Чацвер, 25.04.2024, 14:18

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

«Раз абсеклі Беларуса Маскалі ды Ляхі...». Падзел Беларусі 1921 г. у паэтычным асэнсаванні Янкі Купалы (заканчэнне)
1922 г. і зацішша "перад будучыняй"

На фоне створанага Якубам Коласам, ад якога хіба не чакалі такога кірунку паэтычных тэндэнцый, тагачасныя "антырыжскія" выпады Янкі Купалы, вядомага сваім грамадзянскім пафасам, глядзяцца не так эфектна, але не менш значна. Чаго вартае толькі адно яго прыведзенае вышэй скрушліва-іранічнае двухрадкоўе, якое стала афарызмам. Пасля прадказання развіцця падзей на беларускай зямлі, якую ў сакавіку 1921 г. без асаблівых спрэчак падзялілі, ці быў сэнс Янку Купалу паўтарацца post factum? Але, абураны, і маўчаць ён доўга не мог. "Купала адмоўна паставіўся да Рыжскага дагавору і разам з Якубам Коласам і іншымі пісьменнікамі асудзіў яго. Яны бачылі, што рэвалюцыя была і застаецца далёкай ад нацыянальных інтарэсаў беларусаў, што яна ператврыла народ з мэты гістарычнага развіцця ў сродак маніпулявання бюракратычных вярхоў – бальшавіцкай алігархіі, якая праследавала свае карыслівыя, эгаістычныя планы", – піша на гэты конт акадэмік У.Гніламёдаў.

Янка Купала

На пачатку 1922 г., а калі быць больш дакладным – 24 студзеня, яго ліра грымнула ў традыцыйным правідэнцыялісцкім стылі – вершам "Перад будучыняй". У ім паэт задумваецца над адсутнасцю пасіянарнасці ў беларускага народа. Пры гэтым апісвае актуальнае (для таго часу) становішча, спароджанае чужою барацьбой на беларускай зямлі. Прывядзём найбольш выразныя ўрыўкі:
Заціснуты, задушаны, як мышы
Пад жорсткім венікам, з усіх бакоў…
<…>
І гінем марна пад чужой апекай,
Адбіўшыся ад родных вехаў, меж.

А хтось далёкі, ці хтось, можа, блізкі
Засеў за наш бяседны, сытны стол
І кідае, як з ласкі, нам агрызкі,
А мы к зямлі з падзякай гнёмся ўпол.
<…>
О, так, як цьмы, як спуджаны вароны!..
І слухаем і нюхаем тут, там:
Які павеяў вецер на загоны, – 
Заходні, ўсходні, й ці ад нас, ці к нам? [Т. 4, с.106]
Ант.Адамовіч лічыць, што "бальшавікі пачулі сабе пагрозу ў гэтым творы, большую нат, чымся ў гнеўнай філіпіцы Коласа супраць Рыскага падзелу Беларусі ў ягоным вершы "Беларускаму люду" з тым-жа клічам да "вызваленьня з пут", што зьявіўся ў друку блізу ў тым самым часе (у зборніку "Водгульле"), але ня выклікаў ніякіх канфіскацыйных рэпрэсіяў. Купалаў голас зь нябывалай бадай яшчэ сілаю біў па струнах нацыянальнага сумленьня, і небясьпека магчымасьці абуджэньня адпаведанага рэзанансу гэтых струнаў не магла не жахаць тых, хто "аграбіў з гонару й кашулі" беларускі народ". На справядлівую думку эмігранцкага крытыка, верш "Перад будучыняй" стаў свайго роду пралогам да трагікамедыі "Тутэйшыя", якая па-мастацку адлюстравала гады нядаўніх набегаў чужынцаў на беларускія "загоны" і развіла "асноўныя мэты вершу". У п’есе ж "Купала зусім адкрыта й выразна разглядае й бальшавікоў, як гэткіх самых акупантаў Беларусі, якімі былі і ўсе іншыя перахаджалыя гаспадары яе ў тых гадох (Немцы, Палякі, а іхную "савецкую ўладу" – як такі самы акупацыйны рэжым").

