Пятніца, 19.04.2024, 14:53

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Паэзія жыцця і проза смерці. Да 80-годдзя з дня нараджэння Міколы Купрэева
Купрэеў даслаў у канверце разам з лістом тры восеньскія лісточкі з Белавежскае пушчы для дачкі... На такое здольны, бадай, яшчэ Толя Сыс. Хоць, па першым уражанні, якраз ад іх тпакога і прадбачыць немагчыма.
Леанід Галубовіч ("Зацемкі з левай кішэні")

Гісторыя літаратуры складаецца не толькі з твораў, паэтычных, празаічных, драматургічных, але і з асабістых лёсаў паэтаў, празаікаў, драматургаў. I кожны з іх мае свой шлях, у кожнага свае радасці і пакуты, свае ўзлёты і падзенні, свае анёлы і дэманы. Яны пішуць як Бог на душу пакладзе. Бывае, слязьмі, бывае, крывёю... Пазней гэтыя творы становяцца хрэстаматыйнымі, узорнымі і надзвычай прыцягальнымі.

Мікола Купрэеў

Мікола Купрэеў – адна з самых загадкавых і незвычайных постацяў у беларускай літаратуры. Яго жыццё стала міфам, a творчасць складана акрэсліць пэўнымі межамі. Адзін з вузкага шэрага "выклятых” паэтаў свету, ён быў з тых творцаў, якія не мелі патрэбы ў прызнанні, вялікіх грашах і кулуарных знаёмствах. Ён быў сам па сабе, дакладней, сам-насам з сабою. У свой час Кузьма Чорны напісаў: "Чалавек – гэта цэлы свет". Мікола Купрэеў быў (і ёсць у сваёй творчасці) цэлым самадастатковым светам, у якім адначасова суіснавалі, не замінаючы адно аднаму і паэзія з прозаю, і туга з радасцю. Верагодна, не надта таго жадаючы, ён уплываў на іншых людзей, пакідаючы ў іх душах заўважны след. Бо чым яшчэ можна патлумачыць колькасць прыязных успамінаў, артыкулаў, прысвечаных яго творчасці, а таксама ахвяраваных яму вершаў?

Пісаць пра творчасць Міколы Купрэева складана, магчыма, праз яе шчырасць і спавядальнасць. Каб па-сапраўднаму адчуць пісьменніка, зразумець яго, трэба заглыбіцца не толькі ў яго творы, але і ў жыццё, якое ў Міколы Купрэева было надзвычай цяжкім і пакутным. А гэта не кожнаму пад сілу, бо даводзіцца суперажываць аўтару, разам з ім праходзіць праз духоўныя пакуты і пошукі, несправядлівасць і крывадушнасць, нават судзіць яго, каб знайсці адказы на пастаўленыя пытанні. Таму фраза I.Запрудскага з яго глыбокага артыкула, прысвечанага прозе Міколы Купрэева: "Толькі здагадваюся, чаму мне так цяжка пішацца пра купрэеўскую прозу як крыху раней надзвычай пакутліва і доўга нараджаўся артыкул пра паэзію Міхася Стральцова”, падаецца справядлівай, бо і Мікола Купрэеў, і Міхась Стральцоў – творцы неардынарныя, таленавітыя, шчырыя ў творчасці і ў жыцці і даволі складаныя для даследавання і аналізу.

