаліся ў савецкія партызаны.

Узнікаюць шматлікія пытанні: з кім жа тады змагаліся партызаны? як яны маглі знішчыць сотні тысяч ворагаў? і хто ж тады стварыў такі неверагодны па сваёй жорсткасці рэжым? Але гэта тэма для іншага, асобнага даследавання.

У найбольшых вёсках ствараліся гарнізоны. На тэрыторыі сучаснага Ганцавіцкага раёна такіх было некалькі: Хатынічы, Дзяніскавічы, Круговічы. У Круговічах нямецкі бункер, фундамент якога захаваўся да сённяшніх дзён, стаяў на захад ад вёскі на паўднёвы бок ад дарогі. Падчас вайны ў гэтай частцы вёскі быў высечаны лес, – каб партызаны не падкраліся і знянацку не напалі на гарнізон.

Мапа наваколля вёсак (датаваная 1936 г.), дзе відаць, што лес падыходзіў і з усіх бакоў Вялікіх Круговіч і Агарэвіч, чаго сёння няма 

Часы нямецкай акупацыі сталіся вельмі трагічнымі як для Беларусі ў цэлым, так і яе вёсачак. Удзень не давалі спакою акупанты – аматары беларускіх прысмакаў, асабліва яек і курацінкі (у Круговічах немцы загадалі прынесці з хаты па куры ці пеўню). А ноччу нярэдка турбавалі партызаны: ім жа таксама трэ было нешта есці. Даходзіла да таго, што на ноч людзі гналі скаціну пад абарону служачых вермахта – у гарнізонны бункер. На вайне побач з геройствам існавалі звычайныя забойствы. Неапраўданую жорсткасцб нярэдка праяўлялі розныя бакі. Трагічным пацверджаннем з’яўляюцца нічым не абгрунтаваныя ахвяры сярод жыхароў Вялікіх і Малых Круговіч: часам кіруючыся пачуццямі асабістае помсты, "народныя барацьбіты" пад прыкрыццём ночы заходзілі да селяніна і брутальна распраўляліся з ім. Так, у 1941 г. загінуў Гардзей Мікалай Піліпавіч (1905 г.н.), якога застрэліў партызан-аднавясковец Кунар (мясцовая мянушка) з-за колішняй сваркі наконт зямельнага надзелу; у 1944 г. быў заведзены ў свой хлеў і застрэлены як нямецкі прыслужнік Муха Іосіф Аляксеевіч (1909 г.н.) з Малых, хоць насамрэч і не супрацоўнічаў з акупантамі, але ў разрад здраднікаў траплялі нават за які пачастунак для немцаў (а без яго ўзнікала пагроза жыццю з боку салдатаў вермахта). Мой дзед таксама ледзь не паплаціўся з жыццём за тое, што, калі гнаў самагонку, добра-такі падпаіў немца, які выпадкова ці не зайшоў пачаставацца. Як сцямнела, завіталі "народныя барацьбіты" і ўжо ледзь не расправіліся з сям’ёй звычайнага селяніна, але ў галоўнага з іх хапіла розуму не даць адбыцца трагедыі.

Такіх фактаў кніга "Памяць" па нашым раёне не падае, хоць яны не былі выключэннем і сваім лёсам тыя людзі не адрозніваліся ад аднавяскоўцаў, якія загінулі ад рук нацыстаў ці іхніх памагатых. Цікава, што ў гэтай кнізе згаданыя ахвяры "партызанскай барацьбы" трапілі ў лік ахвяраў фашысцкага тэрору.

Уладу дзеля помсты за мінулыя "правіннасці" вяскоўцаў любілі выкарыстаць і тыя, хто падаўся ў паліцыю. Так ад рук былога заляцальніка Радзюка Мікалая (па мянушцы Дзярбун), які ўладкаваўся на службу да немцаў, загінула Гурман Надзея Іванаўна, якая некалі адмовіла яму, выйшаўшы замуж за іншага. Да таго ж яна была ў мясцовых дэпутатах, што паслужала фармальнай зачэпкай для яе знішчэння.

На нашу тэрыторыі Беларусі, дзе размешчаны нашы вёскі, прэтэндавалі таксама падчас Другой сусветнай вайны яшэ дзве ваенна-палітычныя сілы.

1. Польскія партызаны, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай Армія Краёва (АК). Яны лічылі, што землі ІІ Рэчы Паспалітай, акупаваныя ў 1939 г. Савецкім Саюзам, па-ранейшаму павінны належаць Польшчы і за гэта вялі зацятую барацьбу. Вядома, што ў Ганцавіцкай акрузе канцэнтрацыя атрадаў АК была вялікай. Яны дзейнічалі ў лясах на поўнач ад Круговіч, а таксама ўздоўж чыгункі. Паўночна заходняя частка Круговіцкай гміны ўваходзіла ў асяродак "Гарт" на ўчастку Мядзведзічы – Ганцавічы Навагрудскай акругі АК.

2. Украінскія партызаны, на якіх у народзе кажуць "бандэраўцы", хаця яны мелі два лагеры, адрозныя па поглядах на супрацоўніцтва з нямецкімі акупантамі (другі лагер – "мельнікоўцы" – у адрозненне ад "бандэраўцаў" выступаў за часовы ваенны саюз з нацыстамі). Украінская партызанка дзейнічала ў лясах і балотах на поўдзень ад Круговіч.

Ні карычневая чума, ні савецкія партызаны, ні атрады польскіх і ўкраінскіх нацыяналістаў не прыносілі нічога добрага простаму насельніцтву, якое прагла міру. Але вайна скончылася толькі ў 1945 г.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (06.12.2016) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 1867 | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.