Свайго роду размінкай за некалькі дзён да азначанага верша сталі знойдзеныя ўжо ў наш час прыпеўкі, якія, на думку аўтараў каментарыяў, прызначаліся для п’есы "Тутэйшыя":
Бах, нашу Айчыну
Без нашае волі,
Як тую аўчыну
Ў шматкі папаролі.

А нам чужы статут
Паднёс пяць паветаў, –
Жыві і ўладай тут!
Ну, дзякуй за гэта!..
Не плюй у карытца –
Прыдасца напіцца.
І «польскі» і «рускі»,
І ўсякі чорт іншы
На сказ беларускі
Плюе, не купіўшы… [Т. 9, кн. 2, с.8, 376]
Нягледзячы на жанр, А.Каўка называе прыпеўкі пэўнай сінтэзай Купалавай паэтычнай публіцыстыкі.

Аналізуючы ваганні творчага духу Янкі Купалы першай паловы 1920-х гг., Н.Гілевіч каментуе: "Але жыць без веры паэт не можа. Як сапраўдны сын народа, ад якога ўзяў сабе і нораў, і характар, і светапогляд, Купала, як і сам народ, не траціў веры ў лепшую будучыню, у перамогу праўды і справядлівасці над векавечным злом. Пытанне, якое мучыла яго ў перыяд Кастрычніка і грамадзянскай вайны, – а як будзе з Бацькаўшчынай: "Ці блаславяць, ці ўтопчуць гідка ў гаць?" – іншы раз перарастала ў радасць надзеі, што савецкая ўлада якраз і прынесла разам з сацыяльным разняволеннем і нацыянальнае, даўшы яго "ўбогай старонцы" дзяржаўнасць. І тады нараджаліся акрылёныя, няхай сабе і ілюзорнай верай, паэтычныя радкі – як у вершы "Арлянятам" (1923), у паэме "Безназоўнае" (1924): "Беларусь на куце ў хаце сваёй села, – Чарка мёду ў руцэ, пазірае смела. Сядзіць важна, сама сабе гаспадыня…" Тым больш што і ўнутрыпалітычнае становішча ў краіне пачало нібыта развівацца ў лепшы бок. У рэспубліцы быў узяты курс на беларусізацыю, пачалі вяртаць у склад Беларусі (далёка не ўсе, праўда) адарваныя ў свой час усходнія тэрыторыі, арганізоўваюцца асяродкі пашырэння і развіцця беларускай нацыянальнай асветы, навукі, культуры, літаратуры і мастацтва".

Боль ад раны, нанесенай мяжой Рыжскага дагавора, быццам лязом, душам паэтаў, як падаецца знешне, пачаў прытупляцца. У стасунках паэтаў з савецкай уладай наступае прымірэнчасць. На гэты конт Ц.Гартны казаў: "1923 і 1924 гг. канчаткова замацавалі савецкую ідэю наогул ва ўсіх галінах беларускае пасьлярэволюцыйнае культуры і прыватна ў беларускай літаратуры. І старыя і маладыя пісьменнікі спыніліся на аднэй пляцформе і з аднакавай энэргіяй прыняліся за працу. К гэтаму часу не асталося ў беларускай літаратуры ніводнага пісьменніка, які-б шукаў іншых шляхоў да беларускае будучыні". У многім, але далёка не ва ўсім, аўтар цытаты меў рацыю. Аднак, напрыклад, у яго не выклікала падазрэння Купалава паэма "Безназоўнае" (2.01.1924), у якой хоць і зводзіцца "краіны стан пагорблены" да "ласкі панскай" – празрыстай алегорыі польскага панавання на заходнебеларускіх землях, але праслізгвае намёк незадаволенасці на тое, што "торг вялі за нас". Прарок напрыканцы паэмы прадвяшчае фактычна рэвалюцыйныя змены ў ментальнасці беларускага народа і ў долі "бацькоўскага кута":
Яшчэ пакінулі нам асляпенне,
Пашану да пакут,
А мы пакінем песню вызвалення
І вольны бацькаў кут. [Т. 6, с.128]
Як аказалася, Янка Купала (і не толькі ён) яшчэ не сказаў свайго астатняга шчырага слова.