Нарадзіўся Мікола Сымонавіч Купрэеў 25 мая 1937 года ў вёсцы Ямнае Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўніка. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму было ўсяго чатыры гады. У ваенны час маленькі Міколка перажыў трагедыю: на вачах хлопчыка забілі маму – самага дарагога чалавека. Гэтая рана засталася ў сэрцы паэта на ўсё жыццё. He раз ён развярэджваў яе, вяртаўся да яе ў сваёй творчасці. Так, у аўтабіяграфічнай аповесці "Дзіцячыя гульні пасля вайны” ён мужна апісвае той боль падчас пахавання маці. "Пасля таго, як магілу маці пачалі засыпаць зямлёй, хлапчук, аглушаны неспадзяваным горам, бяжыць ад яе прэч. Урэшце ён, знясілены, апускаецца на зямлю. Аўтар выдатна перадае складаны душэўны стан, у якім знаходзіцца герой – неўразуменне, знясіленасць, паўзабыццё і разам з тым абвостранасць успрымання навакольнага свету які прадстае ў сваёй адвечнай непарушнасці”. Нельга без слёз і шкадавання чытаць і радкі з сачынення галоўнага героя аповесці Толі Кухарава [Колі Купрэева?]. Напісаныя простымі сказамі і, здаецца, скупа і безэмацыйна, яны паказваюць трагедыю не толькі аўтара, але і многіх іншых дзяцей вайны, якім давялося перажыць падобнае: "...тaтa быў партызанскім сувязным. Сказаў немцам пра гэта стараста. Стараста быў нашым суседам. Калі немцы сталі страляць па тату, мама пабегла за ім і крычала, звала тату. Фашысты выстралілі ў яе і паранілі ў нагу. Мама ўпала. Да яе падбеглі паліцэйскія, укінулі ў балотную яму і засыпалі зямлёй.

Фашысты дазволілі дзеду ноччу адкапаць маму. Яе прывезлі на калёсах на дзедаў двор, памылі і днём пахавалі на кладаўі...”.

Родныя спрабавалі не нагадваць малому пра тыя жахлівыя падзеі, стараліся, каб той забыўся пра іх: "Яшчэ да верасня дзед навучыў мяне па старым, даваенным беларуаскім буквары чытаць і пісаць. Я бачыў у буквары слова "мама”, але дзед мне гэтага слова не паказваў і не вучыў мяне на ім”. Але тыя жахлівыя ўспаміны назаўсёды засталіся з ім. He толькі ў сваёй аўтабіяграфічнай прозе, але і ў вершах вяртаўся Мікола Купрэеў да той балючай страты, пражываў яе кожны раз па-новаму, але, відаць, так і не здолеў перажыць:

Прынёс рэдактару вершы.
Кажа:
– He тое, брат, нешта не тое.
Надта многа тугі...
Ну, а што я зраблю,
калі назаўсёды страціў самае найсвятое,
паўсвета прайшоў,
а нідзе не пачуў:
– Сынок дарагі...
Што я зраблю,
калі ліст ад сястры б'е па сэрцу трывожна:
"Дзесяць гадоў, як дома не быў...
Прыедзь, Колечка... Так жа няможна...
Дзед перад смерцю ўсё Бога прасіў,
каб быў ты жывы й здаровы..."
А што я зраблю,
калі там будзе цяжка вельмі:
там маці калісьці ішла над Дняпром...
Дзе стаялі сляды яе - вырас ельнік...
Ходзіць мама ў зямлі сырой.
Ходзіць мама, шукае выйсця,
рукамі-ценямі дакранаецца столі зямной...
Што я зраблю,
калі там мне цяжка вельмі?
I ўсё-ткі паеду,
пайду,
паплыву туды,
адшукаю балюча-гаючы ельнік,
паблукаю там, дзе дагэтуль цвітуць
маіх родных сляды.

Але час ішоў, раны загойваліся, наколькі гэта магчыма. Скончыўшы ў 1957 годзе Івацэвіцкую сярэднюю школу Мікола Купрэеў вучыўся на настаўніка беларускай і рускай мовы і літаратуры ў Брэсцкім педагагічным інстытуце, а пасля працаваў у школах на Ганцавіччыне, Івацэвіччыне, Ляхавіччыне. Пра той час паэт згадваў з гонарам: "У шасцідзясятыя гады я працаваў завучам Чудзінскай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна, на маляўнічым беразе былой ракі Лані. Я ўжо лічыўся маладым паэтам, друкаваўся ў "Маладосці” і мясцовых газетах. Мае вучні ведалі пра гэта. Адзін з іх – Алесь Каско – усур'ёз заняўся паэзіяй і з цягам часу стаў вядомым паэтам, выдаў некалькі зборнікаў...”. 3 такім жа гонарам і цеплынёй ён згадвае пра Міколу Антаноўскага і Анатоля Шушко, якіх вучыў у вёсцы Сташаны Пінскага раёна. Сапраўды, ёсць чым ганарыцца, калі сваім прыкладам дапамог выхаванцам знайсці свой шлях у творчасці. Дарэчы, і самому Купрэеву пашчасціла з настаўнікам. Ён з цеплынёю згадваў свайго школьнага выкладчыка рускай літаратуры Якава Дзмітрыевіча Янчанку, які станоўча паўплываў на будучага паэта, ды, зрэшты, не толькі на яго, але і на многіх сваіх вучняў. Яшчэ ў школе Мікола Купрэеў пачаў пісаць вершы і прозу: вершы – па-беларуску, а прозу – па-расійску. Пазней ён казаў, што яму "сорамна перад самім сабой за сваю прозу не на роднай мове”.