1926 г.: выбух

Янка Купала не быў бы сам сабою, каб не адчуваў, якая палітычная перспектыва чакае беларускі народ неўзабаве. Пра гэта знаходзім у Н.Гілевіча: "І аднак жа душа Купалы не заспакоілася. Дзіўная гэта рэч – душа паэта-прарока! Незвычайнай, звышчалавечай чуйнасцю надзелена – улоўлівае і самыя тонкія зрухі ў грамадскай атмасферы. Улойлівае – і трывожыцца, і працінаецца болем, і пачынае траціць веру ў ласку дабрадзеяў. І, відушчая, бачыць, што насамрэч толькі вядзецца палітычная гульня з народам у свабоду і суверэннасць, а па сутнасці – як не меў ён правоў на гаспадаранне ў сваёй краіне, так і не мае".

Летам 1926 г. народны паэт, "прыгрэты ўвагай дзяржавы", па словах Н.Гілевіча, "выбухнуў": "У апошні раз. Выбухнуў такімі вершамі, як "Акоў паломаных жандар", "За ўсё", "І прыйдзе", "Вецер", "Каб…", "Ёсць жа яшчэ…", "Царскія дары", "Праз гультайства"… Кожны з іх – паэтычная публіцыстыка вышэйшай пробы. І пры гэтым – усе зусім не падобныя адзін да аднаго: у кожнага – свой тон, свой жанр, свая вобразная мова. Гэта – і адкрытая водпаведзь аскаліўшым іклы імпершавіністам".

«Паэта зноў займае ранейшую незалежную баявую пазыцыю, горда дэкляруе свабодалюбства й гатоўнасьць сваю й свайго народу да ўзброенага супраціву той пагрозе, якую ён ужо прадчувае ў рэальнасьці. З другога боку, у гэтых прадчуваньнях паэты можна бачыць і адюстраваньне той веры ў блізіню "ўсенароднага паўстаньня" беларусаў па абодвух бакох рыскіх кардонаў згодна з "мангольскім праектам". (Трэба сказаць, што Ант.Адамовіч у гэтым пасажы недакладны: савецкае кіраўніцтва якраз у 1925 г. на пэўны час згарнула планы «аб’яднання» беларускага народа шляхам збройнага чыну, перайшоўшы да палітычнай барацьбы. Напрыклад, у БССР сталі пераманьваць актывістаў беларускага руху, а тымі, хто застаўся па польскі бок мяжы, імкнуліся кіраваць з Крамля, які ў многім прыклаў руку да арганізацыі самага масавага і сапраўды народнага руху з усіх беларускіх, што былі ў гісторыі, – Беларускай сялянска-работніцкай грамады, спрычыніўшыся і да яе разгрому з-за моцных нацыянальных тэндэнцый у ёй пры згаданай масавасці. Не выключана, што якраз гэтыя працэсы і адчуў сваёй кангеніяльнай інтуіцыяй Прарок, які, такім чынам, убачыў, што падзел Беларусі не толькі застаецца ў сіле, але і яго наступствы для беларусаў у хуткім часе будуць вельмі драматычнымі і нават трагічнымі. – А.Т.).