Першая кніга вершаў Міколы Купрэева, якая мела назву "Непазбежнасць", пабачыла свет у 1967 годзе. Ціхан Чарнякевіч, аналізуючы творчасць Міколы Купрэева-шасцідзясятніка, адзначаў: "Калі казаць пра паэтыку беларускіх шасцідзясятнікаў, то паняцце дысметрычнага вершу трэба згадваць абавязкова, бо менавіта яны зрабілі шмат для таго, каб гэты "памер” у нашым пісьменстве ўсталяваўся. Мікола Купрэеў, нягледзячы на сваю выключную маргінальнасць, быў адным з самых актыўных прапагандыстаў: яго зборнік "Непазбежнасць” (адрэдагаваны яшчэ адным "дысметрычнікам” Анатолем Вярцінскім) можа быць названы ўзорным у гэтым плане”.


Многія даследчыкі заўважалі, што купрэеўская "Непазбежнасць" была наватарскай, а некаторыя, гледзячы ўжо праз дзесяцігоддзі, якія прайшлі з выхаду кнігі, – што ён "у пэўным сэнсе апярэдзіў свой час” (Анатоль Сідарэвіч).


У 1995 годзе пабачыла свет другая кніга паэзіі Міколы Купрэева "Правінцыйныя фантазіі". Яна намінавалася на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Беларусі за 1996 год, але з розных абставінаў была ўганаравана толькі Літаратурнай прэміяй імя Аркадзя Куляшова. Леанід Галубовіч адзначаў: "Добра ведаючы Міколу памятаю, што ён абсалютна спакойна і нават іранічна ўспрыняў гэты чарговы ў ягоным жыцці і малазначны для яго паэтычнай біяграфіі "пралёт”. Але ёсць на гэты конт і іншыя меркаванні. Так, Алесь Каско ўспамінаў: "Часта зброя самааховы хібіла, калі крыўда апякала да самага дна і яе немагчыма было схаваць або парыраваць. "Шкада, што дзяржаўную прэмію амаль "выпісалі”, ды не далі, я хоць грабеньчык купіў бы”, – з натужнай усмешкай прамовіў [Мікола Купрэеў] і правёў далоняю па рэштках валасоў. Перажываў, гэта было відавочна". Але ж як было на самай справе, наўрад ці хто дакладна ведае...

Такім чынам, паміж першай і другой кнігамі вершаў прайшло амаль тры дзесяцігоддзі. 28 гадоў маўчання! Праўда, варта адзначыць, што зрэдку ў перыядычных выданнях публікаваліся вершы паэта і, як адзначыў Леанід Галубовіч, "вялікую частку свайго творчага плёну Мікола Сымонавіч расцерушыў па раённых газетах беларуска-ўкраінскага Палесся. Шмат гэтых тэкстаў у тым "балоце" і канулі, нават сам аўтар пры жыцці не парупіўся сабраць іх ці хоць бы пакінуць чарнавікі ды рукапісы тых "чарнільных вершаў", што нярэдка пісаліся адразу ж у нумар, у адзін прысест, пад надзорам знаёмага галоўнага рэдактара, які тут жа выдаткоўваў авансам тры рублі ганарару з уласнай кішэні”. Але гэта былі ўсё ж выпадкі нячастыя. Для "вялікай” літаратуры паэт змоўк на вельмі працяглы час... Анатоль Сідарэвіч адной з прычын такога знікнення лічыць "аглабельную крытыку” яго першай кнігі.

Калі разумець не хочаце
свежасць, зялёную цішыню –
не чапайце мой лес.
Калі разумець не хочаце,
як ранне сіняе б'е ў акно –
не чапайце мой бэз...

Сам Мікола Купрэеў у лісце да Леаніда Галубовіча тлумачыў сваё знікненне так: "3 1967-га па 1986-ты год (пасля зборніка "Непазбежнасць”) знік – не з паэзіі, не са старонак газет і часопісаў – з самога сябе. Знік у нетрах Палесся... I толькі калі зразумеў, што знікаць ужо няма куды, што ўсе ногі і даведкі пра сябе згублены і само Палессе згублена ўшчэнт, і калі пачуў, адчуў, што недзе там, наверсе, нешта цікавае і чалавечае вяртаецца на гэтую гаротную зямлю – і я стаў вяртацца. Але ўсюды і да ўсяго вярнуцца ўжо, на вялікі жаль, немагчыма...”.

Для Міколы Купрэева творчасць была натуральным жыццём. Ен, відаць, таму і не рупіўся пра захаванне чарнавікоў для нашчадкаў, што вершы ў яго былі дзеля Паэзіі, дзеля ўласнай унутранай запатрабаванасці, а не для публікацыі або трапляння ў архівы якога-небудзь літаратурнага музея. Для яго верш жыў тады, калі пісаўся – цяпер і тут: "Паэт не думае, для каго ён піша. Проста вылівае сваю душу на паперу, а потым, збоку, глядзіць са здзіўленнем на гэтую душу”, а на сакраментальнае і ўсюдыіснае пытанне "А каму ўвогуле патрэбна гэтая вашая паэзія?” Мікола Купрэеў адказваў проста:

Паэзія.
Ці патрэбна яна людзям? –
У сябе і ў другіх мы пытаемся.
Праз тысячагоддзі крочыць Гамер к людзям,
а мы ўсё чамусьці пытаемся.

Мікола Купрэеў не вучыў нікога як пісаць і што пісаць, упэўнены, што кожны мае свой, ні да кога не падобны, уласны голас. Таму сапраўды істотнымі, асабліва для маладых паэтаў, з'яўляюцца яго словы пра адметнасць у паэзіі: "Перад тым, як пачаць верш на чыстым аркушы паперы, трэба паглядзець на сябе ў люстэрка – каб яшчэ раз пераканацца, што ты з твару не падобны ні да кога ў свеце. Потым трэба ўспомніць, што і думаеш ты так, як ніхто ў свеце. I бачыш ты вунь тую травінку, той каменьчык за акном не так, як бачыць іх найбліжэйшы табе па духу і па крыві чалавек. Дык чаму ж твой верш павінен быць падобны на верш Багдановіча ці Жычкі, Пушкіна ці Бадака”.

Мікола Купрэеў – паэт ва ўсіх сэнсах АСОБны. Ён яскрава вылучаецца сваім светаўспрыманнем, светаасэнсаваннем, простай і адначасова глыбіннай філасофіяй:

Вецер шпурнуў праз акно
хвалю асенняга лісця...
А я ж і не ведаў,
што лісце асенняе ёсць...
I хто тут гаспадар, а хто госць?..
Што ж мне рабіць з табой, восень?
Што ж мне рабіць з табой, вецер?
Няўжо было шчасце - засталося вецце?
...У шыбы, у сцены б'ецца
голае вецце;


Проза Міколы Купрэева, як і яго паэзія, таксама сталася адметнай з'явай у беларускай літаратуры. У сярэдзіне 1990-х гадоў папулярны ў той час элітарны часопіс "Крыніца" апублікаваў шэраг яго аповесцяў: у 1995 – "Дзіцячыя гульні пасля вайны", у 1996 – "Імгненне светлае", у 1997 – "На вуліцы Карла Маркса з Паэтам". Аднак сапраўднай падзеяй у культурным жыцці краіны стаў выхад у 2007 г. яго пасмяротнай кнігі прозы "Палеская элегія", якая ўключае ў сябе пяць аповесцяў, якія "нягледзячы на розны матэрыял, што лёг у іх аснову, і розныя спосабы сюжэтна-кампазіцыйнай арганізацыі гэтага матэрыялу аб'яднаны адзінствам аўтарскага асабовага ўспрымання, прасякнуты элегічным настроем вяртання ў мінулае”.