Найбольш частай тэмай іншых Купалавых вершаў гэтага году быў падзел Беларусі, тэма, якая блізу не закраналася ім раней або не выклікала такой бурнай рэакцыі, якую мы бачылі ў Зьмітрака Бядулі-Ясакара і Якуба Коласа (мусім і тут не пагадзіцца: верш «Перад будучыняй», адшуканыя ў наш час прыпеўкі да «Тутэйшых» і сама гэта п’еса – творы на тэму дзяльбы Беларусі, якія па мастацкай і грамадзянскай моцы не саступаюць ні Коласавым, ні тым больш Бядулевым – А.Т.). Тэме рыскага падзелу Беларусі 1921 году й прысьвечаныя два вялікія вершы Купалы — "На паграніччы" й "Па Даўгінаўскім гасьцінцы". Тут пад вонкавай элегічнасьцю кіпіць абурэньне паэты разьдзелам Беларусі, які суправаджаўся расстрэламі і пажарамі, нічым ня сплачанымі крыўдамі, нічым ня вернутымі ахвярамі, разьдзелам, які зрабіў людзей аднаго народу, што былі сваймі у шчасьці, у бедах, а сталі цяпер чужыя чужакі. Як і Колас, Купала ня робіць адрозьненьня паміж адказнымі за падзел — паміж палякамі й бальшавікамі».

"Тэма Заходняй Беларусі праходзіць праз усё яго жыццё і творчасць, нагадваючы аб сабе на кожным кроку. Аціх рух на Даўгінаўскім гасцінцы, па якім паэт ездзіў з Мінска ў Акопы да маці: Даўгінава аказалася па той бок мяжы – у Польшчы, – піша У.Гніламёдаў. – Патрыятычныя пачуцці паэта абвастраюцца "разарванасцю" самой прыроды, у жыццё якой бязлітасна ўмяшаліся жорсткія, бяздушна-механічныя сілы зла". Хаця верш "Па Даўгінаўскім гасцінцы" (1926) пачынаецца элегічна: лірычны герой едзе далей ад горада на вёску адпачыць. Паездка адбываецца ў суправаджэнні роздуму і пейзажаў. Але вось іх перапляценне, калі браць пад увагу алегарычнасць і падтэкставасць, пачынае насцярожваць:
Гляджу на звалены бярозы, – 
Маркотна думкі пацяклі:
Змаглі вы буры і марозы,
Людской сякеры не змаглі. [Т. 4, с.137]
Гэта значыць для лірычнага героя нешта не так. Не так, як раней. Магчыма, зусім нядаўна (калі яшчэ вока не замылілася – і на гэта звяртаецца ўвага). Варта заўважыць, што Янка Купала вядзе пераклічку з творчасцю Якуба Коласа, які перад тым пераняў своеасаблівае (але даволі ўмоўнае) лідэрства ў іх тэндэме адносна грамадзянскай плыні ў беларускай паэзіі, толькі сімвалічныя дубы змяняюцца больш лірычным сімвалам – бярозамі (пар.: "Эх, дубы, дубы! вякамі / Вы збіралі сілы, / Не звалодаў віхар з вамі, / Вас здалелі пілы"). 
Далей аказваецца, што насамрэч шмат чаго змянілася. Перадусім тое, што гасцінец абязлюднеў. І каб жа гэта абышлося без драмы. Але ж не:
Ты не спаткаеш стуль суседа,
А мо й матулі з вас які…
Былі сваймі у шчасці, ў бедах, –
Цяпер чужымі чужакі. [Т. 4, с.138]
Піша паэт, выдзяляючы курсівам ключавыя словы, якія сведчаць на падзеленасць аднароднай зямлі. Прычым не ў каго-небудзь, а ў самога паэта (як, дарэчы, і ў Якуба Коласа) "там" засталася маці. Таму ён вельмі перажывае:
Ды ані вестачкі адтуля,
І нібы сам адтуль далей,
Адно пачуеш, як зязюля
Кукуе там, як і даўней. [Т. 4, с.138]
Лірычны герой зайздросціць дзікім птушкам і жывёлам:
Для птушкі вольнай і для звера,
Як і для думкі – ўвесь ім свет!
Для іх не ўпішаш на паперы
Ні меж гранічных, ні пікет. [Т. 4, с.138]
У гэтых радках бачыцца латэнтнае, крыптаграфічнае, падтэкставае параўнанне "птушкі вольнай" і сябе – паднявольнага, хіба толькі ў думках свабоднага. Урэшце з прымяненнем метафары паэт раскрывае прычыну драматычнага становішча:
Калісь мы ў Рыгу збожжа везлі,
Цяпер зямлі завезлі часць… [Т. 4, с.138]
Ды абрывае сваю думку, разумеючы яе крамолу ў святле надыходзячых часоў:
Але ж куды мы, думка, ўлезлі?
Глядзі, наклічама напасць! [Т. 4, с.138]
Аднак і змоўкнуць, асадзіць назад сваю думку паэт не мае сілы. Ужо ў іншым вершы яго ўражваюць карціны "пагранічча", якім стала тады ўся беларуская старонка. Цяжкая яе доля. Нават сейбіт.
Згадаць не ўмоц, як ні варожа,
Каму ён сее свой палетак:
Ці сам пажне і змеле збожжа,
Ці нехта іншы з’есць хлеб гэты.
("На паграніччы", 1926) [Т. 4, с.143]
Аўтар не кажа наўпрост пра падзел, але інтанацыйна выражае свае адносіны да яго і да тых, хто ахоўвае стан рэчаў:
На паграніччы ціха, сонна,
Хоць, як пруты, напяўшы жылы,
Па той і гэты бок нязгонна
Стаяць варожыя дзве сілы. [Т. 4, с.143]
Мяркуючы па інтанацыі, тыя сілы варожыя не толькі паміж сабою, але і для самога аўтара.
"Вонкавая элегічнасьць, ускладненая алегарызацыяй, ахутвае той самы матыў і ў вершы "У лесе". Але алегорыя тут вельмі празрыстая, і абурэньне паэты выступае яшчэ больш выразна, калі ён успамінае пра лёс дзяўчыны, тутэйшай":
…І здарылася з ёй прычына,
Прычына жудкая адна:

Кашульку ёй знялі ў няшчасці —
Суседзі, а не іншы хто — 
І падзялілі ўсю на часці, 
Як бы дзяліць не мелі што. (1926) [Т. 4, с.146]
Асабліва высокую ступень гневу паэт адрасуе "звяр’ю”, якое "збрылося мяса параскрасці", г.зн. падзяліць цела маці-Беларусі, накіроўваючы супраць іх "непасрэдны, цалкам вытрыманы ў стылі народнай парэміялогіі, праклён, з уласцівай гэтаму вуснамоўнаму жанру градацыяй":
Каб вады гарачай
На таго нагрэлі
І не ўстаў ён болей
Са сваёй пасцелі, —

Хто над Беларусяй
Хоча распрасцерці
Свой бізун чужацкі
І народ усмерціць.

Каб таго парвала
З сэрцам на тры часці
І звяр’ё збрылося
Мяса параскрасці, —

Хто быў прычыніўся
Нашаму падзелу,
На кускі парваўшы
Маці роднай цела.
("Каб…", 1926) [Т. 4, с.151]
"Публіцыстычны па зместу, ён (верш "Каб…" – А.Т.) увабраў у сябе рэдкасныя па інтанацыі, рытмах, вобразнасці россыпы вуснай народнай творчасці. Купала тут увесь у дзеянні, у дынаміцы, яго вобразнасць мае яскрава вырашаны кантрастны характар".

Гэтыя вершы Янкі Купалы сацыялагізатарская крытыка 1930-х гг. назаве вяртаннем "да тых жа нацыянал-дэмакратычных матываў", ахарактарызуе ўпадніцтвам з глыбокімі слядамі буржуазна-нацыяналістычнай ідэалогіі [паводле: Т. 4, с. 408-409]. Праўда, у выпадку неабходнасці скарыстаць купалаўскую энергетыку, скіраваць яе супраць ворагаў, верш "Каб…" публікуецца ў газетах падчас германа-савецкай вайны.