Мікола Папека і Мікола Купрэеў
Мікола Папека разам з лаурэатам Мядовай прэміі-2002 Міколам Купрэевым.
Уручэнне прэміі упершыню адбывалася ў музеі-сядзібе "Пружанскі палацык"

Аповесці Міколы Купрэева маюць выразны аўтабіяграфічны характар. Але акрамя ўспамінаў пра мінулае аўтар мімаходзь уздымаў пытанні, на якія шчыра адказаць вельмі непрыемна і балюча. Ён не акцэнтуе на іх увагу яны – проста маленькі штрых у канве апавядання. Аднак гэтага дастаткова, каб не толькі задумацца над імі, але і паспрабаваць разабрацца, чаму так адбылося. У гэтым плане вельмі паказальная гісторыя Вольгі Іванаўны з аповесці "Дзіцячыя гульні пасля вайны", якая пры немцах працавала настаўніцай у школе. Яе мужа "пагналі ў Сібір” (той пасля прыходу немцаў стаў паліцэйскім), але ёй самой пасля вайны дазволілі працягваць вучыць дзяцей, бо не ставала настаўнікаў. На адным з урокаў, рыхтуючы дзяцей да напісання сачынення, яна "інструктавала” іх наступным чынам:

"– Напішыце пра тое, што самі зведалі, што перажылі або пачулі ад бацькоў ці ў вёсцы. Пішыце коратка і ясна. Уканцы напішыце, што свабоду нашай беларускай зямлі прынёс вялікі рускі народ. I ў самым, самым канцы напішыце, што жывём мы пад сонцам Сталін.

(...) I вось тады падняўся з-за сваёй парты Кудака – самы здаровы, самы старэйшы ў класе пераростак, яму сямнаццаць гадоў, з цяжкімі кулакамі, сядзеў па два гады ў класе, вучыўся ў Вольгі Іванаўны яшчэ пры немцах, – падняўся і, спатыкаючыся на словах, басам сказаў:

– Вольга... Іва...наўна... тэ самэ... вітэ...тады... тэ самэ...казалі... жывэмо... пад сонцам тэ самэ... Гітлера.

Кудака шмыгнуў носам і сеў за парту. Вольга Іванаўна маўчала”.

I хоць сам Мікола Купрэеў казаў, што "настаўнікам маім Янка Купала не стаў”, аднак усё ж звяртаецца да праблемы, якую беларускі пясняр паставіў у сваёй п’есе "Тутэйшыя" яшчэ ў 1922 годзе – як жыць беларусу ва ўмовах неспрыяльных гістарычных абставінаў? Адным з героеў п’есы Купалы з'яўляецца Мікіта Зносак, які стараецца прыстасавацца да палітычных зменаў, што адбываліся ў Беларусі ў паслярэвалюцыйны час. Пры камуністах ён – Нікіцій Знасілаў, пры паляках – Нікіціуш Знасілоўскі, але Купала паказвае яго са смехам і жалем, звяртаючы ўвагу на тое, што на кожнага Мікіту Зносака знойдуцца і Янка Здольнік, і Аленка, і Гануля, і Лявон Гарошка.

Мікола Купрэеў працягвае і пэўным чынам развівае думку Купалы, падчас вайны бачыўшы на свае вочы становішча беларускага народа паміж молатам і кавадлам. I тут мы назіраем ужо не купалаўскую саркастычную ўсмешку, а сапраўдную трагедыю. Трагедыю не толькі настаўніцы, якую звольнілі са школы і якая праз колькі гадоў адпомсціла Кудаку – пасадзіла яго ў турму. Гэта трагедыя звычайнага беларуса, які ў гады вайны, жывучы на акупаванай тэрыторыі, працаваў на акупантаў, каб хоць неяк выжыць у той страшны час. Колькі іх было? Пытанне складанае, ды і аўтар не акцэнтуе на ім увагу і не дае на яго адказу. Яшчэ ў пачатку XX ст. I.Абдзіраловіч, разважаючы пра асаблівасці гістарычнага развіцця беларусаў, выказаў думку пра непрыхільнасць тых ні да Усходу, ні да Захаду. Мікола Купрэеў падкрэслівае, што беларус зусім не гаспадар на сваёй зямлі, а вымушаны дзейнічаць па сітуацыі, выбіраць бок, любы, акрамя свайго ўласнага, а потым чакаць літасці пераможцы.

Аповесці Міколы Купрэева не пазбаўлены і гумару. Нельга не ўсміхнуцца, чытаючы, як маленькі герой твора разам з дзедам піша ліст да сваякоў у Вікоўку: "Здрастуйця дзед баба цёця Маня цёця Вера цёця Зіна! Мы жывы і здаровы чаго і вам жалаем. Усё ў нас ё. Карова пагуляла. Авечкі тожа ё. Пішыце як вы жьюеце. Ждом атвета як салавей лета”. Аднак адрас дзед напісаў па-расійску, "а то, унучак, па-беларуску пісьмо можа не зайсці".

Тэма роднай, матчынай мовы хвалявала Міколы Купрэева. Ён казаў, што "ўсё пачынаецца з роднага слова, схаванага глыбока ўнутры, удыхнутага ў цябе, а потым лёгка выдыхнутага разам з родным паветрам (...) I таму, калі я, вучань семігодкі, напісаў там (у вёсцы Пескі Бярозаўскага раёна) свой першы, па-дзіцячы наіўны, верш пра Першамай, – напісаны ён быў па-беларуску”. Мова – гэта скарб народа, яго сіла, моц, яго памяць... Мікола Купрэеў, павандраваўшы па Палессі і чуўшы з вуснаў вяскоўцаў беларускую мову "чысцюткую, не засмечаную ні з захаду, ні з усходу”, выдатна гэта ведаў. Таму сумна і балюча чытаць (а аўтару, відаць, і пісаць) у "Дзіцячых гульнях пасля вайны” разважанні Лушчыка пра родную мову: "Але той [Лушчык] яшчэ гаварыў і гаварыў – што вось зноў усё падаражэла, што "ўсё это ярунда – беларуская мова”.

– А-а, мне ўсёраўно, какая мова, хоць японская, ліж бы калбаса была дзяшовая...

Я надоўга задумаўся пра сваё”.

Сапраўды, ёсць пра што падумаць...

Пра жыццё і творчасць Міколы Купрэева ў свой час пісалі Леанід Галубовіч, Алесь Каско, Васіль Сахарчук, Віктар Гардзей, Мікола Папека, Валянціна Аксак, Ціхан Чарнякевіч, Яўген Гарадніцкі, Iгар Запрудскі і іншыя. Часопіс "Крыніца" прысвяціў Міколу Купрэеву рубрыку "Ты". У ёй акрамя вершаў і інтэрв’ю паэта змяшчаліся цікавыя матэрыялы, якія датычыліся яго жыцця і творчасці. Надзвычай змястоўнымі з'яўляюцца ўспаміны пра паэта яго родных, сяброў – жонкі Т.Гаўрыс, сястры В.Басалай, аднакурсніцы па навучанні ў Брэсцкім педагагічным інстытуце Я.Бычковай (Асецкай), Міколы Папекі і іншых. Вельмі важна бачыць у творцы звычайнага чалавека, які не толькі ствараў, але і жыў звычайным чалавечым жыццём з яго нягодамі, сумам, стратамі, шкадаваннямі, радасцю і пераменлівым шчасцем. Сам Мікола Купрэеў не быў абыякавы да памяці сваіх калег-літаратараў. Дастаткова прыгадаць яго эсэ "У хаце паэта", прысвечанае яшчэ аднаму "правінцыйнаму" паэту-гаротніку Васілю Гадульку якое было змешчана ў пасмяротнай гадулькавай кнізе вершаў "Голас" (2004). У ім па-купрэеўску шчыра апісана першая (і ці не апошняя) сустрэча двух паэтаў у час гарбачоўскай перабудовы...