1926 г. аказаўся апошнім, калі можна так сказаць, выразна антысавецкім годам Янкі Купалы. І стрыжнем у яго паэтычна-палітычным крытыцызме сталі якраз разважанні на тэму распалавіненасці Беларусі, віна за якую паэтам ускладалася на абодвух удзельнікаў дзяльбы.

Пасля 1926 г.: ці змяніўся Купала?

"…Зыркая творчая "ўспышка" дваццаць шостага году зьмяняецца малапрадукцыйнымі гадамі завяданьня", – канстатуе Ант.Адамовіч. Як і раней здаралася з Прарокам, спустошаны палкімі грамадзянскімі вершамі (на жаль, практычна безвыніковымі ў сэнсе ўздзеяння на сацыяльна-палітычную рэчаіснасць), ён робіць перапынак – паэтычных твораў, пазначаных 1927-м годам у Поўным зборы твораў няма (за выключэннем паэмы "З угодкавых настрояў"). У гэты час узмацняецца ідэалагічная рэгламентацыя, што адчувалася ўжо і ў ранейшых творах Янкі Купалы (зразумела, іншых паэтаў таксама). Нагадаем тэзіс Ант.Адамовіча: «У 1928 годзе пачаў мацней адчувацца ціск ГПУ ў галіне літаратуры».

Выйшаўшы з перыяду маўчання напрыканцы 1928 г., Янка Купала ўжо быў схільны прызнаць рацыю за Саветамі, асудзіўшы "панскую Польшчу", усклаўшы цалкам на яе віну за рыжскі падзел ("Летапіснае" – верш, напісаны да дзесяцігоддзя БССР), за што быў ухвалены сацыялагізатарскім крытыкам Л. Бэндэ. Тым не менш хвалі "энтрапічных" сілаў паэтычнага Купалавага выбуху 1926 г. дакаціліся нават да гэтага, свайго роду згодніцкага верша:
Вораг польскі і рускі
Шчыра множыў курганы, –
Не было Беларусі,
Толькі быў "Край забраны".

Расіяне, палякі
Ды французы і шведы
Беларускай крывёю
Палівалі край гэты. [Т. 4, с.170-173, 414]
Сама тэма падзеленай Беларусі ў Купалавай творчасці ўсплывае радзей і радзей. А танальнасць увачавідкі змяняецца. У чарговы раз да гэтай тэмы звяртаецца паэт у першым вершы, напісаным пасля спробы самагубства, – "А ў Вісле плавае тапелец…" (1931). "Як і вершы "Памрока над Польшчай завісла…" (1938 – А.Т.), "Суд ідзе" (1932 – А.Т.) і інш., ён накіраваны супроць тэрору ў буржуазнай Польшчы", але і гэтага, як засведчылі аўтары каментарыяў да Поўнага збору твораў, ідэолагам вульгарна-сацыялагічнай крытыкі на Беларусі было мала: "Купала можа і павінен даць больш, гэтага патрабуем не толькі мы тут з вамі, але гэтага патрабуюць працоўныя масы і Савецкай і Заходняй Беларусі", – пісаў у 1931 г. Л.Бэндэ [паводле: Т. 5, с.223-224]. Захоўваючы літаратурны стыль сваёй экспрэсіі, увесь гнеў паэт абрушвае на "панскую Варшаву":
Балюе панская Варшава,
А для гуманнасці, прагрэса
Ідзе аблава за аблавай
На ўсходніх "вольных" польскіх Крэсах.