У 2008 годзе, праз чатыры гады пасля смерці паэта, у выдавецтве "Мастацкая літаратура" была падрыхтавана кніга выбраных вершаў пяці паэтаў, лёсы якіх вылучаюцца сваёй трагічнасцю: Анатоля Сыса, Віктара Стрыжака, Iвана Рубіна, Васіля Гадулькі і Міколы Купрэева. I хай сабе ў вершаванай нізцы Міколы Купрэева ёсць пэўныя хібы (няма мяжы дасканаласці), але яе выхад вельмі важны: дзве кнігі вершаў паэта даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю, а яго творы вартыя таго, каб іх чыталі і перачытвалі. Увогуле ж, было б выдатна, каб з'явіўся Збор твораў Міколы Купрэева, які б уключаў у сябе вершы, апублікаваныя як у зборніках, так і ў перыядычных выданнях, аповесці таленавітага творцы і яго эпісталярную спадчыну, што захавалася ў архівах пісьменнікаў, з якімі ён ліставаўся. Гэта, вядома, праца цяжкая, складаная, але цешу сябе надзеяй, што хаця б тэарэтычная магчымасць падрыхтоўкі і выдання такога купрэеўскага Збору ўсё ж ёсць.

Анатоль Сыс, яшчэ адзін выдатны беларускі паэт з драматычным лёсам, творы якога змешчаны ў вышэйзгаданым калектыўным зборніку, не толькі выкарыстаў у другой частцы свайго знакамітага паэтычнага твора "Сэрца” радок з верша Міколы Купрэева "Журавы не пралятаюць міма”, але і ахвяраваў яму наступныя радкі, якія, на вялікі жаль, у той зборнік не трапілі:

Хрысціянскае сэрца Беларусі баліць
за лядачае сэрца нябогі Міколы.
Ён мой госць нечаканы.
Здарожыўся, спіць,
як дзіця дарагое,
як месячык кволы.
Я яму прачытаў,
быццам казку, свой верш,
нат Купала яго уважаў
самым лепшым.
Ох, Мікола, Мікола...
А калі ты памрэш,
хто ж мяне па начох
прысынаць будзе вершам?

Рытарычнае пытанне, якое не патрабуе адказу... Сам Сыс адляцеў у паэтычны вырай на наступны пасля Купрэева год, перажыўшы свайго старэйшага сябра трохі больш, чым на сем месяцаў. Такое яно, жыццё... Але ж якой любоўю прасякнуты гэтыя радкі...

Апошнія гады свайго жыцця Мікола Купрэеў пражыў у Пружанах. Хварэў, лячыўся, дакладней, падлечваўся. Маючы праблемы з нагамі, ён ужо не мог вандраваць, як калісьці, па сваім улюбёным Палессі:

Глядзіце, глядзіце! Паўзе ад дарогі
праўдашукальнік, паэт бязногі...

скрушліва пісаў ён. Купрэева не стала 19 верасня 2004 года. Людзей на пахаванні было вельмі мала...

Яшчэ ў 1967 годзе, калі яму было ўсяго (ці ўжо?) 30 гадоў, у кнізе вершаў "Непазбежнасць" быў надрукаваны верш пад назвай "Замест лекцыі пра жыццё":

Паліла сонца – дажджу хацелася,
дажджы наваліліся – сонца хацелася,
быў хлапчуком – пасталець хацелася,
выйшаў за трыццаць – юнацтва схацелася.
Стаў паміраць – жыць захацелася
ў сонцы,
у ліўнях,
у юнацтве,
у сталасці
і – таму што жыў, жыў на зямлі! –
плакаў перад сконам ад гора і радасці.

I як тут не згадаць ліст Міколы Папекі да Леаніда Галубовіча: "...твой апошні ліст да непрытомнага Купрэева яму чытала медсястра, ён узрадаваўся твайму прозвішчу, і на шчацэ з'явілася сляза...”.


А на помніку, які быў усталяваны на месцы пахавання паэта, выбіты словы: "О, я многа хацеў вам сказаць...”.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: vitalis (09.08.2017) | Аўтар: Вадзім КОРАНЬ – часопіс «Дзяслоў»
Праглядаў: 2445 | Тэгі: Мікола Купрэеў, Вадзім Корань, Літаратурная Ганцаўшчына, Віктар Гардзей, Леанід Галубовіч, Мікола Папека, Алексь Каско, часопіс Дзеяслоў | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 10
Гасцей: 10
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.