Абрабаваных да кашулі
Там беларуса і ўкраінца
Вядуць закованых патрулі
Па акрываўленым гасцінцы.
("А ў Вісле плавае тапелец…") [Т. 5, с.10-11]
Апалагетам улады бальшавікоў і Беларусі ў форме савецкай рэспублікі выступае Янка Купала і ў вершаваным апісанні спробы заваяваць Беларусь польскімі войскамі. У адрозненне ад ранейшых твораў на тэму савецка-польскай барацьбы на беларускіх землях, Янка Купала ў дадзеным выпадку не лічыцца з гістарычнымі рэаліямі (яму добра вядомымі, таму ў гэтым бачыцца ці то неахайнасць ад абыякавасці, ці то свядомае ўказанне на непраўдзівасць яго паэтычнай думкі і пачуцця з мэтай зрабіць падказку ўважліваму і ўдумліваму чытачу пра несапраўднасць лейтматыву твора).
Адзінаццаць месяцаў
БССР стагнала
Пад ботам пілсудчыны,
Але не сканала.
("Адзінаццаць месяцаў…", 1932) [Т. 5, с.20]
Кажа аўтар пра амаль гадавую акупацыю польскімі войскамі значнай часткі Беларусі ў 1919 – 1920 гг., не зважаючы, што ў той час не было БССР, якую самі ж бальшавікі трансфармавалі ў ЛітБел яшчэ ў лютым 1919 г. Таму ў далейшым і спатрэбілася другое абвяшчэнне Савецкай Беларусі.

Ці не апошні антысавецкі пасаж Янкі Купалы, таксама звязаны з падзеленасцю Беларусі, фіксуе аналітык супраціву саветызацыі ў беларускай літаратуры Ант.Адамовіч, кажучы пра прымяненне беларускімі паэтамі прыёму "пераклічкі" – размяшчэння твораў «такім чынам, каб яны так ці інакш "пераклікаліся" па сэнсу й гэтай "пераклічкай" стваралі нейкі новы сэнс, адсутны ў кожным зь іх, узятым ізалявана. Для дасягненьня такой мэты творы разьмяшчаюцца звычайна побач або насупраць на разгорнутай старонцы або ў суадносных мясьцінах розных старонак. Найбольш зыркі выпадак ужываньня такой "пераклічкі" знаходзім у зборніку Янкі Купалы "1918-1928", які выйшаў у 1930 годзе. Зборнік гэты адкрываецца Купалавым перакладам вядомага бальшавіцкага "міжнароднага гімна" "Інтэрнацыянал", усьлед за якім зьмешчаны выразна-нацыяналістычны верш паэты "Паўстань!", напісаны ў часы белапольскай акупацыі. Абодва вершы "пераклікаюцца" ўжо сваім аднолькавым зачынам — "Паўстань...", і, ставячы іх побач, паэта як-бы зьмяшчае на аднэй дошцы абодва акупацыйныя рэжымы — чырвоны бальшавіцкі й "белапольскі". Гэта вельмі выразнае супастаўленьне, "пераклічка", адрасаваная варожым сілам, што падзялілі між сабою тэрыторыю Беларусі мяжой Рыскага міру 1921 году. Ня менш паказальнае й супрацьстаўленьне: нацыяналізм — інтэрнацыяналізм. Красамоўны камэнтар бальшавіцкай крытыкі: "Такое правакацыі ў 1930 г. мы не чакалі, нават ведаючы ўсё цёмнае мінулае паэты"».

Тым не менш суворыя рэаліі савецкай улады 1930-х гг. прымусілі спяваць ліру Прарока пад сваю дудку. І, канешне, так званае ўз’яднанне Беларусі ў верасні 1939 г. Янка Купала вітаў радаснымі вершамі: "Верасень месяц…", "Сонца свяціла нам аднолькава…", "Ой, павей, вецер!..", "Калыханка", "Накарміліся панскаю ласкай…", "Расшумеўся лес зялёны", "З новай думкай", "Слава табе, Армія…", "Еду сягоння я ў Вільню…", "Прамінулі дзянькі…", "Настаў чарод…", "Засвяціла ясна зорка…". Бадай, самымі вядомымі, без нацяжкі афарыстычнымі радкамі на гэты конт стала першая страфа верша "Ты з Заходняй, я з Усходняй…":
Ты з Заходняй, я з Усходняй
Нашай Беларусі,
Больш з табою ўжо ніколі
Я не разлучуся. [Т. 5, с.157]
Наколькі быў шчырым Янка Купала ў гэтым паэтычным цыкле, сказаць немагчыма. З аднаго боку, ён лічыў падзел Беларусі трагедыяй. З іншага – марыў не толькі пра цэласнасць Беларускага Дома, але і пра яго самастойнасць. Апошняга бальшавікі не давалі.

Падзел Беларусі, здзейснены бальшавіцкай Расіяй і панскай Польшчай у 1921 г., стаў вынікам працяглага супрацьстаяння паміж гэтымі дзяржавамі, кожная з якіх мела місіянерскія замашкі. Што для іх была трагедыя невялікага (па іх паняццях) народа! Да таго ж сапраўды, на той час слаба развітага ў нацыянальным сэнсе. Але ўжо тады беларусы заявілі пра сябе. Як нацыя. У вялікай (некаторыя скажуць галоўнай) ступені да гэтага спрычынілася літаратурная дзейнасць падзвіжнікаў беларускага мастацкага слова. Не дзіўна, што паэты – калі не ўсе, то абсалютная большасць – жылі інтарэсамі народа. Іх паэзія была пульсам і нервам нацыянальнага развіцця. Таму і трагедыя падзелу краіны атрымала шырокі паэтычны розгалас. Лідарам беларускага паэтычнага хора быў Янка Купала – геніяльны прарок беларускага адраджэння. Ён першым наблізіўся да тэмы, акрэсліўшы да драбязы, па якіх шляхах рушыць гісторыя. Таму і застаецца ў ёй Прарокам. Янка Купала глядзеў у корань, у глыбіню. Гэта дазваляла яму бачыць будучыню. Сімптаматычна, што ідэйны вектар яго паэзіі на тэму рабавання Беларусі быў скіраваны супраць абодвух суседаў-знявольнікаў – і Польшчы, і Расіі. Прычым незалежна ад улады ў апошняй. Янка Купала пра пагрозу падзелу напісаў больш, чым пасля самога гвалтоўнага акту. Аб прычыннасці такой рэакцыі паэта варта яшчэ падумаць даследчыкам. Хіба ж не выглядае дзіўнай яго імпульсіўнасць 1922 г. (года ўвядзення татальнай савецкай цэнзуры) і 1926 г. – першага года ў рангу народнага паэта (да таго ж года, з якога антысавецкія матывы ў асэнсаванні падзелу Беларусі сталі непажаданымі – з-за змены знешнепалітычнага курсу (перадусім стасоўна Польшчы), які перад гэтым дапускаў пэўныя крытычныя думкі на гэтую тэму)? Менавіта тады ж і былі створаны Прарокам "антырыжскія" вершы.

Пакрысе класікі прыціхлі. Пасля хуліганства 1926 г. астыў і Янка Купала. Менавіта астыў. Аднак не пагадзіўся. І хоць не на поўны голас, але асобныя нонканфармісцкія ноткі стасоўна падзелу роднай краіны ў Янкі Купалы не-не ды прарываліся праз інтанацыі савецкага ладу.

Аб’яднанне Беларусі ў верасні 1939 г. ён, як і, бадай, усе беларускія паэты, сустракаў "як паложана" – апяваючы падзею. Але за адзіным, "раскручаным" уладай выключэннем тыя вершы не мелі такога рэзанансу, як творчасць будучых народных паэтаў – і Янкі Купалы, і Якуба Коласа – да сярэдзіны 1920-х гг.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (17.03.2013) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК-"Дзеяслоў"
Праглядаў: 10959 | Тэгі: Янка Купала, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/6
Меню
Как получить визу на гоа 2020 год онлайн виза vizashengen.online.
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Как получить визу на гоа 2020 год онлайн виза vizashengen.online.
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi
Как получить визу на гоа 2020 год онлайн виза vizashengen.online.

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.